Вы тут

Пераможцаў конкурсу ініцыятыў па падтрымцы прадпрымальніцтва ўзнагародзілі ў Мінску


У межах праекта «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» камісія абрала восем удзельнікаў для фінансавання. Усяго з 20 жніўня да 30 верасня 2019 года заяўкі падалі 76 праектаў. Задачы ініцыятыў-пераможцаў — падтрымка дзейнасці існуючых або новых суб'ектаў інфраструктуры прадпрымальніцтва на тэрыторыі 12 пілотных раёнаў. Агульны бюджэт праграмы — 9,5 мільёна долараў ЗША. Сродкі выдаткоўвае Еўрапейскі саюз у рамках Еўрапейскага інструмента добрасуседства, рэалізуе ідэю Праграма развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Беларусі.


Беларуская IT-кампанія стварыла эксперыментальную мадэль унікальнага робата-барыста. Фота БелТА.

Пра мэты праекта расказала на цырымоніі ўзнагароджання пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Аляксандра Салаўёва: «У нас важная эвалюцыя ў падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва з партнёрамі з Еўрасаюза, іншымі партнёрамі на працягу доўгіх гадоў у Беларусі. Мне здаецца, што ў гэтай эвалюцыі мы выходзім цяпер на новы этап. Мы гаворым пра развіццё не толькі бізнесаў, якія прынясуць прыбытак, развіццё рэгіёнаў, стварэнне там пунктаў росту, рабочых месцаў, але і бізнесаў, якія будуць арыентавацца на вырашэнне сацыяльных, экалагічных задач, жаночае прадпрымальніцтва, прыцягненне да работы людзей з інваліднасцю, — то-бок поўнае раскрыццё патэнцыялу рэгіёнаў, прыцягненне туды моладзі, распрацоўку новых тэхналогій і ідэй».

Орша

Асноўная ідэя ініцыятывы з Аршаншчыны — стварэнне Цэнтра падтрымкі маладзёжнага прадпрымальніцтва на базе Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. У праект уцягнута грамадскае аб'яднанне «Развіццё — ХХІ стагоддзе», мясцовыя органы ўлады, Парк высокіх тэхналогій, «Брэміна-Орша». На момант завяршэння праекта ў 2020 годзе будуць распрацаваны і праведзены восем курсаў па развіцці ў моладзі прадпрымальніцкага мыслення і здольнасцяў. Навучанне пройдуць каля 500 школьнікаў і вучняў ССВУ.

Маладзечна

Грамадскае аб'яднанне «Цэнтр маладзёжных ініцыятыў» прадставіў ідэю рэгіянальнага інавацыйнага цэнтра «Тэхнапарк ІнКата-Мол».

Кобрын

Установа па развіцці прадпрымальніцтва «Школа бізнесу» плануе пашырыць сваю дзейнасць па лакальным кансультаванні. Трэнерамі стануць найбольш аўтарытэтныя члены клуба «Бізнесовыя кабрынчане», якія ўжо праявілі сябе як лідары і арганізатары. Доступ да кансультавання забяспечыць і стварэнне анлайн платформы па падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу, а таксама спецыялізаваны дыстанцыйны курс для тых, хто жадае пачаць сваю справу.

Бяроза

У Бярозаўскім раёне Брэстчыны на тэрыторыі біязаказніка «Спораўскі» пачне працаваць Цэнтр падтрымкі аграэкапрадпрымальніцтва. Там створаць нарыхтоўчы пункт і можна будзе арэндаваць абсталяванне для перапрацоўкі сыравіны. У межах рэалізацыі ініцыятывы распрацуюць адукацыйны курс, наладзяць кансультаванне аграрыяў, адбудуцца трэнінгі.

Жлобін

Спрыяць узмацненню патэнцыялу малых і сярэдніх бізнесаў у раёне будзе ініцыятыва «Мой горад. Мой бізнес. Мая будучыня», якая прадугледжвае правядзенне школы сацыяльнага прадпрымальніцтва, цыкл семінараў для бізнесменаў-пачаткоўцаў, курс трэнінгаў па інтэрнэт-маркетынгу і інтэнсівы па праектаванні ўласнай справы. Па плане, у 2020 годзе ідэя дапаможа адкрыць 15 новых кампаній, падрыхтаваць 10 бізнес-ідэй для сацыяльнага прадпрымальніцтва і 10 стартапаў.

Ліда

Асацыяцыя «Робататэхніка і штучны інтэлект» з гэтага рэгіёна Гродзеншчыны прапанавала ініцыятыву «Мабілізатар для развіцця тэхналагічных стартапаў». Яна накіравана на стварэнне бізнес-інкубатара новага тыпу, змест якога — аказанне на камерцыйнай аснове адукацыйных паслуг у галіне лічбавых тэхналогій, суправаджэнне высокатэхналагічнага бізнесу ад ідэі да серыйнай вытворчасці.

Барысаў

Мясцовы фонд «Кіраванне бізнесам» выступіў з ініцыятывай «Падтрымка прадпрымальнікаў і ІТ-стартапаў». Яна накіравана на стварэнне ў раёне комплекснай інфраструктуры развіцця суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу і ІТ-стартапаў.

Быхаў

«Быхаў-інавацыйны» — праект па запуску бізнес-інкубатара, які стане пляцоўкай для навучання насельніцтва рэгіёна ІТ і інтэрнэт-тэхналогіям для стварэння бізнесу, стартапаў, інавацыйных кампаній. Паводле праекта, установа таксама забяспечыць падтрымку і кансультаванне пачынаючых бізнесменаў. Да канца ініцыятывы павінна быць абучана больш за 300 жыхароў Быхаўшчыны і зарэгістравана 10 бізнесаў.

Дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Ірына Бабачонак адзначыла, што павышэнне ўвагі грамадзян да бізнес-дзейнасці, стварэнне ўмоў для развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і яго трансфармацыі ў пункты росту рэгіёнаў —прыярытэты дзяржаўнай эканамічнай палітыкі. «Мы разумеем, што для дасягнення такой амбіцыйнай задачы неабходна актыўнае дзеянне як мінімум па двух кірунках. Першы — гэта стварэнне дзелавога асяроддзя і стабільных умоў развіцця прадпрымальніцтва для ўсіх прадстаўнікоў бізнес-супольнасці: буйных і малых, айчынных і замежных, інавацыйных і традыцыйных, прыватных і дзяржаўных. І другі кірунак — гэта стварэнне інфраструктуры падтрымкі, якая дазваляла б развівацца малым кампаніям і стварала б для іх пэўныя рэсурсы і падтрымку па самых крытычных момантах іх станаўлення, развіцця, прыняцця інавацыйных рашэнняў».

Конкурс — гэта толькі першы этап праекта. Далей аўтары ідэй будуць рэалізоўваць іх у жыццё, каб садзейнічаць развіццю бізнесу на сваёй малой радзіме.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Ідэі для развіцця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».