Вы тут

Навошта ліфт для будынка школы ў тры паверхі?


Нават у буйных гарадах, не кажучы пра глыбінку, у мясцовай улады паўстае пытанне: дзе знайсці для бюджэту дадатковыя грошы? А яны неабходны, каб стварыць, напрыклад, месца сямейнага адпачынку, абсталяваць прышкольную спартыўную пляцоўку, зрабіць больш цікавым наведванне музея... Гэта нескладана. Толькі трэба ведаць, дзе шукаць. Ужо існуе шмат прыкладаў карыснага супрацоўніцтва.


Веладарожка ў Полацку.

У Віцебскім аблвыканкаме не так даўно абмеркавалі вынікі і перспектывы супрацоўніцтва органаў мясцовай улады з Еўрапейскім саюзам.

Дарэчы, Віцебск стаў трэцім горадам, у якім на працягу года прайшлі рэгіянальныя інфармацыйныя сустрэчы па ініцыятыве Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза. У сакавіку падобнае мерапрыемства адбылося ў Брэсце, у кастрычніку вынікі двухбаковага супрацоўніцтва былі падведзеныя ў Гродне.

Адкрываючы сустрэчу, кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель адзначыў, што ёсць розныя магчымасці для развіцця супрацоўніцтва і мерапрыемства закладзе фундамент для новых партнёрскіх адносін. Ёсць неабходнасць у адкрытым абмене думкамі з прадстаўнікамі ўлады, бізнесу і грамадскімі арганізацыямі Прыдзвінскага краю.

Першы намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Алег Мацкевіч нагадаў, што Віцебшчына — адзіная ў Беларусі вобласць, якая мяжуе як з ЕС (Латвія і Літва), так і з Расіяй. Таму ёсць дадатковая магчымасць супрацоўніцтва з захадам — у якасці трансгранічнага «моста». Ён падзякаваў замежным партнёрам, якія асабіста наведваюць глыбінку і не толькі цікавяцца рэалізацыяй праектаў, але і шчыра заклікаюць працягнуць увасабленнем самых актуальных ідэй.

Сярод іншага, напрыклад, ужо запланавана фінансаванне цэнтра маладзёжнага прадпрымальніцтва ў Оршы. Грант вельмі паспрыяе развіццю дзелавой ініцыятывы ва ўсім раёне. І вельмі карысны будзе вопыт перадавых краін ЕС пры рэалізацыі канцэпцыі ў гэтым райцэнтры «Разумны горад».

З агляднай прэзентацыяй выступіў кіраўнік праграм супрацоўніцтва Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Берэнд дэ Гроат, а таксама кіраўнікі ключавых сфер праектнай дзейнасці Прадстаўніцтва.

Удзельнікамі сустрэчы былі прадстаўлены розныя праекты. У прыватнасці, рэалізаваныя пры ўдзеле Полацкага райвыканкама — па развіцці турызму і стварэнні сучаснай сістэмы асвятлення вуліц. Да таго ж менавіта палачане сталі першапраходцамі на Віцебшчыне па стварэнні паласы для веласіпедыстаў на аўтамабільнай дарозе.

У суседнім Наваполацку паспяхова рэалізуецца канцэпцыя, мэта якой — перайсці ад стварэння ўмоў у інклюзіўнай школе да інклюзіўнага горада ў цэлым. Што цікава, для зручнасці малых з абмежаванымі магчымасцямі ў адной з вучэбных устаноў нават усталявалі ліфт.

А ў Сенненскім раёне прыблізна дваццаці фельчарам купілі электрычныя ровары. І ў выніку яны сталі хутчэй дабірацца да хворых, якія жывуць нават у самых далёкіх вёсках. А «хуткую» між тым разгрузілі, бо цяпер няма нагоды выязджаць па параўнальна дробных праблемах.

У Талачынскім раёне пайшлі іншым шляхам, каб эканоміць сродкі на медыцынскія патрэбы. Там старэйшынам падарылі танометры. І цяпер мясцовыя жыхары таксама сталі меней тэлефанаваць на нумар 103, бо гіпертонікі, калі ціск павысіўся, але стан здароўя не крытычны, самастойна прымуць лекі.

Супрацоўніцтва з экспертамі ЕС дапамагае і дзяржаўным вытворцам. У прыватнасці, заходнія кансультанты падказалі прадпрыемству ў Верхнядзвінску, што зрабіць, каб атрымаць адпаведны сертыфікат на пастаўку сыроў і іншай прадукцыі ў Еўропу.

Вельмі цікавая ініцыятыва «Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі». Яна дае магчымасць мясцовай уладзе ў глыбінцы атрымаць кансультацыі і фінансаванне ад еўрапейскіх экспертаў і банкаў. Браслаў, між іншым, у рамках рэалізацыі ініцыятывы ўжо налета стане першым у краіне так званым кліматычна нейтральным горадам. Гэта значыць, што населены пункт не будзе наносіць клімату нават мінімальнай страты. Удзельнікамі еўрапейскай ініцыятывы па клімаце і энергіі таксама сталі яшчэ дзесяць населеных пунктаў: Верхнядзвінск, Віцебск, Гарадок, Глыбокае, Докшыцы, Наваполацк, Орша, Полацк, Талачын, Шаркаўшчына.

Удзельнікамі мерапрыемства ў Віцебску сталі прадстаўнікі мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці, дзяржаўных арганізацый, грамадзянскай супольнасці з чатырнаццаці раёнаў Віцебскай вобласці.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Танометры — старэйшынам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.