Вы тут

Мурал з Мінска прызналі найлепшым у свеце


Работу беларускага мастака Яўгена Сасюры «Лічбавы свет», якая з’яўляецца часткай манументальнага арт-трыпціху «Будучыня» ў сталічным мікрараёне Каменная Горка, назвалі лепшай у свеце. Галасаванне праходзіла на міжнароднай платформе Street Art Cities, каманда якога папярэдне выбрала 16 найбольш заўважных манументальных роспісаў, якія былі зроблены ў лістападзе бягучага года ў розных краінах.


Пераможцам апытання, паведамілі актывісты арт-праекту Urban Myths, стаў выкананы ў тэхніцы фотарэалізму мурал на 9-павярхоўцы па вуліцы Прытыцкага, 134. Яго аўтар — ураджэнец Пінска Яўген Сасюра. Мастак працуе пад творчым псеўданімам mutus і ўжо добра вядомы на радзіме як аўтар першага легальнага роспісу ў родным горадзе (2012), муралаў-паштовак з ландшафтамі старога Пінска (2016), роспісаў у межах міжнароднага фестывалю Vulica Brasil і камерцыйных работ па замове дзяржаўных устаноў і гарадскіх уладаў. Яўген ужо расказваў, што работа «Лічбавы свет» прысвечаная сувязі свету глабальных камунікацый, традыцыйнага ладу жыцця прыроды: «У вобразе галоўнай гераіні спалучыліся сучасная дзяўчына, жыхарка Мінска, і персанаж славянскай міфалогіі, багіня Макаш, якая апекавалася ткацтвам і іншымі жаночымі рамёствамі, а таксама чалавечага лёсу наогул». Дзве другія часткі трыпціху «Будучыня», які сімвалізуе рух Беларусі з сёння ў заўтра — мурал «Фрыланс» сербскага мастака Artez i твор іспанца Slim «Героі новага часу», размешчаныя на суседніх шматпавярхоўках.

Да міжнароднага поспеху Яўген Сасюра ставіцца вельмі спакойна: «Я не ўспрымаў бы гэта як нейкую надзвычай сур’ёзную падзею, проста падпісчыкі аднаго з мастацкіх аб’яднанняў прагаласавалі за ўпадабаную работу. Ці будуць новыя муралы? Безумоўна, але ўжо ў наступным сезоне — зараз назапашваю і прадумваю новыя ідэі, якіх заўжды хапае». Зрэшты, тут можна запярэчыць сціпласці беларускага мастака: міжнародная суполка Street Art Cities, якая ўхваліла яго работу, з 2017 года дзейнічае ў 570 гарадах 79 краін свету і ўтрымлівае інфармацыю пра мастацкія работы больш чым 24300 аўтараў! У прыватнасці, у Беларусі «паляўнічыя на вулічныя роспісы» налічылі ўжо звыш 600 цікавых і вартых увагі стрыт-арт аб’ектаў, прадстаўленых на інтэрактыўнай карце.

Як адзначае каманда праекту Street Art Cities, перамога беларуса стала «крыху нечаканай» — ён набраў 53% галасоў ад больш чым тысячы прыхільнікаў стрыт-арту з розных краін і абышоў сусветна вядомых вулічных мастакоў INTI з Чылі, Lula Goce з Іспаніі і Sasha Korban з Украіны.

Нагадаем, манументальны трыпціх «Будучыня» — гэта сумесны праект адміністрацыі фрунзенскага раёна сталіцы, стрыт-арт актывістаў Urban Myths і кампаніі А1.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота instagram-акаўнт мастака

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.