Вы тут

Помнік беларускаму эга з'явіцца пад Новы год у Мінску


Своеасаблівы падарунак сталіцы, яе жыхарам і гасцям зробяць уладальнікі аднаго з мінскіх бараў. 20 снежня на вуліцы Зыбіцкай адкрыюць новую турыстычную адметнасць — самы маленькі пастамент у горадзе, які будзе тлумачыць: «Беларусь — не Беларусія!»


Аўтары праекта выношвалі ідэю ўжо даўно, але ніяк не маглі вызначыцца з канкрэтным варыянтам помніка (а ўсяго іх прыдумалі каля 20). Тады на дапамогу паклікалі саміх гараджан і абвясцілі галасаванне ў сацыяльных сетках. На выбар для ўвекавечання прапанавалі тры тэмы: помнік млыну, які амаль два стагоддзі таму стаяў прыблізна ў гэтым месцы і захоўваў частку мінскай гісторыі, помнік «самаму маленькаму ў свеце» беларускаму эга і помнік пані Парнікель, якая ў ХVІІІ стагоддзі кіравала гарадскім пансіёнам для дзяўчат і займалася дабрачыннасцю. Удзел у галасаванні ўзяло больш за тысячу чалавек, якія зацвердзілі праект... беларускага эга.

«Гэты варыянт вырваўся наперад літаральна ў апошнія суткі галасавання, — кажа адзін з суарганізатараў праекта Дзяніс Анцявічус, — але, прызнаюся, яго рэалізацыю мы прадумвалі загадзя, бо самі ўстанавілі вельмі сціслыя тэрміны: хацелі б падарыць помнік гараджанам да Новага года. «Штурмілі» ўсім калектывам: хтосьці гаварыў, што трэба адзначыць наша ўменне радавацца маленькім перамогам і паўсядзённым дробязям, хтосьці пра самапошук, хтосьці — пра маленькую краіну... Вырашылі, што людзі самі дадумаюць свае сэнсы».

У выніку, раскрывае інтрыгу скульптар Стас Нікановіч, вырашылі паставіць помнік «Беларусі, якая не Беларусія»: «Дзе б ні быў беларус і як бы ні вызначалі нашу краіну мясцовыя карты, мы тлумачым, што пішацца наша краіна як Беларусь, што мы — маленькі, але горды народ. Ідэя маленькага эга цалкам захапіла мяне сваім сімвалізмам».

Малады беларускі скульптар Стас Нікановіч, работы якога ёсць у калекцыях славутых медыяперсон — Уладзіміра Познера, Рычарда Брэнсана, Джоні Дэпа і іншых, — абяцае завяршыць помнік усяго за два тыдні, а пляцоўку для яго падрыхтуе і аздобіць вядомая мастачка Зоя Луцэвіч. Бронзавую постаць вышынёй усяго 15 сантыметраў плануюць урачыста адкрыць 20 снежня. У адпаведнасці з традыцыямі арганізатары абяцаюць падрыхтаваць для яго маленькае аксамітнае покрыва, стужку і нажнічкі і правесці мікра-салют з канфеці. А яшчэ да скульптурнай кампазіцыі прыкладуць лупу, бо некаторыя дэталі — напрыклад, лідскія красоўкі на нагах — можна будзе разгледзець толькі з яе дапамогай. «Мяркуем, дзякуючы размяшчэнню ў папулярным месцы помнік беларускаму эга будзе цікавы не толькі гараджанам, але і турыстам — тым больш да яго мы напішам тлумачэнні на рускай, беларускай і англійскай мовах, — дадае суарганізатар праекта Яўген Мяцеліца. — Спадзяёмся, што мінчане зразумеюць ідэю і падтрымаюць нас, як падтрымлівалі падчас галасавання».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Прэв'ю: incomartour.com.ua

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.