Вы тут

Прыняць непазбежнае


На мінулым тыдні падчас камандзіроўкі бачыла... куніцу ў капкане. Гаспадар прыватнага заасада запрасіў прайсціся ўздоўж вальераў з насельнікамі. Там у яго шмат розных жывёлін. А калі дайшлі да птушак, ён з сумам сказаў, што нахабны тхор знішчыў пад сорак розных курачак. Многія з іх былі яшчэ кураняты, вывеліся сёлета, некаторыя зусім маленькія, дэкаратыўныя і розных парод. За размовай падыходзім да аднаго з вальераў. Ён і сам адразу не заўважыў, а я пытаю: «Гэта што за кот?»


forum.itradebit.com

І праўда, сядзіць прыгожае стварэнне, вельмі падобнае на коціка, правільней сказаць, ляжыць побач з клеткай, у якой сядзяць курка з пеўнем. Капкан так ухапіў драпежніка за сцягно, што здалёк не зразумееш, чаму ён не ўцякае. «Вось ён, тхор, забойца маіх курачак», — вымавіў гаспадар. А потым прыгледзеўся: не тхор, а куніца. А мяне асабліва ўразіла, што яна не тузалася, не спрабавала неяк вызваліцца, уратавацца, уцячы. Проста ляжала, прыціснуўшыся да зямлі, без усякага страху ў шырока расплюшчаных вачах, можа, нават з пэўнай цікавасцю глядзела на людзей. Раней я, мусіць, не бачыла так блізка куніцу, здзівілася, да чаго ж яна падобная на ката! Здаецца, прылёг каток і чакае, каб яго пагладзілі. Толькі раскошнае футра выдае прыналежнасць да віду. І куры ў клетцы чамусьці не паказвалі хвалявання ад блізкасці ворага. Можа, яна так доўга ўжо праседзела ў капкане, што яны прывыклі? Потым я зразумела, што не страх, не цікаўнасць чыталіся ў вачах гэтага звярка, а непазбежнасць. Драпежніцу, хутчэй за ўсё, заб'юць, бо пасадзіць у клетку ў якасці яшчэ аднаго насельніка заасада, відаць, не дазволяць траўмы ад капкана.

У прыродзе ўсё прадумана дасканала. Жывёліны змагаюцца за сваё жыццё і абараняюць яго з усім іх звярыным імпэтам, але калі сілы няроўныя і змагацца больш няма ніякай магчымасці, аказваецца, могуць годна прыняць непазбежнае. Часам даводзіцца чуць, што чалавек — самае недасканалае стварэнне прыроды. З чалавекам наогул усё больш складана. Ды і мяжа непазбежнага часта бывае даволі ўмоўная альбо размытая, прыблізная, падманная.

Зараз не гавару пра прыняцце смерці як непазбежнасці. Хоць...толькі ўчора па тэлебачанні вядомы ў нашай краіне анколаг Алег Суконка казаў, што чалавек верыць у лепшае і спадзяецца да апошняга. Нават калі ён сам доктар і добра ведае клінічную карціну развіцця немачы. Так працуе нервовая сістэма чалавека — у гэтым, відаць, праяўляецца яе абарончая функцыя. Ды, відавочна, бывае па-рознаму. Былая супрацоўніца хоспіса расказвала, як трымалася 35-гадовая жанчына, іх пацыентка. Прыгажуня рэдкая, нечым падобная на Марыну Уладзі ў маладосці. Усё было: адукацыя, добрая работа. З сям'ёй, праўда, не склалася... Маці яе ніяк не магла змірыцца з хваробай дачкі, ніякія кансультацыі псіхолагаў не дапамагалі. Яна часта плакала каля ложка. Дачка яе супакойвала, нібы малое дзіця. Угаворвала, прасіла прыняць непазбежнасць: «Ну што ж зробіш, калі такі лёс». Такое было немагчыма слухаць — уздыхала жанчына. А можа, гэта не пакорнае прыняцце свайго лёсу, а найвялікшы клопат пра роднага чалавека, любоў, здольная сваё, уласнае, адцясніць на другі план?

Але што гэта мы пра сумнае, нават трагічнае? Непазбежныя бываюць і радасць, удача, або, напрыклад, здарэнне здольнае перамяніць усё жыццё. Памятаеце, як у вядомым фільме, героя якога пасадзілі ў самалёт замест сябра. А далей ідуць падзеі, якія маюць немінучыя альбо лёсавызначальныя наступствы.

Калі прыгледзецца ўважліва, кожны дзень мы сутыкаемся з непазбежнасцю, з тым, што ад нас не залежыць ці становіцца вынікам папярэдняга кроку. Скажам, разліла чай на святочную сукенку, і ў апошнюю хвіліну, адчайна прасуючы іншую адзежыну, моцна апякла руку, таму не пайшла на канцэрт, якога чакала больш за месяц. Потым ляжала пад пледам і шкадавала сябе: можа, там якраз і адбылася б наканаваная сустрэча... Непазбежныя бываюць каханне і расставанне, хваробы, выздараўленні, страты, адкрыцці. Цяжэй за ўсё, вядома, прыняць непазбежную здраду, подласць, несправядлівасць ад навакольных. Але яны здараюцца, і нікуды ад гэтага не дзенешся. За імі, як правіла, бываюць і прасвятленні, добрыя сустрэчы, прыемныя здзіўленні. Што таксама непазбежна.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.