Вы тут

Познія роды: за і супраць


...Мая знаёмая Наталля пасля таго як выйшла замуж, дзяцей заводзіць не спяшалася. Маладая сям'я жыла ў невялікай кватэры з бацькамі — не да малых, трэба было будаваць сваё жыллё. Праз некалькі гадоў, дачакаўшыся чаргі, пара нарэшце пераехала ва ўласную кватэру. Аднак тут Наталля аказалася на парозе кар'ернага скачка: у кампаніі, дзе яна працавала, вызвалілася пасада загадчыка юрыдычнага аддзела. На яе прэтэндавалі наша гераіня і яе значна старэйшы калега. Кар'ерную гонку Наталля выйграла і ўрэшце заняла пасаду. А калі, здавалася б, можна было і нараджаць, зацяжараць так і не змагла. «Спачатку думала, што занадта рана, а потым стала позна», — кажа яна. Яе равесніцы Марыне пашчасціла больш. Яна таксама была засяроджана на кар'еры, а пасля 35 зразумела, што «жыць няма для каго». Але ў яе ўсё склалася больш удала: у 40 жанчына ўпершыню стала мамай. Цяжкая цяжарнасць і пастаянная пагроза выкідыша, месяцы «на захаванні», праведзеныя на бальнічным ложку, і заўчасныя роды — усе пакуты сёння нішто ў параўнанні з сэнсам яе жыцця — маленькай Веранікай, сцвярджае сама Марына.


З пункту погляду медыцыны, сёння познімі родамі лічацца першыя роды жанчыны, старэйшай за 35 гадоў. Але так было не заўсёды. Яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя маладых мам, якія нараджалі дзіця пасля 24 гадоў, называлі старародзячымі. І гэта пры тым, што савецкім жанчынам удалося адсунуць планку дзетараджэння. Бо яшчэ раней лічылася, што дзяўчына пасля 20 гадоў... старая для цяжарнасці.

Сёння ўсё больш жанчын першае дзіця нараджаюць бліжэй да 30 гадоў. І беларускі тут не выключэнне. Атрымаць адукацыю, вопыт работы і падняцца па службовай лесвіцы, пападарожнічаць па свеце і пажыць для сябе, бо сямейныя клопаты — доля тых, каму за 30. Усё часцей сённяшнія дзяўчаты расстаўляюць прыярытэты менавіта так. Але познія роды могуць паўплываць на здароўе як будучай мамы, так і немаўляці. Здараецца, што ва ўзроставых матуль нараджаюцца дзеці з генетычнымі захворваннямі.

Аптымальны ўзрост — 21—35 гадоў

— Сучасныя жанчыны, на жаль, усё часцей абіраюць для сябе прыярытэтнымі мэтамі адукацыю, паспяховую кар'еру, дасягненне пэўнага матэрыяльнага дабрабыту, адкладваючы мацярынства. І не ўсе ўсведамляюць, што жаночы арганізм устроены такім чынам, што пасля 35 гадоў вычэрпваецца аварыяльны рэзерв яечнікаў. Пад гэтым тэрмінам маюць на ўвазе не толькі колькасць, але і якасць яйцаклетак, здольных да апладнення. Змяншэнне іх колькасці адбываецца з натуральных прычын ад моманту ўступлення ў рэпрадуктыўны ўзрост, — тлумачыць урач-акушэр-гінеколаг 11-й гарадской паліклінікі Мінска, аспірант кафедры акушэрства, гінекалогіі і рэпрадуктыўнага здароўя Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Святлана КРЭЕР. — Таму аптымальным для нараджэння дзяцей лічыцца перыяд з 21 да 35 гадоў.

Пры гэтым ва ўсім свеце акушэры-гінеколагі прыйшлі да высновы, што найлепшым узростам для нараджэння першынца з'яўляецца 21—25 гадоў. У гэты час у арганізме аптымальны ўзровень эстрагенаў і прагестэрону. Косці таза ўмацаваліся і валодаюць дастатковай гнуткасцю. У яечніках вялікі аварыяльны рэзерв.

Нягледзячы на тое што па класіфікацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя рэпрадуктыўным лічыцца ўзрост да 49 гадоў, пасля 35 фертыльнасць (здольнасць да нараджэння) пачынае паступова зніжацца. А ўжо пасля 40 тэмпы згасання значна паскараюцца. І верагоднасць наступлення цяжарнасці ў гэтым узросце ў 2 разы ніжэйшая, чым у 20 гадоў!

Рызыка генетычных анамалій і іншыя

Акрамя гэтага, з 35 гадоў з'яўляюцца рызыкі нараджэння дзіцяці з генетычнымі анамаліямі, напрыклад сіндромам Дауна. Не сакрэт, што вялікай колькасці такіх дзяцей падарылі жыццё менавіта ўзроставыя матулі.

— З 35 гадоў з'яўляюцца рызыкі, звязаныя з генетычнымі анамаліямі, напрыклад з дэфектамі развіцця нервовай трубкі, сіндромам Даўна, Эдвардса, Патаў. У 25-гадовай жанчыны гэта рызыка складае 1:2000, у 30 гадоў — 1:1000, у 40 гадоў ужо 1:150, а ў 45 — 1:30, значыць, з 30 родаў адны скончацца з'яўленнем на свет хворага немаўляці, — прыводзіць статыстыку Святлана Крэер.

Адкладваючы цяжарнасць на потым, трэба ўлічваць, што і ўласнае здароўе з узростам пагаршаецца.

— У 40—45 гадоў жанчына ўжо можа мець хранічныя хваробы — міёму маткі, эндаметрыёз, артэрыяльную гіпертэнзію, парушэнні тлушчавага абмену, хваробы печані, нырак, шчытападобнай залозы. Падчас цяжарнасці хранічныя захворванні могуць абвастрацца або стартуюць новыя хваробы. Яны аказваюць уплыў не толькі на стан самой цяжарнай жанчыны, але і на эмбрыён. Пры цяжарнасці пасля 40 значна павялічваецца рызыка выкідыша. У параўнанні з базавымі значэннямі яна ўзрастае прыкладна на 50 %. І на 40 % павялічваецца рызыка заўчасных родаў. Таму калі жанчына збіраецца нараджаць пасля 40, яна павінна падысці да гэтага свядома: падрыхтавацца, пракансультавацца ў адпаведных спецыялістаў і прайсці абследаванні, каб выключыць усе рызыкі, — папярэджвае акушэр-гінеколаг.

Між іншым, узрост цяжарнай лічыцца адным з фактараў перынатальнай рызыкі (сацыяльна-біялагічным). Згодна з клінічным пратаколам, ён з'яўляецца крытэрыем для ўключэння ў групу мацярынскай рызыкі падчас вядзення цяжарнасці. Таму будучай маме, якой ужо за 40, трэба быць гатовай да шэрагу скрынінгавых даследаванняў.

Абавязковых сярод іх тры. У тэрмін 11—13 тыдняў цяжарнасці трэба здаць кроў і прайсці УГД-дыягностыку плода. Па сукупнасці гэтых аналізаў медыкі вызначаюць рызыкі нараджэння дзіцяці з генетычнымі паталогіямі. Другі скрынінг цяжарнай жанчыне прызначаюць паміж 18 і 21 тыднямі цяжарнасці. Трэці праводзіцца на 32—35 тыдні. Акрамя таго, цяжарных жанчын пасля 35 гадоў накіроўваюць на кансультацыю генетыка. І калі вынікі скрынінгу насцярожаць урача, жанчыне могуць прапанаваць прайсці абследаванне інвазіўнымі метадамі. Напрыклад, амніяцэнтэз — забор каляплодных водаў на генетычны аналіз. Гэтыя метады больш інфарматыўныя. Той жа амніяцэнтэз дае вынік з дакладнасцю 99 %.

Пры ўсім гэтым медыкі не заклікаюць адмаўляцца да цяжарнасці з-за ўзросту.

— Безумоўна, цяжарнасць у 20 і ў 40 гадоў адрозніваецца, але гэта залежыць ад стану здароўя канкрэтнай жанчыны і таго, ці прайшла яна падрыхтоўку да цяжарнасці. Бываюць выпадкі, калі і ў 20 на ўлік па цяжарнасці ставім жанчыну з вялікай колькасцю дыягназаў, у далейшым яна не выконвае рэкамендацыі ўрачоў у поўным аб'ёме і цяжарнасць працякае неспрыяльна. Іншая жанчына ў 40 гадоў, якая сачыла за сваім здароўем, прайшла прэгравідарную падрыхтоўку і выконвае ўсе рэкамендацыі, адчувае сябе добра на працягу ўсёй цяжарнасці, — адзначае Святлана Крэер.

Зараз беларускі часцей за ўсё нараджаюць ва ўзросце ад 24 да 29 гадоў — у 2018-м жанчыны гэтага ўзросту падарылі жыццё 31 530 дзеткам. Жанчыны ва ўзросце 35—39 гадоў сталі матулямі 12 197 малых, пры гэтым 1835 дзяцей у іх былі першыя. Беларускі, якім ужо споўнілася 40, у 2018-м нарадзілі 2337 дзяцей, першых — 327. Жанчыны пасля 50 станавіліся матулямі 9 разоў, у тым ліку двое дзяцей былі першыя. А вось сярэдні ўзрост беларускіх матуль працягвае расці. Летась сярэдні ўзрост маці пры нараджэнні дзіцяці ў нас быў 29,4 года (пры нараджэнні першага дзіцяці — 26,7). Для параўнання, сярэдні ўзрост нараджэння дзіцяці ў 1990 годзе складаў 25,3 года, у 2000-м — 25,6, у 2010-м — 27,3.

Дапаможа ЭКА?

Сёння, дзякуючы рэпрадуктыўным тэхналогіям, узрост 40+ не перашкода для таго, каб стаць маці. Праўда, і тут ёсць свае нюансы. Пры экстракарпаральным апладненні (ЭКА) чым маладзейшая пара, тым большыя шанцы наступлення цяжарнасці. У групе да 35 гадоў яны складаюць 70 %. Ад 35 да 40 — не больш за 35—40 %. Ва ўзросце 40+, асабліва пасля 42 гадоў, шанцы імкнуцца да нуля. Нягледзячы на гэта, урачы не адмаўляюцца дапамагчы стаць маці ніводнай жанчыне.

— Я выдатна стаўлюся да любой жанчыны, якая хоча нарадзіць. Дзеці — гэта, бадай, самае вялікае шчасце, якое нам дадзена. Геніі, між іншым, нараджаюцца толькі ў сталых бацькоў. Калі жыццё так складваецца, што жанчына сустракае чалавека, з якім хацела б мець дзяцей, толькі ў 42 гады, трэба ж паспрабаваць нарадзіць, — кажа ўрач вышэйшай катэгорыі, акушэр-гінеколаг, рэпрадуктолаг, загадчык аддзялення планавання сям'і і ЭКА медыцынскага цэнтра «Ладэ» Алена ПАНКРАТАВА.

Дарэчы, сёння, калі жанчына хоча зрабіць кар'еру і адкласці мацярынства на больш позні тэрмін, яна можа замарозіць свае яйцаклеткі і выкарыстоўваць іх пазней — як пэўную страхоўку. Калі да 40 гадоў зацяжараць не атрымаецца, у яе будзе запасны варыянт: замарожаныя яйцаклеткі, шанц наступлення цяжарнасці з якімі значна вышэйшы. Каштуе такая працэдура каля 2,5 тысячы беларускіх рублёў.

— Чым маладзейшая жанчына замарожвае яйцаклеткі, тым больш шанцаў, што цяжарнасць наступіць. Пасля 42 гадоў гэта ўжо непажадана рабіць. А пасля 49 гадоў мы іх не возьмем, бо ЭКА пасля 50 не выконваецца, — кажа Алена Панкратава.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Што сiмвалiзуе ўнiкальны габелен з выявай Мацi-Беларусi, i хто ўвасоблены ў вобразе франтавой медсястры

Што сiмвалiзуе ўнiкальны габелен з выявай Мацi-Беларусi, i хто ўвасоблены ў вобразе франтавой медсястры

У Гродне падчас святкавання Дня Незалежнасцi прадстаўлены габелен, якi выткалi спецыяльна да 75-годдзя Вялiкай Перамогi. 

Грамадства

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Дзяржаўнаму камiтэту судовых экспертыз споўнiлася сем гадоў.