Вы тут

У Гомелі вырашылі інтэграваць людзей сталага веку ў соцыум з дапамогай праекта «ШаноVныя»


74-гадовая Ніна Сяргееўна лічыць, што бываюць выпадкі, калі побач муж або сям'я сына, а ты разумееш, што погляды ў іх іншыя і што ты не паспяваеш за змяненнем жыцця. «Мала каму цікавая мая гісторыя, тое, што я перажыла і бачыла. І так у многіх маіх аднагодкаў», — горка прызнаецца жанчына. Яна і мае рацыю, і не мае яе адначасова. Сапраўды, многія пажылыя людзі, на жаль, адчуваюць сябе нецікавымі і нікому не патрэбнымі. Але тое, што гісторыі іх жыццяў ні ў кога не выклікаюць цікавасці, — у гэтым яны вельмі памыляюцца. І сацыяльны праект ТЦСАН Цэнтральнага раёна Гомеля «ШаноVныя» — яшчэ адно пацвярджэнне таму.


Ні­на Ся­мё­наў­на Са­ла­доў­ні­ка­ва.

Так, адзінота — гэта сур'ёзнае выпрабаванне. «Адной цяжка жыць, — кажа 73-гадовая Любоў Аляксандраўна з Гомеля. — Бацька і маці памерлі. Муж памёр. Дзяцей не было. Цяпер усё маё існаванне здаецца бессэнсоўным і нецікавым. Жыву адна, рэдка маю зносіны з суседзямі. Дапамагае сацыяльны работнік...» «Адзінота — калі мужа і дзяцей пахавала, — паўтарае за ёй 79-гадовая Марыя Паўлаўна. — Усё жыццё было шчасце, а цяпер няма. Застаецца толькі альбом глядзець, фотакарткі перабіраць...»

Хтосьці з людзей срэбранага ўзросту знаходзіць сваё суцяшэнне ў актыўнай сацыяльнай дзейнасці. Яны наведваюць клубы і гурткі пры ТЦСАН, ходзяць на канцэрты, становяцца валанцёрамі. Але ёсць тыя, каму ўжо цяжка перасоўвацца, хто мае патрэбу ў дапамозе іншых людзей. Алена Багдановіч, загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Цэнтральнага раёна Гомеля, па родзе сваёй дзейнасці сутыкаецца найбольш менавіта з такімі сталымі людзьмі. «Сярод нашых падапечных — а ў нас на надомным абслугоўванні знаходзяцца 250 пажылых людзей — вельмі шмат старых з цікавым і часта трагічным жыццём, — кажа яна. — Многія з іх — дзеці вайны, шмат хто сам прайшоў праз вайну, праз генацыд яўрэяў... Але ім часта проста няма каму расказаць пра сваё жыццё».

Большасць з падапечных яе аддзялення ўпэўненыя, што яны нікому не цікавыя. «Што мне расказваць пра сябе? У маім жыцці нічога цікавага няма», — нярэдка чула яна. Але калі людзі ўсё ж пачыналі апавядаць пра сябе, то аказвалася, што гэта настолькі жывыя і глыбокія гісторыі, што іх можна было слухаць гадзінамі. «Людзі вельмі розныя, — кажа Алена Багдановіч. — Хтосьці скардзіцца на лёс, плача. А другі стараецца глядзець на падзеі свайго жыцця з гумарам, знаходзіць ва ўсім пазітыўны бок. Ёсць пары, якія ўжо 50 і больш гадоў разам. Як ім гэта ўдалося? Гэта ж бясцэнны чалавечы вопыт, які быў бы карысны шмат каму. Многія жанчыны да гэтага часу захоўваюць старыя паштоўкі, фатаграфіі, свае атэстаты сталасці... Гэта ўжо самыя сапраўдныя рэліквіі».

* * *

Вось, напрыклад, Ніна Сямёнаўна Саладоўнікава. Ёй 90 гадоў, на надомным сацыяльным абслугоўванні ў ТЦСАН ужо больш за сем гадоў. Удастоена мноства ўзнагарод за сваю працоўную педагагічную дзейнасць (больш за дзевяць ганаровых грамат, медаль «Ветэран працы» і шмат іншага). Ёсць граматы Вярхоўнага Савета БССР за 1965 і 1989 гады. Да гэтага часу захоўвае звесткі пра сваю школьную паспяховасць (амаль усюды «выдатна»), кнігу «Дзіцячыя гады Ільіча» — падарунак пасля заканчэння 1 класа. Сама больш за 35 гадоў аддала педагогіцы. У пачатку 1941 года яе маці-медсястру прызвалі на фронт, тая ўзяла дачку з сабой. Усе выпрабаванні прайшлі разам, потым аднаўлялі свой горад... Цяпер Ніна Сямёнаўна адна: яна ўдава, дзяцей не было. Увесь свой час аддавала вучням, да гэтага часу памятае іх імёны.

Ці вось таксама педагог — Лілія Іванаўна Ярмоленка, 81 год. Усё ўмела рабіць, майстар на ўсе рукі. Цяпер цяжка рукамі нешта рабіць. Адзінокая, сын памёр. Заўсёды ўспамінае толькі добрае. Парады маладым ад яе: жаніцца толькі па каханні, шанаваць сумленнасць і годнасць, вучыцца радавацца кожнаму пражытаму дню.

Або Марыя Карпаўна Лук'янава, 90 гадоў. У пачатку вайны ёй было ўсяго 12. Цяжкі лёс, але ўсё роўна яна аптыміст, да гэтага часу выдатная памяць...

* * *

Цяпер Алена Багдановіч знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, але тым не менш загарэлася ідэяй захаваць усе гэтыя звесткі, выдаўшы брашуру з аўтабіяграфічнымі апавяданнямі пажылых людзей. Так з'явіўся на свет сацыяльны праект ТЦСАН Цэнтральнага раёна Гомеля «ШаноVныя», які зараз удзельнічае ў найбуйнейшым конкурсе Sосіаl Wееkеnd.

Сутнасць яго ў тым, што адзінокія пажылыя людзі будуць прыцягвацца да напісання сваіх аўтабіяграфічных апавяданняў, і з дапамогай валанцёраў, якіх мяркуюць знайсці сярод студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, створаць твор «ШаноVныя гісторыі».

«У нас ужо ёсць восем гісторый, а ў цэлым мы плануем, што іх будзе не менш за 30, — кажа наша суразмоўніца. — Яны будуць суправаджацца фатаграфіямі з сямейных архіваў, памятнымі паштоўкамі і г. д., мы будзем распытваць людзей, чым яны ганарацца, і пісаць пра гэта».

У ідэале — плануецца стварыць пісьменніцкую студыю, на заняткі ў якую будуць прыходзіць спецыялісты-літаратуразнаўцы, валанцёры. Галоўная задача праекта — паказаць людзям сталага веку, што яны важныя, што іх жыццё каштоўнае і вопыт можа быць карысны маладому пакаленню.

А ў далейшым у аўтараў праекта ёсць задумка распрацаваць інтэрактыўныя заняткі для падлеткаў, дадаючы да аўтабіяграфічных звестак іх падапечных гістарычныя даведкі, якія будуць супадаць з пераломнымі момантамі жыцця людзей сталага веку.

Святлана Бусько

Загаловак у газеце: ШаноVныя гісторыі»: пераадолеем адзіноту разам

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.