Вы тут

Што такое «ціхі» інфаркт, і каму ён пагражае


Нам здаецца, што прыкметы інфаркту настолькі яўныя, што іх немагчыма не заўважыць. Класічнае апісанне стану пры гэтай сардэчна-сасудзістай катастрофе ўключае ціск за грудзінай, які перарастае ў моцны боль, і пачуццё страху. Але так бывае не заўсёды.

Інфаркт міякарда здараецца, калі кроваток да сардэчнай мышцы рэзка скарачаецца ў выніку закупоркі каранарнай артэрыі тромбам. Але ў некаторых выпадках людзі не адчуваюць болю, нягледзячы на тое, што адбываецца ў іх арганізме, таму не звяртаюцца па дапамогу і губляюць каштоўны час. Як распазнаць «ціхі» інфаркт, ці можна яго не заўважыць увогуле і якія небяспекі ён тоіць, расказала загадчык аддзялення Фрунзенскага раённага кардыялагічнага цэнтра (на базе 31-й гарадской паліклінікі Мінска) Наталля Карпук.


— Наталля Пятроўна, растлумачце, што такое «ціхі» інфаркт.

— Сапраўды ёсць атыповыя формы інфаркту міякарда, якія можна аднесці да «ціхіх» інфарктаў. Яны працякаюць без яўнага болевага сіндрому ў вобласці сэрца. Напрыклад, хворы адчувае боль у верхняй частцы жывата, з'яўляецца пякотка. І часта чалавек або не звяртае ўвагі на гэтыя сімптомы, або самастойна аказвае сабе дапамогу, мяркуючы, што гэта атручванне ці іншыя праблемы са страўнікам. А так можа працякаць абдамінальная форма інфаркту. Калі здараецца рэзкае зніжэнне ціску і страта прытомнасці, так можа праяўляць сябе яшчэ адна форма — калаптоідная. А пацыенты спісваюць гэта на неўралагічныя хваробы і звяртаюцца да неўролага. Хворыя на цукровы дыябет, у якіх першапачаткова зніжаны болевы парог, таксама часам не адчуваюць болю. У іх з'яўляецца нарастанне задышкі або парушэнне рытму, якіх раней не было, і гэта могуць быць праявы інфаркту. Яшчэ адна форма перыферычнага інфаркту — калі пацыенту баляць ніжняя сківіца і зубы. У такіх выпадках, як правіла, ідуць да стаматолага.

— Значыць, інфаркт можна і не заўважыць?

— Так, калі ён маскіруецца пад іншыя хваробы. Напрыклад, пры нарастанні задышкі некаторыя пацыенты думаюць, што гэта прыступ бранхіяльнай астмы, калі ёсць такая спадарожная паталогія. А гэта страчаны час.

— Атрымліваецца, што хваробу можна перанесці і не ведаць пра гэта?

— Усё залежыць ад рэзервовых магчымасцяў арганізма. Сапраўды, пацыент можа даведацца, што ён перанёс на нагах інфаркт, толькі падчас абследавання праз нейкі час.

— Гэта можна вызначыць па кардыяграме?

— Так. Таксама па УГД сэрца, гэта адзначаецца як зніжэнне скарачальнай магчымасці. Калі ж узрост і рэзервовыя магчымасці арганізма пацыента і спадарожныя паталогіі не дазваляюць кампенсаваць гэту сітуацыю, то людзі рана ці позна звяртаюцца да кардыёлагаў ці ўрачоў іншых спецыяльнасцяў, але таксама калі каштоўны час страчаны.

— На якія трывожныя сімптомы варта звярнуць увагу?

— Не трэба займацца самалячэннем, асабліва калі гэта датычыцца абдамінальных формаў інфаркту. Пры болі ў жываце, асабліва працяглым, лепш звярнуцца да доктара і зрабіць ЭКГ. Калі з'яўляецца ні з чым не звязаная задышка і яна нарастае пры самай нязначнай нагрузцы, таксама трэба звяртацца да ўрача. Тое самае пры непераноснасці фізічных нагрузак — калі работа, якая раней выконвалася лёгка, цяпер патрабуе вялікіх намаганняў. Калі ў вас цукровы дыябет, то перабоі ў рабоце сэрца не варта спісваць на іншыя станы, лепш лішні раз зрабіць ЭКГ і наведаць урача.

— Хто часцей пакутуе на нестандартныя формы інфаркту — мужчыны ці жанчыны?

— Калі ўлічыць, што ў жанчын болевы парог вышэйшы і яны больш схільныя цярпець боль, чым мужчыны, то перанесеных атыповых формаў інфаркту ў жанчын, бадай, больш.

— Якія фактары рызыкі ўзнікнення гэтага захворвання?

— Такія паталогіі, як цукровы дыябет, артэрыяльная гіпертэнзія, асабліва некантралюемая. Таму ні ў якім выпадку пры лячэнні артэрыяльнай гіпертэнзіі не варта перапыняць прыём гіпатэнзіўных прэпаратаў. На сённяшні дзень толькі 30 % пацыентаў строга прытрымліваецца рэкамендацый урача і пастаянна прымаюць такія сродкі. Часам так здараецца, што хвораму, у якога з'явіліся эпізоды павышэння ціску, доктар прызначае тэрапію, а праз нейкі час пацыент вырашае, што ён здаровы, бо ціск у норме, і перастае прымаць лекі. Пэўны час працуе тая канцэнтрацыя прэпаратаў, якія назапасіліся ў арганізме. А потым пры стрэсавай сітуацыі, ператомленасці ўзнікае гіпертанічны крыз, і на яго фоне — ускладненне. Таму я пацыентам кажу: вы пры любых абставінах не павінны перапыняць лячэнне. Безумоўна, да фактараў рызыкі ўзнікнення інфаркту міякарда адносяцца гіпадынамія, лішняя вага. Пры жаданні можна знізіць масу цела, рабіць штодзённыя прагулкі. Прычым фізічная нагрузка павінна быць пастаянная. Прычыны рызык — у нашай ляноце.

— Якія наступствы ад таго, што «ціхі» інфаркт пераносіцца на нагах?

— Найперш трэба сказаць, што сам інфаркт — гэта цяжкае наступства ішэмічнай хваробы сэрца. Значыць, хвароба не атрымлівала адэкватнага лячэння. Пры належным стаўленні да свайго здароўя і рэкамендацый урача яго можна пазбегнуць. Што датычыцца позняга звароту з самім інфарктам, то такіх пацыентаў складаней лячыць: арганізм уключае працэсы прыстасавання і кампенсацыі, і яго работа перабудоўваецца, мяняецца структура сэрца. У любым выпадку прасцей прадухіліць хваробу, чым яе лячыць.

— Якія яшчэ меры прафілактыкі можна параіць?

— Сачыць за сваім ціскам. Нават калі вы цалкам здаровы, раз на год трэба паказвацца ўрачу, здаваць агульнаклінічныя аналізы, каб не ўпусціць час і не лячыць пасля наступствы свайго захворвання.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Справы сардэчныя

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка: Космас — лакмусавая папера, якая дапамагае ацаніць магчымасці і здольнасці дзяржавы (дапоўнена)

Лукашэнка: Космас — лакмусавая папера, якая дапамагае ацаніць магчымасці і здольнасці дзяржавы (дапоўнена)

Прэзідэнт Беларусі і дырэктар карпарацыі «Раскосмас» абмяркавалі сумесныя беларуска-расійскія праекты ў касмічнай сферы

Культура

Кастусь Качан: Калі б не стаў мастаком, гэта было б не жыццё, а пакуты

Кастусь Качан: Калі б не стаў мастаком, гэта было б не жыццё, а пакуты

Ён рыхтуецца прадставіць выстаўку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Грамадства

Мінпрацы — пра зарплаты бюджэтнікаў

Мінпрацы — пра зарплаты бюджэтнікаў

Спецыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў анлайн-рэжыме адказалі на некаторыя пытанні, звязаныя са змяненнем умоў аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый з 1 студзеня 2020 года.

Спорт

Малады батутыст Іван Літвіновіч: Я зламаў сківіцу сваім жа каленам

Малады батутыст Іван Літвіновіч: Я зламаў сківіцу сваім жа каленам

Як хлопец з Вілейкі абыгрывае славутых кітайцаў.