Вы тут

Прысвячэнні малой радзіме


Прысвячэнні малой радзіме

9 снежня ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” прайшла вечарына-прэзентацыя лістападаўскага нумара часопіса “Маладосць”, прысвечанага малой радзіме.

Вечар адкрыў аўтар эсэ “У пошуках малой радзімы” Андрэй Дуброва. У вуснай форме ён прадставіў сваё досыць сур’ёзнае, абгрунтаванае меркаваннямі аўтарытэтных айчынных і замежных гісторыкаў, сацыёлагаў і псіхолагаў, даследаванне пра малую радзіму як мастацкі вобраз, зыходны пункт і базавы інструмент светапогляду чалавека, а не толькі як геаграфічную адзінку і метафару.

Сэнсава глыбокія, але пры гэтым пачуццёвыя, лірычныя прамовы прысутныя пачулі ад супрацоўніцы Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Наталлі Бахановіч і студэнта-гісторыка Максіма Сямёнава. У зале прысутнічалі студэнты чатырох факультэтаў БДУ — будучыя журналісты, сацыёлагі, філолагі і гісторыкі , а таксама іх выкладчыкі.

Падхопленыя агульнай хваляй замілавання да родных куткоў, юныя паэткі — дэбютанткі мінулай восені Вольга Нікіценка і Вераніка Герко, якім была аддадзена паэтычная частка вечара, — не толькі чыталі вершы, але і распавялі кожная пра сваю малую радзіму.

Пра канкрэтныя справы па ўзнаўлены аб’ектаў даўніны распавёў герой адной з публікацый нумара Францішак Жылка.

Сімвалічна, што аўтары краязнаўчых артыкулаў атрымалі ў якасці падарункаў кнігі па краязнаўстве, падпісаныя аўтарам, Алесем Карлюкевічам. “З пажаданнем поспехаў у распачатай дзейнасці” — так гучыць наказ на далейшую творчую дарогу тым, хто зрабіў па ёй хоць і першыя, але вельмі ўпэўненыя крокі.

На прэзентацыі былі прадстаўлены кнігі па тэме краязнаўства і малой радзімы, выпушчаныя Выдавецкім домам “Звязда”.

Фотаздымкі прадастаўлены мастацкай галерэяй “Універсітэт культуры”.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.