Вы тут

Агляд літаратурных часопісаў


Цымбалы дажджу на трубах вадасцёку

Паэзія, прадстаўленая на старонках лістападаўскага «Полымя», разнапланавая. У ёй адлюстравалася імкненне спасцігнуць сутнасныя асновы духоўнасці (падборка «Радасць і мальба» Васіля Жуковіча), асэнсаванне сутнасці прыроды чалавека са спробай зазірнуць у недалёкую будучыню (нізка Алы Клемянок «Я іду да сябе»), разуменне сябе ў гэтым свеце як драбнюткай часцінкі чагосьці магутнага, вечнага (Міхал Бараноўскі з вершамі пад агульнай назвай «Люстэрка»).

Упаляваць драпежнага звера і скарыць космас  — нішто ў параўнанні з больш складанай задачай — перамагчы свой цёмны бок, упэўнены Васіль Жуковіч. Паэт дае надзею чытачу: усё магчыма, калі ёсць вера. Не варта вынаходзіць рэцэптаў поспеху, калі ўсведамляеш: галоўнае  — «...трыадзінства, / Вера, надзея, любоў»  — лейтматыў вершаў, прадстаўленых да ўвагі чытача. Яму і вырашаць, наколькі па-мастацку яны прамоўлены...

Штучны інтэлект, матрыца, расшыфраваны геном чалавецтва  — праблемы, якія хвалююць паэтэсу Алу Клемянок. Нельга сказаць, што вершы напоўнены аптымізмам, хутчэй, яны азмрочаны адчуваннем неспакою за жыццё на зямлі. Чалавеку складана знайсці паразуменне з самім сабой, а таксама з сабе падобным. Дзе гарантыя, што высокі ўзровень яго дасягненняў у навуковай сферы паслужыць не на шкоду гэтай маленькай у касмічных маштабах безабароннай планеце? Аўтарка засяроджваецца і на ўнутраных адчуваннях, абмежаваных сценамі яе мікракосмасу: створаная карцінка нагадвае графічны малюнак, лаканічны і самадастатковы:

Цымбалы летняга дажджу

Гучаць на трубах вадасцёку...

Міхал Бараноўскі праз творчасць будуе мост як нешта лагічнае, што структуруе прастору лірычнага героя, як тое, што злучае два сусветы: бязмежнасць мінуўшчыны (да якой нельга фізічна дакрануцца) і абмежаванасць кожнага канкрэтнага імгнення тут-і-зараз (якія не выпускаюць з абдымкаў)... Але вось парадокс: гэтыя два сусветы перацякаюць адзін у другі незалежна ад намаганняў аўтара. Бо тое, што будзе, — як парастак, які паказваецца з глебы таго, што было... Вельмі імпануюць арыгінальная вобразнасць і іронія аўтара:

Вялікая артылерыйская гільза ў калоду загнаная:

Калісь пэўна хораша гвазданулі з гаўбіцы

А зараз сусед прыладзіў яе пад кавадла

І раўняе цвікі

Б’е малатком па стальным азадку

І пытаецца

Ці будзеш у людзей больш страляць

Ці будзеш

Прозу прадстаўляюць Вітаўт Чаропка завяршэннем рамана «Паўшыя анёлы», Алесь Аляшкевіч — аповесцю «Белая дама» і Уладзімір Сіўчыкаў — невялікімі гісторыямі, тэматычна аб’яднанымі пад агульнай назвай «Мастак і мадэлі. З нізкі “Уладзевы гісторыі”».

Сюжэт аповесці пабудаваны ў традыцыях жанру містычнага дэтэктыву (але «містыкай» аказваецца прадуманы ход злачынцы). Паданне, вакол якога раскручваецца дзеянне, узята з гісторыі. Ёсць і любоўная лінія. Галоўны герой  — следчы, які прыязджае ў вёску разблытаць знікненне людзей, гераіня — чароўная варшавянка, якая цікавіцца гістарычнай спадчынай. Па законах жанру злачынцам мусіла быць менавіта гэтая дзяўчына анёльскай знешнасці, але ж да канца расповеду яна застаецца «анёлам»... Улічваючы, як шмат і якімі аўтарамі створана ў гэтай галіне, ад таго новага, што выходзіць з-пад пісьменніцкага пяра, чакаеш чагосьці надзвычайнага, вострасюжэтнага, прамоўленага хаця б у нечым па-іншаму і... у фінале застаешся «галодным».

Героямі У. Сіўчыкава сталі яго знаёмыя з творчага асяродку. Ён распавядае, што наваражыла Уладзіміру Караткевічу цыганка Аза, нашто Пятро Васючэнка хаваў кубкі з кавай дый іншыя кур’ёзныя здарэнні.

Адкрыццём нумара стала публікацыя ў рубрыцы «Спадчына». Ганна Севярынец змясціла жыццёвую гісторыю паэтэсы Наталлі Вішнеўскай і тры яе невядомыя раней вершы, што захоўваў у прыватным архіве Алесь Звонак.

 Яна БУДОВІЧ


Знайсці час для цяпла

У лістападаўскім нумары «Нёмана» надрукаваны ўрывак з рамана Уладзіміра Ліпскага «Марына» пра падарожжа Марыны Мнішак у Маскву да Дзмітрыя (пераклад Міхаіла Кенькі). Перад чытачом  — набожная (з душы яе раз-пораз льецца малітва), клапатлівая (лічыць, што ўсім трэба парадніцца, а спярша царам, каралям, ваяводам), цярплівая, пужлівая, шчырая. Шэраг гэтых бясспрэчных якасцей прыўкраснай жанчыны можна працягваць бясконца. Аднак яе памкненне галоўным чынам у адным  — «уз’яднацца» з Дзмітрыем, што выглядае лагічным, але, падаецца, змяншае каштоўнасць Марыны як асобы, як гераіні рамана.

Сустракаюцца, дарэчы, фразы такога кшталту: «Раніца дня 20 сакавіка 1606 года пачалася ў сем гадзін і дзевяць хвілін. Пра гэта казаў каляндар. А для Марыны Мнішак той дзень пачаўся яшчэ раней» ці «Вясновы дзень быў чысты, свежы, як і прыгажосць Марыны Мнішак. Па календары ён пачаўся ў 6 гадзін 47 хвілін. Доўжыўся 12 гадзін 53 хвіліны. Але па насычанасці падзеямі і багацці ўражанняў яго можна паставіць упоравень з вечнасцю». Вядома, проза можа быць розная, ёй неабавязкова быць ёмкай. Але ці не лепш выказаць тыя ж думкі ў больш лаканічнай форме, асабліва калі казаць пра такія дробязі, як ранні пад’ём ці насычанасць дня?

Апавяданне Андрэя Караля «Размова з маўклівым чалавекам»  — той выпадак, калі цікавая мастацкая задума крыху размываецца з-за вялікай колькасці філасофскіх канцэпцый і догмаў. Гэтаму, магчыма, паспрыяла тэматыка: у творы вядуцца размовы пра такія катэгорыі, як веды і інфармацыя, маўчанне і слова, сутнасць жыцця і час. Аўтар спрабуе па-філасофску даследаваць сусвет, адказаць на істотныя пытанні. Галоўнае з іх — страта чалавекам сябе: «Чалавек, спяшаючыся, не здольны пачуць іншага чалавека і ўбачыць яго. Ён пачаў губляць сябе і іншых. Час і чалавек — узаемазвязаныя паняцці».

Больш цікавымі падаюцца апавяданні рубрыкі «Сябрына: Беларусь  — Расія». У яе ўвайшлі творы пераможцаў конкурсу маладых літаратараў «Мост дружбы» (2016 і 2018 гады). Віктар Чыгір, Дзмітрый Лагуцін, Карына Пашкевіч-Ломцева, Аліна Асокіна, Кацярына Капыткова, Юлія Шурбіна, Яна Паўлава, Андрэй Кулеш, Алёна Папко, Анастасія Бакуновіч, Антон Лукін і Ігар Аўласенка — тыя імёны маладых празаікаў, што эксперыментуюць з малой формай. Разнапланавыя творы змешчаны на васьмідзесяці старонках: кожны знойдзе нешта цікавае. Так, напрыклад, чытанне рубрыкі можна пачаць з лёгкага і ненавязлівага твора Д. Лагуціна «Мая Японія», які вяртае ў дзяцінства і той свет ілюзій, у якім рана ці позна аказваецца кожны.

Падборка вершаў Галіны Дубянецкай «Анадзіямена» ў перакладзе Глеба Артханава і Георгія Кісялёва (аўтарызаваны) даволі аднародная па настроі, але кожны верш будзе ўспрымацца чытачом па-рознаму ў залежнасці ад паэтычных пераваг. Некаторыя радкі ўсё ж падаюцца сумніўнымі (зрэшты, магчыма, гэта заўвага да ўзроўню перастварэння):

…куда же кинуться куда

огонь вода

до края света хоть кричи

о помощи

…подъем крутой зачем борю? —

кричать зарю!

Нізка вершаў Валерыя Грышкаўца «Асеннія доўгія ночы» напоўнена пытаннямі. Але лірычны герой знаходзіцца не ў стане выбару і не ў стане дыялогу з кімсьці  — гэта хутчэй размова з самім сабой як спроба пабачыць сябе збоку, іншымі вачыма: падводзячы вынікі, нібы напрыканцы жыцця. Таму пытанні не выходзяць за межы асабістых разваг, калі «ўсе крыўды — да сябе, і — ні просьбаў, і — ні слова папрока». Але аўтар, здаецца, крытычна настроены да сябе, бачыць надзею ў самім жыцці, спадзеючыся, што заўсёды знойдзецца час для цяпла: «Наше солнце ещё не погасло / Это — непогодь, морок, а там / Грянет утро — широко и ясно, / Станет просто душе и глазам».

Яўгенія ШЫЦЬКА


Пажоўклая вытаптанасць vs любоў да мастацтва

Лістапад у новым нумары «Маладосці» праходзіць па ўсіх канонах літаратурнага часопіса, бо ў ім разам з усёй краінай (і ў гэтым «разам» чуюцца ноткі нейкай адказнасці літаратурнага аркестра перад дырыжорам-дзяржавай) адбываюцца праводзіны апошніх подыхаў восені.

У рубрыцы «Старонка аднаго верша» верш Вольгі Нікіценкі (Івалгі) пад назвай «Восень». Цікава, з якой прычыны менавіта гэты верш апынуўся на старонках нумара. Ну, акрамя таго, што ён пра восень. А восень яшчэ такая, ведаеце, не па-восеньскі кволая: усюды «хмары», «міражы», «ссівелыя манахі», «туманы навокал, як будучы белы снег». Больш да зімы падобная. Але ж і сам лістапад  — гэта ўжо хутчэй зімні месяц, чым восеньскі. У астатнім — калі думаць не пра восень, а пра аўтара — гэта, здаецца, не самы рэпрэзентатыўны верш, у якім можна памастацку раскрыцца перад чытачом. Можна было б зразумець, калі б восеньскі заказ з вершам пра восень адпрацоўваў тэкст нейкага мэтра. Навошта ж падаваць сябе ў сціслым фармаце такім чынам і такой маладой паэтцы — цалкам незразумела.

Першая паўнавартасная вершаваная падборка нумара  — за Веранікай Герко пад назвай «Знайдзі мяне ў снежаньскім бясснежжы». Па-першае, бачна, што фраза (узятая з верша) выбіваецца з рытма праз літару «ў», якая ўжо не адзін год застаецца нязменным індыкатарам рускамоўных аўтараў, якія з той ці іншай прычыны пішуць па-беларуску. Па-другое, дзіўна, што падборка вершаў з падобнай назвай не пайшла ў наступны, снежаньскі нумар. Аднак цікава, што па сутнасці назва падборкі  — падманка, бо на самай справе ўсе вершы — пра каханне. І, на шчасце, пра каханне не да бойфрэнда — да «цішыні», «лірыкі», «натхнення», да самога «кахання».

У другой падборцы паэтычных твораў усё крыху больш празаічна. І не толькі таму, што ў ёй верлібры. Тэматычна, амаль на сто адсоткаў, «Анатомія восені» Юліі Шэдзько распавядае пра восень. Ад смужнай манатоннасці ратуе толькі вобразная разнастайнасць і цікавая структура другога верша, у якой верлібрычныя радкі сумяшчаюцца з рыфмаванымі.

Пісьменніца Вольга Ропат у інфармацыі пра сябе кажа, што марыць «атрымаць зваротную сувязь, крытыку». Таму з усёй прозы «лістападнага» нумара будзе лагічна засяродзіцца менавіта на яе апавяданні з назвай «Чырвона-жоўты glass». Назва нездарма на дзве трэція складаецца з колераў: увесь твор наскрозь жывапісны. Гэта адлюстроўваецца як у самім аповедзе, падзеі якога адбываюцца ў майстэрні і адзін з галоўных герояў якога — персанаж карціны, так і ў яго мове: сказы вельмі шчодрыя на каляровыя эпітэты. Увесь твор пранізаны любоўю да мастацтва (пра што аўтарка гаворыць зноў жа ў інфармацыйным пазамастацкім фрэйме), ён сам складаецца з мастацтва, і гэта той самы выпадак, калі шчырасць заканамерна перацякае ў якасць. Адзіны сумніўны момант — калі аўтарка залішне «ў лоб» выступае супраць дзяўчат, якія робяць сэлфі. На фоне агульнай інфантыльнай пяшчоты гэты кавалак тэксту выглядае досыць грубым, не пасуючым твору выказваннем. Але ў астатнім атрымалася штосьці накшталт добрай маленькай каляднай прыгоды з папраўкай на пару года.

Калі дадаць да гэтага астатнюю прозу і некаторую публіцыстыку, простым вокам можна пабачыць, што нумар сам сябе абмяжоўвае тэмамі восені і малой радзімы, з-за чаго нецярплівы чытач можа незнарок прапусціць, напрыклад, твор Вольгі Ропат. А хацелася б, каб выдатныя творы менавіта вылучаліся з шэрагу іншых і на фоне адзін аднаго, а не патаналі ў знарочыстай сезоннай лістоце.

Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.