Вы тут

Краўцоў: Значны аб'ём работ чакае Скідзель, калі пачнецца падрыхтоўка да абласных «Дажынак»


Горад-спадарожнік стаў адной з галоўных тэм падчас сустрэчы з журналістамі. І невыпадкова. У Скідзеля даволі перспектыўная будучыня, і многае з таго, што задумана, пачынае рэалізоўвацца ўжо сёння. Тэмпу работам дадае і той факт, што горад аб'яўлены сталіцай абласных Дажынак-2020.


Галоўнае — жыллё і занятасць

Скідзель — самы буйны горад у Гродзенскім раёне, можна сказаць, што гэта яго неафіцыйны цэнтр. Менавіта тут праходзяць усе значныя раённыя святы і іншыя мерапрыемствы. У горадзе існуе вельмі моцная вытворчая база, у прыватнасці знаходзяцца адзін з найбуйнейшых у краіне цукровых камбінатаў, вялікая птушкафабрыка, камбінат хлебапрадуктаў. Усё гэта стварае магутны патэнцыял для актыўнага развіцця. Чарговы імпульс Скідзель атрымаў у 2016 годзе, калі яму быў нададзены статус спадарожніка Гродна. Тады ж распрацавалі і генеральны план з бліжэйшай канцэпцыяй да 2025 года. І, як паведаміў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, гэты план увасабляецца ў жыццё. У першую чаргу значна выраслі тэмпы жыллёвага будаўніцтва. Плануецца, што за пяць гадоў жыллёвы фонд павялічыцца ў два разы.

Вырашаюцца праблемы, якія збіраліся гадамі. Гэта ў першую чаргу ачышчальныя збудаванні. Недасканалая ачыстка сцёкаў на вытворчых прадпрыемствах стварала непрыемны пах ва ўсім наваколлі. Цяпер такой праблемы не існуе. На цукровым камбінаце дзейнічае сучасная, дасканалая сістэма ачысткі сцёкаў па найноўшых тэхналогіях. Шукаюцца магчымасці, каб рэалізаваць падобны праект па ачышчальных збудаваннях самога горада. Магчыма, гэта будзе зроблена праз ільготныя крэдытныя рэсурсы. Пад асаблівай увагай і сацыяльная сфера.

— Не так даўно горад атрымаў сучасную мадэрнізаваную школу, — дабудаваны новы корпус са стадыёнам, майстэрнямі, сталоўкай. Будзем здымаць вострую праблему дашкольнага выхавання — налета ўвядзём дзіцячы садок на 190 месцаў. Завяршаецца рамонт паліклінікі і бальніцы, мы вызначылі іх фармат — якія паслугі застануцца тут, якія будуць аказвацца ў Гродне, — зазначыў губернатар.

Значны аб'ём работ чакае Скідзель, калі пачнецца падрыхтоўка да абласных «Дажынак». Толькі на добраўпарадкаванне вуліц выдаткавана 13 мільёнаў рублёў. Сучаснае начынне агульным коштам тры мільёны рублёў атрымае Дом культуры — прыгожы палац, дзе будуць ушанаваны работнікі АПК рэгіёна.

Горад-спадарожнік павінен «разгрузіць» абласны цэнтр, таму частка вытворчых магутнасцяў пераедзе ў Скідзель. Гэта ў значнай ступені забяспечыць работай мясцовае насельніцтва. Увогуле ў Скідзеля даволі ўдалая лагістычная пазіцыя, праз горад праходзіць аўтамабільная траса М6. У будучыні палепшыцца і чыгуначны рух — сюды будуць хадзіць сучасныя цягнікі.

Новы «Азот» і шэраг іншых праектаў

Падчас прэс-канферэнцыі былі агучаны і новыя праекты рэгіёна. У наступным годзе плануецца запусціць першую чаргу АЭС у Астраўцы. А ў абласным цэнтры пачнецца будаўніцтва новага гіганта «Гродна Азот». Інвестарамі, а гэта Кітай і Італія, укладзена 1 мільярд 200 мільёнаў долараў. Што датычыцца старых карпусоў завода, дык некаторыя з іх плануецца мадэрнізаваць, а тыя, што фізічна і маральна састарэлі, — знесці.

Значны акцэнт будзе зроблены на дрэваапрацоўцы. Такая вытворчасць з удзелам аўстрыйскага капіталу пачне дзейнічаць у Свіслачы, у Смаргоні ствараецца мэблевае прадпрыемства. Упершыню ў рэгіёне наладзяць вытворчасць пелет — такі завод будуецца ў Навагрудку, яшчэ адзін з'явіцца ў Смаргоні.

У Гродне маюць намер пабудаваць яшчэ адзін шклозавод. Вызначана і пляцоўка — на ўскрайку горада, на тэрыторыі СЭЗ «Гроднаінвест». Згодна з бізнес-планам, прадпрыемства будзе выпускаць больш лёгкія шкляныя бутэлькі.

— Увесь свет цяпер адыходзіць ад пэт-бутэлек, бо іх складана перапрацоўваць, яны наносяць шкоду прыродзе. Да таго ж існуе патрэба ў шкляной тары, мы шмат імпартуем. Таму гэты праект не толькі экалагічны, але і эканамічна выгадны — у нас добрая ўласная сыравіна, а таксама ёсць рынкі збыту, — падкрэсліў Уладзімір Краўцоў.

Дынаміка «бязвізу»

Турыстычная тэма апошнім часам стала адной з самых папулярных. І не без падстаў. Толькі ў рамках «бязвізу» з пачатку года вобласць наведала 120 тысяч чалавек, а ўсяго прыбыло каля 400 тысяч турыстаў. Удасканальваецца заканадаўчая база, якая спрыяе росту турыстычнага патоку. Сёлета ў лістападзе бязвізавая зона павялічылася і аб'яднала Гродзенскую і Брэсцкую вобласці. На думку кіраўніка рэгіёна, гэта вельмі спрыяльны сектар эканомікі, і пры належным падыходзе можна зарабіць да 30 % валавога прадукту. Так, напрыклад, адбываецца ў многіх краінах. Але для гэтага трэба мець добрую турыстычную базу, развіваць сэрвіс, маршруты. Пра гэта павінны клапаціцца ў першую чаргу мясцовыя ўлады.

— У бязвізавую зону сёлета ўключаны Воранаўскі раён, ён мяжуе з Літвой, ёсць і пагранпераход. Але для турыста тут мала цікавага. Хоць некаторыя аб'екты маглі б прывабіць, напрыклад, старажытны парк і сядзіба ў вёсцы Больцінікі. Але для таго, каб яны сталі турыстычнымі аб'ектамі, іх трэба прывесці ў належны стан, — падкрэсліў Уладзімір Краўцоў.

На развіццё турызму накіраваны і многія міжнародныя праекты. Напрыклад, нядаўна выдзелена 200 тысяч еўра ў рамках стварэння веламаршруту «Аўгуст Вела», яго працягласць — 50 кіламетраў. Праект прадугледжвае месцы адпачынку, варкаўт-пляцоўку, пракат веласіпедаў. На Аўгустоўскі канал прыйдзе і водны транспарт. На сродкі тэхнічнай дапамогі будуць закуплены сучасныя параходы. Цяпер каля канала ідзе аднаўленне старажытнага палаца ў Свяцку. Тут будзе піваварня з «жывым» півам, якое турысты змогуць прадэгуставаць ужо налета. Таксама ў 2020-м завершыцца рэканструкцыя першай чаргі Старога замка ў Гродне. Паводле слоў Уладзіміра Краўцова, гэты аб'ект стане самым знакавым у краіне.

Маргарыта Ушкевіч

Фо­та grоdnоnеws.bу

Загаловак у газеце: Акцэнт на спадарожнік

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.