Вы тут

Дзякуючы Ганне Ярашовай у вёску Вялікая Вуса зараз вядзе асфальтаваная дарога


Ад Мінска да нашай Малой Вусы шэсцьдзясят кіламетраў з хвосцікам. Збольшага ехаць даводзіцца па шыкоўнай трасе М1, якую ў народзе называюць «алімпійкай», — дарога будавалася да маскоўскай Алімпіяды 1980 года. Але два кіламетры гравійкі ад пасёлка Каменка да Вялікай Вусы былі, мякка кажучы, аскомай на шляху да дома. Менш чым за год, пакуль мы будаваліся, менавіта на гэтым адрэзку дарогі наша «Стэпачка» (так ласкава называем сваю машыну) «згубіла» падвеску. І, як высветлілася, не яна адна.


Здымкі са сходу я зрабіла адмыслова для сваёй маці, якая хвалявалася, што мы пераехалі жыць на хутар.

Праўда, як ні круці, нам усё адно пашанцавала больш, чым астатнім. Старажылы расказвалі: быў час, калі кіроўцы ў адчаі, каб не псаваць падвеску, выездзілі сваімі машынамі «дарогу» на полі побач з той гравійкай.

Вядома, людзі неаднаразова звярталіся да мясцовай улады з просьбай пакласці асфальт. Але чыноўнікі мяняліся, а воз ніяк не кранаўся з месца.

Так супала, што дарогу пачалі рабіць неўзабаве пасля таго, як мы пераехалі жыць у вёску. І ўсё дзякуючы Ганне Уладзіміраўне Ярашовай, дом якой стаіць на ўездзе ў Вялікую Вусу. Хоць жанчына, калі ёй пра гэта кажаш, сціпла адмахваецца, маўляў, «без людзей у мяне нічога не атрымалася б. Толькі разам мы сіла».

Упершыню Ганну Уладзіміраўну я ўбачыла ўлетку. Як зараз памятаю, мы гулялі з сынам, а яна з мужам ездзіла на машыне і расклейвала аб'явы на слупах ды калодзежах. Запрашала народ на сход. Той, хто родам з вёскі, можа ўявіць, якая гэта падзея для вясковых людзей!

У тую апошнюю суботу ліпеня імжэў дожджык. Таму, каб не змачыць свайго на той момант дзевяцімесячнага Сымонку, да мясцовай крамы мы вырашылі пад'ехаць на машыне. Адмыслова выправіліся на сход усёй сям'ёй — нават мужаву бабулю, якая якраз у нас гасціла, прыхапілі. Шчыра прызнацца, думалі, мала хто выйдзе з хаты ў такое надвор'е. Якое ж было здзіўленне, калі мы нават не змаглі пад'ехаць да крамы, каб прыпаркавацца, бо ўздоўж дарогі ўжо стаялі дзясяткі машын. Прычым людзі працягвалі падыходзіць — сем'ямі, з дзецьмі ды ўнукамі-праўнукамі. Каля крамы я тады налічыла пад сто чалавек, на сход завіталі нават дачнікі з садаводчага таварыства «Новая Вуса». Было бачна, што народ вельмі хвалюе гэтая гравійка.

Напярэдадні сходу Ганна Уладзіміраўна, аказваецца, была на прыёме ў старшыні Уздзенскага райвыканкама. Той пагадзіўся, што праблема ёсць, асфальт трэба класці, але ж і мясцовыя жыхары няхай зробяць свой унёсак у агульную справу. Каб паведаміць пра гэта людзям, на сход прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў, начальнік ДРБУ-163 і старшыня Уздзенскага сельвыканкама. Яны расказалі аб сваіх праблемах: у раёне шмат дарог, якія патрабуюць тэрміновага рамонту. Асфальт з нуля — гэта вельмі дарагое задавальненне. У прыватнасці, каб пакласці два кіламетры дарогі, спатрэбіцца каля 350 тысяч рублёў. Вуслянам прапанавалі падзяліць выдаткі з дзяржавай. Людзей жа цікавіла канкрэтыка — сума на адну хату. Разышліся на тым, што да канца лета кіраўнік дарожнай службы прадставіць вяскоўцам першасны праект дарогі ды каштарыс.

Асфальт на дарозе — найлепшага пераднавагодняга падарунка для вуслян і не прыдумаеш.

Праз нейкі час на слупе з'явілася новая аб'ява. Ганна Уладзіміраўна зноў склікала аднавяскоўцаў на сход. Там паведаміла, што трэба сабраць па 200 рублёў з хаты. Акрамя таго, вырашылі падключыць мясцовую гаспадарку «Ліцвяны-Агра», лясгас, пілараму, прадпрымальнікаў, бо іх велікагрузныя машыны больш разбіваюць дарогу, чым легкавікі.

Ганна Ярашова тут жа папрасіла некалькіх самых актыўных жыхароў Вялікай Вусы, дапамагчы ёй збіраць з людзей грошы. Тыя адразу адгукнуліся. «А Іна — вось малайчынка, сама выклікалася. Кажа: нікога з Малой Вусы няма, давайце я, — гаворыць Ганна Уладзіміраўна. — Я таксама па жыцці кіруюся фразай «хто, калі не я».

Прадстаўнікі ўлады, як мне здалося, не чакалі ўбачыць столькі людзей на сходзе. Не думалі яны, відаць, і што вусляне будуць здаваць грошы. Бо, пагадзіцеся, 200 рублёў для вясковага чалавека істотная сума.

Тым не менш грошы сабралі даволі хутка. «У нас ёсць сям'я, дзе трое маюць інваліднасць, дык яны першыя здалі 200 рублёў, — дзеліцца Ганна Уладзіміраўна. — Кажуць: усе здаюць, як мы не здадзім. Бачыце, якія людзі ў нас дружныя!» І шчыра прызналася: «Ведаеце, я вельмі хвалявалася, што справа зноў зацягнецца. Што толькі ні казалі мне ў райвыканкаме: маўляў, збірайце грошы, цягам трох гадоў пакладзём асфальт. А я і думаю сабе: у нас ёсць вязні, людзі, якім па 94 гады, яны таксама здалі грошы. І так і не дачакаюцца дарогі? Іх жа можа не стаць у любы момант. Я не магла гэтага дапусціць. Людзі ж за мной пайшлі, даверыліся... Як я магла іх падвесці? Пра мяне на Вусе кажуць — як танк (смяецца). Думала ўжо ісці на прыём да старшыні Мінаблвыканкама. А тут якраз у канцы верасня «прамая лінія» там праводзіцца. Думаю, дай патэлефаную. Не спала ўсю ноч. Хвалявалася, малілася, каб даступна, без эмоцый, якія часта не на карысць справе, данесці людскі боль. І вось ужо 11 кастрычніка мне прыйшоў ліст. Маўляў, старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка даручыў КУП «Мінаблдарбуд» да канца гэтага года заасфальтаваць участак дарогі Каменка — Вялікая Вуса. За кошт бюджэтных сродкаў. Грошы ж, якія людзі збіралі на дарогу, «трэба вярнуць».

Ганна Уладзіміраўна прызналася, што адразу не паверыла сваім вачам. Нават заплакала ад шчасця. «Мы стварылі прэцэдэнт. Пакажыце мне хоць адну вёску, дзе людзі гатовыя з уласнай кішэні выкласці па 200 рублёў на дарогу. Я, да таго як выйсці на пенсію, працавала ў выканаўчай уладзе. Не па чутках ведаю, што на прыёмы да чыноўнікаў прыходзяць людзі з рознымі пытаннямі. Ім часта прапаноўваюць сабраць сход. У выніку добра калі 10 чалавек на яго прыйдзе. А ўжо каб грошы з уласнай кішэні на агульныя патрэбы збіралі, дык і гаворкі няма».

Падчас трэцяга сходу, які Ганна Уладзіміраўна сабрала, каб паведаміць аднавяскоўцам радасную навіну, нехта прапанаваў пачакаць і не раздаваць грошы, пераканацца, што асфальт сапраўды пакладуць. Вусляне ніяк не маглі паверыць, што здарыцца цуд. Так доўга гэтага чакалі. Супакоіліся ды забралі свае грошы, толькі калі Ганна Уладзіміраўна паказала афіцыйны ліст, які атрымала.

Вельмі прыемна было глядзець на аднавяскоўцаў, якія, акрыленыя радаснай навіной, абдымаліся. Адчувалася, што кожны з іх памаладзеў гадоў на дзесяць. Ганну Уладзіміраўну тут жа прапанавалі выбраць старастай вёскі. Хтосьці падкінуў ідэю: калі пакладуць асфальт, зладзіць у Вусе свята з танцамі ды песнямі. Пачалі ўяўляць, як вынесуць на вуліцу сталы, накрыюць іх талакой.

І вось спяшаюся падзяліцца добрай навіной — да канца года засталіся лічаныя дні, а цуд на дарозе ўжо ляжыць. Вось такі пераднавагодні падарунак атрымаўся для нас, вяскоўцаў. Днямі, калі ехалі з мужам па новенькім асфальце, злавілі сябе на думцы: нас перапаўняе гонар, што жывём менавіта ў Вусе. Побач з неабыякавымі людзьмі, чыя хата не з краю.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Дарога да разумення, або Як воз зрушыўся з месца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра стасункі, армію і падарункі.

Грамадства

Вайна пакінула яму жыццё, але забрала блізкіх. Завіталі да клічаўскага ветэрана вайны Міхаіла Фельдмана

Вайна пакінула яму жыццё, але забрала блізкіх. Завіталі да клічаўскага ветэрана вайны Міхаіла Фельдмана

Нягледзячы на свае 96, Міхаіл Фельдман выглядае на зайздрасць бадзёрым і маладжавым. 

Грамадства

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Зроблены першы крок да аб'яднання экзаменаў.