Вы тут

Выставачны праект «Музей ёлачных цацак» пачаў сваю работу


У адной з зал Нацыянальнага гістарычнага музея распушылі штучныя лапы розныя ёлкі: у стрыманых белых і класічных чырвона-залатых колерах, у сціплых белых і блакітных шарыках і ў стракатым савецкім рэтра-стылі. А яшчэ тут некалькі соцень ёлачных цацак з усіх куткоў свету, галерэя Дзядоў Марозаў, інтэрактыўны калядны гарадок, міні-кірмаш і майстар-клас па роспісе навагодніх цацак. Усё гэта — часткі выставачнага праекта «Музей ёлачных цацак», які пачаў сваю работу 6 снежня.


Асновай экспазіцыі, зладжанай па прынцыпе магічнага лабірынта гісторыі шкляных ёлачных цацак ад сярэдзіны ХІХ стагоддзя да нашых дзён, стала прыватная калекцыя сталічнага прадпрымальніка. Сярод экспанатаў ёсць сапраўдныя рарытэты — напрыклад, дакладная копія цацкі, падоранай Папу Рымскаму Іаану Паўлу ІІ і занесенай у Кнігу рэкордаў Гінеса як самая вялікая зробленая ўручную ёлачная цацка, альбо вялізны сярэбраны шар з Венскага балю ў Будапешце. На кожным стэндзе свае сюрпрызы: вось цацкі шклянога прадпрыемства з Польшчы; а вось парцэлянавыя цацкі з Нідэрландаў у стылі славутай дэлфцкай парцэляны, вытанчаныя калядныя ўпрыгажэнні з Чэхіі і мануфактурныя цацкі з Германіі; а вось 12-сантыметровыя шары «Санта-Эрмітажа», на кожным — рэпрадукцыя славутага палатна: Ван Гог, Далі, Шышкін, ёсць і «Зялёны скрыпач» Шагала, і «Чорны квадрат» Малевіча. Што цікава, мастак, які робіць тыя рэпрадукцыі, дае пісьмовае абяцанне не паўтараць ніводнай з іх на працягу 10 гадоў.

З другога боку — суцэльная экзотыка: керамічныя статуэткі вешчуноў, саламяныя і сплеценыя з пацерак упрыгажэнні з Афрыкі і Аўстраліі, кідкія чырвоныя з золатам ліхтарыкі і стужкі з Паўночнай Карэі, амерыканскія Санта-Клаусы і цукровыя палачкі-трысцінкі, скандынаўскія дабрадушныя алені, традыцыйныя цацкі з Ірана, Егіпта, Перу, Новай Зеландыі, Антыгуа і Барбуда. Напрыканцы — навагоднія віншаванні на беларускай, як з паштовак і газет 1970-х, так і з сучасных ёлачных упрыгажэнняў, зробленых рукамі беларускіх майстроў.

— Некалькі гадоў таму, калі мы ўпершыню выстаўлялі калекцыю, якраз тут, у гістарычным музеі, яна мела вялікі поспех — было каля 30 тысяч наведвальнікаў. І ў многіх лагічна ўзнікала пытанне: а дзе ж нашы, беларускія ёлачныя цацкі, таму давялося заняцца не толькі іх збіраннем, але і вытворчасцю, — усміхаецца арганізатар праекта, калекцыянер і дырэктар айчыннай фабрыкі навагодніх цацак «Грай» Андрэй БЯГУН. Агулам ягоная калекцыя ёлачных цацак налічвае каля дзвюх тысяч упрыгажэнняў, але дакладную лічбу назваць немагчыма, бо збор штогод як папаўняецца новымі экспанатамі, так і пазбаўляецца некалькіх выпадкова разбітых цацак. Уладальніка часта распытваюць пра самы дарагі экспанат, але ён задае сустрэчнае пытанне: з чым параўноўваць? «Я імкнуся прывозіць новыя цацкі з кожнага падарожжа, пабываў ужо больш чым у паўсотні краін. І, напрыклад, цацка з Афрыкі каштавала пяць долараў, гэта няшмат, аднак калі дадаць выдаткі на білет, пражыванне, ахову і г. д., то кошт па прывозе ў Беларусь узрасце ў шмат разоў». А самымі дарагімі ў душэўным сэнсе называе цацкі з дзяцінства — праўда, частку з іх разбіла кошка, якая ўявіла сябе ёлачным альпіністам. «Магчыма, пасля гэтай псіхалагічнай траўмы дзяцінства я наогул пачаў збіраць цацкі, — жартуе бізнесмен, — а цяпер, напэўна, стварэнне айчыннай ёлачнай цацкі стала для мяне ўжо справай жыцця. Таму найлепшае навагодняе пажаданне ад мяне — каб на ёлцы ў кожнага з нас былі беларускія цацкі з беларускай душой».

— З чаго раіце пачаць экскурсію?

— Перадусім з таго, як ствараюцца навагоднія цацкі: хто і як выдзімае шары, чым іх фарбуюць, хто прыдумляе малюнкі. Маленькім, думаю, прыйдзецца цікавы калядны гарадок, дзе шмат што рухаецца і грае музыка, старэйшым будзе даспадобы навагодняя фотазона, дарослых могуць прывабіць успаміны дзяцінства — фотакопіі савецкіх навагодніх паштовак, старыя цацкі альбо калекцыя Дзядоў Марозаў — вось гэты цёмнаскуры Санта-Клаус, напрыклад, прывезены з Ганы, а таго, які нагадвае Буду, па-мойму, я сустрэў у Інданезіі. Некаторыя з «дзядоў» ужо ва ўзросце, і мы стараемся па магчымасці іх не рэканструяваць, каб захаваць дух эпохі».

Навагоднія святы і канікулы надыдуць ужо хутка, а пройдуць імкліва, як усякая казка. Стаць яе часткай, вярнуцца ў дзяцінства і пакінуць сабе на памяць кавалачак цуда можна да 20 студзеня, пакуль працуе экспазіцыя Музея ёлачных цацак.

 

 

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Каралі для ёлкі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.