Вы тут

Алесь Каранеўскі. Таемнае сонца душы


Свабодны лёт…

 

Чаму не спіце ў гэту ноч,

Мае нястомныя сумненні?..

Сляза спаўзе з прыкрытых воч

У цемень, і далей зацьменне

 

Заслону дзённую здзярэ.

Ды вось, нягодная, — злятае.

Хвіліна каля тых дзвярэй...

Хутчэй цячэ сляза сляпая.

 

І новы бачыцца сюжэт

З сівым, таемным ходам сонца,

А разам месяц, як сусед,

Імкнецца ў дымнай абалонцы

 

І цягне круг тваіх карцін…

Дзе ўсе знаёмыя… жывыя,

Дзе кожная з цяплом хвілін

Збліжае твары дарагія…

 

Крыштальных мараў процьма ў нас.

Свабода, шчасце далячыняў!

І сёння тут кашмарны час

Не бачны скрозь святло вышыняў.

Ён не патрэбны нам і там —

У хуткіх, радасных імгненнях,

Дзе мы ў сваіх ідзем гадах

Сярод нягод у Божай жмені.

 

Ды вось будзільніка разгул

Заве хутчэй у сховы цела.

А ўсё, што дзесь было дасюль,

У яву сонечную села.

 

 

Разявака, ён жа пілігрым

 

Адлегласць — і міраж, і мітульга.

Свет падуладны неадкрытым тайнам.

Вандроўнік ― недзе вечнасці слуга

І разявака з вопытам звычайным.

 

Адразу навіною не здзівіць…

Таму лепш бачна тое, што не рвецца.

Вякоў крывавых суравая ніць,

Наскрозь прашыла мо мільярды сэрцаў.

 

Яднаюць словы адляцелых дзён,

Як сувязныя незнаёмых жыццяў.

Чыюсьці ўсмешку зловіш наўздагон…

Пацешаць васількі ў даспелым жыце,

 

І ветрык, што гуляе ў валасах,

А зімкаю зноў надта памарозіць.

Хай моладзь выбірае новы шлях ―

Старыя не староняцца ў дарозе.

 

Пабачыць свет, што вызначаны ўсім,

Жыццё ― міраж! Прыйсці і з ім да згоды,

Як разявака, ён жа пілігрым,

Забыць, урэшце, марныя прыгоды.

 

 

На роднай планеце

 

Асцярожна плыве цішыня.

Хараство каляровае крочыць.

Фарбы новых адценняў звіняць

Пасля зніклай у холадзе ночы.

 

Церпкім пахам спрыяе туман

І падсушаных кветак галінкі…

Дзесьці ўнізе гудзе акіян

І нясуць яго водар пылінкі…

 

А дрымоты праз цені плывуць

Над сцяжынкай сівою ад ранку.

Павуцінне прасцягі завуць…

І ляцяць невідзімкі-бяглянкі.

 

Ды астуджаны з комінаў дым

Вее лёгкія пахі былога,

Што з’явіліся там, з дарагім,

Каля рэчкі і гулу ляснога.

 

Але ж промні вядуць каларыт,

І маркотная даль, і бясконцасць

Усё больш нахіляюць зеніт,

Дзе плыве ўжо барвовае сонца.

 

 

Гарыць вясна…

 

Гарыць вясна, як на паказ.

Усё цвіце жыццём імклівым.

Чаромха — абгарэла ўраз…

А хутка вішні пойдуць... слівы...

 

І цягне адчыніць акно ―

Па хаце паганяць аблокі!

Нібы заве цябе званок

Дзіцячай радасці далёкай.

 

І сон зімовы каб забыць,

Хаця і ён жыцця старонка…

А там, у лесе, хор звініць,

Ды галасы прыносіць звонку.

 

Унізе рогат на двары…

І вецце ― у зялёных звеннях.

І сад за школай малады ―

Як светлы вобраз нараджэння!

 

 

* * *

 

Пачакай… і застанься… не плач.

Адагрэйся ад сіверу трошкі.

Вунь слязінкі цякуць ― ты пабач:

Размываюць ля дома дарожку.

Да мяне прытуліся хутчэй.

Чую ціхае сэрца трымценне.

Ад слязінак да светлых вачэй ―

Ці хвілінка прайшла, ці імгненне?

 

 

* * *

 

Бязмежнае мора людское...

І кожны асобна бяжыць,

З сабою нясе дарагое,

Таемнае сонца душы.

 

Усе мы імкнёмся адвечна

Патрэбным стаць новаму дню,

Няхай развітанне, ці стрэча,

Ці вобраз святога агню.

 

І раптам бы сонца асвеціць!

І потым ужо не грашы:

Спаткае твой радасны вецер

Знаёмыя хвалі душы!

 

“Полымя” №6, 2019

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».