Вы тут

Зрэзаная ружа


Зрэзаная ружа

Тоня спазнілася. Асцярожна адчыніла дзверы і ўвайшла ў вялізную шмат’ярусную аўдыторыю, якая ўжо поўнілася студэнтамі–медыкамі. Выкладчыка яшчэ не было, і вулей маладзёнаў гудзеў. За апошнія два тыдні Тоня вельмі змянілася. Заўсёды усмешлівая, свежая, поўная юнацкай сілы, сёння яна выклікала спачуванне.

За гэтыя дні яна моцна схуднела. Сукенка, якая яшчэ нядаўна падкрэслівала прывабнасць маладой прыгажуні, цяпер брыдка вісела. Чорныя, як ноч, валасы нібы ўзмацнялі хваравітую бледнасць твару.

Ссутуліўшыся, дзяўчына пайшла на звыклае месца да сваёй адзінай сяброўкі ў гэтым натоўпе будучых хірургаў, анестэзіёлагаў і траўматолагаў. Ужо падыходзячы да Аліны, Тоня ўзняла вочы і ў цэнтры аўдыторыі ўбачыла Сержа. Ён нахабна сачыў за ёю, скрывіўшы вусны ў пагардлівую ўсмешку. Ніхто быццам нічога не заўважаў, але яна разумела: усе ведаюць. Ведаюць, што яна яму больш непатрэбная. Спачуваюць, магчыма. Але хто ж скажа? Яна без яго падтрымкі — нуль. Гэта ён прывёў яе ў кампанію, ён вырашыў, што яна прыгожая і цікавая. Аднак цяпер усё інакш. Яны былі разам амаль чатыры гады — і вось чым гэта скончылася. Але пачуцці нікуды не зніклі.

— Каханне — тое, што застанецца з табой на ўсё жыццё, — успомніла Тоня бабуліны словы. — Калі гэта сапраўды каханне, то тут, — усхвалявана гаварыла Наталля Пятроўна ўнучцы, паказваючы на сэрца, — заўсёды будзе цяпліцца нешта. І няважна, што ён ажаніўся з іншай, стаў бацькам не тваіх дзяцей. Няважна, што душа пакутуе ад болю. І самота, і раптоўныя выбухі нянавісці — нават сама смерць няважная. Ніводнага дня не пройдзе без думкі пра яго. Кожнай ноччу ў самым кароткім сне ты будзеш бачыць яго вочы, чуць яго словы, адчуваць сваю далонь у яго далоні.

— Бабуля… — выдыхнула Тоня.
— Няўжо ты?.. — Жаночы лёс рэдка бывае шчаслівым, — усміхнулася вачыма і ледзь–ледзь краем вуснаў Наталля Пятроўна. — Тонька, або кахаеш, або дазваляеш сябе кахаць.
— Раскажы, прашу…
Але бабуля не раскрыла таямніцу.
— Расказаныя гісторыі кахання губляюць сваю вартасць, — патлумачыла жанчына.
Зусім інакш успрыняў бы гэты не казачны фінал Сержаў бацька. Для яго, сур’ёзнага чалавека, кахання не існавала. Бацька Сержа бачыў Тоню разы тры за гэтыя гады. Чаму так мала, яго не здзіўляла. Тоня нават спадабалася яму. Нядрэнная дзяўчына, аднак не пара яго сыну. Хай сабе разумная і прыгожая. Аднак што з таго розуму, што з прыгажосці, калі ні роду ні племені? Вось ён, Артур Андрэевіч, сапраўды можа забяспечыць спадкаемцу білет у будучыню. Ды ў якую будучыню! Відны вайсковец мог гарантаваць адзінаму сыну выдатную адукацыю, працу, забяспечанасць ва ўсім — словам, бестурботнае жыццё.

Артур Андрэевіч ганарыўся сынам. Серж быў разумны, вучыўся заўсёды выдатна, за словам у кішэню не лез, мог пастаяць і за сябе, і за таварыша. А яшчэ быў статны, высокі, спартыўны. Толькі вось зусім непрыгожы з твару — у бацьку. Артур Андрэевіч выдатна гэта разумеў, крыху крыўдаваў нават на сябе, але нічога зрабіць не мог. Мужчына не павінен быць занадта прыгожым — гэта шкодзіць дысцыплінаванасці.

Козырам Сержа была харызма. І сапраўды, хоць юнак і падаваўся надзвычай непрыгожым на першы погляд, ужо праз некалькі хвілін пасля знаёмства суразмоўца гэтага не заўважаў. Хлопец зачароўваў голасам, манерамі, уменнем прыгожа гаварыць. Імгненне — і людзі хацелі, каб гэты непрывабны маладзён стаў іх лепшым сябрам.

Так здарылася і з Тоняй. Шаснаццацігадовае нясмелае дзяўчо прыехала паступаць у чужы горад ва ўніверсітэт. Прыехала яна адна. З невялічкай дарожнай сумкай у руцэ сышла з перона. У белай ільняной сукенцы, у белых туфельках на невялічкіх абцасах стаяла яна перад велізарнай лужынай, якая пасля начной залевы разлілася на ўвесь пераход. Дзяўчына гатовая была ўжо ступіць у ваду, калі раптам нехта ўзяў яе на рукі са словамі «давай дапамагу!». Тоня нават не здолела нічога сказаць. Спалохана глянула на маладзёна, які падхапіў яе.

— Я Серж, — проста сказаў хлопец з блякла–сінімі вачыма.
— Антаніна. Тоня, — адказала тая.
— Выдатна, Тоня. Будзем знаёмыя, — усміхнуўся і шырокімі крокамі пайшоў цераз лужыну. Ён не баяўся папляміць светлыя штаны, не баяўся намачыць бліскучыя чаравікі. Упэўнена ідучы, Серж задаваў пытанні і штосьці распавядаў пра сябе. Пакуль яны перайшлі на другі бок вуліцы, Тоня ўжо паспела закахацца…

Як і Антаніна, Серж думаў паступаць ва ўніверсітэт. Ён планаваў стаць хірургам. Хірургам– кардыёлагам, калі дакладна. «Каб разбіваць і збіраць сэрцы», — жартаваў ён. Тоню медыцына не прываблівала. Яна з дзяцінства марыла стаць біёлагам–даследчыкам: вывучаць дзівосныя расліны, раскрываць таямніцы даўгалецця, клапаціцца пра экалогію. Але што можа біялогія, калі ў гульню ўваходзіць хімія? Хімія кахання справу сваю ведае. Сержу хапіла тых пятнаццаці хвілін, што яны ішлі да абвітага плюшчом універсітэта, каб пераканаць новую знаёмую паступаць разам з ім. Лёс быццам ужо тады планаваў злосны жарт: дзяўчына якраз мела неабходныя сертыфікаты аб здачы тэстаў. Ды з неблагімі вынікамі. Так Тоня стала студэнткай медыцынскага. А затым паехала дадому — да канца апошняга бесклапотнага лета. Дома вельмі здзівіліся ды ўзрадаваліся, што ў іх сям’і з’явіцца сапраўдны дыпламаваны медык.

Серж тэлефанаваў ёй кожны дзень. Па нядзелях — нават двойчы. Такога шчасця з ёю ніколі яшчэ не здаралася. Яна квітнела, быццам вішня ў траўні. А ў сярэдзіне жніўня, на дзень яе нараджэння, Серж прыехаў. Тоню не папярэдзіў. Стоячы перад весніцамі, ён патэлефанаваў дзяўчыне:
— Тоня, кветка мая, выйдзі да старога знаёмага, — і яна, ледзь не плачучы, пабегла сустракаць. Серж шырока ўсміхаўся, трымаючы вялікі букет чырвоных руж.
Ён быў смелым і ўпэўненым. Яна адчувала сябе Папялушкай, якую наведала Фея–хросная. Казку не азмрочвалі ні побыт у інтэрнаце, ні пераезд на здымную кватэру, ні вымушаныя падпрацоўкі, ні цяжкая вучоба.

Тоня моцна сумавала, калі Серж вяртаўся дадому, пакідаючы яе адну ў пустаце чужой кватэры. Таму на Каляды хлопец падарыў каханай цёплы чорны камячок.
— Глядзі, такі ж чарнявы, як ты, — укладаў, усміхаючыся, Сержык у далоні любай дзяўчыны маленькае кацяня. — Як назавеш?
— Хіба што Ватыль, — такое прозвішча меў выкладчык анатоміі. — Баюся, інакш экзамен у гэтую сесію завалю, — жартам адказала Тоня. Аднак так і засталося. Чорненькі з белым каўнерчыкам Ватыль стаў яшчэ адным яе суцяшэннем.

 

* * *
Здавалася, каханне не скончыцца ніколі. Здавалася, яны ніколі не знойдуць нагоды для спрэчкі. І сапраўды: амаль чатыры гады доўжылася ідылія. Але аднойчы, на пачатку траўня, ён не прыйшоў да яе ні ў суботу, ні ў нядзелю. І нават не патэлефанаваў. Яна спрабавала сама — ніхто не адказваў. У панядзелак Серж зрабіў выгляд, быццам яе не заўважае.
— Што здарылася? — падышла яна да Сержа пасля заняткаў.
— Мне патрэбны час, — суха адказаў ён.

Яна чакала. Нічога не разумела, але чакала. Цярпліва, спакойна. Верыла, што ён не падмане. Ён не можа яе пакрыўдзіць. Яна чакала да сярэдзіны чэрвеня — да сесіі. Пакуль не ўбачыла яго са стройнай бландынкай, якая ішла з ім за руку і закаханымі вачыма сачыла за кожным яго рухам. Серж усміхаўся і актыўна жэстыкуляваў — відаць, расказваў улюбёныя жарты.

Больш чакаць было нельга. Заняткі ўжо скончыліся, а экзамены яны здавалі ў розныя дні, таму Тоня прыйшла да яго дадому. Серж адчыніў сам. Запрасіў у кватэру. Абняў.

— Ты толькі дачакайся. Толькі дачакайся, — незразумела шаптаў ён. Тлумачыў, што ўсё складана, што іх не павінны бачыць разам. Што з той дзяўчынай, Мартай, прымусіў сустракацца бацька. Тоня нічога не разумела, але зноў верыла. І прыходзіла да яго сама, ноччу, каб ніхто не бачыў. І толькі тады, калі ён сам пакліча. Аднакурсніцы распавядалі ёй, што зноў яго бачылі з Мартай, але яна не звяртала на гэтыя словы ўвагі.

Часам Тоня прыходзіла без запрашэння. Таксама ноччу — яна не мела права падвесці любага. Стаяла пад вокнамі да пятай гадзіны раніцы — ажно пакуль не прачнуцца суседзі. Серж ведаў пра гэта. Тоня расказвала ў тыя скрадзеныя хвіліны, калі ён клікаў дзяўчыну да сябе. Хлопец быццам і шкадаваў каханую, але пакуль нічым дапамагчы не мог.
— Пачакай, зусім крыху засталося, — зноў незразумела суцяшаў ён.

Яна зноў чакала, зноў прыходзіла на першы покліч. Дзяўчына таяла на вачах: перастала есці, пакутавала на бяссонне. Горш за ўсё было ноччу, калі яна не «дзяжурыла» пад яго вокнамі, а заставалася ў сваёй кватэры. Апоўначы Ватыль пачынаў страшна выць. А яна ляжала ў ложку і не магла варухнуцца ад жаху. Тоні здавалася, што чорная здань у капелюшы падыходзіць да яе ўсё бліжэй. Падыходзіць да ложка і стаіць над ёй, знясіленай. Здань не палохала. Наадварот — прапаноўвала дапамогу: «Пойдзем са мной, тут больш няма чаго рабіць. А там будзе добра, спакойна…»

І Тоня гатовая была ўчапіцца за любую нітачку — толькі каб перастала балець. Аднойчы яна даверылася таму, хто стаяў у капелюшы: дзяўчына прыняла ўсе таблеткі, якія толькі знайшла ў аптэчцы. А пасля напісала ліст любаму…

Серж увайшоў у кватэру на світанні, адчыніўшы дзверы ўласным ключом. Яго сустрэў растрывожаны Ватыль. Тоня ляжала беспрытомная. У такой жа белай ільняной сукенцы, як і ў іх першую сустрэчу. З распушчанымі чорнымі валасамі, якія так прыгожа адцянялі парцалянава–белую скуру. «Маё каханне да цябе назаўжды. Бывай…»

Гэта была зрэзаная ім ружа. Яго асабістая перамога.

Кацярына КАСЦЮШКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».