Вы тут

Самым дарослым беларускім валанцёрам — па 90 гадоў


Як правіла, калі мы гаворым пра валанцёраў, то ўяўляем сабе маладых людзей. Але ў апошнія гады ўсё часцей у іх шэрагі ўліваюцца людзі 60+. А самым дарослым беларускім валанцёрам і наогул па 90 гадоў! Як, напрыклад, былой настаўніцы Алене Чарнуха з Пухавіцкага раёна, якая, не лічачыся са сваім узростам, стала добраахвотна дапамагаць іншым пажылым людзям і ўсяляк падтрымліваць тых, хто мае ў гэтым патрэбу.


Здымак сайта redcross.by носіць ілюстрацыйны характар.

А яе аднагодка Ганна Пятрова з Вілейкі тры гады таму пачала вучыць усіх ахвотных вязаць шыдэлкам і тэхніцы пляцення карункаў фрывалітэ, а ў 2017 годзе, калі ёй споўнілася 88, стала прапагандаваць здаровы спосаб жыцця і правільнае харчаванне, натхняючы іншых сваім прыкладам. Яшчэ адзін валанцёр сярэбранага ўзросту, 89-гадовая Наталля Гуз з Гомельскай вобласці, часта наведвае пажылых людзей, якія ляжаць у бальніцы сястрынскага догляду, і падтрымлівае іх сваёй творчасцю — песнямі і вершамі...

Валанцёраў старэйшага ўзросту ў нашай краіне апошнім часам становіцца ўсё больш — на сённяшні дзень іх налічваецца ўжо амаль тры тысячы. Іх клопатам ахоплена амаль 20 тысяч чалавек.

А каля вытокаў «сярэбранага» валанцёрства стаяў Мінск, дзе пры падтрымцы аддзялення сацыяльнай дапамогі Ленінскага раёна ў 1994 годзе адкрыўся першы сацыяльны цэнтр «Ветэранскі прытулак» — свайго роду цэнтр валанцёрскай дапамогі. Пра гэта на адкрыцці першага рэспубліканскага злёту валанцёраў сярэбранага ўзросту (60+) расказаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак. У цэлым «сярэбранае валанцёрства» пачало актыўна развівацца дзесьці ў пачатку 2000-х, і з кожным годам колькасць добраахвотнікаў расце. Так, паводле слоў Аляксандра Румака, за тры апошнія гады колькасць такіх валанцёраў павялічылася на 50 %: з дзвюх тысяч чалавек у 2017 годзе — да трох тысяч у 2019-м.

Пры выхадзе на пенсію ў чалавека з'яўляецца больш вольнага часу, і тыя людзі, якія захавалі актыўную жыццёвую пазіцыю і гатовыя бескарысна аддаваць свой час, клопат і падтрымку іншым, прыходзяць у валанцёрскі рух. Яны дапамагаюць пажылым людзям, інвалідам, сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў... Пры гэтым у нашага «сярэбранага» валанцёрства — жаночае аблічча: з трох тысяч добраахвотнікаў 2,8 тысячы складаюць прадстаўніцы прыгожай паловы. Але тым не менш цешыць, што ўжо амаль кожны 10-ы з'яўляецца мужчынам.

У шэрагі «сярэбраных» добраахвотнікаў прымаюць людзей ад 55 гадоў, верхняй мяжы няма. І трэба адзначыць, што і даследаванні навукоўцаў, і жыццёвы вопыт сведчаць пра тое, што людзі, якія бескарысліва дапамагаюць іншым, адчуваюць сябе лепш і жывуць даўжэй. Так, у многіх краінах ёсць такая ініцыятыва, калі пажылыя людзі добраахвотна дапамагаюць настаўнікам школ — як сацыяльныя работнікі, як выхавальнікі. За такімі добраахвотнікамі назіралі навукоўцы на працягу некалькіх гадоў, кантралюючы іх рост, вагу, узровень халестэрыну, ціск і многія іншыя параметры. І высветлілася, што яны маюць лепшае самаадчуванне і лепшыя паказчыкі здароўя, чым тыя, хто гэтым не займаецца. Гэта навуковыя звесткі. Магчыма, так адбываецца таму, што вельмі многае ў нашым жыцці залежыць ад стану душы. Можна ў 45 ужо адчуваць сябе старым і хворым, а можна і ў 80 гадоў думаць пра сябе як пра чалавека, які можа цікавіцца жыццём іншых людзей і падтрымліваць іх. І нярэдкія выпадкі, калі здароўе пры гэтым «падцягваецца».


У Мінску прайшоў першы рэспубліканскі злёт валанцёраў сярэбранага ўзросту (60+), у якім узяло ўдзел больш за 200 добраахвотнікаў з усіх куткоў нашай краіны. Яны прадставілі свае праекты, падзяліліся сваім вопытам і ведамі, абмеркавалі далейшае развіццё валанцёрскага руху і той унёсак, які могуць зрабіць у вырашэнне сацыяльных праблем. Арганізатарам мерапрыемства выступіла Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі.

Святлана Бусько

Загаловак у газеце: Быць патрэбным людзям можна і ў 90

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як новыя дасягненні вучоных паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як новыя дасягненні вучоных паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.