Вы тут

У Беларусі пачынаецца навагодняя акцыя «Нашы дзеці»


Сёлета рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» стартуе ў адзін дзень, 9 снежня, адначасова ва ўсіх рэгіёнах краіны. Ужо 24-ы раз у розныя сацыяльныя ўстановы Беларусі ўсе нераўнадушныя павязуць віншаванні і падарункі. У сталіцы акцыя пачнецца ў 16 гадзін у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.


Цырк, «Папялушка» і «Калядная зорка»

Адным з самых значных мерапрыемстваў акцыі стане галоўная ёлка краіны ў Палацы рэспублікі, на якую з'едуцца 2370 малых з усёй краіны. Гэта і пераможцы алімпіяд, конкурсаў, і турніраў розных узроўняў, і сіроты, інваліды, бежанцы, і дзеці ваеннаслужачых, якія загінулі падчас выканання сваіх абавязкаў.

— На жаль, запрасіць усіх дзетак, якія заслугоўваюць прысутнічаць на галоўнай ёлцы, мы не можам. Толькі па 100 малых прыедзе з абласцей краіны, 300 з Мінскай вобласці і 1570 — са сталіцы, — заўважыла Ларыса ЕМЯЛЬЯНЧЫК, кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі. — Усе яны атрымаюць падарункі і ўбачаць спектакль, а 500 дзетак трапяць яшчэ і ў цырк.

Два навагоднія святы для дзетак з малазабяспечаных і няпоўных сем'яў пройдуць і ў Палацы Незалежнасці, што стала традыцыяй цягам апошніх гадоў. Распачне дабрачынны марафон «Нашы дзеці» ў сталіцы Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. 9 снежня тут адкрыецца рэспубліканская выстаўка дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Калядная зорка».

— Дзеці ўбачаць на выстаўцы мноства цікавых і прыгожых вырабаў. Да малых прыйдуць Дзед Мароз і Снягурка. Дзетак чакаюць таксама танцы, песні, спектакль, — расказала Надзея КОРШУНАВА, кіраўнік Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. — А на майстар-класе яны ўласнымі рукамі зробяць сабе ў падарунак прыгожую адкрытку.

Цукеркі, падарункі ад Дзеда Мароза і лыжы

Штогод да акцыі далучаюцца не толькі прадстаўнікі дзяржорганаў і прадпрыемстваў, але і грамадскія, прыватныя арганізацыі, а таксама звычайныя грамадзяне. Апошнія могуць звярнуцца ва ўстановы адукацыі і органы ўлады, каб даведацца, чым і каму яны могуць дапамагчы.

Дзеці атрымліваюць не толькі салодкія падарункі, але і тэхніку для ўстаноў, дзе яны жывуць. Апошнія гады дораць шмат спартыўнага інвентару, у прыватнасці лыжы.

— Малыя таксама пішуць лісты Дзеду Марозу, і ў некаторых установах адукацыі краіны падарункі падбіраюць згодна з жаданнямі дзяцей. Усім сацыяльным установам мы таксама заўжды раім улічваць пажаданні і надзённыя патрэбы малых. Аднак на індывідуальныя падарункі найбольш арыентаваны грамадскія арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі і прыватныя структуры, — кажа Ларыса Емяльянчык.

У першую чаргу падчас акцыі стараюцца паклапаціцца пра дзяцей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі: сірот, дзяцей, якія жывуць у інтэрнатах, апякунскіх, прыёмных, шматдзетных сем'ях, дзіцячых дамах сямейнага тыпу, малых, якія ў перадсвяточныя дні трапілі ў бальніцы.

Летась на падарункі і матэрыяльную дапамогу патрацілі больш за 1,5 мільёна рублёў. У дабрачынны праект за гады яго правядзення ўцягнута больш за 238 тысяч дзяцей. У краіне звыш 130 сацыяльных устаноў, наведвальнікаў і жыхароў якіх віншуюць з Новым годам.

— Сярод нас існуе ўжо нават пэўная канкурэнцыя за той ці іншы сацыяльна значны для наведвання аб'ект. Сёлета выказала жаданне далучыцца да акцыі амаль 100 арганізацый, прадстаўнікоў органаў дзяржкіравання. У многіх з пэўнымі ўстановамі ўжо склаліся шматгадовыя сяброўскія адносіны, — дадала прадстаўніца міністэрства. 

Ірына СІДАРОК

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Калі здзяйсняюцца мары...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.