Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Языку дай волю...

mini-koleso.ru

Даўно было, а помніцца — нібы ўчора. Далёкі 1957-ы. Абарона дыпломаў. Да нас, будучых інжынераў, патрабаванні вельмі строгія і, вядома ж, роўныя, хоць сярод студэнтаў — не толькі ўчарашнія школьнікі, але і сапраўдныя франтавікі. Навука ім давалася, вядома ж, цяжэй — плячо падстаўляла моладзь... Затое «дзяды» вучылі яе жыццю, засцерагалі ад дрэнных учынкаў. Адзінае, не заўсёды.

У той дзень (дарэчы, досыць гарачы) абараняліся якраз маладыя Генадзь і Антось. Адстраляліся абодва, прычым паспяхова! Гэта значыць, за спінамі пяць гадоў вучобы, у кішэнях, можна сказаць, дыпломы інжынераў, а на грудзях — ромбікі аб вышэйшай адукацыі (тады іх з гонарам насілі)...

Ну як такое было не адзначыць?!

Хлопцы — як потым прызналіся — выпілі «ярша» і пайшлі гуляць па вуліцах сталіцы.

Хадзілі доўга і — шчаслівыя — неяк не заўважылі, што іх агарнула ноч, што ногі аж гудуць ад стомы, што хочацца піць... Прычым вельмі, а ў горадзе пасля 12 ночы тады зачынялася ўсё — нават вады не вып'еш, хіба...

На вочы хлопцам папалася бочка з квасам. Паварушылі-пакраталі — не пустая, унутры нешта ёсць. А вось як дастаць, калі ўсё на замку?!

— Давай да інтэрната падкоцім. Там нешта прыдумаем, — прапанаваў Антон.

Генадзь дастаў з-пад кола камень, упёрся ў жалезны бок і... Па роўным бочка кацілася больш-менш лёгка, а вось у горку хлопцы самі ўжо не здужалі. Добра, што побач стаяў... міліцыянер. Хлопцы яму:

— Браток, дапамажы...

— А куды вы яе коціце? — пытаецца той.

— У інтэрнат... Хлопцы піць хочуць.

— Дык жа нельга. Дзяржаўная ўласнасць.

Слова за слова — канфлікт: міліцыянер тую бочку трымае, Генадзь з Антонам піхаюць...

Ну і «дапіхаліся» ўрэшце да таго, што апынуліся ў аддзеле міліцыі.

Дзяжурыў там нехта з гумарам: пасмяяўся з «даклада» маладзенькага сяржанта і, відаць, адправіў бы хлопцаў спаць, калі б яршыцца не сталі. Маўляў, як так — іх, без пяці хвілін інжынераў, ды сасункамі назвалі! Значыць, павінны прабачэння прасіць!

Тут ужо сяржант не вытрымаў, сказаў:

— Я рапарт падам, калі вы, таварыш лейтэнант, гэтых дваіх адпусціце.

...Такім чынам нашы, можна сказаць, дыпламаваныя інжынеры атрымалі па пятнаццаць сутак і ўжо назаўтра падмяталі вуліцы.

Пачуўшы пра гэта, аднагрупнікі-франтавікі надзелі свае парадныя касцюмы і рушылі на выручку. Толькі дэлегатаў ніхто і слухаць не стаў: «машына» ўжо закруцілася... А між тым праз два дні дыпломнікам трэба выязджаць на выніковыя ваенныя зборы. І гэта ўжо не жартачкі: той, хто спозніцца, іх не пройдзе, рызыкуе застацца не толькі без воінскага звання, але і без дыплома.

...Вызваліць пацярпелых пашчасціла толькі выкладчыку ваеннай кафедры. Так што «дзве дзюркі ў носе, і сканчылося», — як казаў вядомы герой «Паўлінкі»... Можа, нават забылася б, каб на адной з сустрэч аднакурснікаў нейкія жартаўнікі не выставілі паменшаную копію бочкі з квасам і наклееным побач здымкам сяржанта. Во дзе рогату было!

А потым, магчыма, і высноў, што язык можа давесці не толькі да Кіева, але і да няволі.

У. Сяргейчык, г. Магілёў


Хвалі дзень вечарам

tlgrm.ru

Жыццё (а доўгае — і тым больш) на падзеі багатае: нейкія з іх сціраюцца з памяці, нейкія застаюцца, і ўжо, мусіць, да скону. З ліку такіх — сакавік 1953-га, дзень, калі памёр Сталін.

Помню як зараз, што аплаквалі яго і ў вялікіх гарадах, і ў маленькіх вёсках. У нашай школе, напрыклад, спынілі заняткі, усіх вучняў вывелі з класаў у доўгі калідор, са слязьмі аб'явілі, што ў краіне — велізарнае, непапраўнае гора, што нам трэба плакаць...

Хоць пра гэта маглі і не казаць, бо што заставалася дзецям, калі побач не хавалі сваіх слёз настаўнікі, калі іх не саромеўся нават дырэктар школы...

Пасля гэтай жалобнай лінейкі я, помню, куляй прынеслася дамоў, каб расказаць навіны сваім сямейнікам.

Тыя ўважліва мяне паслухалі, але, што здзівіла, змаўчалі.

Я тады пачала яшчэ раз: ну як вы не разумееце — гэта ж сам Сталін...

— Ну памёр дык памёр, — нарэшце азваўся дзядуля, які сядзеў каля грубкі і плёў лапці.

— А чаму вы не плачаце? — папыталася я.

— Дык нехта ж кожны дзень памірае, — уздыхнуў мой дзед. — Усіх аплакваць і слёз не хопіць.

— А Сталін — не ўсе! — стала даводзіць я. — У школе сказалі, што ён ва ўсім свеце найлепшы правадыр, што такога больш ніколі не будзе!

— Будзе, унучка мая, — зноў уздыхнуў дзядуля. — Не такі, дык іншы. Бачыла, колькі ў клубе на сцяне партрэтаў вісіць? Не злічыць! Шмат хто здаваўся найлепшым, а потым... Паглядзім, што пра гэтага па смерці запяюць... Адно я добра ведаю: без нячысціка балот не бывае. Знойдзецца нехта лепшы — для вярхоў, а для нас... Я вось, унучка, да рэвалюцыі ў ботах хадзіў, а цяпер, бачыш, лапці пляту. І было б з чаго: за працадні вярча лазы не купіш.

Я змоўкла, бо крыць, як кажуць, не было чым.

І сапраўды, у хуткім часе дарослыя сталі пераказваць даклад Мікіты Хрушчова аб кульце асобы, сярод людзей пачаліся размовы аб злачыннай палітыцы таго правадыра, і мне заставалася толькі дзівіцца, у якой жа хлусні мы жылі...

Карацей, дзядулевы словы пра балота і чорта я ўспамінала потым не раз.

Ніна Кандрашонак, г. Петрыкаў


Людзі — добрыя

m.habr.com

Чалавек, згадзіцеся, істота замкнёная, кожная ў сваім ачэрчаным крузе, вялікім ці малым — у залежнасці ад характару. Але ж агулам, за шырмай знешняга «пафігізму», людзі хаваюць у сабе вялікія душэўныя скарбы і нават праяўляюць іх — пры выпадку.

Тады нашай дачушцы было мо гадкі са два, і мы з жонкай вырашылі паказаць ёй жывых экзатычных жывёл, звазіць у перасоўны звярынец, які атабарыўся ля сталічнай Камароўкі.

Для гэтага, помню, мы апранулі дзіця як мага цяплей (быў самы разгар зімы), злавілі таксі, у добрым гуморы паехалі. І нездарма, бо навокал — было... шчасце! Розных цікавых звяркоў і звяроў — проста не злічыць!

Мы найперш рушылі карміць вярблюда. Дачушка праз металічныя пруты працягнула яму нейкі сухарык, смешная вярблюджая морда нахілілася над ім, падабрала сваімі пяшчотнымі вуснамі і захрумсцела...

Гэты кранальны момант мне пашчасціла зняць на фота і якраз тады, у вочка аб'ектыва, згледзець, што правая ножка ў малой... без валёнка. Дзе дзеўся — ну вядома ж, згубіўся, і хутчэй за ўсё — у таксі: мы спяшаліся адпусціць машыну... А значыць, шукай цяпер ветру ў полі...

Мабільнікаў тады не было, нумар машыны мы, вядома ж, не помнілі (хто мог думаць, што ён спатрэбіцца?)... Але ж на ўсякі пажарны вярнуліся на тое месца, дзе выходзілі з таксі, сталі шукаць прапажу... Як тут дзіва дзіўнае — нехта сігналіць ды весела крычыць: «Э-э, людцы, ці не ваш я валёнак важу? Забярыце, а то мне малаваты, а дзяцей пакуль што няма... Ды і не парны абутак».

Ад здзіўлення ў нас, што называецца, і мову адняло. Кінуліся дзякаваць, але кіроўца і слухаць не стаў: проста паехаў далей — задаволены, відаць, не менш, чым мы, бо паспагадаў чужой, хай маленькай, бядзе, а гэта (як тады гаварылі) учынак, прычым сапраўднага савецкага чалавека. («несавецкі», убачыўшы ў машыне дзіцячы валёнак, мог бы проста выкінуць яго і забыцца...)

Словам, цудоўны чалавек быў! І, вядома ж, не ён адзін. Аднавяскоўцы, помню, на пачатку зімы дасталі дублёнку для свайго сына. Той, студэнт, вучыўся ў інстытуце ў Мінску.
А я туды якраз ехаў... Ну, мяне і папрасілі: зрабі, маўляў, ласку — завязі, а то ж мерзне дзіця.

Ну як тут адмовіш? Пагадзіўся я, хоць не хацеў. Па-першае, пакет з той дублёнкай быў вельмі вялікі, а ў мяне і свае дзве сумкі (адна — з салам ды мясам), па-другое, рукі ў мяне толькі дзве...

Тым не менш (малады быў, не хілы) дацягнуў я гэтае багацце да цягніка, сяк-так уладкаваўся, прычым пакунак з кажухом запіхнуў на трэцюю паліцу, каб, крый божа, не скралі. Прыехаў у Мінск. На вакзале выйшаў з цягніка — з салам, з мясам, але... без дублёнкі.

Пра яе ўспомніў (і ледзь прытомнасць не страціў!) толькі тады, калі мой хуткі цягнік ужо матаў кіламетры ў бок Масквы...

Калі трохі ачомаўся, на ватных нагах рушыў да дзяжурнага па вакзале.

Той паглядзеў на мяне і ўсё, відаць, зразумеў: па нейкай спецсувязі звязаўся з начальнікам цягніка, шчыра, як для сябе, папрасіў, каб ён «арганізаваў пошук». І — што вы думаеце — мая згуба знайшлася, на той самай трэцяй паліцы! У Смаленску яе перадалі дзяжурнаму па вакзале, ён, у сваю чаргу, — аднаму з праваднікоў цягніка, які ішоў на Мінск.

Карацей, пад раніцу я ўжо сустракаў сваю дублёнку-вандроўніцу з запіскай ад дзяжурнага па сталічным вакзале і самымі цёплымі думкамі аб тым, колькі ж неабыякавых людзей прычынілася да гэтай справы, захацела мне, зусім незнаёмаму чалавеку, дапамагчы.

...Гэта толькі два падобныя выпадкі, а ўсіх, калі ўспомніць, прыгадаецца шмат. І атрымаецца, што свет (прабачце за паўтор) трымаецца менавіта на добрых людзях.

Іншая рэч, што адкапаць зярняткі дабраты часам бывае цяжка: могуць спатрэбіцца альбо маленькі дзіцячы валёначак, альбо вялікі мужчынскі кажух.

Іван Гаральчук, г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.