Вы тут

Трыццаць тры няшчасці


Еду нядаўна ў вячэрнім тралейбусе — раптам кліча нехта па імені. Агледзелася вакол — пазнала: Ліда, гадоў на пяць старэйшая дзяўчынка, з якой гулялі разам, калі прыязджалі «на пасёлак» да мамінай цёткі Веры, пасля перасякаліся неяк па маладосці на вяселлях сваякоў-суседзяў... З апошняй нашай сустрэчы мінула гадоў дваццаць, Ліда з худзенькай дзяўчынкі ператварылася ў даволі мажную смяшлівую кабету. З нязменнай усмешкай на твары, пакуль ехалі да майго прыпынку, яна расказала мне пра свае «трыцццаць тры няшчасці», якія абышліся ёй у кругленькую суму. Ужо развітваючыся, папрасіла: «Ты ж, казалі, у газеце працуеш? Напішы, калі ласка, пра тое, як я папалася, можа, якая дурніца даверлівая пачытае ды спыніцца, пакуль не позна...»


heise-regioconcept.de

Сапраўды, пісаць ёсць пра што. Бо мая даўняя знаёмая постбальзакаўскага ўзросту ўмудрылася ўляпацца ў самыя тыповыя ў свой час махлярскія схемы. Прычым множны лік тут дарэчы.

Спачатку, гадоў сем назад, Ліда «выйграла» машыну. Ну, памятаеце гэтыя эсэмэскі: маўляў, ваш нумар аказаўся шчаслівым у перадсвяточнай латарэі, вы сталі ўладальнікам аўтамабіля бізнес-класа. Перазваніце на гэты нумар, каб забраць прыз. А Лідзе так хацелася ўласную машыну — на правы здала, а за руль муж не пускаў. Яе не збянтэжыла, што нумар, на які трэба было званіць, быў указаны расійскі, прычым нават не з маскоўскім кодам. На званок ёй ветліва адказалі: так, яна ў ліку шчасліўчыкаў, якія выйгралі Audі A7 (па тым часе — ці не самы круты аўтамабіль). Каштуе такая машынка 50 тысяч долараў, але вам яна дастанецца абсалютна бясплатна, толькі трэба заплаціць за «растаможку». Сума невялікая — усяго пяць тысяч «у. е». Перавядзіце грошы на гэты рахунак — і машына будзе ваша ўжо праз два тыдні.

Сума была немалая, але ж тую «Аўдзі» вельмі хацелася. Палезла Ліда ў сямейныя зберажэнні — на рамонт дачы збіралі ды на сынаву вучобу, узяла патрэбную суму — фактычна ўсе сабраныя грошы, перавяла куды сказалі. Чакала два тыдні, тры, чатыры... Машыны, зразумела, не дачакалася. Званіць спрабавала на той нумар — абанент адключаны або па-за зонай дзеяння... Давялося пра ўсё расказваць мужу, які нічога дагэтуль не ведаў (сюрпрыз жа хацела зрабіць). Ён, мацюкаючыся, пацягнуў яе ў міліцыю — заяву пісаць. Там заяву прынялі, але адразу папярэдзілі, што шанцаў мала: грошы пераведзены на замежны рахунак, які мо дзе ў Акіяніі зарэгістраваны, а гаспадара расійскага нумара, які ўжо адключаны, знайсці наўрад ці ўдасца...

Так і атрымалася: ні машыны, ні грошай, ні... мужа. «У нас і так не надта клеілася, а растрату пяці тысяч ён мне дараваць не змог. Спачатку папрокі, пасля скандалы, потым выпіваць стаў, кулакі ў ход пайшлі. Развяліся, кватэру падзялілі, сын, тады яшчэ школьнік, са мной застаўся. Ды я і не гаравала асабліва. Яно ж вядома як — дзесьці ўбыло, значыць, дзесьці прыбудзе...»

Яна верыла ў гэта і — дачакалася. Прынамсі так, аж ззяючы ад шчасця, думала. Два гады таму сын, які быў ужо студэнт, прапанаваў: давай мы цябе на сайце знаёмстваў зарэгіструем, мо знойдзеш сабе кавалера, а не знойдзеш, дык усё роўна весялей будзе, чым серыялы па вечарах ганяць.... Якія там серыялы! Ужо праз тыдзень яна завісала ў інтэрнэце да позняй ночы. Бо ў яе жыцці з'явіўся «Ён», а потым (зусім неспадзявана) і багацце, якое з лішкам кампенсавала б яе колішнія «з-за дурной галавы» страты.

«Ён» быў палкоўнік амерыканскай арміі, служыў у Афганістане. Рускай мовы не ведаў, пісаў праз перакладчык. Але пяшчотнасць гэтых пасланняў, прызнанні ў каханні з першага погляду цалкам кампенсавалі іх непісьменнасць. «Ён» шмат расказваў аб сабе: разведзены, мае дарослую дачку, дом у штаце Арканзас. Прысылаў шмат фота: свае ў ваеннай форме пры поўным парадзе, дагледжанай сядзібы, у якой яны абавязкова будуць жыць разам, бо без яе ён ужо не ўяўляе свайго жыцця. Трэба толькі пачакаць — служыць яму засталося паўгода... Яна з нецярпеннем чакала, кожны вечар чытаючы новае пяшчотнае пісьмо, пішучы адказ. А калі служыць заставалася два месяцы, здарылася вялізная ўдача: падчас ваеннай аперацыі «Ён» знайшоў чамадан з каштоўнымі камянямі. Ніхто больш знаходкі не бачыў, «Ён» вырашыў, пакуль усё ўтрасецца, пераслаць чамадан ёй, бо яна самы блізкі яго чалавек... Ліда напісала яму паштовы адрас і пачала чакаць. Праўда, сумненні трохі тузалі: а як жа мытня?

Сумненні былі недарэмныя. «Ён» напісаў, што пасылка спынілася ў афрыканскай краіне Гане. Каб сквапныя ганскія мытнікі адправілі яе далей, трэба на іх рахунак перавесці чатыры тысячы долараў. А ён такім пераводам, пакуль служыць, «свяціцца» не можа. Яму вельмі няёмка, але ці не магла б яна дапамагчы? Ён усё аддасць, як толькі яны сустрэнуцца. І яна пайшла афармляць перавод грошай.

«Я пасля нават у міліцыю не звярталася: сорамна было. Дый тыя чатыры тысячы (на зубы сабе збірала) ужо цю-цю — чаго сябе перад людзьмі ганьбіць. Сын таксама нічога не ведае. А грошы — што грошы, яшчэ зараблю. І больш такой дурніцай не буду», — аптымістычна казала Ліда.

Я ёй паверыла, але чамусьці, калі пачалі з'яўляцца паведамленні аб махлярах, якія тэлефануюць і выманьваюць у даверлівых людзей рэквізіты банкаўскіх картак, адразу падумала пра тое, каб папярэдзіць менавіта яе. Шкада, мы не паспелі абмяняцца нумарамі...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?