Вы тут

Апошняе пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў шостага склікання адбылося ў мінулую сераду


Апошняе пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў шостага склікання адбылося ў мінулую сераду. З гэтай прычыны асноўнымі інфармацыйнымі нагодамі для журналістаў сталі не толькі разгляданыя законапраекты, але і каментарыі дэпутатаў, што сыходзілі са сваіх пасад.


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што ў парламентарыяў, у першую чаргу еўрапейскіх, поўнасцю змянілася стаўленне да дэпутацкага корпуса Беларусі. Самай важнай падзеяй у парламенцкай дыпламатыі ён назваў правядзенне ў 2017 годзе ў Мінску штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Менавіта яна значна паўплывала на паляпшэнне ўспрымання краіны за мяжой. «Сёння парламент Рэспублікі Беларусь — гэта пазнавальны, аўтарытэтны парламент, з якім лічацца не толькі ў Еўропе, але і далей. Мы атрымалі статус назіральніка ў Лацінаамерыканскім парламенце, цяпер працуем над атрыманнем статусу назіральніка ў Парламенцкай канферэнцыі Балтыйскага мора, Панафрыканскім (парламенце. — «МС»). І мы ўжо блізкія да атрымання гэтага статусу», — расказаў спікер пра дасягненні.

Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што неабходна, захоўваючы пераемнасць у рабоце дэпутацкага корпуса, прыўносіць новае.

Член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ірына Дарафеева паведаміла, што з панядзелка вернецца на сваю пасаду загадчыка кафедры ў Беларускім дзяржаўным інстытуце культуры і мастацтваў. «Я вельмі рада, што ў маю бытнасць дэпутатам быў прыняты Закон «Аб аўтарскіх і сумежных правах», таму што я вельмі моцна перажывала за гэты законапраект. Для шматлікіх творчых, адораных людзей гэты момант (абароны інтэлектуальнай уласнасці) вельмі важны. Ён шырока асвятляецца ў свеце, і думаю, што мы былі на вастрыі гэтых сур'ёзных змен», — сказала спявачка.

Дзмітрый Шаўцоў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах, падкрэсліў, што гэта быў вельмі складаны і напружаны этап жыцця: «Работа ў парламенце аднімае шмат энергіі і сіл, але разам з тым дае яшчэ больш — рост для дэпутатаў, развіццё. Той узровень і вугал бачання, якія выпрацоўвае дэпутат, вырашаючы тыя ці іншыя праблемы, абмяркоўваючы законапраекты ў Авальнай зале, — ім нідзе не вучаць. Трэба прайсці гэту школу тут, каб зразумець, наколькі гэтыя працэсы складаныя».

Алімпійскі чэмпіён, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Багдановіч прызнаўся, што са смуткам развітваецца з калегамі. Асабліва ён адзначае, што прыняты шматлікія законы, звязаныя са сферай спорту, — ахова масавых мерапрыемстваў, прадухіленне ўжывання допінгу.

Навацыі для судоў

Але вернемся да законапраектаў. У першым чытанні дэпутаты прынялі законапраект аб трацейскіх судах і аб змяненні кодэксаў. Першы дакумент прадставіў міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі. Па яго словах, кантроль за дзейнасцю трацейскіх судоў неабходны, бо парушэнні з іх боку набываюць сістэмны характар.

У Беларусі існуюць тры трацейскія суды як некамерцыйныя арганізацыі і 24 трацейскія суды, створаныя як падраздзяленні юрасоб. У новым законапраекце з'яўляюцца нормы, якія датычацца іх дзяржрэгістрацыі, пастаноўкі на ўлік пастаянна дзеючых трацейскіх судоў і іх ліквідацыі як суб'ектаў гаспадарання. Акрамя таго, прадугледжана забарона на заключэнне трацейскага пагаднення, калі адзін з яго бакоў — заснавальнік ці ўдзельнік такога суда або звязаны з ім ці юрасобай, дзе ён створаны.

Яшчэ некалькі разгледжаных навацый датычыліся стварэння адзінай інфармацыйнай сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі, запусціць якую плануюць у канцы будучага года. Мяркуецца, што асноўнай крыніцай інфармацыі пра ход і змест судовага разбору стане яго відэа- ці аўдыязапіс. У якасці анатацыі прапануецца ствараць і кароткі пратакол, які палегчыць азнаямленне з запісам працэсу.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Школа парламентарызму

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».