Вы тут

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?


У Гродзенскі раённы суд паступіў зварот ад 65 гадовага гродзенца, які шукае ўправу на свайго наймальніка. Маўляў, няхай суд прымусіць таго выплаціць зарплату ў поўным аб'ёме па дагаворы падраду. Але калі пачалі разбірацца, аказалася, што ў дакуменце стаяць толькі подпіс і пячатка. Якія работы павінен выканаць работнік і па якіх тарыфах — невядома. У дагаворы на гэтых радках — прабелы...


Мужчына наняўся прарабам у будаўнічую арганізацыю па падрадным дагаворы. Пасля выканання работ атрымаў зарплату, але меншую, чым яго падначаленыя. Свае прэтэнзіі будаўнік выказаў наймальніку, але размова не прынесла ніякіх вынікаў. Тады гродзенец вырашыў звярнуцца ў судовую інстанцыю.

Заяву, канешне, у судзе прынялі. Вось толькі разабрацца ў гэтай сітуацыі будзе складана. Галоўная прычына ў тым, што дагавор складзены недасканала.

— Заяўнік патрабуе ад наймальніка выплаціць яму зарплату згодна з тарыфамі для прарабаў. Але як вызначыць гэтыя тарыфы? — задаецца пытаннем суддзя Кастрычніцкага раёна Гродна Сяргей СЛАШЧОЎ. — Работнік павінен настойваць, каб у дагаворы было выразна прапісана, аб чым дамоўленасць. Гэта значыць, падрад на канкрэтны від работ і сума здзелкі. А што ў дагаворы? Адны пустыя радкі...

Як сцвярджае заяўнік, была вусная дамоўленасць, што наймальнік заплаціць тысячу рублёў у месяц. Але на паперы гэта не адлюстравана. Ці згодзіцца работадавец выплаціць грошы падчас судовай справы, невядома. Калі перспектывы для заяўніка не вельмі станоўчыя.

— Апошнім часам менавіта па дагаворах падрадаў узнікае шмат праблем, — канстатуе Сяргей Слашчоў. — Напрыклад, будаўнічая фірма ўзводзіць аб'ект. Каб не раздуваць уласныя штаты, прыцягваюць да работы спецыялістаў звонку. Але трэба разумець, што падрадны дагавор хоць і з'яўляецца свайго роду формай працоўных адносін з адпаведнымі гарантыямі, але гэта не паўнавартасны працоўны дагавор, які рэгулюецца Працоўным кодэксам. Тут ёсць нямала шчылін для наймальніка. Таму важна, каб у дакуменце былі прапісаны і аб'ём работ, і іх кошт. Вусная дамоўленасць у такіх выпадках не на карысць работніка.

Бывае, што наймальнік абяцае выплаціць зарплату пасля таго, як яго работу прыме заказчык і разлічыцца з ім. Але гэта няправільна, кажуць у судзе. З работнікам трэба разлічыцца за тую работу, якую ён выканаў, скласці акт прыёмкі і заплаціць. Аднак часцей за ўсё тэрміны разліку зацягваюцца, і менавіта субпадрадчыкі становяцца самай неабароненай катэгорыяй. І тут нельга спадзявацца на вусную дамоўленасць, трэба замацоўваць яе на паперы. Перад тым, як падпісваць, лепш пракансультавацца са спецыялістам, напрыклад, у тым жа дэпартаменце па працы.

Магчыма, такая сітуацыя складваецца з-за фінансавых праблем прадпрыемства. Такія дагаворы і вусныя дамоўленасці дазваляюць адлічваць менш падаткаў. Па словах намесніка начальніка падатковай інспекцыі Кастрычніцкага раёна Гродна Анатоля ЯКІМЧУКА, каля 40 % фонда зарплаты, якую плаціць наймальнік, складаюць адлічэнні ў дзяржаўныя сацыяльныя структуры. Гэта даволі значная лічба. Для многіх выгадней заплаціць чалавеку, каб утрымаць яго на рабоце, чым «правесці» па афіцыйных дакументах.

Пры «шэрых» і «чорных» зарплатах і «зарплатах у канверце» чалавек нібыта ў выйгрышы. Абяцаў яму наймальнік тысячу рублёў — столькі работнік і атрымае, і ніякі падаходны падатак плаціць не трэба, у адрозненне ад легальнага афармлення. Але пры гэтым наймальнік можа заплаціць і менш. І даказаць што-небудзь без афіцыйных дакументаў у такім выпадку не атрымаецца.

— Для чалавека ў першую чаргу важна знайсці работу з высокай зарплатай, — зазначае Анатоль Якімчук. — А як гэта потым для яго абернецца, думаюць далёка не ўсе. Пытанні пачынаюцца, калі абяцанні не выконваюцца, грошы ў поўным аб'ёме не выплачваюцца. Тады пачынаюцца спрэчкі.

Атрымаўшы скаргу, падатковая інспекцыя прымае меры па выяўленні такога факта. Але гэта патрабуе пэўнага тэрміну, бо дазвол на праверку трэба атрымаць праз міністэрства. Асабліва складана трапіць на прадпрыемства, якое працуе менш чым два гады. Але пры атрыманні такога дазволу амаль паўсюдна назіраецца ўтойванне заробкаў. І гэта адбіваецца ў першую чаргу на бюджэце, адкуль ідуць у тым ліку і сацыяльныя выплаты.

Да таго ж утойванне зарплаты негатыўна ўплывае на памер будучай пенсіі. І сёння многім гэта ўжо адгукнулася.

Па словах работніка падатковай інспекцыі, у зоне рызыкі знаходзяцца таксама прадпрыемствы, якія вядуць двайную бухгалтэрыю. Пры выяўленні такіх нядобрасумленных суб'ектаў гаспадарання з іх спаганяюцца не толькі падаткі, зборы і іншыя абавязковыя плацяжы, але і пені за нясвоечасовую ўплату. А некаторыя трапляюць не толькі пад адміністрацыйную, але і пад крымінальную адказнасць.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Зарабіў ці страціў?

Выбар рэдакцыі

Спорт

Малады батутыст Іван Літвіновіч: Я зламаў сківіцу сваім жа каленам

Малады батутыст Іван Літвіновіч: Я зламаў сківіцу сваім жа каленам

Як хлопец з Вілейкі абыгрывае славутых кітайцаў.

Грамадства

Ці можна выхоўваць дзіця ў сацыяльных сетках?

Ці можна выхоўваць дзіця ў сацыяльных сетках?

Анлайн-жыццё падлеткаў усё часцей становіцца прычынай сямейных канфліктаў.

Культура

Глеб Отчык: З прапановамі прыходзіць толькі 5 % мастакоў, а астатнія 95 % кажуць «Дай»

Глеб Отчык: З прапановамі прыходзіць толькі 5 % мастакоў, а астатнія 95 % кажуць «Дай»

Ужо месяц Саюз мастакоў, у які ўваходзіць больш за тысячу сяброў, дзейнічае пад кіраўніцтвам новага старшыні

Грамадства

Качанава: Сустрэчы з працоўнымі калектывамі - гэта магчымасць рэальна ацаніць сітуацыю на месцах

Качанава: Сустрэчы з працоўнымі калектывамі - гэта магчымасць рэальна ацаніць сітуацыю на месцах

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава наведала ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч».