Вы тут

Галоўны архітэктар Брэста: У дыялогу мясцовых улад з насельніцтвам роля дэпутатаў незаменная


У дыялогу мясцовых улад з насельніцтвам роля дэпутатаў незаменная, лічыць галоўны архітэктар Брэста Мікалай Уласюк. Ён неаднойчы пераконваўся ў тым, як важна яму і яго калегам мець зваротную сувязь з людзьмі.


Між іншым, пра дэпутатаў згадалі не тое што знянацку — хутчэй нечакана, але ўсё ж заканамерна. Як гэта часта здараецца, у час дыскусіі размова на актуальную тэму набывае вастрыню, выходзіць за яе загадзя акрэсленыя праграмай межы. Вось і цяпер Мікалай Уласюк выступіў з дакладам у мінскім Доме архітэктара на міжнародным навукова-практычным семінары "Зялёнае планаванне і горадабудаўніцтва: трансфармацыя існуючай забудовы". Здавалася б, на добра вядомую і знаёмую для яго тэму: аб развіцці 1000-гадовага Брэста. Што называецца, падзяліўся досведам. І было чым: усе мы памятаем, як шыкоўна выглядаў абноўлены горад у час святкавання яго слаўнага юбілею.

Аказваецца, работа над праектам для пэўнай гарадской прасторы — гэта толькі частка клопатаў архітэктара. Самае складанае — узаемадзеянне з жыхарамі вуліцы, мікрараёна. Напрыклад, як навучыцца пазбягаць так званага камунікацыйнага разрыву з жыхарамі тэрыторый, дзе плануецца трансфармацыя забудовы? Як усталяваць атмасферу даверу і павагі паміж архітэктарамі і гараджанамі, карацей, наладзіць канструктыўны дыялог? Як патлумачыць, што архітэктары працуюць на карысць мясцовых жыхароў, а не выконваюць чыесьці няправільныя загады?

Вось і пыталіся ў асноўным пра тое, як архітэктурная служба абласнога цэнтра працуе з насельніцтвам. Бо часам нават нязначная трансфармацыя існуючай не адно дзесяцігоддзе і ўжо аб'ектыўна састарэлай гарадской забудовы выклікае ў часткі мясцовых жыхароў негатыўную рэакцыю, скаргі і звароты ў вышэйшыя інстанцыі, нават стварэнне "камітэтаў супраціўлення". Як знаходзіць падыходы да незадаволеных людзей, нярэдка ўзбуджаных чуткамі і плёткамі, у тым ліку і ў інтэрнэце, каб яны паверылі ў тое, што змены ў цэлым будуць спрыяць больш эфектыўнаму выкарыстанню гарадской тэрыторыі?

Гэтая дыскусія маладых архітэктараў-практыкаў са сталым калегам высвеціла актуальную не толькі для Брэста праблему: праекты па трансфармацыі ўжо забудаваных тэрыторый беларускіх гарадоў нярэдка становяцца прычынай непаразуменняў і канфліктных сітуацый. Як навучыцца іх вырашаць, асабліва сёння, калі ў сацыяльных сетках шмат так званай фэйкавай інфармацыі?

Мікалай Мікалаевіч шчыра кажа, што ў яго службовых абавязках галоўнага архітэктара (выдача дазволаў на будаўніцтва аб'ектаў, узгадненне дакументацыі і г. д.) работа з насельніцтвам не прапісана яўна. Так, фармальна яна ў іх не ўваходзіць, але пастаянна прысутнічае. Галоўны архітэктар ажыццяўляе прыём грамадзян, сустракаецца з імі ў выпадку неабходнасці за межамі кабінета. Але гэтага недастаткова: ён на ўласным вопыце ведае, як бывае складана знаходзіць агульную мову з раззлаванымі людзьмі.
Мікалаю Мікалаевічу дапамагае папярэдні досвед універсітэцкага выкладчыка. А як быць сотням іншых галоўных і негалоўных архітэктараў краіны, якія пасля ВНУ прыйшлі працаваць у выканкамы і не набылі загартоўку ў спрэчках з насельніцтвам?

Таму Мікалай Уласюк вельмі спадзяецца на падтрымку дэпутатаў, на іх удзел у фарміраванні горадабудаўнічай палітыкі свайго горада, раёна. Яны як народныя выбраннікі могуць і павінны, па яго словах, стаць своеасаблівым мосцікам паміж выканаўчай уладай горада і насельніцтвам. Хацелася б, кажа ён, каб у кожнага дэпутата было дакладнае бачанне праблем раёна ў комплексе, каб прадстаўнік улады не толькі садзейнічаў вырашэнню дробных гаспадарчых пытанняў (рамонт дамоў, вуліц, іх асвятленне і іншае), але мог і рэтрансляваць грамадскую думку сваіх выбаршчыкаў гарадскім выканаўчым уладам, дапамагаць ім глядзець на далёкую перспектыву.

Прызнаем, сёння роля дэпутатаў у фарміраванні будаўнічай палітыкі гарадоў, у нашым выпадку па рэканструкцыі ўжо забудаваных тэрыторый, яшчэ недастатковая. Звычайна ўлады ставяць людзей перад фактам, калі побач з іх дамамі пачынаюць рыць катлаван. Тады і праяўляецца гіперактыўнасць насельніцтва. Галоўны архітэктар Брэста ўпэўнены, што дэпутатам варта не толькі актыўней далучацца да распрацоўкі будаўнічай палітыкі, але і кантраляваць яе выкананне, сачыць за ходам рэнавацыі жыллёвага фонду, планамі ўшчыльнення забудаваных тэрыторый. У кожным райцэнтры, горадзе ёсць актыўныя і адэкватныя грамадзяне. Яны і могуць стаць дарадчыкамі і паплечнікамі дэпутатаў.

У нас прынята ў спрэчках у якасці аргументаў прыводзіць прыклады з найлепшай замежнай практыкі. У час дыскусіі адзін архітэктар спытаў маладых калег: чаму, на іх погляд, немцы не імкнуцца з усіх сіл пераязджаць у Берлін? І сам адказаў: можа, таму, што ў малых і сярэдніх гарадах ім прыемна жыць, там агульнымі намаганнямі створана камфортнае асяроддзе. У нашай краіне апошнім часам таксама шмат зроблена па навядзенні парадку на зямлі, прыгажэйшыя, зручнейшыя і больш утульныя становяцца гарады і пасёлкі. Але, здаецца, гэта толькі пачатак вялікай работы. І без актыўнай пазіцыі дэпутатаў тут на абысціся.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Прэв'ю: behance.net

Загаловак у газеце: Архітэктары разлічваюць на дэпутатаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.