Вы тут

Выступленне старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанкі


Паважаныя калегі!

Заключная сесія Палаты прадстаўнікоў шостага склікання, а разам з ёй і чарговы парламенцкі цыкл падыходзяць да свайго завяршэння.


Уся наша дзейнасць была падпарадкавана абароне суверэнітэту, забеспячэнню ўстойлівага развіцця краіны, сацыяльнай стабільнасці і росту дабрабыту грамадзян — усяму таму, што складае аснову намечанага кіраўніком дзяржавы і адобранага народам палітычнага курсу.

Бачным вынікам праведзенай работы з'яўляюцца больш за 280 законаў, якія ахопліваюць усе сферы жыцця дзяржавы і грамадства.

Найважнейшымі заканадаўчымі прыярытэтамі для нас былі забеспячэнне дынамічнага развіцця эканомікі, павышэнне яе канкурэнтаздольнасці і зніжэнне ўразлівасці да ўздзеяння знешніх фактараў.

Гэтым мэтам паслужыла ўдасканальванне заканадаўства ў інвестыцыйнай, бюджэтна-падатковай, фінансавай сферах, розных галінах рэальнага сектара эканомікі і сферы паслуг.

Адзін з галоўных крытэрыяў здаровага дзелавога клімату — празрыстасць і стабільнасць падатковых правілаў. Унёскам дэпутатаў у вырашэнне гэтай задачы сталі новы Падатковы кодэкс і аптымізацыя механізмаў прыцягнення прыватнага капіталу ў буйныя інфраструктурныя праекты.

Праведзена дастаткова аб'ёмная работа па развіцці прадпрымальніцтва. Яна закранула шырокі спектр пытанняў, у тым ліку зняцце адміністрацыйных бар'ераў, дэкрыміналізацыю эканамічнай дзейнасці, удасканальванне працоўных адносін і пашырэнне магчымасцяў самазанятасці.

Шэраг законаў быў прыняты ў мэтах развіцця ІТ-сектара, больш эфектыўнай рэалізацыі транзітнага патэнцыялу краіны, падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу ў сельскай мясцовасці.

Вялікі комплекс пытанняў вырашаны ў галіне сацыяльнай палітыкі. Нашы намаганні былі накіраваныя на падтрыманне належнага ўзроўню жыцця грамадзян, развіццё чалавечага патэнцыялу, падтрымку найбольш неабароненых катэгорый насельніцтва.

Унесены запатрабаваныя змяненні ў законы па пытаннях жыллёвых адносін, аказання жыллёва-камунальных і сацыяльных паслуг, пенсійнага забеспячэння, дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей, ветэранаў і інвалідаў.

Акрамя таго, трэба згадаць мадэрнізацыю заканадаўства аб ахове здароўя і рэалізацыю некалькіх дэпутацкіх заканадаўчых ініцыятыў у сферы экалогіі.

Парламентарыі аператыўна рэагавалі на ўзнікненне пагроз нацыянальнай бяспецы і грамадскаму дабрабыту. Тут нам нярэдка даводзілася ісці на даволі жорсткія і рашучыя меры. Але менавіта такая пазіцыя, напрыклад, дапамагла знізіць градус наркатычнай пагрозы і абараніць нашу моладзь.

Зразумела, многія законапраекты мелі шырокі грамадскі рэзананс. Таму работа над імі праводзілася максімальна адкрыта. Цеснае ўзаемадзеянне з экспертамі, практыкамі, прадстаўнікамі грамадскіх аб'яднанняў дапамагала нам знаходзіць рашэнні, якія забяспечваюць баланс інтарэсаў дзяржавы і грамадства.

У рамках гэтай работы асаблівая ўвага была ўдзелена перспектывам развіцця нацыянальнага заканадаўства, што ў комплексе з вынікамі вывучэння правапрымяняльнай практыкі стварае нядрэнны зачын для новага складу дэпутацкага корпуса.

Тое ж самае можна сказаць і пра нашы напрацоўкі ў сферы парламенцкай дыпламатыі. Самай важнай падзеяй у гэтым плане не толькі для парламента, але і для ўсёй краіны з'явілася правядзенне ў 2017 годзе ў Мінску штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

Прайшоўшы пад знакам ініцыятывы «Хельсінкі-2», яна сур'ёзна паўплывала на паляпшэнне атмасферы ўспрымання Беларусі за мяжой і ўмацавала рэпутацыю Мінска як надзейнай міжнароднай перагаворнай пляцоўкі.

Мы напрацавалі добрую базу для нарошчвання двухбаковых сувязяў, асабліва на еўрапейскім вектары. Наша дэлегацыя ўпершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі наведала з афіцыйным візітам Швейцарыю. Мы выйшлі на высокі ўзровень кантактаў з польскімі калегамі. Нам удалося аднавіць работу беларуска-брытанскай і беларуска-бельгійскай груп дружбы. Дынамічна развіваюцца нашы адносіны з парламентарыямі Германіі. І гэта толькі самыя наглядныя прыклады.

А ў цэлым нашы сувязі ахопліваюць практычна ўсе рэгіёны свету, што цалкам адпавядае прынцыпу шматвектарнасці беларускага знешнепалітычнага курсу.

Сёння мы кантактуем з заканадаўчымі органамі больш чым 80 краін. Акрамя таго, дэпутаты цяперашняга склікання могуць запісаць у свой актыў больш за 10 новых дакументаў, якія папоўнілі дагаворную базу двухбаковага супрацоўніцтва.

Мы змаглі сур'ёзна ўмацаваць свае пазіцыі ў міжпарламенцкай суполцы. Вынікам прызнання нашых намаганняў у ПА АБСЕ з'явілася аднагалосная падтрымка членамі гэтай уплывовай арганізацыі ўсіх трох рэзалюцый, падрыхтаваных па ініцыятыве Беларусі.

Больш канструктыўнымі сталі нашы ўзаемаадносіны з парламенцкім вымярэннем Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы і Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы.

Пазітыўнымі вынікамі адзначана і работа па ўмацаванні інтэграцыйных сувязяў на постсавецкай прасторы, перш за ўсё ў рамках Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі.

За параўнальна кароткі час нам удалося аптымізаваць расходаванне сродкаў саюзнага бюджэту, выкананне сумесных праграм, прасунуцца ў вырашэнні некаторых праблем, звязаных з забеспячэннем роўнасці правоў грамадзян і суб'ектаў гаспадарання дзвюх краін.

Па лініі іншых постсавецкіх міжпарламенцкіх структур асаблівы акцэнт быў зроблены на раскрыцці патэнцыялу мадэльнай заканатворчасці. Перспектыўны план гэтай работы ў СНД на найбліжэйшыя два гады складзены з улікам нашых прапаноў.

У 2016 годзе Нацыянальны сход упершыню быў прадстаўлены ў якасці пастаяннага назіральніка на пасяджэннях Лацінаамерыканскага парламента. А да завяршэння склікання мы значна наблізіліся да вырашэння пытання аб атрыманні такога ж статусу ў Парламенцкай канферэнцыі Балтыйскага мора і Панафрыканскім парламенце.

Нарошчваючы сваю знешнепалітычную актыўнасць, дэпутаты спрыялі адкрыццю новых рынкаў, умацаванню гандлёва-эканамічных сувязяў, прасоўванню вобразу Беларусі як ІT-краіны і важнага сувязнага звяна паміж усходняй і заходняй мадэлямі эканамічнай інтэграцыі.

Пры непасрэдным садзейнічанні парламентарыяў дынамічна развіваецца супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі і Узбекістана, устанаўліваюцца прамыя дзелавыя кантакты з бізнес-суполкай «далёкай дугі», рэалізуюцца кааперацыйныя і інвестыцыйныя праекты ў Егіпце, Пакістане і Судане.

Зразумела, асобым клопатам дэпутацкага корпуса была непасрэдная работа з выбаршчыкамі. Жывыя стасункі з людзьмі, адкрыты дыялог з грамадзянскай супольнасцю дазвалялі нам аператыўна выходзіць на актуальныя заканадаўчыя ініцыятывы, садзейнічаць вырашэнню наспелых праблем рэгіёнаў і патрэб нашых грамадзян.

За гэтыя гады было разгледжана больш за 30 тысяч зваротаў, прынята звыш 33 тысяч чалавек. Дэпутаты дапамаглі сотням з іх уладкавацца на работу, прайсці перападрыхтоўку або стварыць свой бізнес. Многім прадпрыемствам аказана падтрымка ў пераадоленні фінансавых і вытворчых цяжкасцяў.

У рамках Года малой радзімы з удзелам парламентарыяў рэалізаваны комплекс ініцыятыў па добраўпарадкаванні гарадоў і вёсак, развіцці сацыяльнай інфраструктуры, рамонце мясцовых дарог, захаванні гісторыка-культурнай спадчыны.

Паважаныя калегі!

Хачу сардэчна падзякаваць вам за работу. Яе вынікі гавораць самі за сябе. Вы заўсёды знаходзіліся на вачах і справай даказвалі сваю адданасць Радзіме і народу Беларусі.

Вырашэнне многіх пытанняў давалася нам няпроста, патрабавала гранічнай канцэнтрацыі сіл і высокай адказнасці. Але шчырае імкненне прынесці карысць краіне і сваім выбаршчыкам, актыўная грамадзянская пазіцыя і ўменне працаваць у камандзе нязменна дапамагалі нам прасоўвацца да дасягнення пастаўленых мэт.

Не адцягваючыся на дарэмныя спрэчкі і самарэкламу, дэпутаты шостага склікання спакойна і па-дзелавому выконвалі свой прафесійны абавязак. Тым самым былі захаваны пераемнасць у рабоце Палаты прадстаўнікоў і традыцыі супрацоўніцтва з усімі ўдзельнікамі заканадаўчага працэсу, дзяржаўнымі органамі і структурамі грамадзянскай супольнасці.

Цяпер гэтую высакародную місію трэба будзе выканаць дэпутатам, якія працягнуць сваю дзейнасць у абноўленым складзе парламента. І я ўпэўнены — вы справіцеся.

Але і дэпутаты шостага склікання, якія завяршаюць ажыццяўленне сваіх паўнамоцтваў, не застануцца ўбаку ад агульнай справы. Бо дэпутат не бывае былым. І гэта не проста словы. Давер, аднойчы аказаны народам, нам даводзіцца апраўдваць усё жыццё.

Выклікі, якія паўстаюць перад краінай на сучасным этапе, патрабуюць кансалідацыі ўсіх здаровых сіл грамадства. А значыць, вашы вопыт і веды, паважаныя калегі, будуць заўсёды запатрабаваныя.

Асобных слоў падзякі заслугоўваюць работнікі Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў, памочнікі дэпутатаў і ўсе, хто актыўна дапамагаў нам у нялёгкай дэпутацкай дзейнасці.

Ад усёй душы жадаю ўсім вам, вашым родным і блізкім моцнага здароўя, шчасця, здзяйснення прафесійных і асабістых планаў і новых поспехаў у працы на карысць роднай Беларусі.

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Задачы, пастаўленыя краінай, выкананы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».