Міждысцыплінарны адукацыйны і даследчы цэнтр будзе створаны ў БДУ. Але займацца там змогуць таксама і студэнты іншых вышэйшых навучальных устаноў па асобных модулях і дысцыплінах. Пра гэта паведаміў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей КАСПЯРОВІЧ. Плануецца, што ў ім будуць развівацца прыкладна 16 навукова-даследчых кірункаў у галінах біятэхналогій, фізікі, хіміі і іншых.
«Матэрыяльна-тэхнічная база ўніверсітэтаў — адзін з ключавых рэсурсаў пры павышэнні якасці адукацыі, — падкрэсліў спікер. — Вялікі рывок мы хацелі б здзейсніць у гэтым кірунку за кошт рэалізацыі сумеснага праекта з Сусветным банкам, ад якога спадзяёмся атрымаць крэдыт на развіццё вышэйшай школы. Сродкі будуць накіраваны на мадэрнізацыю матэрыяльна-тэхнічнай базы 15 універсітэтаў — гэта сур'ёзныя ўкладанні, якія звязаны ў асобных выпадках са стварэннем новым прарыўных кірункаў».
Яшчэ адзін рэсурс для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў — інвестыцыі з боку прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў, зацікаўленых у падрыхтоўцы кадраў.
«Сёння ў гэтым кірунку досыць актыўныя кампаніі ПВТ, якія адкрываюць ва ўніверсітэтах свае навучальныя лабараторыі. Разлічваем таксама, што да іх далучацца і іншыя эканамічна паспяховыя арганізацыі. Хацелася б, каб яны ў аснову сваёй дзейнасці ставілі менавіта кадравую палітыку», — дадаў Сяргей Каспяровіч.
На сустрэчы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з навуковай грамадскасцю ў Нацыянальнай акадэміі навук у красавіку 2017 года была прапанаваная канцэпцыя «Універсітэт 3.0». Яна прадугледжвае стварэнне ўнутры ВНУ інтэграванага адукацыйнага, навуковага і прадпрымальніцкага асяроддзя для камерцыялізацыі навуковых распрацовак, а таксама скіравана на павышэнне якасці і эфектыўнасці практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў.
Сёння канцэпцыю развіваюць ужо восем вышэйшых навучальных устаноў. У перспектыве стаць удзельнікамі гэтага праекта павінны практычна ўсе ўніверсітэты. У ВНУ створаны ўсе ўмовы для правядзення даследчых работ і развіцця стартапаў. У мінулым навучальным годзе ў XXV рэспубліканскім конкурсе навуковых работ было прадстаўлена больш за 3,7 тысячы студэнцкіх работ, асабліва актыўныя былі даследчыкі з БДУ, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, БНТУ, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. У выніку аўтары 70 работ атрымалі званне лаўрэатаў, што падмацоўвалася разавай грашовай падтрымкай у памеры сямі базавых велічынь. Розныя матэрыяльныя стымулы прадугледжаны і для навуковых кіраўнікоў.
«Канцэпцыя «Універсітэт 3.0» не толькі дазваляе студэнтам лепш падрыхтавацца да прафесійнай дзейнасці, але і стымулюе да развіцця педагогаў. Памылкова лічыць, што выкладчык у ВНУ — гэта чалавек, які толькі перадае веды. Ён разам са студэнтам у першую чаргу даследчык», — падкрэсліў Сяргей Каспяровіч.
Яшчэ адзін новы кірунак, да якога з цягам часу могуць далучыцца ўсё больш беларускіх ВНУ, — гэта канцэпцыя «лічбавага ўніверсітэта». Сёння лідарам у развіцці ініцыятывы з'яўляецца БДУІР, дзе dіgіtal-тэхналогіі актыўна ўкараняюцца не толькі ў вучэбнае асяроддзе, але і ў працэс кіравання ўніверсітэтам. Гэта дазваляе сістэматызаваць і апрацоўваць даныя, сабраныя ў выніку работы студэнтаў і выкладчыкаў, рабіць аналітыку і выпрацоўваць кіраўніцкія рашэнні. Сур'ёзныя напрацоўкі па развіцці лічбавага ўніверсітэта маюць таксама БДУ і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».