Вы тут

Ці складана маладой студэнцкай сям'і жыць у інтэрнаце?


Пра шлюб звычайна гавораць так: пакуль на сабе не адчуеш — не зразумееш, што гэта такое. А вось маладая сям'я КАНАВАЛАВЫХ, дваццацігадовы Сяргей і дваццацітрохгадовая Марыя, ведаюць, аб чым размова. Больш за год таму яны ажаніліся і з таго часу жывуць у студэнцкім інтэрнаце. Як зараз дзеляць дамашнія абавязкі? Каго лічаць галоўным у сям'і? Аб гэтым і іншым мы даведаліся ў суразмоўнікаў.


Магістрантка БДУІР Маша і чацвёртакурснік гэтай жа ВНУ Сяргей вучацца на адной кафедры — інжынернай псіхалогіі і эрганомікі, на факультэце камп'ютарнага праектавання. Але па розных спецыяльнасцях: у яе гэта «кіраванне бяспекай вытворчых працэсаў», у яго — «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі». Абодва героі родам з Брэста, нават вучыліся там у адной школе. Але пазнаёміліся толькі падчас паездкі ў Балгарыю, якую арганізавалі іх настаўнікі. Тады яны яшчэ не ведалі, што гэтая сустрэча — не выпадковасць.

— На той момант я ўжо скончыла школу, але былы класны кіраўнік прапанавала далучыцца да вучняў. Я з задавальненнем пагадзілася, — дзеліцца Маша. — З Сярожам упершыню мы загаварылі толькі падчас прагулкі каля мора: той быў са сваёй кампаніяй, а я са сваёй. Мне адразу спадабалася, як ён прыгожа гаворыць і ўдала жартуе.

— Так, Машу скарыла маё пачуццё гумару, а мяне — яе вочы, — успамінае з усмешкай хлопец.

Не зважаючы на сімпатыю, першыя паўгода яны нават і не думалі пра рамантычныя стасункі, толькі сябравалі. Але калі лепш даведаліся адно пра аднаго, зразумелі, што паасобку ўжо не могуць.

— Маша тады ўжо вучылася ў Мінску, таму я прыязджаў да яе як мага часцей, — кажа Сяргей. — Хацелася быць заўсёды побач, але калі ты знаходзішся на адлегласці 350 кіламетраў, зрабіць гэта няпроста.

— Затое цяпер амаль кожны дзень разам, і гэта прыемна, — дадае жонка. — Бывае, што сустракаемся з сябрамі, але насамрэч мы вельмі дамашнія: калі-некалі выйдзем увечары ў парк або пасядзім у кавярні.

Маша прызнаецца, што пасля трох з паловай гадоў стасункаў з Сяргеем думкі пра замужжа закрадваліся ўсё часцей, але хлопцу яна іх не агучвала. Аднак таму і не трэба было: ён зрабіў сюрпрыз каханай летась у лютым, а вяселле прайшло ў ліпені.

— У нас не было жадання арганізаваць свята, каб хтосьці яго ацаніў. Мы хацелі ўрачыстасць менавіта для нас дваіх. Гасцей не было, некаторыя сваякі нават не ведалі пра гэтую падзею.

Маша ў ІT-сферы толькі год, да таго закончыла Лінгвістычны ўніверсітэт, але пасля захацела паспрабаваць нешта зусім іншае. Пра такі выбар не шкадуе, бо лічыць, што веды, якія яна атрымала раней, вельмі патрэбныя для развіцця ў новым кірунку.

— Спачатку для мяне гэта было штосьці незразумелае, незвычайнае. Але з дапамогай Сяргея навучанне пайшло лягчэй. Цяпер я ўжо добра арыентуюся ў будучай прафесіі. Размеркаванне чакае нас абодвух. Мы рыхтуемся да яго, шукаем месцы ў розных кампаніях. Дакладна ведаем, што застанемся ў Мінску, бо тут перспектыў больш. Адным словам, яно нас не пужае, — усміхаецца суразмоўніца.

Дарэчы, Сяргей закончыў школу з залатым медалём, ды і цяпер вучыцца на «выдатна».

— Мяне да гэтага ніхто не прымушае. Выкладчыкі ставяцца да нас з павагай, даюць веды, якія дакладна спатрэбяцца ў будучыні. На сённяшні дзень мая мэта — трапіць у Парк высокіх тэхналогій або зарэкамендаваць сябе ў паспяховай ІT-кампаніі.

...У пакоі маладой пары вельмі ўтульна, шмат сумесных фотаздымкаў, распісных карцін і прыгожа расстаўленых ручных вырабаў...

— Гэта ўсё мая Марыйка, яна любіць ствараць нешта цікавае, а таксама фатаграфавацца. Шчыра кажучы, я не аматар, аднак дзеля яе гатовы пацярпець, — усміхаецца Сяргей. — Увогуле мы імкнёмся адно аднаму дапамагаць у хатніх справах, абавязкі дзелім пароўну. Разам гатуем, хоць рабіць гэта ў інтэрнаце не вельмі зручна, бо тут маленькая кухня. Спадзяюся, што калі ў нас з'явіцца асобнае жыллё, Маша будзе радаваць мяне кожны дзень новай стравай, — паглядаючы на жонку, ці то жартам, ці то ўсур'ёз, кажа хлопец.

Жыць у інтэрнаце студэнцкай сям'і падабаецца. Ёсць усё неабходнае, ды і плацяць за яго нашмат менш, чым і цяпер каштуюць арэндныя кватэры. Канавалавы кажуць, што бюджэт у іх агульны, але кожны мае свае грошы на невялікія расходы.

— Мы ж нездарма праграмісты. Усё падлічваем, але толькі для таго, каб рацыянальна размеркаваць пакупкі. Стыпендыя ў нас амаль аднолькавая. Дапамагае тое, што мы не вельмі любім шопінг, абнаўляем гардэроб толькі па неабходнасці, — расказвае хлопец і дадае: — Калі я жыў у інтэрнаце адзін, жыццё было звычайнае, размеранае. А калі з'явілася Маша, зразумела, пачаліся і пэўныя абавязкі. Але мяне гэта не напружвае, так нават цікавей.

— Пяць гадоў да замужжа я жыла ў цёткі і хатнімі клопатамі не была абцяжараная. А цяпер усё гэта давялося адчуць на сабе. Напрыклад, раней не ўмела варыць супы, але цяпер, здаецца, атрымліваецца, — прызнаецца дзяўчына.

— Яны вельмі смачныя! — пацвярджае словы жонкі Сяргей. — Пакаштаваць сёння не зможаце, але паверце на слова.

Пара лічыць, што для захавання гармоніі ў стасунках трэба проста кахаць адно аднаго і не даваць нагоды для рэўнасці. Сужэнцы таксама ўпэўненыя, што невялікая розніца ва ўзросце — не перашкода для стварэння сям'і.

— Мая цётка старэйшая за свайго мужа, — кажа Сяргей.

— А ў мяне мама — за тату, — працягвае Маша. — І я старэйшая за Сярожу на тры гады, не бачу ў гэтым праблемы.

— Характары ў нас розныя: я больш рацыянальна да ўсяго падыходжу, — прызнаецца хлопец, — а Маша рамантычная натура. Ёй падабаюцца сюрпрызы і мілыя падарункі.

— У вас ёсць сумесная мара на найбліжэйшую будучыню?

— Так выйшла, што мы дагэтуль не з'ездзілі ў вясельнае падарожжа. Не хапала часу, ды і студэнтам нялёгка накапіць на добры адпачынак. Муж вельмі хоча пабачыць цуды свету, а мне не прынцыпова: люблю проста знаёміцца з культурамі розных краін, любавацца архітэктурай. Хоць не, ёсць асаблівае месца для мяне — гатычны сабор у Кёльне. Ён проста зачароўвае! — шчыра апавядае Маша і моцна трымае за руку свайго Сярожу...

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: Калі на душы рай, інтэрнатам не пужай

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка: Космас — лакмусавая папера, якая дапамагае ацаніць магчымасці і здольнасці дзяржавы (дапоўнена)

Лукашэнка: Космас — лакмусавая папера, якая дапамагае ацаніць магчымасці і здольнасці дзяржавы (дапоўнена)

Прэзідэнт Беларусі і дырэктар карпарацыі «Раскосмас» абмяркавалі сумесныя беларуска-расійскія праекты ў касмічнай сферы

Культура

Кастусь Качан: Калі б не стаў мастаком, гэта было б не жыццё, а пакуты

Кастусь Качан: Калі б не стаў мастаком, гэта было б не жыццё, а пакуты

Ён рыхтуецца прадставіць выстаўку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Грамадства

Мінпрацы — пра зарплаты бюджэтнікаў

Мінпрацы — пра зарплаты бюджэтнікаў

Спецыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў анлайн-рэжыме адказалі на некаторыя пытанні, звязаныя са змяненнем умоў аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый з 1 студзеня 2020 года.

Спорт

Малады батутыст Іван Літвіновіч: Я зламаў сківіцу сваім жа каленам

Малады батутыст Іван Літвіновіч: Я зламаў сківіцу сваім жа каленам

Як хлопец з Вілейкі абыгрывае славутых кітайцаў.