Вы тут

Апошні трэк-ліст Алега Молчана


Вядомы беларускі кампазітар памёр, не дажыўшы паўгода да 55 гадоў. Два з паловай гады ён змагаўся з анкалагічным захворваннем. Пра гэта мала хто ведаў, таму што маэстра ўдзельнічаў у канцэртах, займаўся справамі Еўразійскай канфедэрацыі праваўладальнікаў, прэзідэнтам якой ён быў абраны ў 2018 годзе.


Летам у РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. Аляксандрава ён разам з жонкай — спявачкай Ірынай Відавай — складаў праграму свайго юбілейнага канцэрта. Яны верылі, што Алег здолее перамагчы хваробу.

Знаходзячыся ў адной з клінік Жэневы, у апошнія дні, Алег прасіў Ірыну ўключыць свае песні. Асаблівую перавагу надаваў шасці. Сёння мы ўспамінаем іх.

«Маргарыта»

У «Песняры» 24-гадовы Алег Молчан прыйшоў з праграмай на вершы Аляксандра Лягчылава «Ave sole, альбо Слова Скарыны», якую калектыў выканаў на канцэртах, прымеркаваных да свайго 20-годдзя. Сапраўды, яго ўклад у стварэнне рэпертуару «Песняроў» цяжка пераацаніць: кожная песня — шэдэўр, усе яго аранжыроўкі сучасна гучаць і сёння. Молчан надзвычайны меладыст! Самай знакамітай песняй з гэтага цыклу стала «Маргарыта». А Ірына Відава расказвала, што, калі яна толькі пазнаёмілася з Алегам, ён прапанаваў ёй паслухаць «Маргарыту». «Я адразу закахалася ў гэтую музыку. І яе аўтара», — прызналася Ірына.

«Стася»

Яшчэ адна песня з цыкла «Ave sole, альбо Слова Скарыны». Ёсць у «Песняроў» традыцыя апяваць жаночыя імёны. Алег Молчан і паэт Аляксандр Лягчылаў падтрымалі яе. Дарэчы, на падвойным СD-альбоме «Алег Молчан «Песняры» Песні Апрацоўкі», нядаўна выпушчаным фірмай «Мелодыя», гэтая песня, як і некалькі іншых, запісана двойчы — выкананая рознымі складамі «Песняроў».

Liebe Love l'amour

Алег Молчан і Ірына Відава — не толькі сямейны, але і творчы дуэт. Ірына напісала словы амаль для ўсіх песень са свайго рэпертуару. І больш за ўсё ў іх песень пра каханне. Гэта не дзіўна, яны пражылі разам 26 гадоў. Ірына і Алег нават паспелі прыгожа адзначыць гэтую дату, знаходзячыся ў Жэневе.

«На одной волне»

Гэтая песня — своеасаблівы дэвіз жыцця Алега і Ірыны. Яны дзіўная пара, рэдка бывае, каб людзі настолькі супадалі, былі сапраўды на адной хвалі. Заўсёды разам, заўсёды адзін за аднаго. А жыццё Алега Молчана, як спяваецца ў адной з песень, «не ўзышло сярод кветак». Хапала выпрабаванняў. Ірына заўсёды была побач: і калі дрэнна, і калі поспех, і ўсе пяць месяцаў побач у палаце ў Бараўлянах.

«Тают чувства»

Паслухайце ў гэтай песні фартэпіянныя пройгрышы: Алег Молчан яшчэ і віртуозны піяніст.

«В городе дожди»

Апошняя песня, якую Алег Молчан запісаў для Ірыны Відавай. У траўні зрабіў аранжыроўку, а ў ліпені прыехаў пад лекамі дадому на студыю, запісалі голас. Ён вельмі хацеў, каб альбом Ірыны на «Мелодыі» выйшаў своечасова, як і дамаўляліся з лэйблам.

Прыгожая меладычная песня. І хоць дажджлівае надвор'е мала хто любіць, але песня атрымалася аптымістычная, тут дождж — не слёзы, а надзея, што ўсё будзе добра. Аптымізм — адна з яскравых рысаў характару Алега Молчана. Нават калі гаварылі, што засталося жыць лічаныя дні, ён не падаў духам, займаўся спортам, жартаваў. І не здаваўся…

Жыццё Алега Молчана працягваецца ў яго песнях, якія ўжо ўвайшлі ў залаты фонд беларускай эстрады.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Аўдыё прадастаўлены Ірынай Відавай. Фота: А. Волкаў, М. Маруга, Т. Матусевіч.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.