Вы тут

Рух насустрач скарачае адлегласць


Прэзідэнт Кубы Мігель Марыа Дыяс-Канель Бермудэс наведаў Беларусь у ліку першых краін пасля выбрання на пасаду. Гэты факт яшчэ раз пацвердзіў блізкасць дзвюх краін, нягледзячы на іх геаграфічную аддаленасць, і ўзаемную зацікаўленасць у супрацоўніцтве.


Фота БЕЛТА

Так, Беларусь і Куба — не блізкія суседзі: краіны знаходзяцца практычна па розныя бакі зямнога шара. Але іх збліжае партнёрства з багатай гісторыяй. Адсюль і глыбокае разуменне адзін аднаго, якое Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з Прэзідэнтам Кубы Мігелем Марыа Дыяс-Канелем Бермудэсам у Мінску выказаў такімі словамі: «Вы павінны ведаць, што Беларусь будзе заўсёды для вас надзейным, адданым сябрам і нашы дамоўленасці будуць заўсёды выконвацца».

Безумоўна, шмат што значыць добрая пераемнасць, напрацаваная ў мінулыя гады. Гісторыя беларуска-кубінскага супрацоўніцтва вельмі насычаная. Яшчэ з савецкіх часоў. Было ў ім месца як эканоміцы, так і адукацыйнаму, культурнаму абмену. Гэта той падмурак, звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі, на якім належыць выбудоўваць ўзаемадзеянне і ў сучаснасці:

— Нам пашанцавала, што не трэба нічога выдумляць. Нам трэба проста працягваць нашы адносіны і выконваць нашы дамоўленасці… Нашы эканомікі, вобразна кажучы, не перасякаюцца, не канкурыюць адна з адной, не супярэчаць адна адной. У нас ёсць неабходнасць купляць тое, што вы робіце, у вас ёсць неабходнасць купляць тое, што вырабляем мы.

Несумненна, Куба сёння ідзе шляхам пераўтварэнняў. Яна імкнецца надаць развіццё сваёй эканоміцы, якая зусім не выключае партнёрскую інтэграцыю. Між іншым, там добра ведаюць мінскія трактары і на гэтай аснове самым сур’ёзным чынам разглядаюць пытанне вытворчай кааперацыі. Новыя часы дыктуюць новыя падыходы. І шмат у чым іх звязваюць з сённяшнім кіраўніком дзяржавы. Тым не менш, Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Мігелем Марыа Дыясам-Канелем Бермудэсам, успамінаючы пра найноўшую гісторыю вострава Свабоды, казаў як пра сучаснасць, так і пра мінулае краіны:

— Апошнія дваццаць пяць гадоў гераічнай гісторыі Кубы разгортваліся на маіх вачах. Я добра быў знаёмы з Фідэлем Кастра. У мяне да гэтага часу прыемныя ўражанні ад сустрэч з Фідэлем, перамоваў. Я вельмі часта прыводжу ў прыклад многім іншым кіраўнікам дзяржаў гэтага чалавека. Гэта быў вялікі чалавек. Я вельмі блізка і добра знаёмы з Раулем (Кастра. — Рэд.). Я добра ведаю вас. І пасля таго, як вы пачалі паглыбленае рэфармаванне і эканомікі, і палітычнай сістэмы сваёй краіны, мы ўважліва за гэтым назіраем, мы вельмі спадзяемся, вельмі хочам, каб рэвалюцыйная стойкая, мужная Куба была заўсёды паспяховай, а кубінцы былі заможнымі людзьмі.

Варта адзначыць, што ў аснове ўзаемаразумення па-ранейшаму знаходзяцца практычна аднолькавыя погляды Мінска і Гаваны на светаўладкаванне. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што абедзве краіны аб’ядноўваюць супадаючыя пункты гледжання па актуальных праблемах сучаснага свету і канструктыўная сумесная праца ў розных міжнародных арганізацыях: «Пры гэтым Куба заўсёды была і застаецца для нас прыкладам мужнасці, стойкасці ды вернасці сваім ідэалам. Беларусь гэтак жа, як і ваша краіна, прытрымліваецца думкі пра недапушчальнасць выкарыстання аднабаковых абмежавальных мер у палітыцы ды гандлі. Лічым, што такія дзеянні ў корані супярэчаць нормам права, падрываюць давер і вядуць да росту напружанасці».

Але ў чым менавіта ў эканоміцы Мінск і Гавана могуць быць карысныя адзін аднаму? На гэты конт Прэзідэнт Беларусі вылучыў шэраг перспектыўных напрамкаў. Перш за ўсё — сельская гаспадарка:

— Мы гатовыя дзяліцца сваім перадавым досведам, ведамі, тэхналогіямі, якія ўяўляюць для вас цікавасць. Гэта ў роўнай ступені тычыцца і прадукцыі сельскагаспадарчага машынабудавання, якая яшчэ з савецкіх часоў добра вядомая на востраве Свабоды.

Сапраўды, пастаўкі беларускай сельгастэхнікі былі наладжаны на Кубу яшчэ з часоў Савецкага Саюза. Сёння актуальная тэма аднаўлення парка гэтых, без перабольшання, вечных машын і яго абнаўлення сучаснымі мадэлямі. На гэтым напрамку Мінск гатовы падставіць Гаване і фінансавае плячо. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі разумеюць важнасць беларускіх тавараў для Кубы. Таму ў вельмі няпростых для самой краіны ўмовах станоўча вырашана пытанне аб прадастаўленні крэдытаў для фінансавання паставак на максімальна выгадных умовах. Гэта ўжо дазволіла рэалізаваць шэраг праектаў. Прычым не толькі ў галіне сельскай гаспадаркі. Напрыклад, падпісана пагадненне аб пастаўцы на Кубу беларускіх станкоў, абмяркоўваецца магчымасць стварэння сумеснай вытворчасці бытавой тэхнікі.

Зрэшты, дадзеныя эканамічнай статыстыкі сведчаць пра тое, што магчымасці гандлю Беларусі і Кубы пакуль выкарыстоўваюцца далёка не ў поўнай меры. Таму і прынята рашэнне, што на бліжэйшую перспектыву ўрады абедзвюх дзяржаў распрацуюць «дарожную карту», план дзеянняў, выкананне якога бакі змогуць пракантраляваць падчас бліжэйшага візіту Прэзідэнта Беларусі на Кубу.

Ну а што тычыцца першага ў гісторыі сучасных беларуска-кубінскіх адносін візіту Кіраўніка кубінскай дзяржавы ў Беларусь, то ён, без сумневу, стане важным крокам у далейшым паглыбленні стратэгічнага партнёрства паміж Мінскам і Гаванай. Нездарма Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Куба была і застаецца стратэгічным партнёрам у Лацінскай Амерыцы і Карыбскім басейне. Агульнасць прынцыпаў знешняй палітыкі, такіх як раўнапраўе, неўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, непрыманне сілавых метадаў вырашэння рознагалоссяў, дазваляе абедзвюм краінам канструктыўна ўзаемадзейнічаць на міжнародных пляцоўках.

Калі зноў вярнуцца да эканамічнай тэматыкі, варта кінуць позірк на тое, што за апошнія гады прапрацаваны новыя, выгадныя для абодвух бакоў праекты. Напрыклад, мантаж на Кубе станочнага абсталявання беларускай вытворчасці. Высокую цікавасць таксама ўяўляюць пастаўкі на Кубу і стварэнне там сумеснай вытворчасці бытавой тэхнікі, распрацаванай у Беларусі. У сваю чаргу, наша краіна выкарыстоўвае перадавую і вядомую ва ўсім свеце прадукцыю біяфармацэўтычнай галіны Кубы. У сувязі з чым абмяркоўваецца магчымасць пашырэння наменклатуры пастаўляемых нам кубінскіх лекавых сродкаў, перадачы тэхналогій для іх вытворчасці на беларускіх прадпрыемствах.

Фота fotobus.msk.ru. Аўтобус МАЗ на вуліцах Гаваны

Яшчэ адзін важны акцэнт, які быў зроблены на перамовах. Ягоная сутнасць у наступным: калі ёсць часовыя цяжкасці, то гэта не павінна замінаць развіццю супрацоўніцтва. І тут галоўнае ў тым, што ў Мінску выпрацаваны сумесныя рашэнні, якія, як лічаць эксперты, дадуць магчымасць у бліжэйшай будучыні вывесці аб’ёмы двухбаковага гандлю на ўзровень, належны стратэгічным партнёрам.

— І мы гэта можам зрабіць, — упэўнена заявіў Аляксандр Лукашэнка — Толькі не трэба спасылацца на аб’ектыўныя і суб’ектыўныя цяжкасці. Яны былі, ёсць, будуць заўсёды. І на Кубе, і ў Беларусі, і ў іншых дзяржавах. Мы для таго і існуем, каб пераадольваць гэтыя складанасці і цяжкасці. Пра гэта мы перш за ўсё дамовіліся з Прэзідэнтам Кубы.

Прэзідэнт Беларусі ў цэлым высока ацаніў вынікі перамоваў, якія прайшлі. І выказаў перакананасць, што дасягнутыя ў Мінску дамоўленасці істотна актывізуюць беларуска-кубінскае партнёрства, якое заўсёды развівалася ва ўзаемавыгадным і канструктыўным рэчышчы. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў кубінскаму калегу за візіт, за асабістае садзеянне развіццю беларуска-кубінскіх адносін, за запрашэнне наведаць Кубу, якое прынята:

— Я не аднойчы бываў на гэтай выдатнай, казачнай, загадкавай кубінскай зямлі і з вялікім задавальненнем прымаю ваша запрашэнне. Як толькі мы выпрацуем «дарожную карту» ў кароткі прамежак часу і пачнем яе выконваць, я адразу ж прыеду з задавальненнем у Гавану, каб з вамі намеціць далейшыя шляхі нашага супрацоўніцтва. А наогул, вы можаце разлічваць на Беларусь. Мы — надзейныя партнёры. Мы былі такімі і будзем для Кубы заўсёды.

У сваю чаргу Мігель Марыа Дыяс-Канель Бермудэс падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за падтрымку нашай краінай Кубы ў міжнародных арганізацыях. Вынікі перамоваў падвёў такім чынам:

— Перамовы прывялі да разгляду ўсяго спектра нашых двухбаковых адносін і пацвярджэння палітычнай волі кіраўніцтва абедзвюх дзяржаў надаць ім максімальны імпульс. Паміж Кубай і Беларуссю існуюць важныя эканамічныя і гандлёвыя адносіны. Воляй абедзвюх краін з’яўляецца працяг. Мы атрымалі ад нашых беларускіх сяброў важны досвед удасканалення нашай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, улічваючы наша падабенства ў памеры тэрыторыі і колькасці насельніцтва, а галоўным чынам у клопаце пра дабрабыт нашых народаў.

Дарэчы, Куба ўжо вызначыла зацікаўленасць у арганізацыі фармацэўтычнай вытворчасці на базе беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Мігель Марыа Дыяс-Канель Бермудэс адзначыў, што гэта можа быць добрая пляцоўка для фармацэўтычных прадпрыемстваў Кубы, каб заходзіць не толькі на рынак Беларусі і Еўразійскага саюза, але і на рынак Еўрапейскага саюза. Актыўна абмяркоўваецца пытанне па сумеснай зборцы трактараў. Ёсць зварот ад кубінскага боку дапамагчы арганізаваць ім вытворчасць халадзільнікаў. Беларускі бок гатовы падтрымаць гэтыя ды іншыя ініцыятывы.

Вядома, што кубінская медыцына ў галіне лячэння ракавых захворванняў лічыцца адной з самых моцных у свеце. Там ёсць цікавыя напрацоўкі, прэпараты, якія цяпер досыць паспяхова прымяняюцца ў анкалогіі, а таксама для лячэння ўскладненняў цукровага дыябету. Ёсць напрацоўкі кубінскіх навукоўцаў, якія беларускія спецыялісты спадзяюцца сумеснымі намаганнямі вывесці на этап клінічных выпрабаванняў і ўжываць у нашых пацыентаў. Прычым гаворка ідзе пра дастаткова інавацыйныя сродкі. Што тычыцца абмену ўрачамі, зноў жа нядрэнныя кантакты наладжаны па лініі анкалогіі. Кубінскія медыкі ў гэтым плане дастаткова адкрытыя.

Відавочна, што далейшы дыялог на вышэйшым узроўні пра беларуска-кубінскае ўзаемадзеянне будзе працягнуты ў Гаване. Да гэтага часу ўрады дзвюх краін прадставяць узгоднены план развіцця супрацоўніцтва. Па выніках жа перамоваў у Мінску падпісана пяць сумесных дакументаў. Галоўны з іх — сумесная заява кіраўнікоў дзяржаў, якой пацверджаны партнёрскі характар адносін Мінска і Гаваны.

P.S.

Мінск і Гавана пацвярджаюць стратэгічнае партнёрства.

Прэзідэнты дамовіліся аб стварэнні беларуска-кубінскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Мігель Марыа Дыяс-Канель Бермудэс запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць Кубу з афіцыйным візітам.

Прэзідэнтам Беларусі запрашэнне пра візіт прынята з намерам здзейсніць яго ў бліжэйшай перспектыве.

Урадам дзвюх краін даручана распрацаваць план развіцця супрацоўніцтва і адразу прыступіць да яго рэалізацыі.

Уладзімір Хромаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.