Вы тут

Казахстан. Брама ў Азію і мост у Еўропу


Інтэграцыйныя памкненні Казахстана і Беларусі прыносяць агульную карысць для дзяржаў-партнёраў. Перавагі наступальнага супрацоўніцтва пацвердзіў нядаўні афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Нур-Султан, дзе прайшлі яго перамовы з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым.


Сапраўды, калі Казахстан для нас — брама ў Азію, то Беларусь для казахстанцаў — мост у Еўропу. Нездарма краіны з’яўляюцца часткай глабальнай ініцыятывы «Адзін пояс і адзін шлях». І вось прыклад у гэтым кантэксце: толькі за апошнія тры гады кантэйнерныя чыгуначныя перавозкі праз Казахстан і Беларусь у Кітай і Еўропу павялічыліся больш чым у шэсць разоў.

Між тым, у апошні час найважнейшым напрамкам гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзве краіны аднадушна вызначылі вытворчую кааперацыю. У Казахстане ўжо функцыянуюць зборачныя вытворчасці беларускіх камбайнаў, трактароў, грузавых аўтамабіляў, сельскагаспадарчай ды іншай тэхнікі. Неўзабаве можа з’явіцца і сумеснае прадпрыемства па зборцы ліфтаў і ліфтавага абсталявання «Магілёўліфтмаша». Дарэчы, менавіта такі падыход, які арыентаваны на вытворчую кааперацыю, атрымлівае адабрэнне на самым высокім узроўні. Вось і знаходзячыся з візітам у сталіцы Казахстана, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што лічыць яго карысным і запатрабаваным для абедзвюх краін:

— Мінскам і Нур-Султанам напрацаваны станоўчы досвед узаемадзеяння на ўсіх узроўнях. А ступень даверу такая, што мы шчыра і адкрыта абмяркоўваем любыя пытанні. Казахстан — адзін з нашых ключавых гандлёвых партнёраў. За тры гады мы павялічылі таваразварот больш чым у два разы. У 2018 годзе ён дасягнуў 900 мільёнаў долараў.

Такім чынам, сёння дзве краіны блізкія да таго, каб пераадолець мільярдную планку таваразвароту. Так, ёсць пэўны дысбаланс у гандлі на карысць Беларусі. Але ў апошнія гады істотна вырас і імпарт з Казахстана. Толькі за восем месяцаў бягучага года яго аб’ём у нашу краіну павялічыўся ў паўтары разы. Гэта рэальныя вынікі сумеснай працы. А ў Мінску гатовыя разгледзець прапановы казахстанскага боку па дасягненні яшчэ больш збалансаванага таваразвароту. Тут гатовыя рухацца далей: ад простага гандлю да стварэння большай колькасці сумесных прадпрыемстваў. Як пацвярджэнне менавіта ў Нур-Султане падчас візіту беларускага Прэзідэнта дасягнута дамоўленасць аб павелічэнні аб’ёмаў вытворчасці камбайнаў, а таксама вызначана стратэгія далейшай працы па выпуску ў Казахстане тэхнікі Мінскага трактарнага завода.

Яшчэ адна прапанова беларускага боку, на якой акцэнтавалася ўвага, тычыцца стварэння сумеснага венчурнага фонду для падтрымкі стартапаў. У тым ліку ў такой перспектыўнай вобласці, як штучны інтэлект. Паспяхова канкурыраваць на сусветных рынках сёння немагчыма без сучасных лічбавых тэхналогій. Досвед нашага Парка высокіх тэхналогій дае ўнікальную магчымасць беларускім і казахстанскім кампаніям сумесна ствараць новыя праграмныя прадукты.

Нельга не адзначыць, што адной з галоўных тэм перамоў у Нур-Султане было пагадненне па пастаўках казахстанскай нафты ў Беларусь. Спачатку члены дэлегацый каментавалі гэтую тэму асцярожна. Але пасля сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін стала зразумела, што і тут знойдзены развязкі.

— Беларусь надае асаблівую ўвагу пытанню дыверсіфікацыі паставак нафты. Таму мы зацікаўлены ў імпарце гэтай сыравіны з вашай краіны, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з Касым-Жамартам Такаевым. — Мы дамовіліся, што ў бліжэйшы час правядзем кансультацыі з Расійскай Федэрацыяй, паколькі транзіт казахстанскай нафты будзе ажыццяўляцца, калі гэта стане магчымым, праз тэрыторыю Расіі.

Старшыня канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў у інтэрв’ю журналістам тады ўдакладніў, што ўжо ўдалося ўзгадніць на ведамасным узроўні тэкст міжурадавага пагаднення. Цяпер яно праходзіць унутрыдзяржаўнае ўзгадненне. Але бакі дамовіліся, што, не чакаючы яго падпісання, прыступаюць непасрэдна да камерцыйных перамоваў з удзелам суб’ектаў гаспадарання. Удзельнікі перамоўнага працэсу ўпэўненыя, што ў бліжэйшы час знойдуць узаемапрымальныя формы супрацоўніцтва ў выглядзе канкрэтных кантрактаў і рэалізуюць планы па перапрацоўцы нафты з Казахстана на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах. Калі ўсё пойдзе добра, ужо ў наступным годзе казахстанская нафта прыйдзе ў Беларусь.

Разам з тым наша краіна гатова дапамагчы Казахстану тэхналогіямі ды ў аграпрамысловым комплексе. Для гэтага ў нас ёсць усе неабходныя рэсурсы. Параўнальная статыстыка сведчыць, што на аднаго жыхара Беларусі ў мінулым годзе выраблялася мяса ўдвая больш, чым у Казахстане. А па вытворчасці малака на душу насельніцтва мы апярэджваем Казахстан ужо ў два з паловай разы. Беларускія смятана, масла, сыры, каўбасы на ўра разыходзяцца ў казахстанскіх супермаркетах. Дык чаму б не стварыць на тэрыторыі краіны сумесныя вытворчасці мясных і малочных прадуктаў, у тым ліку для экспарту іх на іншыя рынкі? Адно з такіх прадпрыемстваў з арыентацыяй на Кітай можна, напрыклад, арганізаваць у свабоднай эканамічнай зоне «Хоргос — восточные ворота».

Казахстан — сярод нямногіх дзяржаў, размешчаных адразу ў Еўропе і Азіі. Па плошчы займае дзевятае месца ў свеце. А яшчэ гэтая краіна неверагодна багатая прыроднымі выкапнямі. У яе нетрах — практычна ўся табліца Мендзялеева, велізарныя запасы нафты, газу, золата, урану, вугалю. Валодаючы фінансавымі рэсурсамі, Казахстан у апошнія гады ўзяўся менавіта за паскоранае развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Словам, па ўсіх параметрах узаемадзейнічаць з гэтай краінай выгадна і мэтазгодна.

Так, у Мінску разлічваюць, што цяперашні візіт на вышэйшым узроўні пакладзе пачатак новаму этапу ў двухбаковым супрацоўніцтве. І справа нават не ў тым, што ў сакавіку гэтага года ў Казахстане змяніўся Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка добра ведае Касым-Жамарта Такаева, не раз сустракаўся з ім і ўпэўнены, што палітыка новага казахстанскага лідара скіравана на захаванне пераемнасці ў адносінах паміж нашымі краінамі. Пачынаць з нуля тут сапраўды не прыйдзецца. Пытанне ў тым, што Беларусь і Казахстан дасягнулі такога ўзроўню адносін, калі проста абавязаны дадаваць па ўсіх напрамках.

Што ж тычыцца храналогіі, то афіцыйны візіт Прэзідэнта ў Нур-Султан пачынаўся з ускладання вянка да манумента «Абаронцы Айчыны». Яшчэ адна істотная акалічнасць: у міжнародным аэрапорце Кіраўніка беларускай дзяржавы сустракаў асабіста Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. Што ж тычыцца манумента «Абаронцы Айчыны», то ён пабудаваны ў 2001 годзе і лічыцца адным з самых прыгожых у Казахстане. Манумент уяўляе сабой бронзавую стэлу на магутнай гранітнай падставе. У цэнтры — фігура жанчыны з залатою чашаю ў руках. Яна сімвалізуе мір і росквіт краіны. Барэльеф справа адлюстроўвае савецкіх салдат Вялікай Айчыннай вайны. Злева — казахскі батыр, што адстаяў у Сярэднявеччы незалежнасць роднай зямлі ва ўпартай барацьбе з джунгарами. Ля падножжа манумента гарыць Вечны агонь, а вакол раскінуўся маляўнічы парк, у якім знаходзіцца алея з елак, высаджаных кіраўнікамі замежных дзяржаў. Сярод іх ёсць дрэва ад Аляксандра Лукашэнкі.

Наогул, Нур-Султан не перастае здзіўляць сваімі архітэктурнымі збудаваннямі. Малады горад расце і ўшыр, і ўверх, пакідаючы незабыўныя ўражанні нават у самага патрабавальнага турыста. А зусім нядаўна ў адміністрацыйным цэнтры казахстанскай сталіцы з’явіўся знакавы для Беларусі аб’ект. Новы комплекс будынкаў беларускай дыпмісіі адкрылі, як і належыць, з урачыстымі прамовамі і пераразаннем чырвонай стужачкі. Дарэчы, беларуская Амбасада ў Нур-Султане размешчана ў культавым для казахстанцаў месцы, непадалёк ад плошчы Незалежнасці. Менавіта тут знаходзяцца амаль стомятровы манумент «Казак Елі», самая буйная ў Цэнтральнай Азіі мячэць Хазрэт Султан і Палац міру і згоды, пабудаваны ў выглядзе піраміды, якую называюць адным з казахстанскіх цудаў свету. Па суседстве з беларускай Амбасадай размешчаны дыпмісіі ЗША, Рэспублікі Карэя, Кітая, ААЭ, Саудаўскай Аравіі, Узбекістана, рэзідэнцыя Пасла Расіі. Увогуле, фактар шматвектарнасці прысутнічае і ў гэтым.

Безумоўна, эканоміка шмат у чым вызначала сутнасць перамоўнага працэсу ў Нур-Султане. Але важная і атмасфера, у якой праходзілі сустрэчы на вышэйшым узроўні. А яна была як ніколі спрыяльнай. Афіцыйныя перамовы адбыліся ва Усходняй зале рэзідэнцыі, стылізаваным пад юрту. Гэты момант, вядома, прадвызначыў асаблівы, душэўны настрой сустрэчы двух Прэзідэнтаў. Аляксандр Лукашэнка звяртаўся да свайго калегі па-ўсходняму паважліва, называючы яго Касым аке. Крыху пазней прадстаўнікам СМІ Прэзідэнт Беларусі сказаў, што перамовы прайшлі ў абсалютна прыязнай атмасферы, мелі дзелавы, даверны характар. І дадаў, што інакш і быць не магло.

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да Касым-Жомарта Такаева, у прыватнасці, з такімі словамі:

— Воляй лёсаў, гісторыі нам (Беларусі ды Казахстану. — Аўт.). Разам з Расіяй прызначана быць у цэнтры інтэграцыйных працэсаў. Ад нас шмат чакаюць народы былога Савецкага Саюза, і мы не можам падмануць іх надзей. Казахстан у часы Першага Прэзідэнта (Нурсултана Назарбаева. — Аўт.) з’яўляўся ініцыятарам шматлікіх інтэграцыйных працэсаў. І мне вельмі прыемна канстатаваць, што вы ў вельмі няпросты час прынялі стырно ўлады ў гэтай вялікай рэспубліцы, трымаецеся курсу інтэграцыі ў эканоміцы нашых краін, дружбы нашых народаў.

У сваю чаргу Касым-Жомарт Такаеў назваў візіт беларускага лідара жаданай падзеяй для краіны:

— У Казахстане да вас ставяцца са шчырай павагай як да вядомага дзяржаўнага дзеяча Беларусі, які стаяў ля вытокаў незалежнасці дзяржавы. Ваш візіт — гэта добрая магчымасць абмеркаваць усе пытанні супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі і ў выпадку неабходнасці надаць ім дадатковы імпульс. У выніку перамоваў мы выходзім на вельмі сур’ёзныя дамоўленасці, якія, я ўпэўнены, будуць рэалізаваны ў самай найбліжэйшай будучыні.

Пазней, на брыфінгу для СМІ, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў таксама, што бакі на перамовах пацвердзілі зацікаўленасць у далейшым развіцці Еўразійскага эканамічнага саюза і актыўным выкарыстанні пераваг ад удзелу ў ім:

— Беларусь і Казахстан выказалі гатоўнасць працягнуць сумесную працу па забеспячэнні на прасторы ЕАЭС роўных умоў суб’ектам гаспадарання, ліквідацыі бар’ераў і абмежаванняў у гандлі, правядзенні ўзгодненай прамысловай палітыкі, а таксама стварэнні агульных рынкаў энерганосьбітаў.

Між тым, важным фактарам дружалюбных казахстанска-беларускіх адносін застаюцца цесныя культурна-гуманітарныя сувязі.

— Мы дамовіліся, што ў наступным годзе выбітныя дзеячы беларускай культуры могуць прыехаць сюды, у Казахстан, — сказаў Касым-Жамарт Такаеў. — Паколькі народ Казахстана, нашы людзі, я думаю, засумавалі па беларускай культуры, аншлаг будзе забяспечаны. А потым нашы дзеячы культуры, артысты змаглі б паехаць у Мінск ды іншыя гарады Беларусі.

Падчас перамоваў прагучала яшчэ адна цікавая прапанова — разгледзець пытанне правядзення форуму рэгіёнаў Беларусі ды Казахстана. Мінск, дарэчы, ужо мае досвед правядзення такіх мерапрыемстваў з Расіяй, Украінай, Узбекістанам. І іх эфектыўнасць не трэба даказваць.

Падводзячы вынікі перамоваў у Нур-Султане, Аляксандр Лукашэнка запрасіў Касым-Жамарта Такаева здзейсніць візіт у адказ у Беларусь у 2020 годзе:

— Гэта дасць нам магчымасць пракантраляваць выкананне сённяшніх дамоўленасцяў і выкананне тых пагадненняў, якія былі падпісаныя. А казахстанскаму народу хачу сказаць, што вы правільна зрабілі, што звязаліся з Беларуссю. Мы — людзі абавязковыя, ніколі нікога не падводзілі і вас таксама ніколі не падвядзем. Ведайце, што там, у цэнтры Еўропы, ёсць і ваша зямля.

Шмат у каго Казахстан асацыюецца з імем Нурсултана Назарбаева. І Аляксандр Лукашэнка, пабываўшы ў Нур-Султане, вядома ж, не мог не сустрэцца з Першым Прэзідэнтам гэтай краіны і сваім даўнім сябрам. За дзень да гэтага Нурсултан Назарбаеў вярнуўся з Японіі, дзе браў удзел у цырымоніі інтранізацыі імператара. Аднак сустрэчу з Прэзідэнтам Беларусі, паводле яго слоў, ён ні ў якім разе не мог адмяніць:

— Усё ж мы столькі разам перажылі, самыя цяжкія моманты. Нам прыхільнасці ў сяброўстве мяняць ўжо позна. Спадзяюся, мы заўсёды застанемся сябрамі. Свет мяняецца, вакол нас усё мяняецца. У гэтай сітуацыі захаваць тое, што было, — вельмі важна.

Нурсултан Назарбаеў дадаў, што ў якасці ганаровага старшыні ЕАЭС ён плануе прыняць удзел у наступным саміце саюза, які адбудзецца ў снежні ў Санкт-Пецярбургу. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што аб’яднанне вельмі мае патрэбу ў дапамозе Першага Прэзідэнта Казахстана:

— Я ў Арменіі (1 кастрычніка на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Ерэване. — Аўт.) заўважыў, што кагосьці нам не хапае, і кажу сваім калегам: трэба тэрмінова яго зваць. Вось і паступіла агульнае запрашэнне, каб вы, як ганаровы старшыня нашага «ордэна», прысутнічалі ў Піцеры, і мы ўзгадалі старыя часы, намецілі перспектыву, стратэгію.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама распавёў суразмоўцу аб праведзеных перамовах з Касым-Жамартам Такаевым, падкрэсліўшы, што бакі дамовіліся па ўсіх пытаннях з парадку дня. Нурсултан Назарбаеў выказаў меркаванне, што краінам трэба нарошчваць супрацоўніцтва і ўзаемны гандаль. Тым больш, ёсць што прапанаваць адзін аднаму. Трэба адкрываць дарогу для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, а не будаваць перашкоды. Зрэшты, Аляксандра Лукашэнкі пераконваць у гэтым няма неабходнасці.

— Вядома, гэта не справа. Мы хочам купіць у вас, дапусцім, вуглевадароды, нафту, але не можам ніяк дамовіцца. Мы вырашылі, што з двух бакоў будзем падціскаць нашых саюзнікаў, — рэзюмаваў беларускі лідар.

Вынікі візіту

Перамовы ў Нур-Султане завяршыліся падпісаннем пакета дакументаў аб супрацоўніцтве. У прыватнасці, Прэзідэнты Беларусі ды Казахстана прынялі сумесную заяву. Урады дзвюх краін заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне міграцыі. Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Беларусі ды Камітэт нацыянальнай бяспекі Казахстана дамовіліся аб узаемадзеянні ў аператыўна-тэхнічнай сферы. Міністэрства замежных спраў падпісала план супрацоўніцтва на 2020 — 2021 гады. Пагадненне аб супрацоўніцтве заключылі Следчы камітэт Беларусі ды Генеральная пракуратура Казахстана. Дзяржаўны камітэт па маёмасці Беларусі ды Міністэрства юстыцыі Казахстана падпісалі пагадненне па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці. А Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ды Міністэрства лічбавага развіцця, абароннай і аэракасмічнай прамысловасці Казахстана дамовіліся аб партнёрстве ў галіне абмену дадзенымі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

Васіль Харытонаў

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».