Вы тут

У Сярэднявеччы еўрапейцы спалі ў камодах і скрынях


Доўгія стагоддзі паняцце асабістай прасторы было вельмі абстрактным. Адасобіцца для сну маглі сабе дазволіць вельмі нямногія. Беднякі жылі ў цесных халупах, дзе часам туліліся тры пакаленні сям'і, а шляхта раз-пораз была вымушана дзяліць спачывальні з аховай і слугамі. Нават кароль Генрых V у першую шлюбную ноч з Кацярынай Валуа дзяліў спальню з упраўляючым і камергерам. Інтым у такіх выпадках стваралі полагі над ложкамі або... драўляныя скрыні, падобныя на шафы.


У Брытаніі, Шатландыі, Францыі, Галандыі і Германіі некалькі стагоддзяў карысталіся для сну незвычайнымі драўлянымі канструкцыямі, падобнымі на мэблю для захоўвання рэчаў і прадуктаў. Ложак-скрыня ўяўляў сабой асобна пастаўлены або ўбудаваны ў нішу сцяны прадмет абстаноўкі, усярэдзіне якога было ўсё, што трэба для камфортнага сну: пярына, падушка, коўдра і, галоўнае, адзінота.

Як гэта ні дзіўна, але ў часы Шэкспіра ў Англіі спалі ў скрынях амаль усе, хто мог дазволіць сабе замовіць ці змайстраваць уласнаручна хоць самае прымітыўнае сховішча. Рыцары, шляхетныя да́мы, архіепіскапы, гараджане і нават адносна заможныя сяляне аддавалі перавагу не ложку з полагам, а менавіта такой душнай, але ўтульнай драўлянай скрыні.

Дзверы яе зачыняліся на замок ці як мінімум закрываліся шчыльнымі шторамі. Зрэшты, першы варыянт быў найбольш распаўсюджаны, таму што інтымная абстаноўка — гэта далёка не ўсё, што патрабавалася ад вырабу. Скрыня, разлічаная на аднаго ці двух чалавек, добра захоўвала цяпло ў халодны час года і закрывала яго ад скразнякоў, якія былі ў тую эпоху звычайнай справай як для палаца лорда, так і для хаціны дрывасека.

Яшчэ адной функцыяй скрыні было захаванне бяспекі ўладальніка. Часы былі вельмі неспакойныя, і ў дом цалкам мог прабрацца калі не разбойнік, то драпежны звер. Зачыніўшы дзверы дома на завалу, а затым зачыніўшыся знутры ў скрыні-ложку, еўрапеец мог адчуць сябе ў адноснай бяспецы.

Многія даследчыкі ўпэўненыя, што ў сялянскіх сем'ях у скрынях дарослыя замыкалі дзяцей, калі сыходзілі ў поле працаваць. Акрамя гэтага, такая мэбля часта выкарыстоўвалася ўладальнікамі для захоўвання каштоўных рэчаў. З гэтай мэтай звонку ўсталёўвалі трывалы замок, а дзверцы і сценкі канструкцыі максімальна ўзмацнялі.

У выдадзенай у 1833 годзе ў Англіі «Энцыклапедыі катэджнай, фермерскай і дачнай архітэктуры і мэблі» апісаны выпадкі, калі ў падобных скрынях ўладкоўваліся паліцы. Іх размяшчалі ў нагах ложка і часам нават у 2—3 ярусы.

Адпраўляючыся спаць, гаспадар скрыні браў з сабой усё самае каштоўнае. Аўтары энцыклапедыі апісвалі гэта так: «У некаторых частках краіны дзверы ложкаў замыкаліся знутры на завалы або замок, каб у іх нельга было трапіць звонку. Таму чалавек, калі клаўся спаць з усім сваім скарбам на паліцах, мог замкнуць дзверы на ноч або пайсці на работу днём, замкнуўшы дзверы на засаўкі ці замкі».

Ло­жак-скры­ня на кар­ці­не «Мат­чын доўг» Пі­тэ­ра дэ Ху­ча.

За некалькі стагоддзяў да ложкаў-скрынь так прызвычаіліся, што ад іх не маглі адмовіцца і ў Новы час. У XVІІІ і XІX стагоддзях у многіх багатых дамах Еўропы актыўна выкарыстоўвалі такую мэблю, нягледзячы на вялікую колькасць спальняў, ацяпленне і адсутнасць небяспекі. У канцы XVІІІ стагоддзя многія мэблевыя майстэрні прапаноўвалі сваім кліентам скрыні для сну, замаскіраваныя пад кніжныя шафы і камоды. У такой мэблі гаспадар дома мог схавацца ад назойлівых гасцей або крэдытораў, пакінуўшы іх у поўным здзіўленні.

Але ў XІX стагоддзі мода на ложкі такога тыпу стала праходзіць. Заклапочанасць еўрапейцаў гігіенай і свежым паветрам прымусіла іх паступова адмовіцца ад старадаўняга звычаю лезці перад сном у скрыню. Нягледзячы на гэта, у некаторых вёсках Шатландыі і Ірландыі падобныя канструкцыі выкарыстоўваліся яшчэ ў пачатку XX стагоддзя. Сёння гэтыя дзіўныя ложкі можна ўбачыць хіба што ў музеі, дзе яны нязменна выклікаюць цікавасць і масу пытанняў у экскурсантаў.

Іван Купарвас

Загаловак у газеце: Сон у летнюю ноч... у шафе

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.