Вы тут

Сёлета ў краіне зафіксавана 1769 новых выпадкаў ВІЧ


Ці ўдасца пакласці канец распаўсюджванню ВІЧ-інфекцыі?

Згодна са звесткамі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, больш за 37 мільёнаў чалавек на планеце жыве з ВІЧ-інфекцыяй. Каля 32 мільёнаў памерла ад прычын, звязаных з «чумой ХХ стагоддзя». Першыя выпадкі гэтага захворвання ў свеце зафіксаваны медыкамі ў канцы 60-х, хоць лічыцца, што першы мужчына памёр ад яго ў 1959 годзе ў Конга. На тэрыторыі Беларусі ВІЧ з'явіўся ў 1986 годзе. Доўгі час інфекцыя лічылася невылечнай. І толькі ў 2000-х пацыентаў пачалі лячыць з выкарыстаннем АРВ-тэрапіі. Прыём гэтых прэпаратаў зніжае вірусную нагрузку да невызначальнага ўзроўню, такі чалавек не ўяўляе небяспекі, бо не перадае інфекцыю. А галоўнае, працягласць жыцця людзей, якія пастаянна прымаюць АРВ-прэпараты, такая ж, як і ва ўсіх астатніх. Як жывуць і лечацца ў нашай краіне людзі з ВІЧ, расказалі спецыялісты.


Праблема з 90-х

— Сапраўдная праблема ўзнікла ў нашай краіне ў сярэдзіне 90-х. Першыя рэгіёны, пра якія ўсім вядома (у прыватнасці, Светлагорск Гомельскай вобласці. — «Зв.»), былі адметныя павышанай захваральнасцю. У пачатку 2000-х пачалося лячэнне ВІЧ-інфекцыі з прымяненнем АРВ-тэрапіі. Першая статыстыка такіх пацыентаў абнадзейвала. З таго часу з'явіліся новыя групы АРВ-прэпаратаў, якія дазваляюць хворым жыць паўнавартасным жыццём, — расказвае галоўны пазаштатны інфекцыяніст Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ Ігар Карпаў.

З моманту пастаноўкі першага дыягназу ВІЧ-інфекцыі ў Беларусі было выяўлена 28,7 тысячы хворых, больш за 21,8 тысячы жыве з хваробай сёння. Захваральнасць складае 230 чалавек на 100 тысяч насельніцтва, або 0,2 %.

— Захваральнасць на ВІЧ звыш 1 % лічыцца высокай. Напрыклад, у Санкт-Пецярбургу інфікавана больш за 2 % насельніцтва. У нас захворванне кантралюецца, — каментуе статыстыку намеснік галоўнага ўрача Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Мінска Алег Скрыпко. — Найбольш распаўсюджаны ВІЧ у Гомельскай вобласці, дзе высокім было наркаспажыванне. Найменш на Гродзеншчыне — усяго 0,088 %. Трохі больш у Брэсцкай і Віцебскай абласцях. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў заходніх рэгіёнах распаўсюджана каталіцтва з моцнымі сямейнымі ўстоямі.

Сярэдні ўзрост хворых — 37 гадоў

Дарэчы, парэнтэральны (праз увядзенне прэпаратаў унутрывенна) шлях перадачы ВІЧ у Беларусі выйшаў на другое месца. На першым — палавы шлях. Сёлета ў краіне зафіксавана 1769 новых выпадкаў. Гэта на 9 % менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. 70 % хворых — мужчыны, сярэдні ўзрост пацыентаў — 37 гадоў.

— Яшчэ 5-7 гадоў таму парэнтэральны шлях перадачы быў на першым месцы. Цяпер гэтае захворванне можа з'явіцца ў любога чалавека. Сёння нашы пацыенты — звычайныя, сацыялізаваныя людзі, а не наркаманы, — адзначае Алег Скрыпко.

Дарэчы, колькасць новых выпадкаў ВІЧ у свеце ў апошнія гады зніжаецца. А вось у рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі сітуацыя адваротная. Таму важным у прафілактыцы з'яўляецца прыём АРВ-тэрапіі: калі вірус падаўляецца прэпаратамі, то ён і не перадаецца.

У сувязі з гэтым Беларусь далучылася да стратэгіі 90-90-90 — лячэнне для ўсіх (90 % хворых ведаюць пра свой дыягназ, 90 % з іх прымаюць АРВ-тэрапію, і, адпаведна, у 90 % з іх пад уздзеяннем лекавых сродкаў вірус падаўляецца да невызначальнага ўзроўню) — і прыняла абавязацельствы да 2030 года пакласці канец распаўсюджванню інфекцыі. З 2018 года ў нашай краіне ўніверсальны доступ да АРВ-лячэння. Гэта значыць, што кожнаму, хто мае ВІЧ-інфекцыю, а таксама адразу пры пастаноўцы такога дыягназу прапануюць лячэнне.

— Калі раней лячэнне было магчымае толькі тады, калі надыходзіла пэўная ступень падаўлення імунітэту, то цяпер іншы падыход: чым хутчэй яно пачнецца, тым лепш, — кажа Алег Скрыпко.

Пакуль лічбаў 90-90-90 дасягнуць не ўдалося, але мэта блізкая. У прыватнасці, па падліках медыкаў, у нас 83,9 % хворых на ВІЧ ведаюць свой дыягназ. З іх 80,4 % прымаюць АРВ-тэрапію. У 75,7 % дасягаецца невызначальная вірусная нагрузка.

— Многія нашы пацыенты знаходзяцца ў сістэме дэпартамента выканання пакаранняў МУС, узяты на лячэнне нядаўна і не дасягнулі чаканага паказчыка, таму трэцяя лічба ў нас пакуль невысокая. Але сусветныя лічбы ніжэйшыя, чым у нас, — 79-76-73. Хоць і там у залежнасці ад рэгіёна яны розняцца. Найлепшая сітуацыя ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе, а таксама ў Паўночнай Амерыцы. Там амаль усе краіны дасягнулі 90-90-90. Усходняя Еўропа і Цэнтральная Азія, на жаль, пакуль застаюцца крыніцай і рэзервуарам ВІЧ-Інфекцыі, — канстатуе Алег Скрыпко.

Кожны пяты не ведае

Нягледзячы на станоўчыя змены, Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць малаімаверным спыненне распаўсюджвання ВІЧ у рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі да 2030 года. Паводле звестак арганізацыі, кожны пяты хворы тут не ведае пра свой статус.

— ВІЧ найбольш распаўсюджаны ў ключавых групах. Хворыя — сацыяльна ўразлівыя людзі. Таму неабходна спрашчэнне тэсціравання: мы прапануем адмовіцца ад існуючых сістэм і перайсці да больш простых. Тэсты павінны праводзіцца хутчэй і танней. Важна, каб пацыент атрымліваў вынік на працягу некалькіх гадзін, а не тыдняў, — адзначае прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў.

У ліку мегаполісаў, якія наблізіліся да лічбаў 90-90-90, Лондан, Амстэрдам, Нью-Ёрк, Мельбурн, Парыж. Мінск на іх фоне таксама выглядае нядрэнна, і да дасягнення паказчыкаў стратэгіі «Лячэнне для ўсіх» засталося няшмат. У Мінску, дарэчы, на базе Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы носьбітам ВІЧ аказваюцца два віды дапамогі. Амбулаторную атрымліваюць у кансультатыўным аддзеле. Тут пацыенты знаходзяцца на дыспансерным уліку, ім выдаюць прэпараты і кантралююць лячэнне. Цяжкіх пацыентаў шпіталізуюць у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыю.

Недапрацоўка паліклінік

Нягледзячы на дасягненні, праблемай застаецца позняе выяўленне ВІЧ — на 3-й і 4-й стадыях. Сёлета ў Мінску такі дыягназ пастаўлены 90 хворым.

— У 20—25 % інфекцыя выяўляецца на позніх стадыях. Гэта патэнцыйныя хворыя з інваліднасцю. І выяўленне на такіх этапах — недапрацоўка нашых паліклінік, — лічыць Алег Скрыпко.

Менавіта такія цяжкія пацыенты знаходзяцца пад апекай сясцёр міласэрнасці Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. З пачатку года яны клапаціліся пра 53 хворых у тэрмінальнай стадыі, шэсць з іх пайшлі з жыцця. Сярод падапечных — Алена з Бабруйска. Пасля 10 гадоў ужывання наркотыкаў дзяўчына ўпала ў кому. «Самы страшны дзень у нашым жыцці здарыўся ў 2006 годзе. Спачатку ў дачкі нібыта забалела вуха. Мы тройчы за ноч выклікалі хуткую, а потым надышла кома — 21 дзень. Сто дзён яна правяла ў рэанімацыі», — кажа яе маці.

Пасля гэтага маладая жанчына наноў вучылася хадзіць. Сёння яна вымаўляе тры словы і нават імкнецца дапамагаць маці па доме. Таварыства Чырвонага Крыжа зняло пра Алену і яе сям'ю дакументальны фільм — як напамін усім: спыніцца, пакуль не позна, і даведацца пра свой ВІЧ-статус.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Ведай свой статус!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

РІSА-2018: зваротная сувязь. Якія праблемныя пункты ў адукацыі выявіла міжнароднае даследаванне

РІSА-2018: зваротная сувязь. Якія праблемныя пункты ў адукацыі выявіла міжнароднае даследаванне

Наколькі беларуская сістэма адукацыі канкурэнтаздольная і ці адпавядае яна сусветным трэндам?

Грамадства

Чаму наяўнасць бацькі ў сям'і такая важная для дзіцяці

Чаму наяўнасць бацькі ў сям'і такая важная для дзіцяці

Дзеці, якія вырастаюць у сем'ях, дзе няма таты або ён ёсць, але амаль не ўдзельнічае ў жыцці малога, па ўсіх паказчыках прайграюць і ў дзяцінстве, і ў дарослым жыцці.

Грамадства

Іван і Алена: Мы цікавыя адно аднаму ва ўсіх праявах

Іван і Алена: Мы цікавыя адно аднаму ва ўсіх праявах

І праз дзесяць гадоў пасля знаёмства яны любяць шпацыраваць па горадзе, узяўшыся за рукі.

Спорт

Як жыве адзіная школа коннага спорту ў Мінскай вобласці

Як жыве адзіная школа коннага спорту ў Мінскай вобласці

Да свайго юбілею школа атрымала выдатны падарунак — капітальны рамонт.