Вы тут

Кніжны магазін «Эрудыт» адчыніўся наноў


Дзіцячая мастацкая і вучэбная літаратура, дапаможнікі для студэнтаў, беларуская класіка і папулярныя навінкі айчынных выдавецтваў, замежныя бестселеры — агулам звыш 1300 найменняў кніг, а таксама разнастайныя сувеніры і шырокая палітра канцылярскай прадукцыі — і ўсё гэта ў кампактнай, эрганамічнай і сучаснай «упакоўцы» на плошчы ў 42 квадратныя метры. 3 снежня пасля капітальнага рамонту адкрылася для наведвальнікаў сталічная кнігарня «Эрудыт», якая набыла новы выгляд і змест акурат да свайго 20-годдзя.


У першы рабочы дзень у новай краме адбылася прэзентацыя новай кнігі «Ключ ад Вялікай Каштоўнасці» беларускай дзіцячай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. (Гэтая гісторыя-квэст, у якой чытач можа сам абраць, з чаго пачаць падарожжа і куды перамяшчацца, каб сабраць ключы-артэфакты, дарэчы, убачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда», а наступная кніжка, якая выйдзе ў 2020-м, будзе пра папулярныя ў дзятвы «жахліўчыкі»). Таксама гучалі вершы на роднай мове ў выкананні пяцікласніцы мінскай гімназіі Міланы Тулупавай і ішла размова пра далейшае пашырэнне сеткі «Белкнігі».

Генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Аляксандр ВАШКЕВІЧ прызнаўся, што мадэрнізацыя доўжылася амаль паўгода і абышлася нятанна, затое цяпер кнігарня са сціплага закутка ператварылася ў месца прыцягнення для пакупнікоў — выкладчыкаў і студэнцкай моладзі, бацькоў і дзяцей, супрацоўнікаў шматлікіх арганізацый, якія працуюць побач і рэгулярна зазіраюць у «Эрудыт». З улікам пажаданняў наведвальнікаў складзены і асартымент, у якім выразны ўхіл зроблены на канцтавары (яны складаюць тры чвэрці ад усёй прапанаванай прадукцыі), а сярод прадстаўленых кніг значную долю займаюць сучасныя беларускія аўтары, якія маюць высокія рэйтынгі ў чытачоў, у тым ліку Наталля Батракова, Віктар Марціновіч і іншыя.

«На сёння ў сетку „Белкнігі“ ўваходзіць 101 кніжная крама, 22 з іх у Мінску. За апошнія некалькі гадоў у 11 кнігарнях мы правялі мадэрнізацыю, — расказвае Аляксандр Вашкевіч, — гэта датычыцца і сучаснага абсталявання, і асартыменту, і вонкавага брэндавага афармлення. Ужо хутка, напярэдадні Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу пасля капітальнага рамонту адчыніцца яшчэ адна крама — вядомая „Кнігарня пісьменніка“, і, спадзяюся, адзін ці два новыя кнігагандлёвыя аб’екты».

Адным з першых наведвальнікаў абноўленай кнігарні стаў міністр інфармацыі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ.

— Аляксандр Мікалаевіч, 22 сучасныя кнігарні на сталіцу — ці не малавата? — спыталі мы міністра.

— Ёсць яшчэ даволі многа кіёскаў, але ў апошні год-паўтара мы іх зачыняем, бо гэта неэфектыўныя пункты, а стараемся ўкладвацца ў сур’ёзныя кнігарні. Адной з самых значных падзей сёлета стала мадэрнізацыя кнігарні «Светач», дзе адначасова знаходзіцца больш за 70 тысяч назваў кніг. Але важна не забывацца і пра такія крамы, як «Эрудыт», якая мае пэўную вядомасць і 20-гадовую гісторыю, і выдатна, што «Белкніга» зрабіла ўсё, каб кнігарня набыла новае аблічча. Спадзяюся, што тыя, хто непасрэдна будзе працаваць тут, па вуліцы Хмяльніцкага, выпрацуюць сваю гандлёвую і інфармацыйную палітыку, знойдуць пункты судакранання з пакупніком — а патэнцыйных пакупнікоў, асабліва моладзі, шмат — побач Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, не так далёка Акадэмія мастацтваў, універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, спадзяюся, будуць заглядваць і журналісты з Дома прэсы.

У прыватнасці, зазначыў міністр, адной з формаў работы можа стаць наладжванне зручнай лагістыкі — запуск адзінай камп’ютарызаванай сістэмы «Белкнігі», праз якую можна будзе знаходзіць патрэбныя выданні, нават калі іх няма ў наяўнасці проста зараз, замаўляць іх і забіраць з найбліжэйшай кнігарні, ідучы па звыклым маршруце на работу ці вучобу.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота belkniga.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.