Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя падзеі выхадных.


1. Уладзіслаў Ганчароў, Іван Літвіновіч і Алег Рабцаў выйгралі «золата» ў камандных спаборніцтвах чэмпіянату свету па скачках на батуце ў Японіі. Апошні раз такога поспеху на планетарных форумах беларускія атлеты ў дадзеным відзе праграмы дамагаліся 25 гадоў таму. З поспехам беларусаў павіншаваў Прэзідэнт. «Гэта было яркае выступленне, якое дазволіла апярэдзіць моцных сапернікаў і пацвердзіла высокі клас беларускай школы скачкоў на батуце», — гаворыцца ў віншаванні. Аляксандр Лукашэнка таксама пажадаў спартсменам новых вялікіх перамог і поспехаў.

У індывідуальных скачках беларус Іван Літвіновіч узяў «серабро» чэмпіянату свету. Такім чынам малады спартсмен выйграў для Беларусі алімпійскую ліцэнзію. Іншыя беларусы ў фінал спаборніцтваў не прабіліся.

Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў выйгралі сярэбраныя медалі ў сінхронных скачках. У кваліфікацыі беларускі дуэт упэўнена ўзначаліў групу прэтэндэнтаў на залатыя медалі, але ў фінале прапусціў наперад японцаў.

Адзначым, што акрамя чэмпіянату свету ліцэнзіі ў Токіа разыгрываюцца і па выніках этапаў Кубка свету. Такім чынам, спартсменкі з Беларусі захоўваюць шанцы трапіць у лік удзельніц Алімпіяды-2020.

2. Першыя гонкі адбыліся на стартавым этапе Кубка свету па біятлоне. Зборная Італіі заняла першае месца ў змешанай эстафеце, беларускі квартэт у складзе Дзінары Алімбекавай, Ірыны Крыўко, Сяргея Бачарнікава і Антона Смольскага стаў 16-м. У адзіночнай змешанай эстафеце нашы спартсмены Мікіта Лабастаў і Ганна Сола фінішавалі дзявятыя. У спрынтарскай гонцы, якая працягнула этап, перамогу атрымаў нарвежскі спартсмен Ёханэс Бё, сярод беларускіх хлопцаў найлепшым стаў Сяргей Бачарнікаў — 22-е месца. У жаночым спрынце найлепшая была італьянка Даратэя Вірэр. Алена Кручынкіна фінішавала 31-я, Дзінара Алімбекава — 46-я, Ірына Крыўко паказала 56-ы вынік, Ганна Сола — 59-ы.

Працягнуцца спаборніцтвы заўтра індывідуальнай гонкай у мужчын.

3. Беларуская спартсменка Вольга Федаровіч заваявала «серабро» ў рапідзе на чэмпіянаце Еўропы па шашках-100, які прайшоў у Нетаніі (Ізраіль). У суме беларуска набрала 12 ачкоў і размясцілася на другой пазіцыі выніковага пратакола. На верхнюю прыступку п'едэстала ўзнялася ўкраінка Вікторыя Матрычка (14 ачкоў). Бронзавая ўзнагарода дасталася расіянцы Тунаары Фёдаравай (11 ачкоў).

У бліцы Вольга Федаровіч заняла 10-е месца.

4. Гандбалісты мінскага СКА атрымалі трэцюю перамогу ў Балтыйскай лізе і выйшлі ў лідары папярэдняй групы А. У дамашнім паядынку 4-га тура віцэ-чэмпіёны Беларусі ўпэўнена перайгралі гасцей з эстонскай «Пыльвы» — 31:25. Самыя выніковыя ў складзе пераможцаў былі Сяргей Шыловіч і Юліян Гірык, якія закінулі па шэсць мячоў. Нагадаем, да гэтага падапечныя Ігара Папругі правялі тры паядынкі: абыгралі на сваёй арэне літоўскі «Драгунас» з Клайпеды (30:23) і ў гасцях згулялі з ім унічыю (33:33), а таксама перамаглі на выездзе латвійскі «Добеле» (31:27). Турнірнае становішча ў групе А: СКА — 7 ачкоў (3 матчы), ЗТР (Запарожжа, Украіна) — 5 (5), «Рыіхімякі» (Фінляндыя) — 4 (2), «Добеле» — 4 (5), «Пыльва» — 1 (3), «Драгунас» — 1 (4).

У папярэдняй групе В становішча пасля пяці тураў такое: «Кехра» (Эстонія) — 8, «Швіеса» (Вільнюс, Літва) — 7, «Целтніекс» (Рыга, Латвія) — 6, «Гранітас» (Каўнас, Літва) — 6, «Талін» (Эстонія) — 3, «Вільяндзі» (Эстонія) — 0.

Пасля завяршэння групавога этапу па дзве найлепшыя каманды выйдуць у «Фінал чатырох».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Яркія скачкі, што вартыя медаля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?