Вы тут

«Дамы і зямля, навекі нашы…»


Якія б героі не дзейнічалі у гістарычным рамане, рэальныя ці выдуманыя, ці не галоўнае, каб чытачу не было сумна на працягу твора?


Паглыбіцца ў XIII стагоддзе запрашае чатача гістарычны раман Алеся Аляшкевіча «Замкавая гара» (Мінск, «Выдавецкі дом “Звязда”», 2019). Па форме твор традыцыйны: аўтар стварае сукупнасць выразных карцін з жыцця тагачаснага Полацкага, Новагародскага, Пінскага, Берасцейскага княстваў, Літоўскага каралеўства, якія вялі жорсткую барацьбу з крыжакамі і мангола-татарамі.

Галоўнай мэтай апавядальніка бачыцца стварэнне вобразаў мужных сыноў-абаронцаў сваёй зямлі: князёў Войшалка, Таўцівіла, Шварна, Аляксандра Неўскага, Давыда Гарадзенскага, першага караля Вялікага Княства Літоўскага Міндоўга. Алесь Аляшкевіч імкнецца паказаць не постаці, звесткі аб якіх амаль зніклі ў плыні стагоддзяў, а людзей з іх мроямі, шчырымі пачуццямі і перажываннямі, з іх узнёслым каханнем. Гэткай жа ўзнёсласцю прасякнуты ўвесь раман, таму нават не здзіўляе высокая канцэнтрацыя словазлучэнняў накшталт «свяшчэнны горад», «каварны вораг» і «храбрыя воі» ўжо на першых старонках.

Няма сэнсу пераказваць змест твора, бо ў яго аснове — падзеі мінулага, няхай і прыхарошаныя фантазіяй аўтара. Раман, дарэчы, патрабуе ў належнай ступені і асаблівай увагі, і канкрэтных ведаў, бо ў ім хапае даволі спрэчных меркаванняў і дапушчэнняў. Аўтар разгледзеў час ад знішчэння горада Арконы, цэнтра балтыйскага славянскага племені рутэнаў, да пераезду вялікага князя Гедыміна ў Вільню, калі «Вялікае Княства Літоўскае распраўляла свае крылы». Міжусобныя войны, здрады, памкненні да аб’яднання зямель  — усё гэта лагічныя складнікі сюжэта гістарычнага рамана (у дадзеным выпадку цалкам хранікальнага). Не дзіва, што асаблівае месца тут нададзена постаці Міндоўга. Ствараючы, па сутнасці, новую дзяржаву, герой прамаўляе: «…Усё жыццё нам і нашым нашчадкам тут цяпер стаяць! І бараніцца ад ворагаў! І трэба будаваць і рабіць усё так, каб ніхто не здолеў адняць ад нашых веж ніводнага бервяна! Дамы і зямля гэтыя цяпер нашы навекі. Навекі і будавацца будзем!»

Захапіўшыся апісаннем шматлікіх здзяйсненняў і атмасферы ваяўнічасці і геройства ўвогуле, аўтар час ад часу забываецца, што празмерная насычанасць падзеямі і героямі не на карысць твору, бо нагадвае ў большай ступені падручнік па гісторыі, чым мастацкі твор. Але адзін з тых пунктаў, што супярэчаць «дакументальнасці»,  — ідэалізацыя аўтарам амаль усіх герояў: ад воінаў да іх абранніц. Існуе велізарны лагер станоўчых персанажаў ды невялікі і амаль што безыменны лагер персанажаў адмоўных: ворагаўзаваёўнікаў і здраднікаў. Якраз у гэтым бачыцца ўраўноўванне свядомасці большасці асоб, якія пасля прачытання зліваюцца ў адзін вобраз героя і пераможцы, што клапоціцца пра сваю зямлю і будучыню народа. Таму трэба сказаць, што сваёй мэты аўтар дасягнуў.

А вось прывабіць чытача, які не надта цікавіцца перыпетыямі беларускага мінулага, у Алеся Аляшкевіча можа і не атрымацца, бо раман падаецца даволі статычным і няма выразнай ні любоўнай, ні дэтэктыўнай лініі. Дарэчы, у гэтай сувязі магла б атрымацца спроба стварыць альтэрнатыўную гісторыю, калі героі і падзеі паўсталі б перад намі нязвыклымі і нават супярэчлівымі. У гэтым выпадку ў іх было б больш шансаў стаць цікавымі не сваёй знакавасцю, а як адмысловыя персанажы мастацкага твора. У кнізе гэта выглядае як паўмера: нараўне з жыццём вядомых нам герояў вырашаюцца і лёсы братоў Сулічаў. Але ім нададзена не так і шмат увагі.

Відавочна, аўтар, нягледзячы на жаданне крыху памарыць, імкнецца да рэалістычнай традыцыі, стварэння зразумелага выразнага летапісу, які павінен ведаць кожны. Таму пытанне культурна-гістарычнага кантэксту для Алеся Аляшкевіча стала прынцыпова важным. Пісьменнік праз асабістую «падкаванасць» дамагаецца і такіх жа выдатных ведаў ад чытача: а гэта не толькі звесткі пра барацьбу за ўладу, незлічоныя войны і будаўніцтва гарадоў. Гэта падрабязны аповед з апісаннем ледзь не ўсіх прычынна-выніковых сувязяў, якія даюць падставу і самому чытачу разважаць, што было сапраўды неабходна і чаго лепей было б пазбегнуць. Тут і пагадненне паміж Літвой, Полацкам і Уладзімірам аб сумеснай барацьбе з лівонскімі крыжакамі, і помста за Міндоўга, і княжанне Віценя і многія іншыя падзеі.

Кніга спадабаецца аматарам дасканалага вывучэння айчыннай гісторыі. Раман «Замкавая гара» — гэта сапраўды той дапаможнік, які можа сарыентаваць у акалічнасцях таго часу. А ў цэлым у творы бачыцца выдатны падмурак для стварэння гістарычнага серыяла.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.