Вы тут

​Беларускі саюз мастакоў вызначыў найлепшых айчынных графікаў


Афорты, гравюры, літаграфіі, малюнкі тушшу і акварэллю, сучасныя лічбавыя тэхналогіі... На выстаўцы-конкурсе «Графіка года», што адкрылася днямі ў сталічнай галерэі Міхаіла Савіцкага, прадставілі свае работы больш за 30 прафесійных аўтараў, сярод якіх як моладзь, так і ўжо вопытныя і вядомыя мастакі. У рамках праекта, які ладзіцца трэці год запар, секцыя «Графіка» Беларускага саюза мастакоў вызначыла лідараў у сваім кірунку — тых, хто, магчыма, у найбліжэйшай будучыні калі і не атрымае званні заслужаных дзеячаў мастацтва, то прымусіць гаварыць пра сябе ў шырокіх колах грамадства і папулярызуе графічнае мастацтва як у краіне, так і на міжнародным узроўні.


Арганізатары праекта і ўдзельнікі журы, у тым ліку старшыня секцыі «Графіка» Андрэй Басалыга і мастак Юрый Якавенка, у спаборніцтве не ўдзельнічалі, але прадставілі свае творы ў экспазіцыі. Таксама па-за конкурсам — і работа славутай мастачкі, кавалера ордэна Францыска Скарыны Зоі Літвінавай; карціна сустракае наведвальнікаў выстаўкі на ўваходзе ў залу і пэўным чынам задае тон і планку ўсім астатнім. На экспазіцыі, зазначым, ёсць дзе разбегчыся і дзе адпачыць вачам: тэмы і сюжэты аўтары абралі самыя шырокія: ад картаў Таро ў Таццяны Сіплевіч да нітак лёсу Макошы ва Усевалада Швайбы, ад алфавіта ва Усевалада Свентахоўскага да біблейскіх матываў і герояў ва Уладзіміра Вішнеўскага, ад графічнага ўвасаблення музыкі Баха, Паганіні і Вівальдзі ў Ірыны Кузняцовай да зямнога і цёплага каляднага імбірнага пячэння ў Валянціны Шобы, ад празаічнага чыгуначнага моста ў Ганны Мельнікавай да індуісцкай міфалогіі ў Андрэя Ярашэвіча... Сказаць адназначна, чые творчы палёт, арыгінальнасць ідэі і майстэрства вышэйшыя, проста немагчыма. Зрэшты, прафесіяналы прызнаюцца, што і для іх вызначэнне найлепшых не было лёгкім. «Спачатку мы з іншымі ўдзельнікамі журы разглядалі конкурсныя работы паасобку, потым пачалі абмяркоўваць усе разам — і аказаліся надзіва салідарнымі па многіх пунктах, — тлумачыць дызайнер, педагог і мастацтвазнаўца Надзея Кароткіна. — Што да крытэрыяў ацэнкі, мы стараліся знаходзіцца не ў Еўропе, не ў Беларусі і нават не ў Мінску — ацэньваць толькі тое, што бачым на ўласныя вочы. Гэта было складана, амаль немагчыма, але кантэкстам мы лічылі тое, што адбываецца тут і цяпер».

Пераможцаў конкурсу 2019 года вызначалі ў дзвюх намінацыях: арыгінальная і друкаваная графіка. Першае месца за арыгінальную графіку атрымала прадстаўніца шырока вядомай творчай дынастыі Катковых-Луцэвічаў мастачка Зоя Луцэвіч, другое не прысуджалі, бо «не ўбачылі адпаведнага ўзроўню», а трэцяе падзялілі паміж двума аўтарамі — Верай Каўзановіч і Усеваладам Швайбам. У намінацыі «Друкаваная графіка» найлепшымі назвалі работы Тамары Шэлест, Андрэя Якубава і Вольгі Нікішынай.

Выстаўка «Графіка года», кажуць арганізатары, стала яшчэ адной прыступкай на шляху да правядзення першага ў Беларусі міжнароднага трыенале графікі. Убачыць работы пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу можна да 8 снежня.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Чорнае, белае, яскравае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».