Вы тут

Аляксандр Лукашэнка ў Бішкеку прыняў удзел у саміце АДКБ


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сталіцы Кыргызстана прымае ўдзел у саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, піша БЕЛТА.


Кіраўнік беларускай дзяржавы прыбыў у кангрэс-хол дзяржаўнай рэзідэнцыі «Ала-Арча», дзе яго вітаў Прэзідэнт Кыргызстана Сааранбай Жээнбекаў. Знамянальна, што раніцай 28 лістапада перад пачаткам саміту лідары краін правялі ўжо асобную двухбаковую сустрэчу.

Аляксандр Лукашэнка на сесіі СКБ абазначыць пазіцыю і асноўныя прапановы беларускага боку па развіцці і ўмацаванні міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі ў розных яе сегментах. Пытанні парадку дня спачатку будуць разгледжаны ў вузкім складзе, а затым у фармаце пленарнага пасяджэння з удзелам кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў, міністэрстваў абароны, сакратароў саветаў бяспекі. Па выніках сесіі СКБ плануецца падпісаць шэраг дакументаў.

Як інфармуе сайт АДКБ, на парадку дня саміту — абмеркаванне праблем міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, пытанні ўмацавання таджыкска-афганскай граніцы, узаемадзеянне з ААН па рэалізацыі Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі і каардынацыя знешнепалітычнай дзейнасці дзяржаў — членаў АДКБ, развіццё ваеннага патэнцыялу арганізацыі і ўдасканаленне механізмаў процідзеяння выклікам і пагрозам, у тым ліку ў сферы інфармацыйнай бяспекі, а таксама мерапрыемствы па святкаванні 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. 

Плануецца, што старшынства ў АДКБ на наступны міжсесіённы перыяд у 2019-2020 гадах пяройдзе Расіі. З 1 студзеня 2020 года пасаду генеральнага сакратара АДКБ зойме прадстаўнік Беларусі Станіслаў Зась, які цяпер з’яўляецца дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі. Раней яго кандыдатура была падтрымана ўсімі членамі СКБ. 

Напярэдадні ў Бішкеку пад старшынствам кыргызскага боку прайшло сумеснае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны і Камітэта сакратароў саветаў бяспекі АДКБ. Бакі абмеркавалі ваенна-палітычную абстаноўку ў рэгіёнах калектыўнай бяспекі АДКБ і дзейнасць Арганізацыі ў міжсесіённы перыяд. Быў адобраны парадак дня сесіі Савета калектыўнай бяспекі — больш за 20 пытанняў.


Прэзідэнт Беларусі на саміце АДКБ гаварыў аб мірных ініцыятывах і глабальных пагрозах

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні на саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў Бішкеку зрабіў акцэнт на мірных ініцыятывах і глабальных пагрозах бяспецы, перадае БЕЛТА.

Кіраўнік беларускай дзяржавы, у прыватнасці, выказаў заклапочанасць у сувязі з глабальным палітычным і эканамічным процістаяннем паміж вядучымі сусветнымі дзяржавамі.

Аляксандр Лукашэнка згадаў аб спыненні дзеяння Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці. Таму Беларусь выступіла з прапановай прыняць шматбаковую палітычную Дэкларацыю адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. 

Актуальнай застаецца і яшчэ адна беларуская ініцыятыва аб аднаўленні шырокага дыялогу па пытаннях міжнароднай бяспекі па аналогіі з Хельсінкскім працэсам і накіраванні яго на пераадоленне існуючых супярэчнасцей ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі на агульнай прасторы ў Еўра-Атлантыцы і Еўразіі. 

Была адзначана і тэма ўсё большай колькасці групоўкі НАТА на заходніх рубяжах АДКБ і ў непасрэднай блізкасці ад граніц Беларусі. Хоць такая колькасць войскаў і не ўяўляе прамой ваеннай пагрозы, аднак мілітарызацыя рубяжоў вымушае выпрацоўваць адэкватныя меры ў адказ дыпламатычнага, інфармацыйнага і ваеннага характару. 

У цэлым падкрэслена неабходнасць пазбегнуць новай гонкі ўзбраенняў.

Адзначана тэндэнцыя росту пратэснага руху і масавых беспарадкаў у шэрагу краін, у тым ліку і стабільных. А рэгіянальныя ўзброеныя канфлікты застаюцца адной з асноўных крыніц палітычных, ваенных і тэрарыстычных пагроз, нелегальнай міграцыі, незаконнага транзіту зброі. 

У гэтым кантэксце Прэзідэнт згадаў і аб сітуацыі ва Украіне, на ўсходзе якой пяты год ужо прадаўжаецца ўзброенае процістаянне. Беларусь вітала прагрэс, які намеціўся ў пытаннях выканання мінскіх пагадненняў, і пачатак канструктыўнага дыялогу ў рамках трохбаковай кантактнай групы. 

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся за ўмацаванне міжнароднага аўтарытэту АДКБ, пашырэнне яе ўзаемадзеяння з іншымі арганізацыямі. Гэтаму ў тым ліку можа паслужыць рэалізацыя прынятага па ініцыятыве Беларусі рашэння аб юрыдычным афармленні статусу «Партнёра» арганізацыі, а таксама «Наглядальніка» пры АДКБ. 

Асабліва падкрэслена, што сярод прыярытэтных напрамкаў дзейнасці АДКБ павінна трывала замацавацца забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі. У гэтай частцы краіна прапануе сфарміраваць пояс лічбавага добрасуседства, накіраваны на разрадку напружанасці ў інфармацыйнай сферы, устанаўленне агульных правіл адказных паводзін бакоў у віртуальнай прасторы.


Лукашэнка бачыць у АДКБ патэнцыял для садзейнічання стабілізацыі сітуацыі ў свеце

«Вы вельмі правільна сказалі, бурны наш свет. Зразумела, што вы пад гэтым тэрмінам маеце на ўвазе. Таму, чым больш арганізацый, якія стрымліваюць гэты бурны паток, тым лепш. АДКБ — адна з сур'ёзных арганізацый, якая будзе спрыяць стабілізацыі сітуацыі ў свеце усялякімі метадамі. І інфармацыйнымі, і палітычнымі, і дыпламатычнымі, і ваеннымі», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прадстаўнікі СМІ пацікавіліся думкай беларускага лідара, ці будзе АДКБ «як адзіны кулак, калі, не дай бог, ірване». «У кожнага свая зона адказнасці. Але калі ірване там, дзе ў нас сканцэнтраваны ўсе інтарэсы, значыць, мы будзем змагацца з гэтымi выбухамі разам. Гэта адназначна», — запэўніў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што лейтматывам на пасяджэнні ў Бішкеку быў тэзіс пра тое, што краіны арганізацыі павінны быць і самі бліжэй, і заяўляць на міжнароднай арэне, што будуць разам рэагаваць на тыя ці іншыя рэчы. «Ёсць "выбухі" лакальнага характару. Зона адказнасці, дапусцім, на заходнім напрамку, — гэта наша з Расіяй. У Цэнтральнай Азіі — цэнтральнаазіяцкіх (дзяржаў. — Заўвага. БЕЛТА) пры падтрымцы Расіі», - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?