Вы тут

Уладзімір Андрэйчанка пра зробленае адыходзячым парламентам і некаторыя вынікі парламенцкіх выбараў


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу — пра зробленае адыходзячым парламентам і некаторыя вынікі парламенцкіх выбараў.


— Уладзімір Паўлавіч, парламент шостага склікання завяршае сваю дзейнасць і праз некалькі дзён стане гісторыяй беларускага парламентарызму. Які ён быў, калі азірнуцца на пройдзены шлях?

— Сваю канстытуцыйную ролю Палата прадстаўнікоў выканала, актыўна працуючы на карысць нашай краіны. Гэта самае галоўнае.

Прынята больш за 130 законапраектаў у першым чытанні і больш за 270 — у другім, з іх 254 падпісаны Прэзідэнтам. Мы штогод своечасова, аператыўна прымалі збалансаваны рэспубліканскі бюджэт, адметнасцю якога з'яўляецца сацыяльная накіраванасць. У бюджэце на 2020 год яна ўмацуецца.

Прадугледжана павелічэнне зарплаты нізкааплатным катэгорыям грамадзян, педагогам і медыцынскім работнікам, падняцце ўзроўню пенсій да 40 працэнтаў ад сярэдняй зарплаты. Зарплата бюджэтнікаў у адносінах да сярэдняй у эканоміцы складзе не менш за 80 працэнтаў. У сувязі з 75-годдзем Перамогі будзе аказана аднаразовая матэрыяльная дапамога ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і пацярпелым ад наступстваў вайны. Працягнецца фінансаванне сямейнага капіталу. Сродкі з яго з наступнага года можна будзе выкарыстоўваць на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі і на медыцынскія паслугі пашыранага пераліку.

Прыняты шэраг заканадаўчых актаў шырокага грамадскага гучання. Адзначу вельмі важную карэкціроўку Працоўнага кодэкса, новую рэдакцыю Жыллёвага кодэкса, змяненні ў Закон аб ахове працы. Умацаваныя працоўныя гарантыі, удасканалены прававыя нормы забеспячэння бяспекі жыцця і здароўя тых, хто працуе на вытворчасці, пашырыліся магчымасці для самазанятасці і дыстанцыйнай работы, правы грамадзян на паслугі ў жыллёвай сферы, на якасныя і бяспечныя харчовыя прадукты. Стануць больш даступнымі лякарствы, у тым ліку для грамадзян з сур'ёзнымі захворваннямі.

Нямала зроблена па стымуляванні эканамічных пераўтварэнняў, дзяржаўна-прыватнага партнёрства, лібералізацыі бізнес-асяроддзя, развіцці прадпрымальніцтва і ІТ-тэхналогій. Істотным плюсам заканатворчай дзейнасці дэпутатаў шостага склікання я назваў бы і прыняцце закона аб арганічнай прадукцыі.

Пералік прававых новаўвядзенняў сацыяльнага, эканамічнага і іншага характару даволі аб'ёмны. Усе яны ідуць ад жыцця і даюць адказы на пастаўленыя жыццём пытанні ў розных сферах. Мы фіксуем у заканадаўстве тое, што адпавядае сацыяльна-эканамічным і іншым задачам краіны і грамадскім запытам.

— Цікава, свае законапраекты парламентарыі прапаноўвалі?

— Сваё права заканадаўчай ініцыятывы дэпутаты выкарыстоўвалі актыўней, чым у папярэдніх скліканнях. Унеслі шэсць законапраектаў, тры з якіх прынятыя і ўжо сталі законамі.

Прынцыповы акцэнт: мы лічым вельмі важным пры распрацоўцы нормаў права абапірацца на грамадскую думку. Многія парламентарыі маюць свае блогі ў сацыяльных сетках. Па шэрагу законапраектаў праведзена грамадскае абмеркаванне на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Найбольш слушныя прапановы ўлічаны пры дапрацоўцы законапраектаў.

Яшчэ хацеў бы сказаць, што ўмацаваўся патэнцыял нашага ўдзелу ў парламенцкай дыпламатыі. Устаноўлены міжнародныя сувязі шырокага геаграфічнага дыяпазону на еўрапейскім, азіяцкім, амерыканскім і афрыканскім кантынентах. Дэлегацыя Нацыянальнага сходу Беларусі пазнавальная і аўтарытэтная на міжнароднай арэне. Да нас прыслухоўваюцца на міжнародных парламенцкіх форумах і, што вельмі важна, падтрымліваюць рэзалюцыі, якія мы прапануем. Гэта сведчанне новага стаўлення міжнароднай супольнасці да Рэспублікі Беларусь і міратворчых ініцыятыў кіраўніка нашай дзяржавы.

— Ці засталіся ў Палаты прадстаўнікоў заканатворчыя рэзервы?

— Яны заўсёды застаюцца там, дзе бруіць творчая думка, сутыкаюцца розныя погляды і прапануюцца ідэі. Заканатворчасць — гэта вельмі складаная, жывая справа з удзелам многіх устаноў, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, у якой парламентарыям адведзена ключавая роля. Выязныя пасяджэнні пастаянных камісій, парламенцкія слуханні, круглыя сталы, семінары, канферэнцыі па заканатворчых пытаннях мы праводзім дзеля таго, каб заканадаўства было сугучнае з задачамі развіцця краіны і патрэбамі грамадства. У выніку такой пастаяннай работы ў прававую базу ўносяцца даволі істотныя і змястоўныя дапаўненні.

— Уладзімір Паўлавіч, вы маеце заканатворчыя мары?

— Я рэаліст. Мары ж у многім адарваны ад рэальнасці, таму ні ў якім разе не павінны ўвасабляцца ў законах, а значыць — у агульных правілах і стандартах. Калі гэтыя правілы і стандарты своечасова настройваць у адпаведнасці са зменамі, што адбываюцца ў краіне, то і эфектыўнасць сваёй дзейнасці парламент павышае. У такім кірунку мы і рухаемся. На сваім гаспадарчым і парламенцкім вопыце я пераканаўся, што прававыя навацыі абавязкова павінны быць рэалістычнымі і карыснымі для сферы, якая рэгулюецца, для людзей.

— На рабочай сустрэчы з вамі Прэзідэнт адзначыў, што дэпутаты цяперашняга склікання папрацавалі добра. У новым парламенце павінна быць забяспечана пераемнасць у дзейнасці. Што, на вашу думку, неабходна захаваць і развіваць?

— Называю па пунктах. Першае — адладжаны, дзейсны механізм заканатворчай работы ад нулявога чытання законапраектаў да іх прыняцця. Другое — дзелавы тонус нашых парламенцкіх абмеркаванняў і дыскусій. Трэцяе — канструктыўнае ўзаемадзеянне з экспертнай супольнасцю, суб'ектамі права заканадаўчай ініцыятывы, дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі, зацікаўленымі ў прыняцці таго ці іншага заканадаўчага акта.Чацвёртае — ініцыятыўная пазіцыя ў міжнародным і міжпарламенцкім супрацоўніцтве. Пятае — разнастайнасць формаў работы з выбаршчыкамі, грамадскасцю і сродкамі масавай інфармацыі.

— У Палаты прадстаўнікоў унікальны рэсурс публічнасці. Напэўна, ён дапамог цяперашнім 30 дэпутатам, якія балаціраваліся на парламенцкіх выбарах, атрымаць электаральную перавагу перад сваімі канкурэнтамі. Як вы мяркуеце?

— Усё залежала ад самога прэтэндэнта на дэпутацкі мандат. Калі ён мае грамадскі аўтарытэт, належную прафесійную і агульную падрыхтоўку, каб займацца заканатворчай работай, прадуманую праграму, вядомы сваімі канкрэтнымі справамі ў рэгіёне, то, думаю, гэта і дазваляе яму атрымаць давер выбаршчыкаў. Дэпутацкі вопыт — не падстава для электаральнай паблажкі, а большая адказнасць.

— Канкурэнцыя на парламенцкіх выбарах была даволі высокая — у сярэднім пяць чалавек на месца. Значыць, аўтарытэт Палаты прадстаўнікоў расце. Сярод 110 абраных дэпутатаў 21 прадстаўнік палітычных партый, але апаненты ўлады даверу большасці выбаршчыкаў не атрымалі. На вашу думку, чаму?

— Выбарчы кодэкс гарантуе партыям удзел у выбарчым працэсе, нават калі ў акрузе ў іх няма пярвічных партыйных структур. Партыі, прадстаўнікі якіх былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты, мелі магчымасць праявіць сябе на палітычным полі, весці дыялог з выбаршчыкамі, займець электаральныя сімпатыі. Аднак заканадаўча пашыраныя магчымасці партый і рухаў у самім выбарчым працэсе выкарысталі не ўсе. Прычыны нездавальняючага для іх выніку выбараў апанентам улады трэба шукаць у гэтым і ў сваёй грамадзянскай пазіцыі. У мяне склалася ўражанне, што кандыдаты ад апазіцыі імкнуцца трапіць у парламент, каб прадстаўляць там саміх сябе, забываючы, што дэпутат з'яўляецца прадстаўніком усіх выбаршчыкаў і ўпаўнаважаны абараняць іх інтарэсы і інтарэсы краіны як прадстаўнік органа дзяржаўнай улады. Нельга спрошчана падыходзіць да сур'ёзных рэчаў.

— Але ж палітычнае структураванне ў грамадстве пакуль ідзе вяла. Уяўленне пра шэраг партый у выбаршчыкаў хіба што па іх назве.

— Выбарчая пляцоўка дазваляе партыям стаць бліжэйшымі да людзей, зразумець настроі ў розных сацыяльных сегментах, а значыць — што трэба карэктаваць у сваёй пазіцыі і ў сваіх дзеяннях. Думаю, гэта вельмі важна для аўтарытэту партыі.

— Напэўна, партыі апладзіравалі б пераходу да парламенцкіх выбараў па партыйных спісах, калі б ён адбыўся.

— Пры сённяшняй замкнутасці партыйных структур на саміх сабе, а то і віртуальнасці такое рашэнне было б несвоечасовым, больш за тое, некарысным для грамадска-палітычнай стабільнасці, бо ніводная партыя яшчэ не здабыла шырокай падтрымкі ў грамадстве.

Удзел у парламенцкім выбарчым працэсе па існуючай мажарытарнай сістэме якраз дазваляе выпраўляць такое становішча, набліжацца да рэальнага жыцця і праз агітацыю за сваіх кандыдатаў у дэпутаты аказваць уплыў на самавызначэнне выбаршчыкаў. Ігнараваць гэта наўрад ці правільна, калі думаць пра будучыню партыі.

Я ўжо выказваўся пра магчымую мэтазгоднасць пераходу на мажарытарна-прапарцыянальную выбарчую сістэму праз пэўны час, калі адбудуцца рэальныя, прыкметныя для грамадскасці зрухі ў развіцці партыйнага будаўніцтва. Сёння ж падстаў для гэтага яшчэ няма.

— На вашу думку, што можа павысіць аўтарытэт партый у сучасных умовах?

— Грамадска адказная пазіцыя ва ўсіх дзеяннях. Палітыканству і легкадумным абяцанням людзі сёння не вераць. Падчас рабочых паездак у рэгіёны і ў сваю выбарчую акругу я наведваю прадпрыемствы, установы і арганізацыі, шчыра гутару з людзьмі і ведаю іх настроі, як кажуць, з першых рук.

— Што гэта дае асабіста вам?

— Рэальнае, дакладнае веданне спраў у рэгіёнах, таго, што клапоціць і хвалюе простага чалавека. Заўсёды знаходзішся на вастрыі праблем, у вырашэнні якіх патрэбны намаганні мясцовых органаў улады, дапамога дэпутата або карэкціроўка заканадаўства. Ніводную просьбу да мяне не пакідаю па-за ўвагай, трымаю на кантролі да прыняцця па ёй рашэння. Аператыўна здымаюцца многія пытанні.

— Па вашых назіраннях, Уладзімір Паўлавіч, які галоўны запыт да абноўленага парламента дамінуе ў грамадскай думцы?

— На заканадаўчым узроўні рабіць усё магчымае для захавання міру і спакою ў грамадстве. Людзі хочуць нармальна жыць і працаваць і не жадаюць узрушэнняў, якія маглі б пашкодзіць грамадска-палітычнай стабільнасці. Таму і абралі ў парламент тых, хто здольны працаваць на вырашэнне канкрэтных пытанняў, звязаных з развіццём эканомікі і сацыяльнай сферы, працаваць на дабрабыт Беларусі.

Аляксандр ФІЛІМОНАЎ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Уладзімір Андрэйчанка: Людзі хочуць нармальна жыць і працаваць і не жадаюць узрушэнняў

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.