Вы тут

Уладзіслаў Місевіч: Ніколі не позна стаць шчаслівым


Яны распісаліся ў высакосным годзе, праз дваццаць гадоў фактычнага шлюбу, — і шчаслівыя.


Вольга і Уладзіслаў Місевічы нарадзіліся хоць і ў розныя месяцы, але ў адзін дзень — 8 чысла. У іх жыцці шмат і іншых цікавых супадзенняў, а разам яны ўжо больш за трыццаць гадоў.

А сёлета ў друк выйшла кніга ўспамінаў Уладзіслава Місевіча «Песняры. Я роман с продолженьем пишу...». Здавалася б, прыхільнікі і журналісты, якія грунтоўна ў тэме, усё ведаюць пра гісторыю «Песняроў». Але ж растыражавана і шмат таго, што не адпавядае рэчаіснасці... Цяпер жа вядома з першых вуснаў, як гэта было. Мабыць, мая любімая частка — тая, у якой Уладзіслаў Місевіч апавядае пра сваё пасляваеннае дзяцінства, гісторыю сваёй сям'і, сабраную па крупінках, і асабістае жыццё. Паляк па пашпарце, у пэўны перыяд жыцця Уладзіслаў Людвігавіч разважаў: хто ён? Паляк, савецкі чалавек, на чвэрць беларус, бо і тут была радня? У перыяд, калі «краіна і ансамбль, якія мне ўсё далі, адначасова руйнаваліся», ён усё-ткі ніяк не мог зразумець для сябе, кім стане за межамі Беларусі, і таму «адусюль у лічаныя дні зрываўся ў Мінск». Хоць была магчымасць застацца і ў Маскве, і ў Нью-Джэрсі. Знаёмства з Вольгай паставіла кропку ў «роздумах, хто я і дзе мне жыць».

А вось як аб гэтым успамінае Вольга:

— Пазнаёміліся мы выпадкова. Забегла да сваёй сяброўкі, што называецца, у тапачках. А там яе кавалер са сваім сябрам. Я, вядома, чула «Песняроў», але Улада не пазнала. Калі сказалі, што гэта «пясняр», захаплення навіна ў мяне не выклікала. Прыгадала, колькі размоў хадзіла ў горадзе пра іншых артыстаў калектыву: той сустракаецца з адной, той расстаўся з другой... Мінск у 1987 годзе быў не такі ўжо вялікі горад, чуткі і плёткі хутка разыходзіліся. Праўда, пра Улада нічога такога не расказвалі, відаць, усе яго прыгоды здараліся на гастролях. А ў гасцях у сяброўкі мы з ім пагутарылі, і нешта мяне зачапіла. Думала, ненадоўга, а аказалася — на ўсё астатняе жыццё.

— Да сустрэчы ў вас абаіх ужо быў вопыт сямейнага жыцця...

— Да таго моманту я чатыры гады была ў разводзе, майму сыну Дзіму споўнілася шэсць гадоў. Улад тады таксама пару гадоў як разышоўся з жонкай. У яго ёсць дачка Караліна ад першага шлюбу. Нашы дзеці нарадзіліся ў адзін дзень — 24 жніўня, але з розніцай у 10 гадоў.

— Праз колькі часу пасля знаёмства згулялі вяселле?

У. М. — Праз дваццаць гадоў распісаліся. Трэба сказаць, вельмі многіх здзівілі, бо ўсе былі ўпэўненыя, што мы даўно ў афіцыйным шлюбе. Пра адсутнасць штампаў у пашпарце ведалі толькі вельмі блізкія людзі. Вяселля ў нас не было. Калі першы раз ажаніўся, спраўляў вяселле, і чым гэта скончылася? Адно добра: пазычыў у бабулі 200 рублёў на застолле, яна сказала, што давядзецца дажыць да таго часу, калі змагу аддаць. І дачакалася!

В. М. — Толькі Місевіч мог выбраць такі дзень — 29 лютага. Улад ехаў з калектывам з Масквы ў Брэст, выйшаў з цягніка ў Мінску, каб зайсці ў загс. Затым мы на машыне даганялі гурт, бо ў Брэсце быў канцэрт. З Брэста паехалі ў Віцебск — такое вось своеасаблівае вясельнае падарожжа. А «Беларускія песняры» выступалі і не ведалі, што пэўным чынам спяваюць на вяселлі.

— Вольга, не бянтэжыў вас усе гэтыя гады статус нявесты?

— Абсалютна не бянтэжыла адсутнасць штампа ў пашпарце. Для мяне значна важней, што адчувала я сябе замужам за каханым і надзейным чалавекам.

— А як у вас складваюцца адносіны з Каралінай?

— Дзеці заўсёды цяжка перажываюць развод бацькоў і раўнуюць да новых другіх палавінак. Караліна ставілася да мяне халаднавата. Я разумела яе пачуцці. Так атрымалася, што 15 гадоў пасля разводу Улад не размаўляў са сваёй былой жонкай Таццянай. Караліну гэта зусім не радавала. Ды і я лічыла, што з боку Улада гэта ўжо перабор, але ён упарты. З часам у мяне з Каралінай склаліся добрыя адносіны. Рада, што і нашы дзеці даўно сябруюць, Дзіма тэлефануе ёй і кажа: «Прывітанне, сястрычка».

Та­кі­мі яны па­зна­ё­мі­лі­ся.

— Уладзіслаў, ці хутка вы знайшлі агульную мову з Дзімам?

— Не скажу, што ўсё было бясхмарна, пару разоў сур'ёзна канфліктавалі. Калі Дзіма скончыў школу, мы з Оляй, напэўна, як большасць бацькоў, выбралі інстытут, вырашылі, што юрыст — добрая прафесія для хлопца. Дзіма хутка зразумеў, што гэта не яго прызванне, і пайшоў служыць у войска. За абодва гэтыя ўчынкі паважаю сына. У арміі ён трапіў у ракетныя войскі, атрымаў правы прафесійнага кіроўцы. Пасля службы мы, зноў жа, думалі, што сыну неабходны дыплом, а Дзіма пайшоў працаваць на СТО, і вось гэта сапраўды яго справа, ён проста фанат аўтамабіляў. У майго цесця — залатыя рукі, ён мог змайстраваць усё што заўгодна. А Дзіма ў дзяцінстве часта круціўся каля дзеда, вось і адбілася спадчыннасць. Мне асабліва даспадобы, калі мае сябры адзначаюць, што Дзіма — выдатны майстар і прыемны ў зносінах чалавек. Для мяне Дзіма не толькі сын, але і сябар.

— А чым займаецца Караліна?

— Дачка скончыла харэаграфічнае вучылішча і спачатку выкладала ў школе рытміку, а сярод яе вучняў быў малодшы сын Мулявіна — Валера. Затым Караліна нейкі час працавала актрысай у прыватным драматычным тэатры. У пачатку 90-х усе імкнуліся паехаць працаваць за мяжу. Неяк дачка сказала, што ёсць магчымасць з'ехаць у Польшчу. Прызнаюся, падняў усе знаёмствы, каб пераканацца, што гаворка сапраўды пра танцавальны калектыў, ніякага падману. Тады са спакойнай душой адпусціў яе. З тых часоў яна жыве за мяжой. Танцавала ў Польшчы, Германіі, потым выйшла замуж за англічаніна. У дачкі выявіўся талент да замежных моў. Цяпер яна валодае польскай, нямецкай і англійскай. Ужо шмат гадоў жыве ў Англіі, даволі паспяхова займаецца рыэлтарскай дзейнасцю. Унуку Майклу Чарльзу 20 гадоў, ён студэнт... На жаль, з дачкой я меў зносіны не так шмат, як хацелася б. Калі яна ўжо жыла за мяжой, у мяне былі складаныя перыяды з фінансавага пункту гледжання, нават патэлефанаваць лішні раз не мог, не кажучы пра тое, каб з'ездзіць да яе. Цяпер, на шчасце, можам кантактаваць хоць штодня. Яна з сям'ёй прыязджала ў Беларусь, і мы не раз гасцявалі ў яе.

— Вольга, наколькі шыкоўнае было жыццё жонкі «песняра»?

— Першыя пяць гадоў нашага сумеснага жыцця былі не такія ўжо лёгкія. «Песняры» тады перажывалі не самы лепшы перыяд. Ва Улада ў калектыве была дадатковая нагрузка: адказваў за дысцыпліну, займаўся адміністрацыйнымі пытаннямі. Прыязджаў з гастроляў: бяссоніца, лекары. Тады «Песняроў» маглі закінуць на тры месяцы на гастролі ў Афрыку. Уражанняў, вядома, мора, а вось грошы артысты зараблялі ў асноўным для дзяржавы, а самі атрымлівалі сутачныя. Так што асаблівай раскошы не было.

— У 1992 годзе Уладзіслаў сышоў з «Песняроў» і заняўся бізнесам. Як тады змянілася ваша жыццё?

— Не вельмі яму падабалася гэта роля. Асабліва перажываў, калі яго называлі «былым «песняром». Што датычыцца грошай, то не так ужо і шмат іх было, раз-пораз нават даводзілася спрашчаць меню. Часам, мой заробак інжынера перавышаў даходы Улада. У бізнес жа трэба ўкладваць вялікую частку заробленага. Ведаеце, Улад сыходзіў на работу ў восем раніцы, прыходзіў у пяць вечара. Здавалася б, мне трэба радавацца. Але я бачыла: бізнес — гэта не для яго. Ён гэта робіць, таму што трэба ўтрымліваць сям'ю. Вочы ў яго не гарэлі... Яго — гэта музыка. Таму не дзіўна, што як толькі з'явіўся пэўны прыбытак, Уладзіслаў разам з партнёрамі заснаваў дабрачынны фонд. Пяць навучэнцаў і пяць выкладчыкаў музычнага каледжа пры Акадэміі музыкі атрымлівалі стыпендыі.

У. М. — У той час рэктарам Акадэміі музыкі быў Міхаіл Казінец, і з ім таксама наладзілі супрацоўніцтва: заахвочвалі студэнтаў, якія перамаглі ў конкурсах, імкнуліся дапамагчы і настаўнікам-пенсіянерам. Для мяне гэта была аддушына, я адчуваў сябе патрэбным для музыкантаў.

Зле­ва на­пра­ва, уні­зе: сяст­ра Воль­гі Тац­ця­на, ня­вест­ка Воль­га, Але­на Дзміт­ры­еў­на, увер­се: Воль­га, Дзі­ма і Ула­дзі­слаў.

— А як вы, Вольга, успрынялі той факт, што Уладзіслаў вяртаецца ў «Песняры»?

— Я радавалася. А Улад!.. Вы б яго тады бачылі: вочы гараць, чалавек ажыў, колькі энергіі! Для мужчыны вельмі важна займацца любімай справай. Праз год ужо ўтварыліся «Беларускія песняры», і гэта быў вельмі добры перыяд у жыцці.

У. М. — У 1998 годзе мы думалі, што «Беларускія песняры» пражывуць гадоў пяць. Але ўжо адзначылі дваццацігоддзе. Усе гэтыя гады працуем у стабільным складзе. Галоўнае, што мы не забранзавелі, а ўвесь час шукаем нешта новае, імкнёмся зрабіць лепш і цікавей. Ды і з пункту гледжання заробку гэта быў удалы час. Толькі адзін штрых: у «Беларускіх песнярах» мы ўпершыню адправіліся за мяжу ў адпачынак, а не на гастролі.

— Уладзіслаў, у сваёй кнізе вы адзначалі, што да разбурэння першага шлюбу «прыклалі руку» і бацькі жонкі. А як бацькі Вольгі вас прынялі?

— Кажуць, калі хочаш даведацца, якая будзе твая жонка праз 20—30 гадоў, пазнаёмся з цешчай. Дык вось, калі ўбачыў Алену Дзмітрыеўну, канчаткова зразумеў, што Вольгу нельга адпускаць.

В. М. — Памятаеце, быў тэлеканцэрт «Беларускіх песняроў», прысвечаны 8 сакавіка? У ім удзельнічала і мая мама. Уладзік, трымаючы яе пад руку, віншаваў усіх цешчаў са святам. Наогул, ён любіць часам пахваліцца: «А цешча ў мяне, між іншым, Герой сацыялістычнай працы».

— Колькі ў вас на дваіх унукаў?

В. М. — Чацвёра! Дзіма доўга не жаніўся, і мы нават на яго трохі насядалі, што хочацца ўнукаў. Так склалася, што сын ажаніўся са сваім першым каханнем, маёй цёзкай. Па маладосці яны рассталіся, а праз 15 гадоў, як аказалася, пачуцці нікуды не сышлі. Оля да таго часу разышлася з мужам, у яе двое сыноў. Тры гады таму ў іх нарадзілася дачушка Каця. Вядома, у сыноў Олі ёсць родныя дзядулі і бабулі, але цяпер яны і нашы ўнукі таксама.

— Уладзіслаў, якую параду вы сённяшні, 74-гадовы, маглі б даць сабе 24-гадоваму?

— Нічога ніколі не позна. Канчаткова я сышоў з «Песняроў» у 1998 годзе, ва ўзросце 53 гадоў. Валерый Дайнека і Ігар Пеня маладзейшыя за мяне, але таксама былі ў тым узросце, калі калегі ў асноўным сыходзілі з эстрады. Мы працуем ужо 21 год у стабільным складзе, і даволі паспяхова. У асабістым жыцці тым больш ніколі не позна стаць шчаслівым чалавекам.

Аксана ЯНОЎСКАЯ, фота з асабістага архіва Уладзіслава Місевіча


З кнігі Уладзіслава Місевіча «Песняры. Я роман с продолженьем пишу...»

Жыллё прапанавалі мне і Шурыку Дзямешку — ужо сямейным і з дзецьмі. Мала таго, што бясплатна, дык яшчэ і з варыянтамі: нават тады гэта здавалася чымсьці немагчымым, асабліва пасля казармы і інтэрната. Хочаш, бяры ў цэнтры двухпакаёвую кватэру ў доме за оперным тэатрам, хочаш — у новым фондзе каля знакамітага Камароўскага рынку. Вядома, прасторная кватэра была ў цагляным доме каля тэатра, але старая, і прыводзіць яе ў парадак давялося б не адзін месяц. А каля Камароўкі — чысціня: новы дом, пяты паверх, шпалеры, фарба. Так і выбралі з жонкай аднадушна. Праўда, цяпер здаецца, што ўзровень мыслення ў нас быў яшчэ той: каб блішчэла і базар быў побач.

*  *  *

Бо што было ў мяне тут? Развёўся. Некалькі бязмэтных гадоў піў у інтэрнаце, а краіна і ансамбль, якія мне ўсё далі, адначасова разбураліся. Нават дзіўна, што пасля чарговых гастроляў патэлефанаваў сябру — журналісту і спартсмену Толю Літвінскаму: «Што, — пытаюся, — ёсць нармальныя дзяўчаты ў Мінску яшчэ?» — і павёў мяне Толя ў адну тэатральную сям'ю. Праўда, да тэатра мяне не пацягнула, калі ўбачыў суседку сямейства. Гэта была Вольга, мая будучая жонка, любімая Птушка. Яна і паставіла кропку ў маіх роздумах, хто я і дзе мне жыць.

*  *  *

Праўда, на сямейным жыцці такія перамены ніяк не адбіліся, да гонару маёй дарагой жонкі Вольгі. Яшчэ раней, калі канцэртаў было зусім мала, а заробкі ніякія, калі я маліўся на сваю пенсію, каб кудысьці выскачыць з замкнёнага кола «Песняроў», — ні адной прэтэнзіі, ні слова незадаволенасці. Да таго ж на тым ярка выражаным этапе спаду была падтрымка цешчы і цесця, Вольгіных сясцёр. І так да сённяшняга дня, толькі Анатоля Лаўрэнцьевіча ўжо не стала.

*  *  *

Што ў жыцці з'явілася з Птушкай? Сям'я — такая, як я хачу (нарэшце!). Ёсць адна фатаграфія, дзе мы з Оляй, яшчэ маленькі Мос (так Дзіму называю дома), Караліна прыехала. Я на гэты здымак у рамцы заўсёды глядзеў і думаў: вось і сям'я, з'явілася тое, чаго не хапала ў жыцці, тое, што было ў маіх бацькоў. Бо амаль усё маё жыццё прайшло спачатку ў казарме, у інтэрнаце, потым у калектыве. І жонка была, а сям'і не было. Цяпер усё ёсць, цяпер усё ў парадку.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Конкурс прафесiйнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 прайшоў у Мiнску

Конкурс прафесiйнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 прайшоў у Мiнску

Конкурс прафесiйнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 прайшоў у Мiнску ў Індустрыяльным парка «Вялiкi камень» з грандыёзным размахам. 

Культура

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга Аляксандра Радзькова «Мой фiзмат»

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга Аляксандра Радзькова «Мой фiзмат»

Пра калег — настаўнiкаў, старэйшых таварышаў, паплечнiкаў распавядае доктар педагагiчных навук, прафесар матэматыкi, заслужаны дзеяч навукi Рэспублiкi Беларусь.

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.