Вы тут

Мамін дзённік. Малы і яшчэ меншыя


Кажуць, калі ў сям'і, дзе падрастае дзіця, жыве нейкая жывёліна, то імунітэт у маленькага чалавечка мацнее. А таму і хварэць ён будзе радзей, чым яго равеснікі, якія бачаць катоў ці сабак у найлепшым выпадку толькі на вуліцы. Логіка ў гэтым ёсць. Дзіця знаходзіцца ў пастаянным кантакце з катом ці з сабакам, на поўсці, кіпцюрах, языку якіх заўжды хапае мікробаў. Імунітэт з маленства, такім чынам, да іх прызвычайваецца, а таму спакойна рэагуе на тыя ж бактэрыі, калі сустракае іх у іншым асяроддзі.


У маіх бацькоў, дзе мы з Арцёмкам пакуль праводзім большасць часу, жывёлы звяліся. Колькі сябе памятаю, у нас заўжды жылі каты, а апошнім часам нават па два. Я іх карміла, мыла, адпойвала з піпеткі, калі кацячая маці не хацела клапаціцца пра малых, выводзіла блох, лячыла, аплаквала іх заўчасную смерць і нават ладзіла «пахаванні». Апошняга ката Тошу, ужо вельмі старога і хворага, мой бацька адвёз у лес, калі той чарговы раз прынёс дахаты кляшча, якога акурат знайшоў Цёмік...

Я не супраць завесці новага гадаванца, але ў мэтах яго бяспекі давядзецца, відаць, пачакаць. Свякроўчыну кошку Арцёмка да таго заганяў, што тая, як толькі малы на парог, шукае, дзе схавацца. Варыянтаў няшмат, бо і на падваконніках, і пад сталом, і на трэльяжы Цёмік дастане... пластыкавай доўгай лыжкай для абутку.

Думала, што да маленькіх кацянят будзе іншае стаўленне (нават сур'ёзныя мужчыны часам млеюць, калі дакранаюцца да невялічкіх пухнатых камячкоў). Выпадкова трапілі на такога, рудога з белым, у горадзе каля шматпавярховіка. Нават не чакала, што рыдлёўка, з якой малы гуляе ў пяску, паляціць у гэтую безабаронную істоту. Я ўжо прызвычаілася, калі Цёмка цягае нічыйных катоў за хвасты, а тут не стрымалася, заступілася за камячка — лямант стаяў на ўвесь двор.

Насамрэч Арцёмка любіць жывёл. Падчас прагулкі з дзедам яны ніколі не абмінуць агароджу, за якой брэша суседскі Пушок. Малы абавязкова паганяе курачак і качак, захопіцца птушкамі, якіх, як яму, напэўна, здаецца, ён вось-вось ды зловіць.

Найбольш Цёмік сябруе з сабакамі — нездарма ў год гэтага гадаванца нарадзіўся. Пакуль навучыўся адрозніваць жывёл, усіх называў «га-га». Дагэтуль спіць з цацачным сабачкам — іх у яго ажно чатыры. То калыша іх у шэзлонгу, прыпяваючы «аа-аа», то возіць па чарзе ці запар у сваіх машынах. Дарэчы, да мяккіх цацак інтарэс у малога з'явіўся не так даўно. Працяглы час ён іх нават не заўважаў, а цяпер і спаць кладзе, і корміць, і пераносіць з пакоя ў пакой. А нядаўна, пакуль пілі гарбату ў гасцях, Цёмік незаўважна знік. Праз некалькі хвілін у кухні пачалі з'яўляцца плюшавыя мядзведзі (відаць, Арцёмка вырашыў, што ім таксама варта падсілкавацца).

Адным словам, як і большасць дзяцей, рана ці позна Цёмік папросіць нас набыць яму чатырохногага сябра. Я хачу спадзявацца, што гэта будзе не сабака (зусім не таму, што я іх не люблю, проста ў горадзе гэтым свабодалюбівым жывёлкам вельмі цесна). Шчыра сказаць, пакуль і на коціка не згодная. Можа, пачнём з хамячка ці марской свінні? Дарэчы, трэба паказаць Цёмку рыбак — а раптам спадабаюцца?!

Вераніка КАНЮТА

Прэв'ю: mardentro.ru

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.