Вы тут

У Мінску адкрылася выстава «Пабла Пікаса. Параграфы»


26 лістапада аматары мастацтва сабраліся ў выставачнай зале LIBRA, каб падзівіцца на працы вялікага іспанскага і французскага творцы Пабла Пікаса.


Як распавёў куратар выставы Дзяніс Барсукоў, 61 аўтарская літаграфія з прыватных калекцый Германіі, Францыі, Бельгіі прадстаўлена для прагляду. Нягледзячы на невялікую залу, арганізатары здолелі размясціць іх у патрэбным парадку, па «параграфам жыцця», стараючыся адлюстраваць амаль увесь творчы шлях Пабла Пікаса.

Тут можна вывучыць ранні перыяд, калі мастак працаваў у жанры імпрэсіянізму і постімпрэсіянізму. На карцінах — яркае і рамантычнае жыццё двух гарадоў, Барселоны і Парыжа, у якіх жыў і тварыў мастак.

Серыя прываблівае закаханых, якія сярод карцін могуць знайсці і сябе. На фота пара паўтарае знакаміты твор (на заднім плане).

Побач прадстаўлены і «блакітны» перыяд Пікаса, напоўнены горам, пачуццём адзіноты і тугі па сябру Карласу Касагемасу, які скончыў жыццё самагубствам. Карціны прыцягваюць увагу глыбокімі шэрымі, зялёнымі, сінімі колерамі. Цяпер у творчасці часта сустракаюцца выявы адзінокіх жанчын і мужчын, маці з дзецьмі, вар’ятаў, старых.

Дзяніс Барсукоў адзначыў, што менавіта гэта серыя адлюстроўвае, што Пікаса мог пісаць як Рафаэль. А вось маляваць, як дзеці, вучыўся ўсё жыццё (так казаў сам мастак).

Вядома, што знакаміты іспанец быў донжуанам. Ён любіў жанчын, а яны маглі пайсці дзеля яго на ўсё (некаторыя нават на самагубства). Незлічоная колькасць карцін прысвечана цудоўным каханкам. На карцінах можна ўбачыць як прывабныя твары, так і дзіўныя сюррэалістычныя зломы, якія толькі нагадваюць чалавека.

Пабла мог маляваць, як усе. Аднак менавіта незразумелыя, дзіўныя карціны прынеслі яму славу і багацце. На малюнкі, створаныя ў кірунку кубізму і сюррэалізму, здаецца, можна глядзець бясконца, імкнучыся разгадаць таямнічы сэнс геаметрыі.

Знайсці на экспазіцыі можна і эскізы да самага знакамітага манументальнага палатна «Герніка». З ёй звязана балючая гісторыя. Вострая сацыяльна-палітычная карціна адлюстроўвае напад фашысцкай авіяцыі на іспанскае мястэчка Герніка ў 1937 годзе. Падзея не магла не ўразіць Пікаса, таму за 30 дзён ён напісаў безліч эскізаў і прапрацаваў усе дэталі .У 1940 годзе, праз некаторы час пасля ўступлення нямецкіх войскаў у Парыж, да Пабла Пікаса прыйшлі з гестапа. На стале мастака знаходзіліся паштоўкі з рэпрадукцыяй «Герніка». «Гэта вы зрабілі?» — спыталі немцы ў творцы. «Не, — адказаў ён, — гэта зрабілі вы!» - адказаў іспанец.

Прываблівае наведвальнікаў і позняя пасляваенная творчасць мастака, якая прадстаўлена серыяй «Торас і Тарэрас». У той перыяд мастак захапляўся карыдай, боем быкоў.

Напрыканцы жыцця Пікаса стаў займацца і керамікай. Каля 20 яго прац былі прадастаўлены Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі, якія падаравала Надзея Хадасевіч-Лежэ. Менавіта да гэтых вырабаў прыклаў руку сам майстар. Кошт некаторых ваз складае 70 тыс. долараў, блюд — 50 тыс. долараў. Уся калекцыя ацэньваецца амаль у 300 тыс. долараў.

Адметна, што прыемнымі суседзямі да твораў Пабла Пікаса сталі працы беларускіх майстроў — Паўла Вайніцкага, Міхаіла Інькова, Дзмітрыя Аганава, Аляксандра Сакалова, Алены Цыбульскай. На іх творчасць і мысленне калісьці паўплываў выбітны дзеяч мастацтва. «Наведвальнікі на ўласныя вочы могуць ўпэўніцца, што беларускія майстры нічым не ўступаюць замежным» - адзначылі арганізатары.

Праца беларускіх майстроў.

Выстава будзе працаваць да 26 студзеня ў выставачнай зале LIBRA (пр-т Незалежнасці, 37).


Пабла Пікаса — іспанскі жывапісец, заснавальнік накірунку, які крытыкі назвалі «кубізм», а таксама скульптар, графік, тэатральны мастак, кераміст і дызайнер. Яго называюць адным з самых знакамітых мастакоў, які вызначыў характар і шляхі развіцця сусветнага мастацтва ХХ стагоддзя.

Цікавыя факты:

  1. Пікаса ці Пікасо? Колькі б ні спрачаліся ў пэўных колах, але на выставе дакладна абазначылі: можна выкарыстоўваць два варыянты вымаўлення. Першы — на іспанскі манер, другі — на французскі.
  2. Імя мастака складаецца з 23 слоў (Пабла Дыега Хасэ Франсіска дэ Паула Хуан Непамусена Марыя дэ лос Рэмедыёс Сіпрыяно дэ ла Сантісіма Трынідад Марцір Патрысіа Руіс і Пікаса).
  3. Па легендзе, першым словам Пікаса было «piz, piz», скарочанае ад lápis, што ў перакладзе з іспанскага азначае «аловак».
  4. Згодна з Кнігай рэкордаў Гінеса 1998 года, Пікаса з’яўляецца адным з самых пладавітых мастакоў у свеце. За сваю 78-гадовую кар’еру ён стварыў больш за 13 500 карцін, за 100 000 гравюр, 34 000 кніжных ілюстрацый, 300 керамічных і скульптурных работ — усяго больш за 147 800 твораў мастацтва.
  5. Паводле экспертных ацэнак, Пікаса — самы «дарагі» мастак у свеце: у 2008 годзе аб’ём толькі афіцыйных продажаў яго прац склаў 262 млн долараў.

На выставе можна даведацца пра розныя этапы жыцця Пікаса па фотаздымках.

Наведвальнікі зацікавіліся і жывой музыкай. Гітарыст выконваў кампазіцыі з іспанскімі матывамі.

Юлія АДАМОВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?