Вы тут

У Гродне трэці раз прайшоў брэндавы фестываль аматараў воўны


Ці сумяшчальны лямец і мода? Аказваецца, так, бо сёння з'явілася шмат новых тэхналогій, якія робяць гэты матэрыял вельмі актуальным, а самае галоўнае, бязмерна прыгожым. У гэтым можна было пераканацца падчас паказу арыгінальных калекцый гродзенскіх майстроў на свяце «Шэрсцяваль».


Пакуль вялікага пашырэння гэты кірунак не мае, але тыя ці іншыя валеныя вырабы сустракаюцца ўсё часцей. Гэта не проста валёнкі ці нейкія цёплыя камізэлькі, як было раней, — цяпер тэхніка ўдасканальваецца і робіцца больш разнастайнай. Таму вырабы атрымліваюцца новыя і сучасныя. Напрыклад, вельмі добра сумяшчаюцца паміж сабой лямец і шоўк. У калекцыі Марыі Волкавай амаль усе рэчы выкананы ў такім спалучэнні.

— Я аддаю перавагу менавіта гэтаму кірунку, бо воўна і шоўк добра сябруюць, — кажа майстрыха. — Таму ў маёй калекцыі, якая так і называецца «Сумяшчальнасць», вырабы ламінаваныя шоўкам, які звонку выглядае як марля. У кардыганах палатно не суцэльнае, а з квадратнымі дзіркамі, яно і прыгожае, і цёплае.

Алена Ражанкевіч стварае ў асноўным вялікія вырабы — паліто, сукенкі. Усе яны выкананы ў адзінкавым экзэмпляры. Аўтар кажа, што не любіць паўтарацца, ёй нецікава рабіць яшчэ адзін такі самы выраб, таму ў адзенні ад Ражанкевіч можна быць упэўненым, што другой такой рэчы не існуе наогул. Напрыклад, на адну доўгую сукенку з вельмі яскравым арнаментам у майстрыхі пайшло 20 метраў шоўку. Матэрыял прывозяць з Узбекістана. І шоўк павінен быць абавязкова натуральны, інакш палатно не будзе мець такой гнуткасці. Некаторыя рэчы, напрыклад доўгую сукенку, можна надзяваць на два бакі, што робіць іх яшчэ больш прывабнымі. Сама жанчына носіць у асноўным уласныя рэчы, якія лічыць другой скурай — яны такія ж цёплыя і далікатныя. Таму і сваю калекцыю назвала адпаведна «Для сябе, любай». Уразіў лёгкі паланцін, аснову якога склала рознай формы лісце. Вядома, не кожны можа дазволіць сабе перайсці на эксклюзіўнае адзенне, але мець адну ці некалькі такіх рэчаў сапраўды прыемна, бо яны і прыгожыя, і экалагічныя, і валодаюць неверагодна станоўчай энергетыкай.

Мадэлі прадэманстравалі навучэнкі каледжа тэхналогіі і дызайну. Будучыя дызайнеры, удзельніцы народнага тэатра моды «Маладосць» Вольга і Дар'я лічаць, што такія сукенкі, паланціны, жакеты можна насіць як штодзённа, так і на розныя імпрэзы. На іх і вока адпачывае, і душа. А будучым мадэльерам ёсць чаму павучыцца.

— Свята валення воўны праходзіць трэці раз, — кажа дырэктар Цэнтра «Спадчына» Марына Чыкун. — Гэта стала брэндавай імпрэзай, да якой мы стараемся далучыць як мага больш майстроў. Калекцыі атрымліваюцца разнастайныя, бо кожны мае сваю тэхніку, свой творчы падыход. Напрыклад, цяпер вельмі папулярны нунафелтынг, калі шэрсць спалучаецца з іншай тканінай — шоўкам, марляй. З новымі тэхнікамі ёсць магчымасць здзіўляць свет і арыгінальнымі творамі.

У Цэнтры «Спадчына» модны паказ спалучылі з майстар-класам. Па словах вопытных майстроў, валенне — працэс нескладаны, навучыцца можа бадай што кожны. Галоўнае — асвоіць тэхніку. Пенсіянерка Ірына Пятроўна, хоць і пачатковец у рамястве, ужо зрабіла сабе пацеркі і зараз дэманструе працэс стварэння паланціна. Ён будзе ў палоску з некалькіх колераў — жоўтага, шэрага і зялёнага. Для гэтага раскладзеная адпаведна воўна скручваецца з доўгай палімернай стужкай, змочваецца мыльным растворам (які будзе потым змыты) і валіцца. Гэта працэс працяглы і займае не менш за дзве гадзіны.

— Я займаюся на курсах некалькі месяцаў, — расказвае Ірына Пятроўна. — А прыйшла, каб дома не сядзець, бо вельмі самотна бывае.

Дарэчы, жанчына асвоіла і тэхніку пляцення з папяровых трубачак. Спляла кошык для бялізны ў ванны пакой. Некаторыя нават палічылі, што ён з крамы. Для пенсіянера такія навыкі — добрая дапамога бюджэту, усміхаецца майстрыха.

Для чалавека з інваліднасцю такое рамяство — таксама пэўная падтрымка ў жыцці. Іна па прафесіі праекціроўшчык, але, атрымаўшы інваліднасць, не працуе. У Цэнтр рамёстваў прыйшла выпадкова, а цяпер у ліку найлепшых вучаніц. Напачатку зрабіла пацеркі і падаравала сяброўцы. Тая захацела яшчэ і шалік.

— Я яго рабіла ажурным на нітачнай аснове. Раскладвала ўзорам ніткі, зверху воўну і ўсё гэта валіла, — расказвае Іна. — Тэхніка мокрага валення аднолькавая ва ўсіх рэчаў, розніца — у дэкоры, выкрайцы. Бывае, што дробны ўзор «плыве», тады яго трэба набіваць «сухім» спосабам, звычайна іголкамі. Такім чынам можна зрабіць і ёлачныя цацкі, нейкія ўпрыгажэнні, нават нанесці малюнак на вязаныя вырабы.

Вельмі важна, лічыць Іна, каб чалавек быў чымсьці заняты. А пры такім прыгожым, а часам і нечаканым выніку гэты занятак двойчы прыемны.

Маргарыта Ушкевіч, фота аўтара

Загаловак у газеце: Прыгожа, цёпла і ўтульна

Выбар рэдакцыі

Культура

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Пышныя альбомы, выдадзеныя Дзянісам Раманюком, з задавальненнем трымаюць у хатніх бібліятэках як беларусы, бо адчуваюць гонар за краіну, так і замежнікі, бо невядомую культуру даследуюць праз высакакласны кніжны твор.

Спорт

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барысаўчанін са шматдзетнай сям'і стаў чэмпіёнам кантынента.

Грамадства

«Прэферэнцыі, якія атрымалі вайскоўцы, абумоўлены выказанымі імі думкамі»

«Прэферэнцыі, якія атрымалі вайскоўцы, абумоўлены выказанымі імі думкамі»

«Армія — школа мужнасці, грамадзянскасці і патрыятызму». Паводле сацыялагічнага апытання, з гэтым сцвярджэннем згодны 86 п

Культура

Хто спявае па-беларуску?

Хто спявае па-беларуску?

Адмысловы плэйліст “Звязды” да Дня роднай мовы.