Вы тут

Як у Беларусі шукаюць зніклых людзей


Кожны з нас хоць раз, але бачыў на прыпынках ці дошках аб'яў арыенціроўкі. Як правіла, там змешчаны фота, асаблівыя прыкметы і пэўная інфармацыя пра тых, хто знік без вестак, — прыкладны ўзрост, калі апошні раз выходзіў на сувязь, у што быў апрануты і гэтак далей... Але як часта знікаюць людзі ў нашай краіне? Пра гэта «Звязда» распытала старшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах аддзела арганізацыі вышуковай работы галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Беларусі Сяргея Куляшова.


— Колькасць заяў аб людзях, якія зніклі без вестак, пакрысе, але скарачаецца. Напрыклад, летась за дзевяць месяцаў мы зарэгістравалі каля 6400 такіх зваротаў. Сёлета іх было ўжо менш за шэсць тысяч.

На ўсе такія факты міліцыянеры рэагуюць неадкладна.

Але істотная частка такіх сітуацый трывіяльная і не мае пад сабой нейкага крымінальнага падтэксту. Напрыклад, пасварыліся муж з жонкай. Муж сышоў з дома і пайшоў да сябра. Калі жарсці супакойваюцца, жанчына пачынае званіць на мабільнік свайму сужэнцу. Той у гэты час сядзіць у сябра і не падымае тэлефон, бо ў памяці яшчэ вельмі свежыя ўспаміны пра скандал. Начаваць дадому ён не вяртаецца. Першая ж думка ў такой сітуацыі якая? З мужам нешта здарылася. Жанчына кідаецца пісаць заяву. Мы яе прымаем, пасля спрабуем звязацца з мужчынам самі. Бачачы незнаёмы нумар, ён трубку здымае — і дазнаецца, што яго ўжо шукае міліцыя.

«Дакументальны» механізм пошуку людзей просты. Спачатку ў органы ўнутраных спраў прыходзіць грамадзянін з адпаведным зваротам. Ад гэтага моманту пачынаюць адлічвацца дзесяць сутак, падчас якіх міліцыя шукае чалавека. Далей усё залежыць ад вынікаў работы. Калі чалавек знайшоўся, то выносіцца рашэнне аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы. У адваротным жа выпадку гэтая заява разам з сабранымі матэрыяламі перадаецца ў падраздзяленні Следчага камітэта. Там заводзіцца справа па факце знікнення без вестак. Міліцыя, у сваю чаргу, заводзіць вышуковую справу і таксама працягвае шукаць чалавека.

— Летась 6357 заяў скончыліся аб'яўленнем у вышук 667 чалавек. Гэта калі мы не змаглі высветліць іх месцазнаходжанне за дзесяць дзён, — працягвае суразмоўца. — У сваю чаргу, 230 мы адшукаць не змаглі. Увогуле мы знаходзім каля 96 % людзей. Але гэта не азначае таго, што астатнія 4 % прапалі назусім. Частка з іх можа з'явіцца і праз некалькі гадоў. Напрыклад, летась мы сутыкнуліся з такім выпадкам. Яшчэ ў канцы 90-х гадоў адна жанчына выехала ў Польшчу на заробкі. Тэрмін дзеяння пашпарта неўзабаве скончыўся, але мяняць дакумент жанчына і не падумала. На нелегальным становішчы яна там жыла больш за 15 гадоў. За гэты час яе ў Беларусі, натуральна, аб'явілі ў вышук. Былі думкі, што ўжо і не знойдзем... І вось жанчына перасякае граніцу са старым нядзейсным пашпартам. Ёй і паведамілі пра тое, што яе тут ужо вельмі даўно шукаюць.

Прыблізна дзясятая частка зніклых людзей — гэта непаўналетнія. Часта сітуацыя разгортваецца па наступным сцэнарыі. Малы ідзе дадому са школы, заходзіць да сябра. Трубку не здымае — бацькі думаюць, што з ім нешта здарылася. А ўвечары малы з'яўляецца на парозе кватэры як нічога ніякага.

— У «паслужным спісе» некаторых падлеткаў — безліч сыходаў. Вось, напрыклад, у Салігорску была аб'яўлена ў вышук дзяўчына 2002 года нараджэння. Праз некалькі дзён прыйшло паведамленне аб тым, што яна знаходзіцца ў невялікім гарадку Рудня, што месціцца... у Смаленскай вобласці Расіі. Як вам такі «гамбіт»? У кастрычніку яе прывезлі адтуль назад у Салігорск. Дзяўчына пераначавала і... на наступны дзень зноў знікла. Маці дзяўчыны пазбаўлена бацькоўскіх правоў, сама непаўналетняя прызнана сіратой. Яна знаходзіцца на папячэнні ў адным з ліцэяў.

Зусім нядаўна ў Чашніках шукалі 14-гадовую дзяўчыну. Была інфармацыя, што яна збегла з дома разам са сваім маладым чалавекам, грамадзянінам Расіі. Пасля аказалася, што юная Джульета разам з Рамэа жылі ў закінутым прыватным доме ў адной з вёсак Бранскай вобласці. Знайшлі іх дзякуючы пільнасці мясцовых жыхароў.

— За год стабільна бываюць два—тры выпадкі, калі мы аб'яўляем у вышук дзяцей, якіх вывозяць бацькі за мяжу. Тут хочацца прыгадаць інцыдэнт, які адбыўся зноў жа ў Салігорску. Бацькі развяліся, суд пры гэтым вызначыў, што дзяўчынка будзе жыць з маці. Да таго яна жыла з татам. Калі суд вынес такое рашэнне, то бацька з дачкой паехалі за мяжу адпачываць. А маці падала заяву пра тое, што знікла дзіця. Хоць калі дарослы не пазбаўлены бацькоўскіх правоў, то дэ-факта гэта адносіны грамадзянскія, а не крымінальныя. Аднак цікава, што сёлета мы знайшлі чатырох расіян, якія былі не згодныя з рашэннем суда датычна таго, з кім пакінуць дзіця пасля разводу, але абскарджваць вынесены прысуд не сталі, а проста прыехалі з сынам або дачкой у Беларусь.

Нярэдка шукаюць на тэрыторыі нашай усходняй суседкі і тых людзей, якія паехалі туды на заробкі. Яшчэ добра памятная гісторыя шасцігадовай даўніны, калі ў Дагестане знайшліся беларусы, што трапілі ў рабства на цагельным заводзе, спакусіўшыся на абяцанне высокіх заробкаў.

— Першы час ён падтрымлівае стасункі з роднымі. Па магчымасці ім тэлефануе, шле допісы ў месенджарах. А пасля пачынаецца тыднёвая паўза. Сваякі, натуральна, ідуць у міліцыю і пішуць заяву аб тым, што чалавек знік. Мы знаходзім яго, пытаем: чаму не тэлефануеце? І, як правіла, прычыны трывіяльныя — запас грошай скончыўся, а за работу пакуль не заплацілі. Ці нешта здарылася з мабільным апаратам.

На жаль, не ўсе гісторыі маюць шчаслівы канец. Сем чалавек, якія зніклі без вестак, знайшлі ўжо забітымі...

— Дзікунская сітуацыя здарылася сёлета ў Гомелі. Два браты, аднаму з якіх было 42 гады, а другому — 38, нешта паміж сабой не падзялілі. Пачалася бойка. Малодшы брат задушыў старэйшага. Небарака жыў разам з жанчынай у грамадзянскім шлюбе. Яна і заявіла пра тое, што яе мужчына знік. Расчлянёнае цела ахвяры пасля знайшлі ў адным з вадаёмаў Гомеля. Увогуле, калі дзесьці знаходзіцца цела, якое немагчыма апазнаць візуальнымі метадамі, то судовыя эксперты высвятляюць генатып такога трупа і параўноўваюць яго са звесткамі ў базе даных. Калі і тут ідэнтыфікаваць чалавека не ўдалося, то генатып будзе пастаўлены на адмысловы ўлік у Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз. І пасля застаецца толькі чакаць супадзення. У нашай практыцы былі выпадкі, калі асоба такога чалавека высвятлялася праз доўгія гады.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Дзяржаўнаму камiтэту судовых экспертыз споўнiлася сем гадоў.

Грамадства

Як захаваць сэрца i сасуды здаровымi

Як захаваць сэрца i сасуды здаровымi

Адным з самых распаўсюджаных захворванняў у свеце з'яўляецца артэрыяльная гiпертэнзiя.

Грамадства

Валанцёр праекта «Дапамога бяздомным»: Цяпло i падтрымка нават праз ежу перадаюцца

Валанцёр праекта «Дапамога бяздомным»: Цяпло i падтрымка нават праз ежу перадаюцца

Яны кормяць гарачымi абедамi больш за сто чалавек, якiя апынулiся на абочыне жыцця.

Грамадства

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

У распараджэннi, падпiсаным на мiнулым тыднi кiраўнiком дзяржавы, ёсць пункт, якi датычыцца капрамонту жыллёвага фонду.