Вы тут

Ці можна павярнуць назад працэс цырозу печані?


Штогод ад цырозу печані толькі ў ЗША гіне каля 50 тысяч чалавек. У Расіі гэта лічба не нашмат меншая — больш за 47 тысяч. Захворванне займае сёмае месца сярод прычын смяротнасці. У Беларусі штогод цыроз печані выяўляюць у 1,5 тысячы чалавек. Хвароба, у аснове якой ляжыць паступовая гібель клетак печані і разрастанне нефункцыянальнай злучальнай тканкі, у свядомасці абывацеля наўпрост звязана з любоўю нашых людзей да выпіўкі. Ад чаго яшчэ ўзнікае гэтае грознае захворванне, як яго пазбегнуць і ці можна павярнуць працэс назад, расказаў урач агульнай практыкі 11-й гарадской паліклінікі Мінска Андрэй МАКАРЭВІЧ.


— Андрэй Міхайлавіч, як узнікае цыроз печані?

— У захворвання некалькі прычын і, адпаведна, розныя механізмы ўзнікнення. Часцей за ўсё сустракаецца алкагольны цыроз печані. Яго прычына — таксічны ўплыў алкаголю. Могуць быць і іншыя падставы ўзнікнення хваробы. Часта лекавыя прэпараты, якія прымяняюцца доўгі час, аказваюць таксічнае дзеянне на печань. У выніку працяглага негатыўнага ўплыву адбываюцца марфалагічныя змены ў структуры саміх клетак печані — гепатацытаў. Клеткі гінуць і замяняюцца злучальнай тканкай, якая не функцыянуе як след, у ёй не адбываюцца метабалічныя працэсы. У выніку парушаецца адток жоўці, узнікаюць перашкоды для краватоку. Кроў накіроўваецца праз абходныя шляхі — іншыя крывяносныя сасуды, размешчаныя побач. Гэта ахоўная рэакцыя арганізма, яго адказ на цыроз. У выніку печань не можа выконваць свае функцыі, у ёй затрымліваюцца таксічныя рэчывы. Паслядоўна ўзнікаюць фіброз, потым цыроз і пячоначная недастатковасць. Ёсць і інфекцыйная этыялогія: вірусныя гепатыты В, С, В разам з D. Тут прасцейшы механізм. Ад таго ж гепатыту С узнікае прамое цытапатычнае дзеянне (дэгенератыўныя змены ў клетках, звязаныя з размнажэннем вірусаў. — «Зв.»), пры гепатыце В уласныя клеткі імуннай сістэмы пашкоджваюць печань. Прычынай цырозу могуць быць і аўтаімунныя працэсы, але гэта нячастая з'ява.

— Няправільнае харчаванне можа выклікаць цыроз печані?

— Наўрад ці. Але калі ёсць пэўныя дадатковыя фактары рызыкі — празмернае ўжыванне алкаголю ці прысутнасць іншых таксінаў, — то гэта можа спрыяць развіццю хваробы. Ёсць такое захворванне, як стэатагепатыт, якое развіваецца пры парушэннях абмену рэчываў. Гэта тлушчавая дыстрафія печані, калі пячоначная тканка незваротна замяняецца тлушчавай. Захворванне звязана з празмерным харчаваннем, атлусценнем, цукровым дыябетам. Тлушчавая дыстрафія печані потым пераходзіць у фіброз, а фіброз прыводзіць да цырозу. У такім выпадку можна лічыць, што няправільнае харчаванне вядзе да фіброзу, але гэта далёка не самая частая прычына.

— Якія сімптомы ў гэтага захворвання?

— Ёсць некалькі сіндромаў. Першы — дыспептычны. Гэта парушэнні ў сістэме харчавання — зніжэнне апетыту, дыскамфорт у вобласці жывата, уздуцце, лёгкая млоснасць, вадкі стул або запоры. У пацыента могуць быць самыя разнастайныя скаргі, звязаныя са страўнікава-кішэчным трактам. Другая група сімптомаў абумоўлена таксічным дзеяннем аміяку як прадукту распаду бялкоў. Часцей за ўсё гэта санлівасць днём, бяссонніца ўначы, парушэнні памяці, немагчымасць сканцэнтравацца. Бліжэй да 4-й стадыі фіброзу на жываце з'яўляюцца сасудзістыя зорачкі, пашыраны вены на пярэдняй брушной сценцы. Яшчэ адна характэрная асаблівасць — так званы «жабін жывот». Пацыент можа быць хударлявы, але за кошт аб'ёму асцытычнай вадкасці і таго, што мышцы брушнога прэса робяцца вялыя, жывот выглядае вялікім і выпіраючым. Плюс з'яўляюцца жаўтушнасць скурных покрываў і склер.

— Цыроз можа перараджацца ў рак?

— Пры гепатыце В у 3 % выпадкаў узнікае гепатацэлюлярная карцынома. Для абследавання такіх пацыентаў у нас выкарыстоўваецца анкамаркер — альфа-фетапратэін. Калі ён павышаны, мы маем усе падставы падазраваць рак і прызначаем пацыенту дадатковую дыягностыку.

— Ці можа печань аднавіцца сама, калі кінуць піць?

— Гэта дастаткова моцны і трывалы орган. Нават з фіброзам 2—3-й стадыі працэс можна павярнуць назад. Ёсць навуковыя работы, у якіх апісаны выпадкі, калі з трэцяй стадыяй фіброзу працэс удалося рэгрэсаваць.

— Што для гэтага варта зрабіць?

— Пры гепатыце — ліквідаваць сам вірус, сёння гепатыт С лечыцца паспяхова, а вось В — дагэтуль не. Калі прычына ў алкаголі, то не ўжываць яго. Калі ў таксінах, то высветліць, які гэта прэпарат, ці шкодная вытворчасць, і, адпаведна, прыбраць дзеянне правакуючага фактару. Пры стэатагепатыце варта арганізаваць правільнае харчаванне і прымаць некаторыя прэпараты для лячэння гэтай хваробы. Развіццё цяжкіх цырозаў, напрыклад біліярнага, які мае аўтаімунную прыроду, спыніць складаней.

— Дзе «пункт незвароту»?

— Гэта 4-я стадыя фіброзу печані, калі ў пацыента з'яўляецца асцыт — збіранне свабоднай вадкасці ў брушной поласці.

— Як аблегчыць жыццё печані, у прыватнасці, ці варта ўжываць гепатапратэктары пры доўгім прыёме лекавых сродкаў ці падчас застолляў?

— Карысць усіх гепатапратэктараў, а іх зарэгістравана вялікая колькасць, не даказана, яны адносяцца да біялагічна актыўных дабавак (БАД). Пры алкагольных цырозах больш менш працуе гептрал (адэмітыянін). Пасля вялікага застолля ў некалькі дзён ім можна скарыстацца, акрамя таго, ён зніжае рызыку дэпрэсіі. Пасля аднаго дня застолля піць такія прэпараты няма сэнсу. Змяншае застой жоўці ў жоўцевых хадах урсадэзоксіхоліевая кіслата, ёсць некалькі прэпаратаў, якія яе ўтрымліваюць. Яна хоць і не з'яўляецца гепатапратэктарам, але зніжае ў пэўнай ступені актыўнасць пячоначных ферментаў. Часам прызначаецца фасфагліў, бо там ёсць кампанент, які знімае запаленне. Такія ж БАДы, як эссэнцыяле, лів. 52, карсіл ужываць не мае сэнсу: шкоды ад іх не будзе, але і карысці ніякай.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: «Алкагольная хвароба» печані

Выбар рэдакцыі

Грамадства

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя

Дзеці «звяздоўцаў» адказалі вусна, пісьмова, друкавана і нават у малюнках.

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.