Вы тут

Амерыканскія навукоўцы ўпершыню пагрузілі чалавека ў анабіёз


Піша партал gazeta.ru. Яны астудзілі цела цяжкапараненага пацыента, запампаваўшы ў крывяносную сістэму солевы раствор. Больш падрабязныя вынікі будуць апублікаваныя пасля серыі падобных эксперыментаў. Даследчыкі разлічваюць, што такі метад дазволіць выйграць час для выратавання людзей са смяротнымі раненнямі.


Навукоўцы з Мэрылендскага ўніверсітэта ў Балтымары ўпершыню змаглі пагрузіць чалавека ў анабіёз. Пра поспехі кіраўнік праекта Сэмюэль Цішарман расказаў на сімпозіуме Нью-Ёркскай акадэміі навук.

Анабіёз — часовае запаволенне або спыненне жыццёвых працэсаў у арганізме пад уздзеяннем знешніх ці ўнутраных фактараў. Да яго здольныя многія расліны і жывёлы, акрамя таго, штучна ў анабіёз можна змяшчаць чалавечыя эмбрыёны. Аднак увядзенне ў анабіёз дарослага чалавека да гэтага часу не было рэалізавана.

Вынікі першых даследаванняў у гэтай галіне з'явіліся ў 1990-х гадах. Навукоўцы змяшчалі жывёл у анабіёз, астуджаючы іх целы і замяняючы кроў солевым растворам. У іх атрымалася дамагчыся пэўных вынікаў, у тым ліку і на буйных жывёлах — свіннях і сабаках. Даследаванні паказалі, што свіней з цяжкімі траўмамі можна трымаць у анабіёзе да трох гадзін. Поспехі ў эксперыментах дазволілі казаць пра магчымасць змяшчэння ў анабіёз і людзей.

Да даследаванняў у гэтай галіне Цішармана падштурхнуў выпадак з пачатку яго кар'еры: маладыя людзі пабіліся ў боўлінгу, і адзін з іх, здаровы юнак, загінуў ад удару нажом у сэрца. Менавіта пасля гэтага даследчык пачаў шукаць спосабы, якія далі б урачам больш часу на выратаванне жыцця пацыента.

Пры нармальнай тэмпературы клеткам чалавечага арганізма неабходна пастаяннае забеспячэнне кіслародам. Пасля спынення сэрца мозг здольны пратрымацца толькі пяць хвілін — затым пачынаюцца незваротныя змены. Аднак паніжэнне тэмпературы цела запавольвае клетачныя працэсы, і кіслароду патрабуецца менш.

Пры ўвядзенні чалавека ў анабіёз яго цела астуджаецца да 10 градусаў. Солевы раствор запампоўваецца ў аорту. Выжывальнасць людзей, якія становяцца ахвярамі нажавых раненняў або перастрэлак, не перавышае 5 %, але такая «кансервацыя» можа павысіць іх шанцы.

У 2014 годзе быў распрацаваны рэгламент эксперыментаў над людзьмі. Выпрабаванні на людзях дазваляліся толькі ў тым выпадку, калі пацыент паўналетні, у яго ёсць пранікальнае раненне, на працягу пяці хвілін пасля прыбыцця ў бальніцу ў яго спыняецца сэрца і ён не рэагуе на рэанімацыйныя мерапрыемствы. Прафесар Цішарман стаяў каля вытокаў метаду разам з аўстралійскім анестэзіёлагам Пітэрам Сафарам, які пайшоў з жыцця. У 2014—2016 гадах ён вёў работу ў Пітсбургскім універсітэце, але так і не дачакаўся пацыентаў, прыдатных да даследаванняў. Тады ён перабраўся ў Балтымар, дзе ўзровень гвалтоўных злачынстваў вышэйшы. У 2018 годзе Цішарман заявіў, што ў яго ўжо ёсць пэўныя вынікі і ён абвесціць іх на працягу наступных двух гадоў. І вось нарэшце гэта адбылося.

Паводле слоў Цішармана, праз працэдуру прайшоў як мінімум адзін пацыент. Чалавек, які атрымаў раненні, прабыў у анабіёзе дзве гадзіны. Урачы прааперыравалі яго, а затым зноў запусцілі сэрца. Аднак навуковец не паведамляў, ці выжыў пацыент.

Цішарман падкрэслівае, што яго работа не мае дачынення да змяшчэння людзей у анабіёз для касмічных палётаў. Паўнавартасная гібернацыя ў палёце — вельмі аддаленая перспектыва, замест гэтага ў NASA вывучаюць спосабы ўвядзення астранаўтаў у стан, блізкі да здранцвення, каб запаволіць метабалізм на працяглы перыяд. «Мы ж спрабуем выйграць час для выратавання жыцця», — тлумачыць Цішарман.

Даследчык плануе правесці 10 аперацый са змяшчэннем чалавека ў анабіёз і параўнаць з 10 выпадкамі, калі людзей з аналагічнымі траўмамі ратавалі без гэтай працэдуры. Падрабязных вынікаў варта чакаць не раней за канец 2020 года.

Пакуль не ясна, колькі часу можна трымаць чалавека ў такім пачатковым анабіёзе. Пры выхадзе з яго ў клетках адбываецца шэраг хімічных рэакцый, якія прыводзяць да пашкоджанняў, і чым даўжэй клеткі застаюцца без кіслароду, тым пашкоджанняў больш. Іх можна кампенсаваць медыкаментозна, але для гэтага трэба сапраўды зразумець усе іх прычыны.

«Увядзенне ў анабіёз — гэта спроба выратаваць пацыента, які памірае, рэзка панізіўшы тэмпературу яго цела і прымусіўшы яго арганізм працаваць павольней. Бываюць сітуацыі, калі на выратаванне жыцця застаецца некалькі секундаў, але іх можна расцягнуць на хвіліны, — каментуе даклад анестэзіёлаг Кевін Фонг. — Кардыяхірургі робяць нешта вельмі падобнае на працягу дзесяцігоддзяў, цяпер жа гаворка ідзе аб прасоўванні гэтай тэхнікі далей, у аддзяленні неадкладнай дапамогі ці, можа быць, нават у палявыя ўмовы. У неадкладнай медыцыне мы заўсёды спрабуем размыць мяжу паміж жыццём і смерцю, здабыць надзею там, дзе яе раней не было. Калі задумка Цішармана спрацуе, гэта зменіць правілы гульні».


Залаты пратэз з XIX стагоддзя

Брытанец Пітэр Крос у вольны час займаецца пошукамі скарбаў. Гэтаму хобі 59-гадовы муляр прысвяціў чатыры дзясяткі гадоў, але найбольш значную знаходку зрабіў цяпер. Спачатку ён не зразумеў, што апынулася ў яго руках: выняты з зямлі брудны прадмет нагадваў авечыя зубы. Але пасля ачысткі мужчына ўбачыў залатыя пласціны і зразумеў, што перад ім — верхняя частка чалавечай устаўной сківіцы.

Ён паказаў яе розным спецыялістам — ад стаматолагаў да навукоўцаў. Эксперты датуюць знаходку 1800—1850 гадамі. Зубы вытачаны з косці бегемота ці маржа, кожны мае ўнікальны рэльеф і вельмі дакладна падагнаны пад аснову. Для большага падабенства нават для дзёснаў падабраныя косткі цямнейшага колеру — гэта вельмі тонкая ручная работа. Зубы змацаваныя металічнымі штыфтамі, што і дазволіла знайсці прадмет з дапамогай металашукальніка. Пазней Пітэр спрабаваў адшукаць ніжнюю частку пратэза, але, магчыма, у ёй не было металічных дэталяў, таму пошукі поспехам не ўвянчаліся. На заднім баку пласціны знаходзяцца літары і лічбы WSF і N 435, але супаставіць іх з нейкай гістарычнай інфармацыяй пакуль не атрымалася. Бясспрэчна толькі тое, што штучныя зубы належалі вельмі багатаму чалавеку: пратэз з золата і косці абышоўся б у «цэлы маёнтак». Паводле папярэдніх ацэнак, тады такая сківіца магла каштаваць ад 200 да 300 фунтаў, і на гэтыя грошы можна было купіць палову дамоў у невялікім населеным пункце.

Нягледзячы на якасць (рэвалюцыйную для свайго часу), насіць гэтыя пратэзы пастаянна было вельмі некамфортна, і людзі надзявалі іх толькі падчас яды ці, можа, на важныя перамовы. А затым уладальнік каштоўнай сківіцы мог проста ўпусціць яе з кішэні. За такую незвычайную і цікавую знаходку скарбашукальнік будзе ўзнагароджаны. Літаральна днямі сківіца будзе выстаўлена на аўкцыёне; эксперты ацэньваюць яе ў суму ад 3 да 7 тысяч фунтаў стэрлінгаў. Атрыманыя грошы будуць падзеленыя паміж Кросам і яго калегам Даянай Уайлд, якая прысутнічала пры раскопках, — яны атрымаюць па 25 %, а астатняе дастанецца ўладальніку зямлі, дзе быў знойдзены артэфакт.

Са свайго боку, спецыялісты лічаць, што знаходка павінна быць адпраўлена ў музей. Сучаснай навуцы вядомы толькі адзін падобны набор устаўных зубоў. Ён адносіцца да канца XVІІІ стагоддзя, і яго ўладальнікам быў амерыканскі прэзідэнт Джордж Вашынгтон.

Падрыхтаваў Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».