Кожны раён прыехаў у сталіцу абласных «Дажынак» з сімвалічным снапом, з іх быў складзены адзін трохметровы сноп, які ўзвышаўся на цэнтральнай плошчы. Падчас урачыстай цырымоніі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў перавязаў сімвал ураджаю вышытым мясцовай майстрыхай ручніком. А вось агульны «сноп» склаў амаль 1,5 мільёна тон збожжа. Менавіта такі ўраджай атрыманы сёлета ў рэгіёне.
Самая важная частка свята — гэта, вядома, цырымонія ўшанавання найлепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. Яны сапраўды заслугоўваюць удзячнасці, бо бязмежна любяць родную зямлю і працуюць на агульны вынік. Менавіта такія словы былі адрасаваны работнікам АПК у віншавальным лісце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
«Аграрыяў нездарма называюць соллю зямлі. Вы абралі сваёй прафесіяй цяжкую, але пачэсную сялянскую працу. Вынікамі гэтай працы багацее наша Беларусь», — адзначаецца ў віншаванні.
Кіраўнік краіны выказаў упэўненасць, што аграпрамысловы комплекс Гродзеншчыны здольны і надалей паспяхова вырашаць важныя задачы, якія стаяць перад вобласцю, перадаваць традыцыі новым пакаленням працаўнікоў вёскі і нястомна працаваць на карысць Беларусі і яе народа.
Нягледзячы на выпрабаванні надвор'ем, вынікі сельскагаспадарчага года можна лічыць удалымі. Прыклад паказалі прызнаныя «кіты» рэгіёна. Больш за 70 цэнтнераў з гектара збожжавых і зернебабовых сабралі аграрыі вытворчага кааператыва імя В. І. Крамко Гродзенскага і СВУ «Пратасаўшчына» Шчучынскага раёнаў. Добра спрацавалі ў вобласці і па іншых культурах. Напрыклад, у рэгіёне сабрана 35 % ад усяго аб'ёму цукровых буракоў, якія вырошчваюцца ў краіне.
Самым тытулаваным можна назваць Гродзенскі раён, які стаў лідарам у абласным спаборніцтве па ўборцы збожжавых і зернебабовых, па нарыхтоўцы кармоў і ў жывёлагадоўлі. Другое месца сярод хлебаробаў заняў Карэліцкі раён, трэцяе — Бераставіцкі.
— Наша краіна падтрымлівае курс на развіццё аграрнай галіны, — адзначыў падчас урачыстай цырымоніі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Анатоль Хацько. — Сёння нават цяжка ўявіць, што ў 90-я гады быў дэфіцыт прадуктаў харчавання. А цяпер на экспарт пастаўляецца сельгаспрадукцыі больш чым на пяць мільярдаў рублёў, пры гэтым пастаўкі ідуць амаль у сто краін свету. Наша прадукцыя запатрабавана на замежных рынках, яна высокай якасці, адпавядае сусветным стандартам.
Анатоль Хацько ўручыў Ганаровую грамату Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, ганаровыя граматы Савета Міністраў, Міністэрства сельскай гаспадаркі кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, спецыялістам, найлепшым работнікам галіны. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі амаль 200 працаўнікоў аграпрамысловага комплексу вобласці.
Дарэчы, падчас фестывалю былі працягнуты традыцыі, якія склаліся на абласных «Дажынках» у папярэднія гады. Гэта і конкурс караваяў, і свята на падворках, і дэгустацыя нацыянальных страў, і конкурс на самую вялікую гародніну, і кірмаш майстроў... Але з'явіліся і новыя «фішкі». Упершыню ў Смаргоні размясціўся кантактны заапарк сельскагаспадарчых жывёл, а таксама этнаграфічны музей пад адкрытым небам. Выступілі з паказальнай праграмай кінолагі са сваімі гадаванцамі.
Безумоўна, свята запомніцца многім, хто там пабываў. Але застанецца і тое, што будзе нагадваць пра фестываль у Смаргоні кожнаму, хто пройдзе па пешым бульвары горада. Да свята «Дажынкі-2019» тут усталявалі каля 20 драўляных лавак з каваным ажурным аздабленнем. Кожная з іх адзначана гербам аднаго з раёнаў Гродзеншчыны. Гэта падарунак сталіцы фестывалю ад вобласці.
Плануецца, што наступныя абласныя «Дажынкі» будзе прымаць горад-спадарожнік Гродна — Скідзель.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтае пытанне яшчэ ніколі не стаяла так востра.
Век жыві — век вучыся.
На што здольная абноўленая версія кабінета?
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.