Вы тут

«Каб задаволіць патрэбы ўсіх, нам неабходны тры планеты»


Навошта Беларусі развіваць цыркулярную эканоміку.

За 70 гадоў насельніцтва Зямлі вырасла больш чым у тры разы. Сёння нас 7,7 мільярда чалавек. І гэтая лічба будзе павялічвацца. Па словах спецыялістаў, ужо зусім хутка пры нерацыянальным спажыванні некаторыя рэсурсы нашай планеты могуць скончыцца. Каб вырашыць праблему, многія краіны спрабуюць перайсці да цыркулярнай эканомікі, ці эканомікі замкнутага цыклу, і Беларусь — у іх ліку.


У нашай краіне цыркулярная эканоміка вызначана як адзін з прыярытэтных кірункаў у Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця на перыяд да 2035 года. Асобныя яе элементы прапісаны і ў іншых праграмных дакументах. Перш за ўсё ў Дырэктыве № 3, накіраванай на эканомію, беражлівасць і рэсурсазберажэнне. Неабходнасць развіцця такой эканомікі як стратэгічнага прыярытэту дзейнасці ў сферы экалогіі па дасягненні Мэт устойлівага развіцця не раз адзначалася Мінпрыроды.

— Ідэі сумеснага пошуку і ўкараненне інавацыйных спосабаў кіравання і выкарыстання наяўных рэсурсаў, у тым ліку на аснове прынцыпаў цыркулярнай эканомікі, а таксама стварэнне новых бізнес-мадэляў закладзены ў аснове зялёнай эканомікі, якая паспяхова рэалізуецца ў нашай краіне, — падкрэсліў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут.

Эканоміка замкнутага цыкла — альтэрнатыва лінейнай мадэлі рэсурсаспажывання. Пры ёй тыя рэсурсы, што бяруцца з навакольнага асяроддзя, выкарыстоўваюцца на працягу некалькіх цыклаў. Гэта дасягаецца з дапамогай уліку экалагічных умоў пры праектаванні (эка-дызайну), больш чыстай вытворчасці, а таксама перапрацоўкі адходаў. Такім чынам, скарачаецца нагрузка на прыроду і ўтвараецца менш смецця.

— Цыркулярная эканоміка прадугледжвае, што вытворцы павінны прадумваць усе этапы работы з рэсурсамі і імкнуцца не ператвараць іх у адходы. Напрыклад, на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве застаецца кара. Яе можна выкінуць на звалку, а можна прадаць садаводчай гаспадарцы, дзе карой паўторна скарыстаюцца, — адзначыў прафесар Інстытута бізнесу БДУ, кіраўнік Нацыянальнага цэнтра па рэсурсаэфектыўнай і больш чыстай вытворчасці Сяргей Дарожка. — Рэсурсаў на зямлі ўжо не стане больш, чым ёсць. А каб задаволіць эканамічныя патрэбы ўсіх дзяржаў, нам неабходны тры планеты. У нас, на жаль, столькі няма. Таму важна рацыянальна абыходзіцца з тым, што мы маем.

Эксперт таксама падкрэсліў, як адказна ставіцца Еўрасаюз да азелянення эканомікі і скарачэння колькасці адходаў. Напрыклад, у Даніі ўжо функцыянуе экапрамысловы парк, дзе адходы аднаго прадпрыемства служаць сыравінай для іншага. А з 2030 года ЕС плануе рэалізоўваць на ўнутраных рынках толькі тую прадукцыю, якая выраблена па прынцыпе замкнутага цыкла. Значыць, краіны, што не адпавядаюць гэтым патрабаванням, могуць страціць рынкі збыту.

У Беларусі прадпрыемствы, якія хочуць пераходзіць да цыркулярнай эканомікі, але не ведаюць, з чаго пачаць, могуць звяртацца ў Цэнтр рэсурсаэфектыўнай і больш чыстай вытворчасці. Ён створаны на базе Інстытута бізнесу БДУ. Таксама ў краіне дзейнічаюць тэматычныя рэгіянальныя клубы.

Інфармацыя атрымана на семінары па павышэнні эфектыўнасці выкарыстання на прадпрыемствах Беларусі вытворчых рэсурсаў і ўкараненні на іх прынцыпаў эканомікі замкнутага цыклу, які праходзіў у Мінскім гарадскім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Кацярына ЦІТОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.