Вы тут

Як наша краіна рэалізуе асноўныя прынцыпы Воднай канвенцыі


У канцы кастрычніка ў Жэневе адбылася XІV нарада рабочай групы па інтэграваным кіраванні воднымі рэсурсамі ў межах Канвенцыі па ахове і выкарыстанні трансгранічных вадацёкаў і міжнародных азёр. У яе рабоце ўзяло ўдзел больш за 400 прадстаўнікоў з розных краін. Беларусь у Швейцарыі прадстаўлялі начальнік аддзела выкарыстання і аховы водных рэсурсаў галоўнага ўпраўлення прыродных рэсурсаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна СЛІЖ (на фота) і намеснік дырэктара па навуковай рабоце РУП «Цэнтральны навукова-даследчы інстытут комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў» Сняжана ДУБЯНОК.


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

Што такое Водная канвенцыя?

Канвенцыя па ахове і выкарыстанні трансгранічных вадацёкаў і міжнародных азёр, альбо Водная канвенцыя, была прынятая 17 сакавіка 1992 года ў Хельсінкі. Наша краіна далучылася да яе ў 2003 годзе. Цяпер бакамі канвенцыі з'яўляюцца 42 дзяржавы і Еўрасаюз, але не ўсе краіны яе ратыфікавалі.

Асноўнымі мэтамі Воднай канвенцыі з'яўляюцца ахова трансгранічных вод (у тым ліку паверхневых і падземных) шляхам прадухілення, абмежавання і скарачэння забруджвання; экалагічна абгрунтаванае і рацыянальнае кіраванне трансгранічнымі водамі; разумнае і справядлівае іх выкарыстанне; захаванне і аднаўленне экасістэм.

Нагадаем, што ў нашай краіне пяць рачных басейнаў і ўсе яны трансгранічныя з Расіяй, Украінай, Польшчай, Латвіяй і Літвой. Міжурадавыя пагадненні па ахове і выкарыстанні трансгранічных водных аб'ектаў падпісаныя з Украінай і Расіяй, у стадыі высокай гатоўнасці да падпісання такія пагадненні з Польшчай і Латвіяй. З Літвой супрацоўніцтва па водных рэсурсах ажыццяўляецца ў рамках тэхнічнага пратакола па абмене данымі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.

Беларусі выгадна быць бокам Воднай канвенцыі, таму што гэта дае магчымасць атрымліваць інфармацыю аб становішчы ў сумежных і іншых краінах, а таксама ўдзельнічаць у міжнародных праектах тэхнічнай дапамогі.

Водныя аб'екты: кантроль, улік і маніторынг

Адным з такіх праектаў, які рэалізуецца ў нашай краіне з 2018 года, з'яўляецца праект «Водная Ініцыятыва Еўрапейскага саюза плюс для краін Усходняга партнёрства» (ВІЕС+). У праекце ўдзельнічаюць шэсць краін: Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Украіна, Малдова.

Асноўная мэта праекта — удасканаленне кіравання воднымі рэсурсамі ў краінах Усходняга партнёрства, асабліва гэта датычыцца трансгранічных рэк. У яго рамках у нашай краіне міжнароднымі экспертамі дадзена ацэнка інфраструктуры маніторынгу водных рэсурсаў. Таксама праведзены тэндар на закупку сучаснага лабараторнага абсталявання для арганізацыі маніторынгу асабліва небяспечных забруджвальных рэчываў. Яны хоць і знаходзяцца ў вадзе ў вельмі малых дозах, але з'яўляюцца надзвычай таксічнымі для чалавека і водных экасістэм, таму кантраляваць іх неабходна асабліва старанна.

Праведзены комплексныя палявыя даследаванні якасці паверхневых і падземных вод у басейне Прыпяці з мэтай ацэнкі іх стану і вызначэння водных аб'ектаў, што знаходзяцца пад рызыкай забруджвання.

Пытанні трансгранічнага воднага супрацоўніцтва асабліва важныя з пазіцыі ўстойлівага выкарыстання водных рэсурсаў з улікам усё больш прыкметных кліматычных змяненняў. У гэтай сувязі за два апошнія гады Мінпрыроды праведзена вялікая работа для рэалізацыі МУР № 6 «Чыстая вада і санітарыя».

Вельмі важна, што вынікі работы можна, як кажуць, памацаць рукамі: напрыклад, сёлета завершана распрацоўка плана перспектыўнага развіцця сістэмы водазабеспячэння Капыльскага раёна Мінскай вобласці, арыентаванага на выкананне задачы 6.1 МУР № 6 «Да 2030 года забяспечыць усеагульны і раўнапраўны доступ да бяспечнай і недарагой пітной вады для ўсіх».

У 1999 годзе Водная канвенцыя была дапоўнена Пратаколам па праблемах вады і здароўя, да якога наша краіна далучылася ў 2009 годзе.

Мы запыталіся ў Таццяны Сліж, як выглядае Беларусь на міжнародным узроўні ў пытаннях кіравання воднымі рэсурсамі. Вось што яна адказала: «Складана даваць ацэнку самім сабе, але хачу адзначыць, што ў нашай краіне, пачынаючы з 2015 года, вядзецца актыўная работа па рэфармаванні воднага заканадаўства. Напрыклад, у адпаведнасці з новай рэдакцыяй Воднага кодэкса ўведзены прынцып басейнавага кіравання воднымі рэсурсамі, што прадугледжвае развіццё трансгранічнага супрацоўніцтва паміж краінамі, якія знаходзяцца ў межах аднаго рачнога басейна.

Беларусь адна з першых сярод краін СНД пачала развіваць на заканадаўчым і практычным узроўні гідрамарфалагічны маніторынг на водных аб'ектах. У межах рэалізацыі задання Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя пачата паэтапнае разгортванне сеткі пунктаў назірання за станам паверхневых вод па гідрамарфалагічных паказчыках. З мэтай укаранення еўрапейскага вопыту восенню 2019 года спецыялістамі ЦНДІКВВР ва ўзаемадзеянні з экспертамі аўстрыйскага Агенцтва па навакольным асяроддзі праведзены гідрамарфалагічныя палявыя даследаванні для 38 паверхневых водных аб'ектаў у басейне ракі Прыпяць з выкарыстаннем дыстанцыйных здымак поймаў рэк з дапамогай квадракоптара. Мы актыўна імплементуем асноўныя задачы МУР № 6 у праграмы і стратэгіі, якія закранаюць пытанні выкарыстання і аховы водных рэсурсаў».

Маргарыта ДРАЗДОВА

Загаловак у газеце: У Беларусі ўсе рэкі — трансгранічныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».