Вы тут

Беларусь гатова арганізаваць зборку электробусаў у Калінінградскай вобласці


Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з губернатарам Калінінградскай вобласці Расіі.


І беларусы, і калінінградцы імкнуцца да ўзаемавыгаднага, плённага супрацоўніцтва. Аб гэтым красамоўна сведчыць новы візіт расіян. Вітаючы дэлегацыю, Прэзідэнт назваў калініградцаў «нашымі».

«Чаму „нашы“ калінінградцы? Я і Ельцыну, і новаму Прэзідэнту Уладзіміру Уладзіміравічу Пуціну часта кажу, калі абмяркоўваем нейкія праблемы: Калінінград — гэта наша вобласць, мы за яе адказвалі і адказваем перш за ўсё, а не Расія. Пуцін кажа: я не супраць. У гэтым вялікая гісторыя — яшчэ ў савецкія часы, калі была адзіная краіна, шмат было гутарак на высокім узроўні аб тым, каб далучыць Калінінградскую вобласць да Беларусі... Гэта засталося, таму я часта кажу не толькі „наша“ Калінінградская вобласць, але і „наша“ Расія. Можа, хтосьці ў Расіі крыўдзіцца, але і я, і многія беларусы менавіта з такой пазіцыі падыходзяць да расіян», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Для Беларусі Калінінградская вобласць — не толькі важны і перспектыўны гандлёва-эканамічны партнёр, гэта адзін з самых блізкіх геаграфічна і гістарычна рэгіёнаў Расіі. Губернатар вобласці Антон Аліханаў упершыню наведаў Мінск два гады таму. Тая сустрэча надала новы імпульс двухбаковаму ўзаемадзеянню. А сёння беларускі лідар выказаў спадзяванне, што новы візіт дазволіць яшчэ лепш пазнаць нашу краіну і яе магчымасці.

«Патэнцыйных кропак росту ў нас дастаткова. Добры прыклад выніковасці вашых інвестыцый у беларускую эканоміку — запуск кампаніяй „Садружнасць“ маслаэкстракцыйнага заводу ў Смаргоні. Ён вельмі паспяхова працуе. Яго прадукцыя дазволіла істотна павялічыць аб’ём тавараабароту», — задаволены Прэзідэнт.

Яшчэ адзін прыклад эфектыўнага ўзаемадзеяння — Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў, які рэалізуе праект па ўдзелу ў праграме лакалізацыі на прадпрыемстве «Аўтатор Холдынг».

Антон Аліханаў.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка разлічвае на больш цесную кааперацыю беларускіх і расійскіх машынабудаўнікоў. Напрацовак у гэтай галіне дастаткова: мінскія аўтобусы з поспехам эксплуатуюцца ў Калінінградскай вобласці, ёсць магчымасць пашырыць парк пасажырскай тэхнікі за кошт сучаснага экалагічнага транспарту — электробусаў «Белкамунмаш». Беларускі бок гатовы арганізаваць сумесную зборку гэтай тэхнікі ў Калінінградскай вобласці.

Адна з традыцыйных сфер, дзе наладжана паспяховае супрацоўніцтва, — будаўніцтва. Самы паказальны вынік сумеснай працы — пабудова да чэмпіянату свету па футболе ў 2018 годзе стадыёна ў Калінінградзе. Гараджане і госці ацанілі па заслугах і прафесіяналізм беларускіх спецыялістаў, і якасць нашых сучасных будматэрыялаў.

Сёння ў Калінінградскай вобласці рэалізуецца шэраг буйных інфраструктурных праектаў — будаўніцтва марскога порту, калійнага камбінату, музейнага комплексу, Прыморскага кальца. Беларусь гатова ўдзельнічаць у гэтых будоўлях, у тым ліку праз пастаўку грузавых, дарожных, камунальных і будаўнічых машын.

У заходнім рэгіёне Расіі дынамічна развіваецца сельская гаспадарка. Беларусь валодае досведам і тэхналогіямі ў жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і агароднінных культур, будаўніцтве малочнатаварных і збожжасушыльных комплексаў, якія гатовая прапанаваць калінінградскім аграрыям.

Ёсць і рэзервы для павелічэння паставак у рэгіён якаснага беларускага харчавання.

Пашыраць маштабы супрацоўніцтва

Першы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Калінінград адбыўся ў кастрычніку 1999 года. За два дзесяцігоддзі зроблена шмат. Летась па аб’ёме двухбаковага гандлю мы наблізіліся да рэкорднай меткі — 360 мільёнаў долараў.

«Самы час ставіць больш амбіцыйныя задачы. Перш за ўсё ў прамысловай сферы і па лініі вытворчай кааперацыі. Галоўнае, што да гэтага імкнуцца і Беларусь, і Калінінградская вобласць. Больш за тое, ёсць канкрэтныя праекты, якія дазваляюць значна пашырыць маштабы супрацоўніцтва», — заклікаў Аляксандр Лукашэнка і дадаў, што беларускі бок заўсёды дакладна, якасна і аператыўна выконвае ўсе дамоўленасці.

У сваю чаргу Антон Аліханаў падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за асабістую сустрэчу і шчырую гасціннасць беларускай зямлі.

Губернатар згадзіўся, што двухбаковае супрацоўніцтва мае трывалую гістарычную аснову. Актыўная праца ідзе з Гродзенскай, Гомельскай, Брэсцкай, Мінскай абласцямі, а Брэст з’яўляецца пабрацімам Калінінграда.

Антон Аліханаў паведаміў, што ў прамысловым ўзаемадзеянні Беларусі і Калінінградчыны рэалізуецца праграма лакалізацыі, у тым ліку па аўтамабілях «Хёндэ», «Кіа». З трэцяга кварталу сёлета новыя сучасныя аўтамабілі выпускаюцца з удзелам беларускіх тэхналогій на беларускі, расійскі рынкі і на рынак ЕАЭС.

Велізарная праца па будаўніцтву новай інфраструктуры ў Калінінградскай вобласці (аэрапорт, узлётна-пасадачная паласа, стадыён, гасцініцы і гэтак далей) рэалізавана беларусамі па беларускіх тэхналогіях і з беларускіх матэрыялаў. Упэўніўшыся ў якасці і дакладнасці беларускага боку, сёлета калінінградцы на 50 з лішкам працэнтаў больш закупляюць беларускіх будматэрыялаў.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.