Вы тут

Чжан Лін. Пустое гняздо

Чжан Лін. Пустое гняздо

Заканчэнне. Пачатак у № 12 часопіса “Маладосць”.

6

Яна расштурхала свайго соннага хлопца Ціньяна:

— Чаму чалавек у такім сталым узросце апускаецца так нізка? Раней і зубную пасту сам не мог выціснуць з цюбіка, а цяпер — на́ табе.

Ціньян ведаў, што яна ўсё яшчэ турбуецца наконт бацькі:

— Нізка–не нізка, стары–не стары… Хіба гэта неяк звязана? Калі павінен апусціцца, то гэта можа здарыцца ў любы час. Твая мама не ўтрымала татава сэрца, няма чаго вінаваціць іншых.

Цяньцянь хмыкнула:

— Колькі гадоў ты зубы не чысціў, чаму так смярдзіць, калі рот адкрыеш? Так кажаш, быццам у майго бацькі нешта ёсць з сядзелкай.

Малады чалавек пасмейваўся:

— Калі нічога такога няма, то хіба можна тады апусціцца? Зрэшты, у мяне на гэты конт ёсць асабістае меркаванне.

Цяньцянь працягнула руку паказытаць яго па рэбрах, чаго ён не выносіў, таму увесь сцяўся і так скруціўся ў канцы ложка, што не разагнуць. Але пры гэтым ўпарта працягваў размову:

— Тваім тату і маме, калі жаніліся, варта было спачатку мяне спытаць — у іх жа імёны не падыходзяць адно аднаму. У абодвух значэнне — «спакой», два спакоі несумяшчальныя, адсюль і непакой (Гульня слоў. У імёнах прафесара Чуньаня і яго жонкі Яньань ёсць адзін і той жа іерогліф «ань» (спакой, мір.). А імя гэтай сядзелачкі — «вясна» (У імені Чуньчжы першы іерогліф «чунь» (вясна), другі «чжы» — (галінка), у пачатку твайго таты — «лужына вады» (Цыньян мяркуе, што ў прозвішчы Хэ той іерогліф, які азначае «рака». Праз вялікую колькасць амафонаў гэта распаўсюджаная памылка. Аднак у першай частцы імя Чуньань ёсць графема, складовая частка іерогліфа са значэннем «вада».). Вада сустракаецца з вясной, якая тады карціна атрымліваецца? Ты падумай! Ці можа ён выстаяць?

Цяньцянь, спрабуючы схаваць збянтэжанасць пад паказным выбухам гневу, схапіла з крэсла кашулю і стала ганяцца за Ціяньянам па ўсім пакоі. Хлопцу было не схавацца, і нічога не заставалася, як зачыніцца ў туалеце. Праз дзверы і рогат даляталі яго словы:

— Але саюз нашых імёнаў наканаваны Небам і Зямлёй: ты — «неба», я — «сонца» (Гераіню завуць Цяньцянь (дасл. ‘поле, ралля’), а герой няслушна выказаў здагадку, што іерогліф ў імені гераіні — «неба, нябёсы».). Нябёсам патрэбна сонца, толькі так могуць спараджацца ўсе рэчы ў свеце.

Цяньцянь аслупянела, і прайшла цэлая вечнасць, перш чым яна холадна засмяялася праз дзверы:

— На жаль, маё «цянь» — гэта не лепшы для цябе варыянт. Патэлефануй свайму школьнаму настаўніку і спытай яго, якое значэнне мае іерогліф «цянь» у імені Хэ Цяньцянь (Аўтар падкрэслівае расчараванне гераіні, бо яе выбраннік па сканчэнні значнага часу так і не ведае, якімі іерогліфамі запісваецца яе імя і што яно азначае.).

Тры–чатыры месяцы жыццё Хэ Чуньаня ішло спакойна, без усялякіх здарэнняў. Калі надышоў канец года па месяцовым календары, Цяньцянь раптам атрымала ад Янь Хуа паштоўку па электроннай пошце. Але віншаванка была толькі на вокладцы, змест ліста аказаўся малапрыемным.

Янь Хуа даведалася, што прафесар Хэ і сядзелка моцна пасварыліся, разбілі ўсе гаршкі для супа. Чуньчжы сабрала рэчы і з’ехала дадому. Прафесар Хэ так нерваваўся, што ў яго распухлі дзёсны, ён не мог есці нават вадкую рысавую кашу і ўжо два дні не ўставаў з ложка. Таго і глядзі, наступіць Свята вясны (Свята Вясны, Чуньцзэ, Кітайскі Новы год, адзначаецца ў першы дзень першага каляндарнага месяца. Традыцыйна святкуецца ў асяродку сям’і. Да Чуньцзэ прымеркаваны Усекітайскія працяглыя вакацыі, якія маюць абавязковы характар ва ўсіх дзяржаўных і большасці прыватных устаноў.). Юаньюань з усім складам фірмы быў на курсах павышэння кваліфікацыі ў Германіі, таму дома нічога не было закуплена да Новага году. Гэта было першае Свята Вясны пасля таго, як маці–настаўніца адышла ў лепшы свет.

Галава Цяньцянь ледзь не лопнула ад прачытанага, яе быццам разарвала на аскепкі, думкі так зблыталіся, што не разабрацца. Ціньян, убачыўшы, як дзяўчына да смерці перапалохалася, стаў яе ўгаворваць з’ездзіць дадому. Але яна толькі прыйшла ў раздражненне:

— Ты мяне мільянерам лічыш? Злятаць у Кітай — як спусціцца па лесвіцы?!

Ціньян усміхнуўся:

— Хто ж яго прымушаў быць тваім бацькам.

Цяньцянь бесперапынна ківала галавой:

— У любым выпадку я не паеду, мо папрашу каго–небудзь знайсці сядзелку. Па такім кошце хопіць наняць робата са штучным інтэлектам. Гэтая Чжао Чуньчжы, кім яна сябе лічыць? Вясковая жанчына ў горадзе: паабцерлася, ды хоць тысячу слаёў скуры сатрыце, а па касцях ды мясе — усё адно сяло!

Ціньян зноў усміхнуўся:

— Чаму ты лаешся на чужых нават не разабраўшыся? Магчыма, праўда не на баку твайго бацькі.

Цяньцянь толькі хмыкнула:

— Гаспадар заўсёды мае рацыю, і гэта вечная нязменная ісціна.

Пасля сваіх слоў яна легла на канапу ў спадзеве супакоіцца. Спачатку круцілася пад прасцінай з боку на бок, нібыта блін з чуміза ляпіла, але праз трохі часу расслабілася і заплюшчыла вочы.

Ціньян лічыў, што Цяньцянь заснула, але, калі ўвайшоў у пакой, адчуў, што па шыі нешта казыча. За яго спінай стаяла дзяўчына:

— А што калі я ўсё–ткі з’езджу... Але ж канец года — невядома, ці ёсць квіткі.

Ціньян памахаў паперкай:

— Спадарыня, усё для вас. Ёсць адно месца на «Карэйскіх авіялініях» заўтра ўвечары. З прыпынкамі на Заходнім узбярэжжы і ў Сеўле. Дабярэшся да Кітая якраз напярэдадні Новага году. А заўтра пойдзеш на працу і знойдзеш боса, папросіш адпачынак. Толькі дадай трохі сенсацыі, скажы, што ў таты апаплексічны ўдар, параліч, карацей, на парозе смерці.

Цяньцянь нічога не сказала, толькі абвіла хлопца рукамі і моцна абняла яго са спіны.

У самалёта Цяньцянь выявілі невялікія непаладкі, і ён на дзень затрымаўся ў Сеўле. У Пекін прыбылі ўвечары трэцяга дня. Калі яна выйшла з аэрапорта, на вуліцы было амаль пуста. Таксоўка прыйшла толькі праз хвілін дзесяць, з машыны выйшаў апрануты ў шынель кіроўца і нетаропка дапамог Цяньцянь загрузіць валізку ў багажнік. Разразаючы вулічную прастору, машына імчала ў патоку свежага начнога ветру. Кіроўца не выяўляў ніякага жадання падтрымліваць гутарку і ўсю дарогу моўчкі курыў. Дым быў вельмі едкі, Цяньцянь хацела пакашляць, але стрымалася і толькі вельмі ўважліва чытала рэкламныя шыльды паабапал шашы. Хоць прайшло некалькі месяцаў, як яна пакінула радзіму, рэкламы абсалютна відавочна змянілі. Іерогліфы паасобку былі знаёмыя, але словы і ўвесь закладзены сэнс дзяўчына разумела не цалкам. У знаёмым гарадскім пейзажы Цяньцянь нечакана адчула сябе крыху чужой, госцяй з далёкіх краёў.

Раптам пачуўся свіст, у неба выстраліў струмень феерверка. Паступова самотны фіялетавы слуп ў небе пачаў станавіцца ўсё больш пышным, як парасон, раскрыты ў начной імгле, а ў канцы павольна ўпаў ніткамі мокрага дажджу і з шыпеннем разышоўся па зямлі. Кіроўца моцна вылаяўся:

— Шукаюць сабе пагібелі. Не дазволена ж запускаць.

Цяньцянь, выцягнуўшы шыю, чакала другога залпу, трэцяга, але нічога не адбывалася. Неба было яшчэ цёмным.

— Ужо гадоў пяць–шэсць, як не адзначала дома Новы год, — цяжка ўздыхнула сама сабе Цяньцянь. — Няўжо так сумна выглядае пераднавагодні Пекін?

Таксоўка спынілася перад уваходам, дзяўчына заплаціла, шафёр дастаў багаж, але сыходзіць не спяшаўся: засунуўшы абедзве рукі ў рукавы, пранікліва глядзеў на яе. Да Цяньцянь раптам дайшло, і, схапіўшыся, яна дастала банкноту і засунула ў раструб рукава кіроўцы. Мужчына двума пальцамі выцягнуў банкноту, уважліва глянуў на яе ў святле вулічнага ліхтара. Зазначыўшы зялёны колер грошай, пажадаў добрых святаў і павольна знік разам з машынай у цемры.

Цяньцянь цягнула чамаданы з паверха на паверх, на кожным лесвічным пралёце з усіх шчылін у дзвярах ліўся вясёлы шум і гоман, аднолькавы аднастайны барабанны бой, аднолькавая аднастайная мелодыя, выразная і чыстая пасля незлічонай колькасці трэніровак. Гэта была тэлевізійная перадача, прысвечаная святкаванню Новага году. Цяньцянь нарэшце дайшла да сваіх дзвярэй — ціха, ніякага гуку тэлевізара. Паставіла чамадан, перавяла дух і толькі потым пазваніла. Дзверы адчыніліся імгненна, быццам бацька чакаў яе на парозе.

Хэ Чуньань выйшаў без сіл, на ім была двухбортная ватовая куртка серабрыста–шэрага колеру, пашытая на кітайскі манер. Аднак на грудзях віднеліся плямы ад кропель алею і падліўкі. Адзенне было новае, з вельмі шчыльнай тканіны, пад пахамі і на рукавах швы разышліся і ўтварыліся тоўстыя нядбайныя зморшчыны. У такой цяжкай зімовай вопратцы бацька ўсё роўна выглядаў так, быццам яму холадна: над губой вісела паўсухая сопля, а сам ён дрыжаў, быццам хацеў наведаць прыбіральню, але магчымасці такой не выпадала. Палова твара апухла, скура вакол носа пайшла пухірамі, вусны дрыжалі. Прайшло шмат часу, перш чым вырвалася адна фраза:

— Малышка Цянь, гэта ты, ты вярнулася.

Цяньцянь ніяк не думала, што бацька, нязменна акуратны і ахайны, раптам настолькі ўпадзе духам. У яе зашчымела сэрца і прапаў голас.

У шэрым змроку спусцелага дома адзінай каляровай плямай былі дзве віншавальныя паштоўкі на тэлевізары — ад дачкі з Канады і ад сына з Германіі. Цяньцянь прачысціла горла:

— Тата, давай я зваджу цябе паесці, я таксама галодная.

Бацька паківаў галавой:

— Дык ты насамрэч стала заморскім чортам. Няўжо забыла, што ў навагоднюю ноч, акрамя вялікіх рэстаранаў у гасцініцах, усё зачынена?

Дачка настойвала:

— Ну, тады мы пойдзем паесці ў гатэль, заплацім любую кругленькую суму.

Прафесар не згаджаўся, казаў, што ў гасцініцах месцы забраніраваны ўжо месяц таму, а да такіх шараговых грамадзян, як яны, чарга не дойдзе. За размовай адкрыў халадзільнік, дастаў вялізную міску:

— Учора якраз чакаў цябе — патушыў суп са свінымі рабрынкамі, а ты не прыехала. Лепш ужо мы павячэраем свінінай з локшынай, дадамо трохі капусты і гарачанькага — таксама будзе смачна.

Хэ Чуньань запаліў агонь, паставіў ваду, засыпаў локшыну, разагрэў булён. Па–ранейшаму трохі непаваротлівы, аднак, ужо не настолькі разгублены, як раней. Цяньцянь, ведаючы ўсё, што здарылася за гэтыя некалькі месяцаў, не стрымалася і саркастычна ўсміхнулася:

— А гэтая Чжао Чуньчжы ўсё ж натрэніравала цябе. Плаціла, каб наняць сядзелку, не думала, што акажацца трэнер.

Палачкі ў бацькі слізганулі, і адна локшына, зваліўшыся на фаерку, чмыхнула, успыхнула тоненькім зялёным язычком полымя. У пакоі з’явіўся пах гары, які доўга не рассейваўся.

— У яе было сваё ўяўленне на гэтае пытанне. Чуньчжы гаварыла, што прыйшла да нас у дом аказаць тэрміновую дапамогу, але гэта не панацэя: яе задача была дапамагчы жыць уласным жыццём, а не залежаць ад іншых, — прамовіў прафесар Хэ. Цяньцянь ўсё адно абуралася:

— Ну, калі яна і праўда так думала, то як магла сысці? Скажы ёй, хай яна мяне нойме за гэты заробак, я нават падумвала некалі стаць сядзелкай!

Бацька ўздыхнуў:

— Яна не хацела сыходзіць, гэта я яе прагнаў. Сёлета яе дачка заканчвае сярэднюю школу. Якасць мясцовай адукацыі недастатковая, Чуньчжы планавала перавесці яе ў Пекін, хацела пераехаць разам з дачкой сюды.

Цяньцянь прыйшла ў ярасць:

— Вядома, на гэта нельга згаджацца! Хто ведае, якая ў яе дачка: мо яна наступным разам і хлопца прывядзе. Ты ж не можаш адкрыць у сябе гатэль! Чуньчжы усё пралічыла: ты стары, з жыллём і пры грошах.

Бацька злёгку ўсміхнуўся, і толькі праз час сказаў:

— Мая дачка, вядома, такая ж бессардэчная, як і я — у той дзень я гэтаксама лаяў яе. І потым, калі Юаньюань патэлефанаваў з Германіі, ён выказаўся падобным чынам.

Ім абодвум не было што сказаць, і яны моўчкі вячэралі пад навагодні шум, які даносіўся з іншых кватэр. Локшына яшчэ не астыла, клубілася гарачая пара, на скронях выступіў пот. Цяньцянь убачыла, што ў бацькі патроху пачалі заплюшчвацца вочы, ён стаў пазяхаць. І не дзіўна: час, калі ён звычайна кладзецца, ужо даўно прайшоў. Няшчасны выгляд бацькі не даваў Цяньцянь спакою:

— Тата, не перажывай. Пачакаем, калі пройдуць святы, і неадкладна змесцім аб’яву, каб знайсці новую сядзелку.

Бацька ўмыўся і пайшоў у ложак. Цяньцянь прыбрала посуд, прысела на канапу. Розніца ў часе паміж Таронта і Пекінам — роўна дванаццаць гадзін, тут поўнач, там — поўдзень. Хоць з–за дарогі яна страціла ноч сну, адчувала сябе энергічна і вельмі ясна. Толькі захацела ўключыць тэлевізар, як раптам пачулася, як на дварэ кідаюць бутэлькі. Гук разбітага шкла змешваўся з дзікімі крыкамі і невыразнымі гукамі песень, якія хвалямі адбіваліся ад вокнаў. І толькі тады яна зразумела, што ўжо прапусціла час, калі б’юць у звон.

У гэты ж самы момант так пранізліва зазвінеў тэлефон, што Цяньцянь падскочыла. Узяла слухаўку, але на тым канцы нешта абарвалася. І так зноў і зноў, толькі потым злучылі, але на лініі былі шумы. Перарывіста даносіўся голас хлопца, аддзелены акіянам. Праз нейкі час Цяньцянь нарэшце зразумела, што на тым канцы пытаюцца, ці знайшла яна свае падарункі. Яна спытала, што Ціньян мае на ўвазе, але той сказаў толькі адкрыць сумачку. Цяньцянь пашукала усюды, але нічога не знайшла. На тым канцы слухаўкі параілі паглядзець у патаемнай кішэні, якой яна амаль не карыстаецца. Цяньцянь сапраўды знайшла там маленькую залатую аксамітную скрыначку. Адкрыла, а ўнутры — пярсцёнак. Тоненькае серабрыстае колца з ярка–сінім каменьчыкам пасярэдзіне. І срэбра, і сіні камень былі такога цьмянага адцення, на першы погляд нават попельнага, як быццам упрыгожанне перажыло доўгія часы. А калі прыгледзішся, спакваля праяўляецца старадаўняя прастата і схаваны сэнс — уласна тое, у чым і заключаецца яго адрозненне ад масавых бразготак. Цяньцянь радасна надзела пярсцёнак на палец і разгледзела з усіх бакоў: рука нібы таксама набыла сваю гісторыю, раптам стала поўнай і гладкай, здабыла самавітасць.

З тэлефона яшчэ даносіўся голас:

— На правую руку надзела? На які палец?

Цяньцянь толькі адкрыла рот, адказ ледзь не сарваўся з языка. На тым баку тэлефона павісла доўгае маўчанне, а затым ўздых лёгкім ветрыкам закрануў Цяньцянь, так, што ў яе злёгку запалалі мочкі вушэй:

— Я ж ведаю, што займаюся самападманам. Думай, не спяшайся! Можа, і выбераш каго–небудзь лепшага за мяне.

Цяньцянь прыдумала мора апраўданняў, катэгарычных і ясных, але яшчэ не паспелі яны сарвацца з языка, як яна ўжо ўсвядоміла, што ўсе яны хлусня. У рэшце рэшт, дзяўчына так і не знайшлася, што адказаць, толькі пралепятала:

— Ціньян, ты добранька адзнач Новы год.

Паклаўшы тэлефон, адчула пустэчу ў душы, паступова накочвала дарожная стомленасць, падымалася ад ступняў да павек. Але ісці ў ложак не хацелася, так і засталася сядзець на канапе і, абапіраючыся на падаконне, глядзела на начны пейзаж. Толькі цяпер сапраўдна сцямнела за акном, ноч стала падобнай да ночы. Месяц нязграбна асвятляў тоўстыя галіны і сукі, напаўняў вуліцу, быццам развесіў паўсюль шэрань і снег. Ад ветру жмуты паперы і цалафанавыя пакеты скакалі, як верабейкі са зламанымі крыламі, перавальваючыся, цягнуліся нізка над зямлёй. «Вартаўнікі ночы» (У навагоднюю ноч прынята не спаць, «вартаваць ноч».) стаміліся, лямпы ў вокнах згасалі адна за адной, пасля бурнай весялосці ўсе вуліцы апусцелі. Сёлета поўнач прайшла бесталкова, а Цяньцянь увогуле прапусціла гэты момант.

Колькі ж усяго з ёй здарылася за гэты год: смерць маці, уласная хвароба, клопаты з бацькам. Кожны раз, калі нешта адбывалася, палову ношы з ёй раздзяляў Ціньян, а яна нібы і не заўважала. Па сваім меркаванні распараджалася плячом хлопца так, як калі б гэта было яе ўласнае. Да гэтага вечара яна ніколі не задумвалася над тым, што ён усяго толькі часова дае ёй сваё плячо і адным цудоўным днём можа знікнуць.

Гэтая думка ўразіла Цяньцянь. Выявілася, што, у нейкай ступені, яна ўсё ж залежала ад Ціньяна. Вось толькі не ведала, ці вартая гэтая залежнасць, каб паставіць на яе ўсё жыццё: яна разумела, што не можа бясконца выкарыстоўваць яго дапамогу. Страціць яго плячо — гэта адзін цяжар, распараджацца — іншы. Цяжкасць рознага роду, і незразумела, якую з іх яна можа вынесці.

Так, аддаючыся бязладным думкам, пераскокваючы з адной на другую, пачула, што за спінай хтосьці хіхікнуў. Цяньцянь падумала, што гэта бацька, павярнула галаву, але дзверы ў яго пакой былі шчыльна зачыненыя, лямпа не гарэла. Дзяўчына спалохалася, валасы раптам сталі дыбам, і тады яна бязгучна паклікала:

— Мам... Твае цяжкасці... Мы з самага пачатку не разумелі. Калі б разабраліся, то ці ж маглі б табе дазволіць сысці такім чынам? Супакойся, абавязкова прыйдзе такі дзень, калі мы ўсе разам збяромся там, у цябе... Гэта ўсяго толькі справа часу.

Цяньцянь яшчэ не дагаварыла, як у пакоі зноў пачуўся смяшок. Гэтым разам смех прагучаў каля самага вуха. Яна адчула цеплыню чужога цела, якое наблізілася ўшчыльную, пазнала чысты і тонкі, ледзь адрозны водар бэзу (бэз — адзіная кветка, якая падабалася маме ўсё жыццё). Цела Цяньцянь быццам разрэзалі напалам: адна палова хацела працягнуць руку, ухапіць тую нітку цеплыні і павіснуць на ёй ўсёй сваёй вагой; іншая ж хацела адключыць усе тактыльныя адчуванні і нервы, адчайна супраціўлялася нападам гэтай цеплыні і пяшчоты. Дзяўчына ператварылася ў вузел пасярэдзіне гэтай вяроўкі: дзве сілы, аднолькава роўныя па магутнасці, цягнулі і цягнулі кожная да сябе. Цяньцянь зусім не магла паварушыцца, быццам зачараваная. Шырока адкрыўшы вочы, пільна паглядзела на маці, што стаяла ля свайго фота ў аправе чорнай рамкі. У змрочным святле лямпы маці «сцерлася», згубіўшы вострыя куты, сляды часу схаваліся ў цені, рысы асобы нечакана набылі спакой, ціхамірнасць і пяшчоту. Трывога Цяньцянь прайшла праз спакойныя матчыны зрэнкі, як палымяны прас апускаецца ў ваду, і патроху ўляглася.

Вусны ў маці злёгку задрыжалі, яна нешта сказала. Гэтыя словы, бы воблачка дыму, яшчэ не паспелі прыняць форму, як ужо рассеяліся. Маці сказала:

— Ты ідзі...

Няскончаная фраза, нібы скрыжаванне, ад якой вядзе мноства дарог, утрымлівала ў сабе ледзь не бясконцую колькасць магчымасцей. Затым пыл асеў, і толькі ў той момант, калі патроху пачала мільгацець магчымасць наблізіцца да рэальнасці, Цяньцянь зразумела, пра які шлях ішла гаворка. Але яна даганяла і даганяла маці, каб спытаць, што яна мела на ўвазе. А потым прачнулася і зразумела, што ўсё было сном.

Прафесар Хэ стаяў ля канапы і занепакоена глядзеў на дачку:

— Цяньцянь, што з табой? Стагнала так гучна, што я аж ускочыў. Дзяўчына выцірала халодны пот са скроней, прайшла цэлая вечнасць, перш чым яна коратка прамармытала:

— Нічога, дзіўны сон прысніўся.

Бацька не спытаў, які сон, але лёг побач з Цяньцянь, трымаючы ў руках кубак чаю. Толькі потым нерашуча сказаў:

— Вось бы ты, Цяньцянь, пасля святкавання Новага года з’ездзіла на поўдзень, у Чжэцзян, пашукала Чуньчжы? Я быў з ёй занадта рэзкі, занадта катэгарычны.

Дзяўчына здзівілася:

— А калі не быць катэгарычным, то якім? Ты пагодзішся, каб яны пераехалі?

Але бацька, перасоўваючы кубак з адной рукі ў другую, не здаваўся:

— Яна таксама разумна разважае: калі яны сюды пераедуць, то зэканомяць на арэндзе жылля, таму можна будзе заробак Чуньчжы паменьшыць удвая. Абодва бакі будуць у плюсе, нават улічваючы выдаткі на ўтрыманне тут дачкі.

Цяньцянь ўсё слухала і слухала, холадна ўсміхалася і ў рэшце рэшт страціла цярпенне:

— Бацька, ты гэта сур’ёзна ці выдурняешся? Ты не бачыш, што яна цябе выкарыстоўвае?

Прафесар Хэ не раззлаваўся, а толькі, звесіўшы галаву, раз за разам тузаў ніткі на талстоўцы:

— Я падумаў, калі ёсць чалавек, які мяне выкарыстоўвае, то гэта ўсё ж лепш, чым быць зусім непатрэбным. Такі лядашчы стары, як я… Акрамя яе, каму ж яшчэ магу спатрэбіцца? Калі вам будзе столькі, колькі мне, вы зразумееце.

Бацька гаварыў без эмоцый.

Цяньцянь разгубілася, але, стрымліваючы абурэнне, спакойным голасам сказала:

— Як адзначым Новы год, то выправімся шукаць іншую, з вопытам працы, каб не было больш такіх сітуацый. Ты супакойся, я не паеду, пакуль не знойдзем.

Хэ Чуньань спакойным голасам адказаў:

— Я прывык да Чуньчжы, не хачу шукаць нікога іншага.

7

Цяньцянь прыйшлося паблукаць, перш чым знайсці дом Чуньчжы. Насамрэч будынак яна заўважыла даўно, але ў яе і думкі не ўзнікла, што Чуньчжы можа тут жыць. Дом гэты быў падобны да тых, што часта сустрэнеш на поўдні ад Янцзы, — двухпавярховы, з мазаічнай вонкавай сцяной. І хаця мазаіка здавалася шэрай, хапіла б аднаго ліўня, каб змыць сляды пылу з прыхаванай белізны. У вочы кідаліся і вялізныя двухстворкавыя вароты, пакрытыя чорным лакам. Думалася, за такой махінай абавязкова павінна хавацца нейкая гісторыя. На вершніку вісела распяцце, а на дзвярах — два чырвоныя надпісы: «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага» і «Каб усякі, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыццё вечнае». Дзіўна, няўжо Чуньчжы прыняла хрысціянства?

Вокны былі вачыма пабудовы. Цёмныя, бяздонныя. Цяньцянь падышла бліжэй і ўбачыла, з якім майстэрствам выразаны аконныя ўпрыгожанні —чырвоненькія папяровыя рыбкі. Спакойныя і гарэзлівыя, драпежныя і бесклапотныя, яны здаваліся жывымі. Быў тут і сімвал дастатку — карп, што пераскоквае праз браму дракона, — як жа без гэтага?

Сказаць, што дом той новы — дык не новы, стары — дык і не стары. Прасочвалася ў ім штосьці і гарадское, і вясковае. Здавалася, хтосьці хапнуў трошкі ад захаду, трошкі ад усходу ды паспешліва змяшаў здабытае. І хаця атрымалася крыху нязграбна, выглядала ўсё роўна захапляльна. Цяньцянь раптам прыйшло ў галаву, што, маючы такое жытло, Чуньчжы няблага забяспечаная. Тады што прымусіла яе паехаць далёка на поўнач, працаваць простай сядзелкай?

Дзверы адчыніліся ад лёгкага штуршка. У прыхожай Цяньцянь убачыла бабульку, што засяроджана нешта вязала. Валасы старой былі кароткія, прамыя і, здалося, бліскучыя. З–пад светла–бэзавай курткі выбіваліся падкасаныя краі світэра, а чорныя нагавіцы няўдала хавалі шарсцяныя рэйтузы. «Напэўна, маці Чуньчжы», — здагадалася Цяньцянь. Нарэшце заўважыўшы жанчыну, старая выпусціла клубок з рук:

— Хэ? Штосьці здарылася з настаўнікам Хэ?

— Адкуль вы ведаеце, што я ад яго? — здзівілася Цяньцянь.

— Я бачыла ваш сямейны фотаздымак, — патлумачыла маці.

Зразумеўшы, што благіх навін няма, старая супакоілася. Запрасіла госцю за стол, а сама патупала ў кухню. Вярнулася з чаем і цэлым падносам талерачак — якіх прысмакаў там толькі не было! І кумкват, і алівы, і арэхі тарэя, і грэцкія арэхі, і батат.

— Навошта вы шукаеце Чуньчжы? — спытала старая.

Цяньцянь няспешна дастала з кішэні пісьмо:

— Вось, гэта допуск Чуньчжы да экзамена па англійскай мове, ліст прыйшоў да нас. Тата ўгаворвае Чуньчжы вярнуцца і здаць іспыт — яна некалькі месяцаў займалася дадаткова. Шкада ж, калі дарма.

Узяўшы дакумент, маці апусціла галаву і пачала штосьці шаптаць. Цяньцянь улавіла толькі «дзякуем за ласку, Збаўца».

— А што, Чуньчжы таксама вызнае гэтую веру?

— Калі б верыла, — уздыхнула старая, — ці дазволіла б сабе так жыць? Гэткая гордая, што ў душы яе і пясчынцы не знойдзецца месца. Як можа такая пакланяцца Богу?

***

Маці паведаміла Цяньцянь, што Чуньчжы нарадзілася ў неспакойны час. Калі дзяўчынцы было тры месяцы, яе бацька, гандляр, загінуў акурат на вуліцы: трапіў пад кулю рэвалюцыйнай групіроўкі… Чуньчжы гадавалася ў галечы. Выжывалі толькі дзякуючы матчынаму рукадзеллю — вышыўцы і пляценню бамбукавых цыновак. Чуньчжы таксама вырасла цудоўнай майстрыцай, але яна вышывала не звыклыя для ўсіх піёны ды феніксы: дзяўчына, як магла, эканоміла грошы і раз на месяц набывала ў кніжнай краме рэпрадукцыі заходніх карцін. Французскія пейзажы, англійскія вуліцы і цэрквы, вёсачкі Нямеччыны — якраз яны падказвалі Чуньчжы матывы для творчасці, ад якой жыхары Цзаосі былі ў захапленні. Нават знаходзіліся ахвочыя купіць работы — на навагоднія святы, на вяселле або наваселле.

Вучоба таксама давалася лёгка — Чуньчжы з пачатковых класаў лічылася лепшай вучаніцай. І прыгажуня, і выдатніца, і рукі залатыя — усе толькі дзіву даваліся, як у такой беднай сям’і вырасла такая разумніца. Чуньчжы яшчэ была школьніцай, а ў дом ужо прыходзілі сваты. Але дзяўчына нават не глядзела на пакінутыя фотаздымкі жаніхоў. Чаму, маці даведалася пазней.

Скончыўшы школу, Чуньчжы паступіла ў педагагічнае вучылішча. Але правучыўшыся паўтара гады, кінула. І прычына хавалася не ў цяжкім навучанні. Усяму віной быў хлопец. Хлопец, якога звалі Ляо Цзяньпін. Калісьці ён быў аднакласнікам Чуньчжы. Яны абое кіравалі вучнёўскімі саюзамі, абое адказвалі за школьную радыёстанцыю. Так, праводзячы шмат часу разам, маладыя людзі зблізіліся, звыкліся, нават загаварылі пра вяселле. Але пакуль маладзёны мусілі расстацца: Цзяньпіна прызвалі на вайсковую службу. Кемлівы, працавіты, ён хутка займеў усеармейскую павагу. Уступіў у партыю, атрымаў добрую пасаду. Акурат калі так імкліва развівалася кар’ера, хлопец атрымаў страшную вестку з дому: паралізавала маму. Хто ж цяпер будзе клапаціцца пра хворага бацьку і двух маленькіх братоў? Увесь клопат заўсёды брала на сябе мама. Поўны адчаю, Цзяньпін напісаў Чуньчжы.

Атрымаўшы ліст, дзяўчына ў той жа дзень пакінула вучылішча і вярнулася ў родны Цзаосі — даглядаць хворую. Маці доўга не магла змірыцца з учынкам дачкі, але і яна з часам праніклася даверам да радні Цзяньпіна. Каб мець хоць якую капейку, Чуньчжы зноў узялася за шыццё. Так, працуючы на дзве сям’і, дзяўчына правяла некалькі гадоў.

Пасля адстаўкі Цзяньпіна маладыя нарэшце ажаніліся, а ўжо на другі год шлюбу на свет з’явілася дачушка Сяоцзао. Заробак ім прыносілі пісьмовыя прылады: наняўшы некалькі памочнікаў, пара адкрыла ўласную майстэрню. Попыт на вырабы ўзрастаў, вытворчасць пашыралася — у хуткім часе нават узнікла патрэба ў філіялах.

Поспех Ляо нарэшце вызваліў Чуньчжы ад бясконцых хваляванняў за кавалак хлеба. Цяпер жа маладую гаспадыню займалі толькі выхаванне дачкі і прыемная мітусня з абсталяваннем жытла. Цзяньпін, як мог, радаваў Чуньчжы: кожны выхаплены выходны, у адрозненне ад разняволеных калег, праводзіў з роднымі. А разбагацеўшы, кожную рэч — нават усялякую дробязь — набываў самую дарагую, дызайнерскую. Увесь Цзаосі паглядаў на чарговую сукенку Чуньчжы ды толькі перашэптваўся пра запозненае шчасце гэтай сям’і…

***

Аднойчы Цзяньпін не прыехаў на святы — затрымаўся ў шанхайскай камандзіроўцы. Чуньчжы захацелася наведаць мужа. Прыехаўшы на вакзал, жанчына патэлефанавала мужу, але ніхто не адказаў. На фірме таксама нікога не было. Расхваляваўшыся, Чуньчжы паехала ў гатэль, у якім Ляо заўсёды спыняўся на час паездкі, адшукала яго нумар. Заставалася толькі чакаць.

Ужо пачало цямнець, калі ў калідоры пачуўся голас Цзяньпіна. Чуньчжы прыадчыніла дзверы: Ляо чамусьці накіраваўся далей па паверсе. Нічога не разумеючы, жанчына асцярожна пакрочыла за ім. Нарэшце мужчына спыніўся, зайшоў у пакой. І Чуньчжы ў яго зазірнула.

У пакоі Чуньчжы ўбачыла дзіця — месяцы два, не больш. Над немаўляткам схілілася жанчына — вельмі маладая, высокая. Скура яе была белай і гладкай. Чорныя, нібы акропленыя тушшу валасы, сабраны на патыліцы. Тонкі чорны світар нібы знарок падкрэсліваў вузкую, нягледзячы на нядаўнія роды, талію.

— Цзяньпін, віт… вітаю, — Чуньчжы здалося, што нават шар зямны спыніўся ад яе голаса.

Мужчына змяніўся з твару — пабляднеў і пачырванеў адначасова.

— Напэўна, сама спадарыня Чуньчжы прыехала да цябе здалёк, — спакойна прамовіла тая, невядомая. — Што ж ты стаіш? Запрасі, пагутары.

Застаўшыся адзін на адзін з жонкай, Цзяньпін працягнуў ёй шклянку вады. Былі ў гэтай прапанове, як падалося Чуньчжы, і шкадаванне, і сорам, і нейкая бездапаможная ветлівасць. Жанчына ўглядалася ў мужаў твар і з болем усведамляла, што ў яго жыцці яна даўно ўжо стала проста госцяй. Сотні, нават мільёны пытанняў імкліва ўзнікалі ў галаве. Але сіл хапіла толькі шпурнуць шклянку ды выбегчы.

***

Чуньчжы настойвала на разводзе. Вядома, радня абрынулася на жанчыну з адгаворкамі:

— Міленькая, паслухай, ты ж ведаеш, як ён да цябе ставіцца, — бедавала свякруха. — Ніхто тваё месца не зойме. А ён… ён проста хацеў спадчынніка — ты ж больш не зможаш нарадзіць, сама ведаеш… Ды сёння ледзь не у кожнай муж мае кагосьці яшчэ. І нічога, жывуць жа неяк.

Пачуўшы, Чуньчжы адразу ж зразумела: мужавы сваякі ўжо даўно пра ўсё ведалі. А яна… яна… Столькі сіл ім калісьці аддала, столькі слёз.

— Дык хіба я вінавата, што больш не змагу зацяжарыць? Хіба не Цзяньпін настойваў на гэтай праклятай аперацыі? — і ўпэўненасць у разрыве толькі ўзрасла.

Маці таксама не падтрымлівала дачку:

— Каму ты патрэбная ў такім узросце, ды яшчэ і з дзіцём? Ці ўжо забылася, як галоднай бадзяцца?

Чуньчжы зразумела, што і тут падтрымкі не дачакаешся, — занадта ўсе прывыклі да грошай Ляо.

Хутка і сам Цзяньпін вярнуўся з Шанхая. Што ён толькі ні гаварыў, якіх толькі абяцанняў ні даваў… Але як прабачыць, як пачаць усё спачатку, калі ёсць тое дзіця, тая жанчына?

— Чуньчжы, тады аддай мне дачку, а я забяспечу цябе з маці да канца жыцця, — крычаў Ляо.

— А навошта мне жыць без Сяоцзао? Дзеля каго? — і жанчына не марудзячы падпісала адмову ад маёмасці Цзяньпіна.

Вось так і разбурыўся дзесяцігадовы шлюб… Чуткі пра няшчасце дайшлі да сяброўкі Чуньчжы, што жыла ў Пекіне. Тая, у сваю чаргу, прапанавала жанчыне працу: даглядаць састарэлую пару. Чуньчжы згадзілася, але на сталіцу вялікіх надзей не ўскладала — адно толькі крышачку падзарабіць. Хто ж ведаў, што яна так пасябруе са сваімі падапечнымі, што застанецца з імі на чатыры гады — ажно пакуль не правядзе ў апошні шлях. У падзяку за клопат старыя пакінулі Чуньчжы дваццаць тысяч юаней. Калісьці, у лепшыя часы, такой сумы хапіла б хіба на кішэнныя выдаткі, але цяпер Чуньчжы дрыжала над кожнай капейкай.

Больш за ўсё Чуньчжы шкадавала аб тым, што калісьці кінула педагагічнае вучылішча. «Лёс жанчыны нельга давяраць мужчыне, дачка павінна вучыцца ў найлепшай школе», — часта ўзнікала ў яе думках. Калі пакласці заробак на рахунак, а некалькі тысяч яшчэ пазычыць, Сяоцзао зможа паехаць на вучобу ў Пекін. Чуньчжы даўно ўжо ўсё разлічыла.

***

Расказваючы пра жыццё Чуньчжы, маці ні разу не падняла галавы. Пасля аповеду ў пакоі запанавала маўчанне. Але цішыню хутка парушыў дзвярны скрып — на парозе з’явілася худзенькая дзяўчынка:

— Бабулечка, а настаўніца нам падарыла… — убачыўшы чужога чалавека, дзіця сумелася, пачырванела, ды так і спынілася.

Хутка увайшла і Чуньчжы. Убачыўшы Цяньцянь, тая таксама аслупянела.

— Сяоцзао, схадзі па фінікі, ды выбяры зелянейшых, — толькі і сказала жанчына.

Услед за ўнучкай пайшла і старая. Але хутка схамянулася:

— Я якраз давязала рэйтузы — вазьміце, калі ласка, для таты. Ён чалавек разумны, ацэніць. Баваўняныя нагавіцы, кажа, занадта тоўстыя — няхораша. А тут і цёплыя і далікатныя.

Застаўшыся сам насам, жанчыны нейкі час маўчалі.

— Як там настаўнік Хэ? — нарэшце спытала Чуньчжы.

— А ты як думаеш? У навагодню ноч нават нікога не падпусціў.

Чуньчжы нічога не адказала. «Няўжо сорамна?», — падумалася, самы час упікнуць уцякачку, але Чуньчжы нечакана паднялася, уважліва паглядзела на Цяньцянь і ціха сказала:

— Гэта ты кінула настаўніка Хэ, даражэнькая. Не я.

8

Навіна аб скарачэнні штатаў ужо некалькі месяцаў абмяркоўвалася ў банку. Спачатку ўсе захваляваліся: тэлефонны званок, паведамленне, нават позірк — усё магло сведчыць пра звальненне. Але з часам размовы сціхлі, людзі нібы звыкліся са сваім становішчам. Раўнадушша ўзяло сваё. Таму, калі Цяньцянь патэлефанаваў галоўны менеджар, яна і падумаць не магла, што сёння — яе апошні працоўны дзень. Развітанне прайшло як па пісаным: Цяньцянь абдымалі, паціскалі руку, зычылі найлепшага. Да ганку, як было прынята аддзелам бяспекі, яе праводзіла ахова. І хаця жанчына ведала, што гэта стандартны парадак, усё ж не вытрымала і заплакала, моцна прыціскаючы да сябе маленечкую кардонную скрынку з рэчамі.

Цяньцянь упершыню за доўгія дні звярнула ўвагу на надвор’е: ветру не было, а сонца прыпякала ўжо зусім па–вясноваму. На аўтобусным прыпынку, крыху бянтэжачыся, нейкая дзяўчына прадавала ружы:

— Свежыя, для вашага Валянціна…

Цяньцянь зусім забыла, што сёння дзень закаханых. Пакінуўшы рэшту прадавачцы, жанчына з усмешкай прымацавала ружовую кветку да кардонкі:

— Гэта мая першая ружа ў жыцці!

Нарэшце — канцавы. Цяньцянь адчула неймаверную стому, вельмі захацелася сесці. Так і не знайшоўшы паблізу ніякай лаўкі, апусцілася на скрынку. Адна адну перабівалі думкі: «Трэба напісаць рэзюмэ… Заўтра… Хто б мог напісаць рэкамендацыю… Толькі не начальнік… Столькі дабра яму зрабіла, а ён… А што ён… Скарачэнне ўсё адно непазбежнае… Яго віны няма… Трэба патэлефанаваць…»

Так разважаючы, Цяньцянь не заўважыла, як задрамала. Прачнулася ад вібрацыі телефона. Падскочыла:

— Добры дзень, Хэ Цяньцянь, дамен–банк, чым магу дапамагчы? — па–англійску пратараторыла яна і, толькі успомніўшы звальненне, спужалася.

— Цяньцянь, ты дзе? — пачуўся ў трубцы голас Ціньяна — Я ўжо ўсё абшукаў! От бяда — праца. Новую падбярэм, чуеш?

Нічога не мець — таксама, у нейкім сэнсе, шчасце. Ён, Ціньян, не ўяўляў жыцця без яе, Цяньцянь. Яна аплочвае яго жыллё, дазваляе карыстацца аўтамабілем. Яна — прытулак, што дае яму ежу і адпачынак. Яна — ахоўніца яго спакойнага сну. А што мае сама Цяньцянь? Вялізны крэдыт за кватэру? А яшчэ плату за электрычнасць. За страхоўку. За машыну. Ёй трэба плаціць за сябе. За яго. За бацьку. Да таго ж, Цяньцянь ведала пра імкненне каханка: той даўно марыў пра ўласнае кафэ, усё ўгаворваў даць яму пазыку. Паводзіны Ціньяна крыўдзілі жанчыну, аднак звычайна яна стрымлівалася, маўчала. Але ў гэты цяжкі дзень, у гэты момант, пачуўшы яго голас, яна адчула, што ненавідзіць:

— Ну што ты да мяне прычапіўся? Хочаш зарабляць — зарабляй! Калі ласка! Толькі пакінь ты мяне нарэшце!

***

Прачнуўшыся раніцой, Цяньцянь адразу ж схапілася за гадзіннік: «Шэф павінен быць на працы. Трэба пагутарыць наконт рэкамендацыі…» Узяла трубку, але апарат аказаўся заняты: хтосьці ў доме ўжо размаўляў па тэлефоне. Ціньян, хто ж яшчэ.

— Колькі мне яшчэ чакаць? Сам ведаеш, што прыйдзецца сыходзіць, — пачула Цяньцянь незнаёмы жаночы голас.

Зразумеўшы, што іх чуюць, Ціньян тут жа адключыўся. Цяньцянь, не помнячы сябе ад гневу, як была, басанож, кінулася ў гасціную:

— Прэч! Пайшоў прэч адсюль!

Цяньцянь доўга штосьці мямліў, апраўдваўся… Не выносячы гэтага відовішча, яна схапіла канцылярскі нож — выбраннік змоўк і паслухмяна паплёўся збіраць рэчы. Усе яны ўмясціліся ў двух чамаданах — вялікім і маленькім. Марудна працягнуўшы груз да дзвярэй, рэзка павярнуў назад у пакой. Накінуў халат на каханку:

— Правядзеш?

«Не! Не! Не!» — хацелася раўкнуць Цяньцянь, але яна міжвольна пайшла ўслед.

Ліфт быў цесны. Працягні руку — і вось яно, іх каханне… Ён штосьці казаў пра рэчы, пра ключы, пра машыну. Ёй хацелася пачуць іншае. Чакала. Раптам моцна трасанула кабіну. Лямпачкі згаслі.

— Зламаўся, — разгублена прашаптаў Ціньян. — Набяры «911».

Цяньцянь нервова намацвала ў кішэні, адмаўляючыся верыць, што тэлефон застаўся ў кватэры. Здавалася, ніколі яна не была ў такой цемры — такой бязлітаснай і бясконцай. Закрычала так, што ажно сама спужалася.

— Ціха, ціха, Цяньцянь, — як мог супакойваў Ціньян. — Ты павінна берагчы сілы, чуеш? Хочаш, скажу табе штосьці? Тая жанчына… Яна так, з мінулага жыцця. З таго гадкага жыцця, ад якога я і ўцёк у Таронта. Разумееш, тут я хацеў толькі зарабіць, а потым … Хто ж ведаў, што сустрэну цябе.

Жанчына мякка апусціла галаву яму на плячо. Занадта цяжкімі былі апошнія дні. Знясілела. Захапіў, агарнуў, адолеў сон. Палахліва ўздрыгвала. Абуджалася. Засынала яшчэ раз. Голад, надакучлівы, востры, будзіў зноў і зноў. Стома перамагала. Перамагаў сон.

Ачуняла Цяньцянь ад асляпляльнай паласы святла — рэзкага, бы лязом па вачах. Дзесьці побач хныкала дзіця, ляскаталі званочкі крам. Пачула Цяньцянь і тое, як скрыпяць гумавыя пальчаткі і падаюць шпрыцы.

— А ён? — схапіўшы медсястру за рукаў, прахрыпела яна.

— У другой хуткай, супакойцеся.

— Перадайце, што я прашу назначыць дату.

— Дату? Якую дату?

— Ён ведае.

І Цяньцянь зноў страціла прытомнасць.

***

Яны ажаніліся пятага красавіка. З датай маладыя спяшаліся: праз два тыдні адкрывалася іх кафэ… Столькі працы будзе, якое ўжо там вяселле. Таму цырымонія цяпер. Ціхая, з некалькімі сябрамі. Без асаблівай урачыстасці, без белай сукенкі: «Навошта? Усё адно замуж выхожу другі раз. Ды і не пасуе мне белы…»

Ужо развітаўшыся з гасцямі, Цяньцянь раптам успомніла, што сёння —дзень памінання памерлых. Абурылася:

— Навошта, навошта, ты выбраў гэты дзень? — крычала яна Ціньяну.

— Баішся? А хіба мы ўжо не паміралі аднойчы?

Калі зламаўся той злашчасны ліфт, думалася, што пакутуюць толькі яны. Каханкі яшчэ нічога не ведалі пра катастрофу: ад Паўночнай Караліны і да паўночных раёнаў Канады на некалькі дзён спынілася ўся лінія электраэнергетычнай сеткі. Хтосьці казаў пра састарэлае абсталяванне, хтосьці — пра дыверсію… Незлічоныя машыны. Тоны сапсаванай ежы. Мёртвы тэлефон. Перапоўненыя шпіталі. Падумаць толькі, электрычнасць перамагала чалавека — інструмент скараў майстра.

— Калі б не замыканне, дзе б мы з табой былі, Цяньцянь?

— Бог паслаў такую бяду, столькі людзей сутыкнуў з самой смерцю, і ўсё дзеля… нас, дзеля нашага шлюбу? Як страшна…

***

Цяньцянь доўга не расказвала бацьку, што выходзіць замуж. Толькі за тыдзень да вяселля, калі адкладаць болей было немажліва, патэлефанавала і паведаміла. Так, менавіта паведаміла – не пытаючы ні парады, ні тым больш дазволу. Бацька адказаў на навіну доўгім маўчаннем.

— А ён, твой будучы муж… клапатлівы? — нарэшце спытаў Хэ.

— А ў яго, акрамя клопату пра мяне, больш нічога і няма, — злосна адказала дачка.

Той неяк дзіўна засмяяўся і дадаў:

— Гэта ў цябе яго клопат толькі і ёсць… Ну, годзе. Віншую. Цяпер і мой абавязак выкананы.

Ад размовы стала прыкра. Штосьці ў бацьку змянілася. І, відаць, незваротна. Цяньцянь не пакідала трывога. А праз тры дні пасля вяселля, яшчэ на досвітку, маладых пабудзіў тэлефон:

— Тата знік! — крычаў у трубцы Юаньюань. — Нідзе няма! Я размаўляў з ім два дні таму, ён сказаў, што хоча ажаніцца з гэтай Чуньчжы. Ну, я яму і выказаў усё, што пра яе думаю…

Цяньцянь раптам здалося, што яе саракагадовы брат зноў стаў маленькім бездапаможным хлопчыкам. Узяло зло і на яго, і на бацьку:

— Знік! Божачкі, ну як на сёмым дзясятку можна рабіць такія глупствы!

***

Цяньцянь падышла да рачулкі Цзаосі. Сонца ласкава абдымала наваколле, рэчка–нітачка ўсё бегла і бегла між магутных камянёў. Бацька рыбачыў. Шырокім, нібы тэатральным, узмахам закідваў вуду. Вядома, як звалі адзінага гледача гэтай гульні. Чуньчжы.

— Няма цаны на шчасце дурня, — чамусьці згадалася Цяньцянь.

Пераклад з кітайскай на рускую Анастасіі Букатай

Пераклад на беларускую Ганны Варонкі, Марыі Страх

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».