Вы тут

На чым грунтуецца пазітыўны прагноз жыццяздольнасці кніжніц?


Уяўленне пра бібліятэку як пра кантэйнер для інфармацыі зжыло сябе канчаткова. Аснова зносін сёння — узаемадзеянне анлайн. Для працоўных сустрэч выкарыстоўваюцца вэбінары. Інтэрнэт даў магутны імпульс для развіцця кніжніц. Умацоўваецца міжнароднае супрацоўніцтва па рэалізацыі праектаў адкрытага доступу да вынікаў навукова-даследчай дзейнасці. Развіваюцца рэсурсы адкрытага доступу (Open Acces), удасканальваюцца стандарты метаданых, падтрымліваюцца ініцыятывы адкрытай навукі (Open Science). Веды распаўсюджваюцца з дапамогай сеткавых тэхналогій і лічбавага асяроддзя. Бібліятэкі змяняюць вектар развіцця. Аддалены доступ да інфармацыі прад’яўляе новыя патрабаванні да ролі кніжніцы, бо сёння знаходзіцца ў бібліятэцы фізічна не патрабуецца. Якая тады будучыня? Як застацца кніжніцы запатрабаванай?


Найлепшы навігатар

Калі прааналізаваць бібліятэчную карту свету Міжнароднай федэрацыі бібліятэчных асацыяцый (IFLA), Беларусь знаходзіцца на 7-м месцы па колькасці бібліятэк на 1 млн жыхароў сярод 90 краін свету, якія прадставілі свае статыстычныя звесткі для размяшчэння на рэсурсе. Каб вызначыць месца Беларусі на бібліятэчнай карце свету, узнікла ідэя распрацоўкі анлайн-рэсурсу «Беларусь бібліятэчная». У якасці фармату падачы інфармацыі выбраны лангрыд — (англ. longread; long read — «доўгае чытанне») — фармат падачы вялікіх тэкставых матэрыялаў у інтэрнэце. Аднак існуе меркаванне, што інтэрнэт-карыстальнікі не чытаюць доўгія тэксты. У 2014 г. кампанія Newswhip правяла даследаванне папулярных навінавых матэрыялаў. Аказалася, што інтэрнэт-карыстальнікі часцей чытаюць кароткія тэксты аб’ёмам да 500 слоў і доўгія, аб’ём якіх перавышае 1200 слоў. Галоўная асаблівасць longread  — грунтоўнае паглыбленне ў тэму. Ідэя стварэння анлайн-рэсурсу лангрыда «Беларусь бібліятэчная» ў 2019 годзе была падтрымана на самым высокім дзяржаўным узроўні  — грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у культуры. Цяпер рэсурс на стадыі распрацоўкі, але частка падрыхтаванай інфармацыі ўжо прадстаўлена: http:/belaruslibrary.nlb.by. Лангрыд рэгулярна папаўняецца і абнаўляецца, каб прадэманстраваць усе грані сучасных бібліятэк, іх запатрабаванасць і ролю ў развіцці краіны.

У панаванні бязмежных магчымасцей сусветнай павуціны цяжка абысціся без інфармацыйных правайдараў і навігацыйных кансультантаў. Бібліятэкі ствараюць віртуальныя даведачныя службы, каб карыстальнік з любога пункту, маючы інтэрнэт, мог звярнуцца па бясплатную інфармацыю.

На першы погляд здаецца, што сёння кожны можа знайсці інфармацыю без складанасцей. Але ці дакладную, ці якасную? Вось тут і наспявае пытанне пра ролю кніжніцы. Даследчыкі сыходзяцца на меркаванні, што прафесійныя магчымасці бібліёграфа значна шырэйшыя, чым пошукавыя магчымасці камп’ютара. Інтуіцыя, мысленне, мэтанакіраванасць  — рысы, якія «за» бібліёграфа: пошук выходзіць далёка за межы фармальных правіл! Тым не менш без віртуальнай камунікацыі  — нікуды. Як прыклад  — сэрвіс «Віртуальная даведачная служба» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, які дэманструе пашырэнне бібліятэчна-бібліяграфічнай дзейнасці, выкарыстанне найноўшых тэхналогій, што прызвана задаволіць патрабавальных карыстальнікаў: яны атрымалі магчымасць задаваць пытанні анлайн.

Галаграмы і 3d

Сюжэты з фантастычных фільмаў становяцца ўсё бліжэйшыя. І дзе? У кніжніцы. Яшчэ летась Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадэманстравала выстаўку мастацкіх галаграм «Галаграфія-2018. Мінск»  — «Асвета. Пазнанне. Прагрэс». Выстаўка ўражвала не толькі колькасцю прадстаўленых галаграм (каля 150!), але і тэматычнай разнастайнасцю. Сярод экспанатаў — атрыбутыка Вялікай Айчыннай вайны, хрысціянскія рэліквіі («Крыж Еўфрасінні Полацкай», «Жыровіцкая ікона Божай Маці», «Дары валхвоў», «Купяціцкая ікона Прасвятой Багародзіцы»), музейныя каштоўнасці (серыя «Клады зямлі беларускай»). Упершыню ў галаграфічным выглядзе паўсталі кніжныя скарбы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — каштоўныя старадрукаваныя выданні «Біблія» Францыска Скарыны (Прага, 1517—1519), «Евангелле» Пятра Мсціслаўца (Вільня, 1575 г.), «Новы Запавет і Псалтыр» (Куцеін, 1652 г.). Галаграмы створаны вядучымі беларускімі прадпрыемствамі «Магія святла» і «Галаграфічная індустрыя», заснавальнікам якіх стаў вучоны з сусветным імем Леанід Танін. «Галаграфія» перакладаецца як «поўны запіс выявы». І гэта не візуальны падман, а фізіка. Галаграфія  — навука маладая, сучасная і перспектыўная. Беларусь — адна з нямногіх краін, дзе ствараюцца мастацкія галаграмы. Цяпер галаграма знаходзіць прымяненне ў медыцыне, даследаваннях космасу, шоу-бізнесе, дызайне інтер’ера, рэкламе і… у кніжніцы. Ці не будучыня гэта, якая наступіла ўжо сёння?

А як наконт акуляраў віртуальнай рэальнасці? І гэта ўжо не мары… Павандраваць па свеце з дапамогай такіх акуляраў, а таксама іншага абсталявання можна ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У.  І.  Леніна, Полацкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Ф.  Скарыны… Карыстальнікам мультыцэнтра «Совушка», створанага на базе дзіцячага філіяла Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі ў межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча  — Беларусь  — Украіна» 2007—2013 гг., прапаноўваецца 8 адукацыйных праграм, у тым ліку лабараторыя робататэхнікі. Пры падтрымцы Інфармацыйнага цэнтра Пасольства ЗША ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І. Х. Каладзеева арганізаваны інфармацыйны цэнтр Borisov InfoUSA, у склад якога ўваходзяць STEAM-лабараторыі канструявання, электронікі і праграмавання, вывучэння англійскай мовы. Наведвальнікі Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В.  П.  Таўлая г.  Баранавічы могуць асвойваць 3D-тэхналогіі, асновы праграмавання, кіраваць робатамі і канструяваць. З дапамогай Інфармацыйнага цэнтра Пасольства ЗША «тэхнічная лабараторыя» была адкрыта і ў Маладзечанскай цэнтральнай бібліятэцы імя М.  Багдановіча, у Брэсцкай абласной бібліятэцы. Наведвальнікі Полацкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў межах адукацыйнага праекта «STEAM-адукацыя» рэалізоўваюць шэраг праектаў па выкарыстанні электрычнасці.

Электронная ці лічбавая?

 Крыніцы інфармацыі змяніліся са з’яўленнем глабальных камп’ютарных сетак. Немагчыма пераацаніць імпульс, які далі інтэрнэт-тэхналогіі для развіцця электронных бібліятэк.

Узаемадзейнічаць з інфармацыяй незалежна ад геаграфічнага знаходжання і часу — асноўная перавага лічбавай бібліятэчнай сістэмы. Люстэрка бібліятэчных паслуг  — лічбавыя бібліятэкі, якія павінны ахопліваць друкаваныя і лічбавыя матэрыялы, выказала думку Рухія Мубарыз кызы Мамедава, начальнік аддзела інфармацыйных рэсурсаў Акадэміі юстыцыі Міністэрства юстыцыі Азербайджана, падчас VI Міжнароднага кангрэса ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Лічбавая бібліятэка аналагічна традыцыйнай з пункту гледжання разнастайнасці і складанасці калекцый. Лічбавая і традыцыйная бібліятэкі — не канкуруючыя формы, лічыць Рухія Мубарыз кызы Мамедава. Тэхналогіі электроннай бібліятэкі будуць дапаўняць традыцыйныя функцыі бібліятэчных паслуг. Ды выкарыстанне тэрмінаў «віртуальная», «лічбавая», «электронная бібліятэка» стварае пэўную блытаніну, мяркуе Р.  М. кызы Мамедава. Электронная бібліятэка забяспечвае збор інфармацыі і паслуг у электронным выглядзе, напрыклад, аптычны відэадыск (не лічбавы). Лічбавая бібліятэка забяспечвае збор інфармацыі і паслуг. Віртуальная бібліятэка фізічна не існуе, часцей за ўсё выкарыстоўваецца для абазначэння бібліятэкі з размеркаванымі калекцыямі ці паслуг, якія з’яўляюцца і дзейнічаюць як адно цэлае. Тыповы прыклад  — вэб-сайт з паказальнікамі і спасылкамі на іншыя сайты. Такім чынам, электронная бібліятэка ў параўнанні з лічбавай валодае больш шырокім спектрам дзеяння. Аднак лічбавая стала больш перспектыўнай з прычыны адпаведнасці такім патрабаванням, як лічбавыя аўдыя і відэа. Сёння тэрмін «лічбавая» выкарыстоўваецца адносна як электронных, так і віртуальных бібліятэк. Адна з галоўных пераваг лічбавай кніжніцы ў тым, што электронную копію могуць адначасова атрымаць шматлікія карыстальнікі з розных месцаў. А яшчэ перавага  — дакладнае захаванне: лічбавая інфармацыя можа быць скапіравана без памылак.

Лічба, права, бяспека

Даследаванні ў галіне электронных бібліятэк спараджаюць новыя пытанні і турботы. Галоўная з іх — пытанне аб аўтарскіх правах і тэхналагічным старэнні. Трыманне аўтарскіх правоў у лічбавым асяроддзі  — сур’ёзная праблема. Асноўная рызыка для лічбавых аб’ектаў  — не фізічны знос, а старэнне тэхналагічных прылад для іх чытання. Таксама — старэнне праграмнага забеспячэння. Бібліятэкі павінны абапірацца на стандарты, такія як MARC і SGML, пераканана Р. М. кызы Мамедава, якія, як чакаецца, могуць існаваць у хуткай будучыні.

У вэб-прасторы нізкая доля нацыянальнага кантэнту, што можа прывесці да страты нацыянальнай ідэнтычнасці, турбуецца даследчык Вячаслаў Брычкоўскі, загадчык сектара аддзела карпаратыўнага ўзаемадзеяння Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. І таму патрэбна актыўная работа па прасоўванні айчыннага кантэнту. На пашырэнне доступу да аб’ектаў лічбавай культуры ў віртуальнай прасторы, захаванне культурнай спадчыны накіраваны сайт «Беларусь у інфармацыйнай прасторы». Гэта выдатны навігатар у нацыянальнай вэб-прасторы, які дапамагае сарыентавацца ў шматлікіх беларусазнаўчых рэсурсах, каб атрымаць аўтарытэтныя звесткі пра нашу краіну праз адзіны пункт доступу.

Пастаяннае з’яўленне новых крыніц інфармацыі прымушае мабілізавацца. У сакавіку 2019 года прынята Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, якую распрацоўвалі на працягу некалькіх гадоў. Як не стаць ахвярай інтэрнэту? Бібліятэкі маюць патэнцыял, каб зрабіць вэб-прастору больш карыснай, аб’ектыўнай і інклюзіўнай, перакананы Вячаслаў Брычкоўскі. Інтэрнэт прапаноўвае доступ да інфармацыі кожнаму. Але сярод фэйкавых навін дзе гарантыя, што інфармацыя дакладная? Ці не гэта абумоўлівае першачарговую задачу і месца бібліятэкі ў сучасным лічбавым свеце?

 Наталля СВЯТЛОВА

Загаловак у газеце: Не стаць ахвярай інтэрнэту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».