Вы тут

Прэзідэнт Літвы настроены на актывізацыю супрацоўніцтва з Беларуссю


Пасля цырымоніі пахавання парэшткаў кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў у Вільнюсе намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка прыняў удзел у сустрэчы прэзідэнта Гітанаса Наўседы з кіраўнікамі замежных дэлегацый.


Ігар Петрышэнка выказаў меркаванне, што для беларусаў Каліноўскі — гістарычная асоба, якую мы павінны ўшаноўваць і памятаць. «Галоўнае, мы не павінны палітызаваць гэты момант. А нашы краіны павінны развіваць супрацоўніцтва, што мы сёння і абмяркоўвалі з прэзідэнтам Літоўскай Рэспублікі, спадаром Наўседам», — канстатаваў Ігар Петрышэнка.

Па яго словах, прэзідэнт Літвы настроены на тое, што краіны павінны актывізаваць узаемадзеянне па ўсіх напрамках. Асабліва мае патрэбу ў другім дыханні эканоміка.

Таваразварот дынамічна развіваецца: за мільярд долараў ён выйшаў у мінулым годзе, і пазітыўны настрой па лічбах бягучага года.
«Плюс 30% нашых грузаў, транспарціроўка якіх ажыццяўляецца праз Клайпедскі порт. Гэта тэма таксама абмяркоўвалася. Мы дамовіліся, і гэта было пацверджана прэзідэнтам, што адновім правядзенне эканамічных форумаў, якія традыцыйна праводзіліся і ў Літве, і ў Беларусі»,- паведаміў віцэ-прэм’ер.

Чарговы такі форум, па яго словах, адбудзецца ў Клайпедзе 20 мая 2020 года.

Абмяркоўвалі тэму аднаўлення функцыянавання міжурадавай камісіі, сустаршынямі якой з’яўляюцца міністры эканомікі краін.

«У іх ( літоўскага боку — Зв.) зараз кадравае пераназначэнне, і яны абяцалі, што ў бліжэйшы час будзе назначаны міністр эканомікі. І ўвесь спектр эканамічнага ўзаемадзеяння нашых дзвюх краін будзе разгледжаны ў двухбаковым парадку», — удакладніў Ігар Петрышэнка.

Прэзідэнт Літвы цікавіўся і інвестыцыйнымі праектамі з нашай краінай, у гэтай сувязі ўзгадвалі Індустрыяльны парк «Вялікі камень».
Не абышлі і пытанні гуманітарнага кірунку — адукацыю, медыцыну, навуку і культуру. «Актывізуем падрыхтоўчыя мерапрыемствы, каб ажыццявіць кантакты па лініі профільных ведамстваў і паступова ажывіць наша двухбаковае ўзаемадзеянне», — адзначыў намеснік кіраўніка ўрада.

На цырымоніі перапахавання.

Важна, на думку Ігара Петрышэнкі, зняць праблемы прапускной здольнасці граніцы, ёмістасці і магчымасцей пунктаў «Каменны Лог» і «Медынінкай» з літоўскага боку: «Тут мы павінны сінхранізаваць ( працу- Зв.). Гэта было падтрымана прэзідэнтам Літоўскай Рэспублікі — пашырэнне магчымасцяў, як пагранпераходу і мытнага пераходу з боку Літвы, так і з боку Беларусі. Есць у літоўскага боку і адпаведныя фінансавыя рэсурсы, ёсць адпаведныя праекты. І наша профільнае ведамства тут узаемадзейнічае, каб хуткасць праходжання грузаў ( я ўжо не кажу пра людзей) павялічвалася», — звярнуў увагу Ігар Петрышэнка і дадаў, што пазітыўна ўспрыняло кіраўніцтва Літвы ўвядзенне бязвізавага рэжыму на прыгранічных тэрыторыях Гродзенскай і Брэсцкай абласцей.

Як ён адзначыў: з літоўскімі калегамі дамовіліся працягваць супрацоўніцтва, каб народы адчувалі пазітыў узаемадзеяння дзвюх суседніх дзяржаў.

Абмеркаваў вектары супрацоўніцтва Ігар Петрышэнка і з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэўшам Маравецкім. Апошні цікавіўся пытаннямі развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза і яго ўзаемадзеяння з ЕС. «Ён выказаў жаданне, каб максімальная колькасць патокаў грузаў праз Польшчу, Беларусь, з Еўразійскага эканамічнага саюза і Кітая ( Вялікі шоўкавы шлях) ішло ў Еўропу. І адпаведна, з Еўропы — у Еўразійскі эканамічны саюз»,- расказаў журналістам віцэ-прэм’ер.

Таксама кіраўніка польскага ўрада цікавіла развіцце беларускай атамнай энергетыкі. Беларускі бок падкрэсліў: параметры, якія ЕС вылучыў з пункту гледжання бяспекі станцыі, вытрыманы на 100%. «Упершыню Еўрапейскі саюз зрабіў больш жорсткімі падыходы і нормы па бяспекі функцыянавання атамных станцый. І наша станцыя, якая будуецца ў Астраўцы, у поўнай меры адпавядае гэтым ўсім параметрам», — канстатаваў Ігар Петрышэнка.

Марыя ДАДАЛКА, г.Вільнюс

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».